Петрыкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Петрыкаў
лац. Pietrykaŭ
Старыя камяніцы
Старыя камяніцы
Герб Петрыкава Сьцяг Петрыкава
Першыя згадкі: 1523
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Петрыкаўскі
Плошча:
Насельніцтва: 10 100 чал. (2018)[2]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2350
Паштовыя індэксы: 247911, 247912
СААТА: 3243501000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°8′0″ пн. ш. 28°30′0″ у. д. / 52.13333° пн. ш. 28.5° у. д. / 52.13333; 28.5Каардынаты: 52°8′0″ пн. ш. 28°30′0″ у. д. / 52.13333° пн. ш. 28.5° у. д. / 52.13333; 28.5
Петрыкаў на мапе Беларусі ±
Петрыкаў
Петрыкаў
Петрыкаў
Петрыкаў
Петрыкаў
Петрыкаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.petrikov.gomel-region.by/

Пе́трыкаў — места ў Беларусі, на левым беразе Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 100 чалавек[2]. Знаходзіцца за 190 км ад Гомелю, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Муляраўка (лінія Каленкавічы — Лунінец). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Мазыром, Каленкавічамі і Жыткавічамі. Рачная прыстань.

Петрыкаў — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная царква Покрыва Багародзіцы, помнік архітэктуры XVII ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Петрыкаў утварыўся ад асабістага імя Пётар[4]. Паводле паданьня, заснавальнікам паселішча быў яцьвяскі князь Петрык[5].

Першая назва — Петрыкавічы — зь цягам часу натуральным чынам трансфармавалася ў сучасную.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Петрыкава

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выяўленае археолягамі селішча VI—VII стагодзьдзяў сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці. У пісьмовых крыніцах Петрыкаў (Петрыкавічы) упершыню ўпамінаецца ў ХV ст., калі паселішча ўваходзіла ў склад Слуцкага княства і знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў[6]. У 2-й палове ХVI ст. паселішча далучылася да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1523 годзе Петрыкаў атрымаў статус мястэчка. Алелькавічы збудавалі тут замак, зьнішчаны ў 1535 годзе маскоўскімі захопнікамі (пазьней адноўлены). У 1595 годзе мястэчка разрабавалі казацкія загоны Налівайкі.

У пачатку XVII ст. Петрыкаў перайшоў у валоданьне Хадкевічаў. У 1638 годзе К. Хадкевіч збудаваў у мястэчку касьцёл. У 1649 годзе казакі Б. Хмяльніцкага захапілі Петрыкаў і зьнішчылі каталіцкую сьвятыню. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе ў замку стаяла залога з навакольнай шляхты і мяшчанаў, у 1664 годзе — ня вытрымаў аблогі і на пэўны час трапіў у рукі казакаў. Паводле інвэнтару 1700 году ў мястэчку быў 21 дым.

У XVIII ст. у Петрыкаве існаваў разьвіты шавецкі промысел і выраб аўчынаў. У 1772 годзе тут збудавалі царкву Сьвятога Мікалая. 16 кастрычніка 1776 году Хадкевічы атрымалі ад караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага прывілей на правядзеньне ў мястэчку вялікіх кірмашоў два разы на год — 20 ліпеня на сьвята Сьвятога Ільлі паводле каталіцкага календара і 1 кастрычніка на сьвята Покрыва паводле праваслаўнага календара.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Петрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. На 1795 год у мястэчку было 272, на 1811 год — 375 двароў. Тракт зьвязваў Петрыкаў зь Піншчынай, працавала паштовая станцыя. У 1816 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную царкву Ўваскрасеньня Хрыстова, у 1830 годзе — мураваную Сьвятога Мікалая. У 1836 годзе на могілкі зь вёскі Сотнічы перанесьлі драўляную царкву Покрыва Багародзіцы. Згодна з пастановай Сэнату ў 1848 годзе жыхарам Петрыкава вярнулі статус мяшчанаў. З мэтаю маскалізацыя колішняга Вялікага Княства Літоўскага ў 1864 годзе расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню.

