Пераклады Бібліі на швэдзкую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Упершыню Біблія была перакладзеная на швэдзкую мову у час Рэфармацыі па загадзе караля Густава Вазы — адсюль яна і атрымала сваю назву — Біблія Густава Вазы. Яна значна паўплывала на разьвіцьцё швэдзкае мовы: у прыватнасьці, у ёй былі ўведзеныя літары Ä і Ö. Новы Запавет быў выдадзены па–швэдзку ў 1526 годзе, а цалкам Біблія выйшла ў 1541 годзе.

Швэдзкая царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біблія Густава Вазы стала Бібліяй рэфармаванай Швэдзкай царквы і рэдагавалася два разы: у 1618 і 1703 гадох. Гэтыя рэдакцыі атрымалі свае назвы па імёнах каралёў, што кіравалі ў гэтыя часы: адпаведна Біблія Густава II Адольфа і Біблія Карла XII. Апошняя афіцыйна ўжывалася Швэдзкай царквой да 1917 году.

Яшчэ ў 1773 годзе была створана камісія па новым перакладзе Бібліі, аднак пераклад, які пазьней атрымаў назву Біблія Густава V, быў гатовы толькі ў 1917 годзе. За гэтыя 144 гады было таксама зроблена 10 перакладаў Новага Запавету.

Іншыя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біблія перакладалася на швэдзкую мову і прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх плыняў. Сярод іх — пераклад баптыста Гэльге Окесана (1911) і Сьведкаў Еговы (1961). У 2003 пабачыла таксама сьвет Біблія Рэфармацыі — сучасная вэрсія Бібліі Карла XII.