Паэзіязнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паэзіязна́ўства — галіна літаратуразнаўства, якая вывучае паэзію як форму адлюстраваньня рэчаіснасьці і як мастацтва ў яе ўзаемадачыненьнях з грамадзкім жыцьцём і літаратурай у цэлым. Як асобная сыстэма ведаў пра паэзію ўзьнікла ў старажытнасьці і да гэтага часу разьвіваецца ў рэчышчы літаратуразнаўства.

Мае свой аб’ект дасьледаваньня (усё, што адносіцца да паэзіі: асобны паэтычны твор, паэтычны жанр, творчасьць паэта і г. д.), сваю тэрміналёгію, карыстаецца агульнай для ўсяго літаратуразнаўства мэтадалёгіяй. З усіх разьдзелаў паэзіязнаўства пакуль што найбольшую вядомасьць і самастойнасьць набыло вершазнаўства.

Сувязь зь іншымі навукамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глыбокае разуменьне паэзіі немагчыма бязь веданьня законаў разьвіцьця грамадзтва, культуры, мовы. Таму паэзіязнаўства цесна зьвязанае з гісторыяй, псыхалёгіяй, эстэтыкай, мовазнаўствам, некаторымі іншымі грамадзкімі і гуманітарнымі навукамі.

Дысцыпліны паэзіязнаўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя дысцыпліны:

  • Крытыка паэзіі імкнецца даць ацэнку бягучым фактам паэзіі з пункту гледжаньня значэньня іх для сучаснасьці. Такая ацэнка, з аднаго боку, дазваляе паэтам суаднесьці вынікі сваёй працы з тымі патрабаваньнямі, якія прад’яўляе да літаратуры грамадзтва. Зь іншага боку, яна дапамагае фармаваць грамадзкую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб’ектыўныя погляды на літаратурныя зьявы, удасканальваць эстэтычны густ і эстэтычны ідэал. Крытыку паэзіі патрэбна мець тонкі эстэтычны густ, глыбокія веды па гісторыі і тэорыі паэзіі, валодаць пачуцьцём вершаванага рытму, быць надзвычай чуйным да слова, і ня толькі да яго сэмантыкі, але і да гучаньня, адчуваць нават няўлоўныя ўзаемаадносіны зьместу і формы. Узьнікшы адразу пасьля ўзьнікненьня самой паэзіі, высокапрафэсійная, патрабавальная, зацікаўленая крытыка паэзіі стала яе неабходным спадарожнікам. Асноўныя жанры сучаснай крытыкі паэзіі — рэцэнзія, артыкул (аглядны, праблемны), бібліяграфічная нататка, літаратурны партрэт, рэпліка, пародыя, манаграфічнае дасьледаваньне.
  • Гісторыя паэзіі вывучае гістарычныя заканамернасьці ўзьнікненьня і разьвіцьця нацыянальнай, рэгіянальнай і сусьветнай паэзіі, акрэсьлівае месца і значэньне творчасьці тых ці іншых паэтаў і асобных іх твораў у літаратурным працэсе.
  • Тэорыя паэзіі дасьледуе сутнасьць, своеасаблівасьць паэзіі як грамадзкай зьявы і мастацтва слова, вывучае гістарычныя заканамернасьці разьвіцьця, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу паэзіі. Грунтуецца на матэрыяле не адной якой-небудзь або некалькіх літаратур, а выкарыстоўвае мастацкі вопыт розных народаў і розных эпохаў.

