Пераклады Бібліі на чэскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Краліцкая Біблія, тытульная старонка 1-га тому
Чэская Біблія, тытульны аркуш, Іржы Мэлантрых з Авэнтыну, 1570

Чэ́скія перакла́ды Бі́бліі зьявіліся зь Сярэднявечча ўжо ў некалькіх варыянтах. Пераклады Бібліі вельмі паўплывалі на ўнармаваньне чэскай літаратурнай мовы і граматыкі.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спробы перакладу на стараславянскую, а пазьней на чэскую мову пачынаюцца ад прыходу на тэрыторыі Багеміі і Маравіі хрысьціянства, а зь ім і Сьвятога Пісьма. Амаль усе старачэскія пераклады Бібліі зьдзяйсьняліся не з арыгінальных моваў (іўрыту, арамэйскай ды грэцкай), а з лацінскай, якая на той час зьяўлялася афіцыйнай мовай рыма-каталіцкае царквы.

Найстарэйшыя захаваныя пераклады паходзяць з XI—XII стагодзьдзяў і зьмяшчаюць толькі асобныя ўрыўкі зь Бібліі. Гэта так званыя «старачэскія глёсы», якія ўпісваліся між радкоў лацінскай Бібліі і дзе-нідзе яшчэ мяшаліся з царкоўнаславянскай мовай. У XIII—XIV стагодзьдзях пераклады тэкстаў Дабравесьця і Псальмаў зьяўляюцца ў жаночых кляштарах, дзе валоданьне лацінскай мовай было абмежаванае, аднак існавала неабходнасьць разуменьня літургічных тэкстаў. Псалтыры гэтага пэрыяду захаваліся ў пазьнейшых выданьнях накшталт «Вітэнбэрскае Псалтыры» альбо ў глёсах гэтак званае «Глёсаванае Псалтыры». У сярэдзіне XIV стагодзьдзя зьяўляюцца спробы паляпшэньня першых перакладаў; гэтыя вэрсіі Псалтыраў даслоўнейшыя, багацейшыя на чэскія нэалягізмы, характарызуюцца большай паэтычнасьцю. Адзін з такіх тэкстаў захаваўся ў «Клемэнтынскай Псалтыры».

Першы вядомы пераклад Дабравесьця паходзіць, праўдападобна, з Бржэўнаву і датаваны пераломам XIII—XIV стагодзьдзяў (захаваўся фрагмэнтарна). У XIV стагодзьдзі ў розны час і рознымі аўтарамі з Вульгаты былі перакладзеныя ўсе кнігі Бібліі.

Каля 1360 року быў зьдзейсьнены першы поўны пераклад Бібліі на чэскую мову, які атрымаў назву «Дрэздэнскай Бібліі(cs)». Ён быў выкананы, імаверна, таксама дзеля патрэбаў жаночага кляштару, пра што сьведчыць у тым ліку і зьмякчэньне гвалтоўных і сэксуальных сцэнаў у тэксьце. Дрэздэнская Біблія аказала ўплыў, у прыватнасьці, на польскія пераклады. Джон Ўікліф згадвае і той факт, што Ганна, дачка Карла IV, атрымала ў 1381 року на вясельле з Рычардам II чэскі Новы Запавет. Дрэздэнскі рукапіс, аднак, быў страчаны ў Першую сусьветную вайну.

Вядома, што Ян Гус і пасьлядоўнікі ўжо займаліся рэвізіяй чэскіх перакладаў паводле Вульгаты. Ян Гус працаваў над перакладам у 1412 року, пасьля яго праца па рэвізіі працягнулася. Былі перагледжаны Стары Запавет ад кнігаў Царстваў і цэлы Новы Запавет, наноў перакладзеныя Кнігі мудраслоўяў(cs).

У 1487 року ўпершыню быў надрукаваны чэскі пераклад Новага Запавету(cs), а праз год, у 1488 року, у Празе выйшла першая поўная Біблія па-чэску; у 1489 яшчэ адзін пераклад выйшаў у Кутнай Горы, у 1506 — у Вэнэцыі.

Новы пэрыяд пачаўся са зьяўленьнем Чэскіх братоў. У 1518 року ў Млада Болеславе выйшаў пераклад Бібліі Лукаша Праскага; як і перавыданьне 1533 року, ён меў хібы. У 1564 і 1568 выйшаў абсалютна іншы пераклад, зроблены Янам Благаславам з грэцкае мовы. Неўзабаве Чэскія браты заняліся перакладам Старога Запавету з арыгіналу. Праца пачалася ў 1577 року і скончылася ў 1593, пераклад зьдзяйсьняўся з Антвэрпэнскай паліглёты, а паводле месца выданьня (Краліцы ў Маравіі) атрымаў назву Краліцкай Бібліі. У выдадзены ў 1579—1593 роках шасьцітомнік увайшоў таксама благаславаў Новы Запавет. Гэты пераклад вытрымаў перавыданьні ў 1596 (меншым фарматам), 1613 (перадрукі ў Гале ў 1722, 1745, 1766; у Прэсбургу ў 1787; у Бэрліне ў 1807). Выданьне 1613 року лічыцца клясычным і ёсьць адным з найбольш ужываных у чэскай культуры.

