Паўночная Інгрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэспубліка Паўночная Інгрыя
фін. Pohjois-Inkeri

19191920
Сьцяг Паўночнай Інгрыі Герб Паўночнай Інгрыі
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Паўночнай Інгрыі
Афіцыйная мова фінская
Сталіца Кір’ясала
Форма кіраваньня
Старшыні
дзяржаўнае
рады
Рэспубліка
Сантэры Тэрманэн,
Юха Пэка Кока,
Юр'ё Эльфэнгрэн,
Юка Тыранэн
Плошча
 • агульная

30 км²
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

9 ліпеня 1919[1]
6 сьнежня 1920

Паўночная І́нгрыя (па-фінску: Pohjois-Inkeri), таксама рэспу́бліка Кір’яса́ла (па-фінску: Kirjasalon tasavalta) — кароткатэрміновае дзяржаўнае ўтварэньне інгерманляндзкіх фінаў на поўдні Карэльскага пярэсмыку, якое існавала ў часы Грамадзянскае вайны ў Расеі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэспубліка абвясьціла пра сваё аддзяленьне ад Савецкае Расеі па кастрычніцкім перавароце і кіравала часткаю Петраградзкага павету Петраградзкае губэрні з 1919 па 1920 гады на тэрыторыях на поўнач ад сучаснага Санкт-Пецярбургу.

Адміністрацыйным цэнтрам дзяржаўнага ўтварэньня зьяўлялася вёска Кір’ясала ў сучасным Усеваласкім раёне Ленінградзкае вобласьці Расеі.

Увесну 1919 году ў расейскай частцы Карэльскага пярэсмыку (тэрыторыя Расеі паміж Фінскім залівам і Ладаскім возерам) з ініцыятывы фінскае сэкцыі Петраградзкага губэрнскага камітэту РКП(б) пачалася актыўная кампанія па правядзеньні мабілізацыі інгерманляндзкага насельніцтва ў Чырвоную армію. Сялянства Інгерманляндыі, гістарычнага рэгіёну на захадзе сучаснай Ленінградзкай вобласьці, пазьбягала мабілізацыі, на што ўлады адказалі рэпрэсіямі — некалькі соцень чалавек было арыштавана, а іх маёмасьць канфіскаваная. Карнымі акцыямі кіраваў начальнік унутранай абароны Петраграду Якаў Петэрс. Ратуючыся ад перасьледу, жыхары тэрыторыяў ля тагачаснае мяжы Фінляндыі (якая ў тыя часы была бліжэй да Санкт-Пецярбургу, чым цяпер) пераходзілі на тэрыторыю апошняй. Усяго ў ваколіцах Раўту (сучаснае Саснова) і Раасулі (сучаснае Арэхава) сабралося каля трох тысячаў бежанцаў.

11 чэрвеня група мяцежных сялянаў колькасьцю ў 150—200 чалавек захапіла мясцовасьць Кір’ясала ў складзе пяці бліжэйшых вёсак (Аўтыё, Пусанмякі, Тыканмякі, Уўсікюля, Ванхакюля) і мытнага посту, якая знаходзілася на савецкім баку мяжы. Фактычна гэтая тэрыторыя, якая ўтварылася на памежнай зь Фінляндыяй савецкай тэрыторыі і мела плошчу блізу 30 км² аддзялілася ад Расеі.

9 ліпеня ў Раўту адбыўся сход бежанцаў, у якім узялі ўдзел каля 400 чалавек. На сходзе быў абраны Часовы камітэт Паўночнай Інгрыі і абвешчаная ідэя стварэньня незалежнай Інгрыі. Гэтая заява, у прыватнасьці, была рэакцыяй на рэпрэсіі з боку бальшавіцкага кіраўніцтва, бо да гэтага высоўваліся толькі лёзунгі шырокай нацыянальнай аўтаноміі[2] — гэты рэгіён быў традыцыйным месцам пражываньня фінаў.

За нядоўгі час фактычнага існаваньня Паўночная Інгрыя мела ўсе традыцыйныя дзяржаўныя атрыбуты: герб, сьцяг, гімн, армію, флёт, вайсковую форму і ўзнагароды, суд, друкаванае выданьне («Kirjasalon Sanomat»)[3], пошту і паштовыя маркі.

Па заключэньні ў 1920 годзе Тартускае мірнае дамовы тэрыторыя рэспублікі была прызнаная за РСФСР. 6 сьнежня быў спушчаны сьцяг, у гэты ж дзень усё насельніцтва вёскі Кір’ясала сышло ў Фінляндыю. У 1927 годзе на тэрыторыі рэспублікі існавала мясцовае нацыянальнае ўтварэньне — Куйвазаўскі фінскі нацыянальны раён, пераназваны ў 1936 годзе ў Токсаўскі фінскі нацыянальны раён і скасаваны ў 1939 годзе[4].

Старшыні дзяржаўнае рады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Константин Сакса. Неизвестная республика (рас.) Inkerin Uutiset Праверана 5 студзеня 2014 г.
  2. ^ А. Пюккенен, А. Тиайнен. Ингрия в огне. Малоизвестный эпизод Белого движения.
  3. ^ Архіў газэты (фін.)
  4. ^ Бюллетень постановлений Ленинградского облисполкома. 1939. № 9, с. 7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]