Дапаможныя дысцыпліны:

  • Бібліяграфія рэгіструе і апісвае апублікаваныя паэтычныя творы, а таксама працы па гісторыі, тэорыі і крытыцы паэзіі.
  • Гістарыяграфія дасьледуе ступень вывучанасьці асобных пытаньняў паэзіязнаўства, імкнецца выявіць невядомае, сканцэнтраваць намаганьні гісторыкаў, тэарэтыкаў і крытыкаў паэзіі на далейшай распрацоўцы актуальных праблемаў.
  • Тэксталёгія вызначае канчатковы, так званы кананічны, аўтарскі тэкст, вызвалены ад розных памылак і скажэньняў. Кананічным лічыцца тэкст аўтарскага рукапісу, а калі яго няма — апошняга прыжыцьцёвага выданьня твора. Асобай задачай тэксталёгіі зьяўляецца атрыбуцыя — устанаўленьне аўтарства ананімнага або псэўданімнага твора.
  • Крыніцазнаўства займаецца выяўленьнем і публікацыяй літаратурных крыніц: асобных твораў, матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і творчай дзейнасьцю пісьменьнікаў. Многія такія матэрыялы захоўваюцца ў архівах (у Менску — Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва), музэях (напрыклад, у літаратурных музэях Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі), рукапісных аддзелах бібліятэк (Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа і інш.).
  • Біяграфістыка імкнецца стварыць як мага больш поўныя, навукова грунтоўныя біяграфіі буйных прадстаўнікоў нацыянальнай паэзіі. Найбольш распаўсюджаны яе жанр — крытыка-біяграфічны нарыс.
  • Літаратурнае краязнаўства займаецца вывучэньнем літаратурнай гісторыі пэўнай мясцовасьці (вуснай народнай творчасьці, сувязі пісьменьніка з пэўным краем, устанаўленьне пісьменьніцкіх прататыпаў, якія жылі ці жывуць у дадзенай мясцовасьці, і г. д.).
  • Храналёгія сваёй задачай лічыць вызначэньне дакладных, дакумэнтальна пацьверджаных датаў, зьвязаных зь літаратурным працэсам. У храналягічным запісе кожны факт пашпартызуецца, г. зн. указваецца крыніца, адкуль узятыя зьвесткі. У літаратуразнаўстве пашырэньне набыў асобны жанр храналёгіі — летапіс жыцьця і творчасьці пісьменьніка. Такія летапісы зьмяшчаюцца звычайна ў канцы навуковых збораў твораў.

Разьдзелы гісторыі паэзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аўтаразнаўства. Аўтаразнаўчыя дасьледаваньні ахопліваюць творчасьць аднаго паэта. Часам такіх дасьледаваньняў, прысьвечаных клясыку нацыянальнай літаратуры, назапашваецца столькі, што ўзьнікае неабходнасьць вылучыць у аўтаразнаўстве асобны разьдзел, які носіць імя гэтага клясыка: купалазнаўства, коласазнаўства і інш.
  • Гісторыя нацыянальнай паэзіі.
  • Гісторыя рэгіянальнай паэзіі.
  • Гісторыя сусьветнай паэзіі.

Разьдзелы тэорыі паэзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Эстэтыка паэзіі разглядае паэзію як адну з формаў мадэляваньня рэчаіснасьці, паказвае сувязь яе з грамадзкім жыцьцём, месца паэзіі сярод іншых відаў мастацтва (паэзія як від мастацтва, клясавасьць, народнасьць паэзіі і інш.)
  • Тэорыя літаратурнага працэсу выяўляе гістарычны характар разьвіцьця паэзіі як мастацтва слова, дасьледуе заканамернасьці, зьвязаныя з узьнікненьнем і эвалюцыяй асобных родаў і відаў літаратуры, мастацкіх мэтадаў і літаратурных напрамкаў.
  • Мэтадалёгія аналізу паэзіі ўстанаўлівае асноўныя прынцыпы навуковага дасьледаваньня паэзіі.
  • Паэтыка вывучае характар, структуру і зьмястоўнасьць паэтычнай формы.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Р. І. Гульман. Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980.
  • Каваленка В. А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі / Рэд. П. К. Дзюбайла. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977.
  • Мушынскі, М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады. ― Мн., 1975.
  • Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
  • Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
  • Ралько, І. Д. Верш і мова: Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986.