Пасьля 1620 року выданьне некаталіцкіх Бібліяў у Багеміі і Маравіі спыненае, зьяўляюцца намаганьні перакладу ў каталіцкай царкве. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў праца была давераная езуітам, якія за аснову для перакладу ўзялі вэнэцыянскае выданьне 1506 року, аднак зьвяраліся (асабліва ў Старым Запавеце) зь Бібліяй Чэскіх братоў. У 1677—1715 была выдадзеная гэтак званая Біблія(cs) сьвятога Вацлава. Ад гэтага часу яна стала афіцыйна ўжыванай на чэскамоўных землях Аўстрыйскай манархіі і перавыдавалася тры разы. Значна перапрацаваная вэрсія 1778—1780 на аснове тэксту Чэскіх братоў у гонар Марыі Тэрэзіі была названая «Імпэратарскай Бібліяй», а 4-е выданьне, праілюстраванае выбітнымі сусьветнымі мастакамі, «Залатой Бібліяй» (1884—1894).

Яшчэ больш грунтаваліся на пратэстанцкім перакладзе Новы Запавет Прохазкі(cs) (Прага, 1786) і ягоная ж поўная Біблія (1804). Зь нязначнымі зьменамі ягоны пераклад выдаваўся яшчэ ў 1851 і 1857 роках. Выданьне Бэзьдзекі (Прага, 1860) ўяўляе па сутнасьці крыху зьменены тэкст Чэскіх братоў.

Пасьля Другой сусьветнай вайны зьявілася ідэя выданьня міжканфэсійнага (экумэнічнага) перакладу Бібліі. Ажно да 60-х рокаў вяліся падрыхтоўчыя працы, пераклад вёўся з ініцыятывы і пад кіраўніцтвам прафэсараў Эвангельскага тэалягічнага факультэту Карлава ўнівэрсытэту Мілаша Біча(cs) (Стары Запавет) і Ёзэфа Соўчака(cs) (Новы Запавет). Перакладчыкі абапіраліся на найстарэйшыя габрэйскія і грэцкія арыгіналы Бібліі. Пераклад публікаваўся часткамі ў 1970—1979 роках, у 1987 року асобна выдадзены Новы Запавет з каляровымі ілюстрацыямі. Экумэнічны пераклад(cs) вылучаецца добрым тэкстым, літаратурнай мовай і вельмі хутка займеў прызнаньне; з 1985 року рэкамэндаваны для выкарыстаньня ў Каталіцкай царкве кардыналам Томашкам.

Параўнаньне перакладаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклад Быцьцё 1:1—3 Ян 3:16
Краліцкая Біблія (1613) Na počátku stvořil Bůh nebe a zemi. Země pak byla nesličná a pustá, a tma byla nad propastí, a Duch Boží vznášel se nad vodami.

I řekl Bůh: Buď světlo! I bylo světlo.

Nebo tak Bůh miloval svět, že Syna svého jednorozeného dal, aby každý, kdož věří v něho, nezahynul, ale měl život věčný.
Сьвятавацлаўская Біблія (1677, 1715) Na počátku stvořil Bůh nebe a zemi. Země pak byla nenesoucí užitku a prázdná, a tmy byly nad tváří propasti; a Duch Boží vznášel se nad vodami.

I řekl Bůh: Buď světlo. A učiněno jest světlo.

Nebo tak Bůh miloval svět, že Syna svého jednorozeného dal, aby každý, kdož věří v něho, nezahynul, ale měl život věčný.
Экумэнічны пераклад (1979) Na počátku stvořil Bůh nebe a zemi. Země byla pustá a prázdná a nad propastnou tůní byla tma. Ale nad vodami vznášel se duch Boží.

I řekl Bůh: 'Buď světlo!' A bylo světlo.

Neboť Bůh tak miloval svět, že dal svého jediného Syna, aby žádný, kdo v něho věří, nezahynul, ale měl život věčný.
Пераклад XXI стагодзьдзя (2009) Na počátku Bůh stvořil nebe a zemi. Země pak byla pustá a prázdná, nad propastí byla tma a nad vodami se vznášel Boží Duch.

Bůh řekl: «Ať je světlo!» — a bylo světlo.

Neboť Bůh tak miloval svět, že dal svého jednorozeného Syna, aby žádný, kdo v něj věří, nezahynul, ale měl věčný život.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Josef Bartoň. Moderní český novozákonní překlad. Nové zákony dvacátého století před Českým ekumenickým překladem. — Praha: ČBS, 2009.
  • Jindřich Mánek. Bible v českých zemích. — Praha: ÚCN, 1975.
  • Jan Merell. Bible v českých zemích od nejstarších dob do současnosti. — Praha: Česká katolická charita, 1956.
  • František Verner. Bibliografie českých překladů celé bible i jejich částí. — Praha: Česká katolická charita, 1987.
  • Josef Vašica. Bible v české kulturní tradici // Eseje a studie ze starší české literatury. — Opava: Verbum, 2001. — С. 125—147. — ISBN 80-238-7570-1.