На 1866 год у Петрыкаве было 530 двароў, дзейнічалі 3 царквы і 2 сынагогі, працавалі 2 вадзяныя млыны, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1877 годзе пачала працаваць друкарня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Петрыкаве было 1006 двароў, дзейнічалі 2 царквы, каліца, касьцёл і 3 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 пачатковыя школы, лякарня, аптэка, пошта, 134 крамы, вяртак, 2 майстэрні апрацоўкі скуры, 3 карчмы, вінны магазын, прыстань, паромная пераправа. У склад мястэчка ўваходзілі сядзіба і вёскі Каленікі і Сялко. Жыхары займаліся будаваньнем барак і лодак, вытворчасьцю абутку, які прадаваўся на кірмашах і развозіўся ў суседнія вёскі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ўлетку 1918 году Петрыкаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі, у гэты час тут дзейнічаў партызанскі аддзел пад камандаю В. Талаша.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Петрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[7]. У сакавіку — ліпені 1920 году мястэчка займалі польскія войскі, 8 лістапада 1920 году — аддзелы С. Булак-Балаховіча. 17 ліпеня 1924 году Петрыкаў стаў цэнтрам раёну, а 3 ліпеня 1925 году атрымаў статус места. На 1925 год тут было 1063 двары, аграпункт і лясьніцтва, дзейнічала рамеснае таварыства. У міжваенны час у Петрыкаве працавалі цагельня (з 1932), паравы млын зь лесапільняй (з 1926 году), кравецкая (з 1928 году), шавецкая (з 1926 году) і суднабудаўнічая (з 1927 году) майстэрні, хлебапякарня (з 1928 году), 2 кузьні, ваўначоска, лясная і рыбная гаспадаркі. У Другую сусьветную вайну з 29 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1974 годзе да Петрыкава далучылі вёскі Чырвоны Агароднік і Белкі. 13 кастрычніка 2001 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла пад тытулам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 2720 чал.[9]; 1866 год — 2287 чал.; 1887 год — 3 тыс. чал.[10]; 1897 год — 5,5 тыс. чал.[11]
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 8882 чал.; 1939 год — 5,8 тыс. чал.; 1959 год — 7,2 тыс. чал.; 1970 год — 8,5 тыс. чал.; 1991 год — 12,1 тыс. чал.; 1998 год — 13,5 тыс. чал.; 2000 год — 11,6 тыс. чал.[12]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 10,7 тыс. чал.[13]; 2005 год — 10,5 тыс. чал.; 2006 год — 10,4 тыс. чал.; 2008 год — 10,3 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 10,2 тыс. чал.; 2009 год — 10 591 чал.[14]; 2016 год — 10 223 чал.[15]; 2017 год — 10 076 чал.[16]; 2018 год — 10 100 чал.[2]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Петрыкаве працуюць 3 сярэднія (адна зь іх — гімназія) школы, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 3 бібліятэкі, 4 народныя і ўзорныя калектывы самадзейнага мастацтва.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая газэта «Петрыкаўскія навіны».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўная вуліца Петрыкава забудоўваецца 2—3-павярховымі жылымі дамамі. У цэнтры ўзводзяцца 5-павярховыя будынкі. Утварыліся новыя жылыя масівы.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Леніна плошча Рынак пляц

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, суднабудаўнічы-суднарамонтны завод, завод керамзытавага жвіру і інш.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Петрыкаўскі мэмарыяльны музэй-сядзіба дзеда Талаша. Спыніцца можна ў гатэлі «Прыпяць»[17].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак (XVI ст.)
  • Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (XVIII ст.)
  • Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1846)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://gp.by/upload/iblock/785/78519983e5cad506355c8d820002cd68.pdf
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 120.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 288.
  5. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 487.
  6. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 428.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Петрыкаў — парафія Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Пане Марыі, Catholic.by
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 163.
  10. ^ Jelski A. Petryków // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 28.
  11. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  12. ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 12. С. 336.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 162.
  14. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]