Полацкае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Полацкае княства
IX ст.—1397 Pahonia - Пагоня, Grand Duchy of Lithuania COA.png
Герб Полацкага княства
(Герб)
Месцазнаходжаньне Полацкага княства

Полацкае княства на мапе Эўропы

Сталіца Полацак
Форма кіраваньня манархія
Гісторыя
 • Заснаваньне
 • Уваход у склад ВКЛ
 • Скасаваньне княства

IX стагодзьдзе
1307
1397
Канфэсійны склад хрысьціянства, язычніцтва
Русь у 1015-1113 гг.

По́лацкае кня́ства — усходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне (фэўдальная дзяржава) са сталіцай у горадзе Полацку. Узьнікла на базе племяннога княжаньня полацкіх крывічоў з прыкметным уплывам групаў іншаземнага насельніцтва, перш за ўсё балтаў[1]. Існавала ў 914 стагодзьдзях і ахоплівала (за часамі найвышэйшага ўздыму) поўнач сучаснай Беларусі, а таксама Ніжняе Падзьвіньне (прыдзьвінскія тэрыторыі сучаснай Латвіі). У склад княства, акрамя Полацку, уваходзілі такія гарады, як Віцебск, Друцак, Менск, Ізяслаў (цяпер Заслаўе), Лагойск, Барысаў, Брачыслаў (цяпер Браслаў), Кукенойс (цяпер Кокнэсэ) ды іншыя.

У наш час, паводле наяўных гістарычных зьвестак, Полацкае княства разглядаецца ў якасьці вытоку беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьня ідэі незалежнасьці беларускага народу[2][3][4].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У летапісах XII ст. Полацкае княства не лічылася Русьсю[5]. Напрыклад Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую.

У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII ст. выступалі пад старой племянной назвай — крывічы[6].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладную дату ўзьнікненьня княства вызначыць цяжка. Першы пісьмовы ўспамін пра Полацак датуецца 862 годам у зьвязку з раздачай Рурыкам гарадоў сваім дружыньнікам. У Лаўрэнцеўскім летапісы паведамляецца:

« У лета 862 прыняў уладу Рурык і пачаў раздаваць мужам сваім гарады: гэтаму Полацак, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера. І па тых гарадох варагі — прышлыя, а першае насельніцтва ў Ноўгарадзе — славене, у Полацку — крывічы, у Растове — меры, у Белым возеры — весь, у Мураме — мурамы, і ўсімі тымі валодаў Рурык »

У скандынаўскіх сагах пра Полацак паведамляецца як пра моцнае ўладаньне, якое мела свайго князя Палтэса. Князь Палтэс — мітычная асоба, але пра тое, што ў Полацку рана былі вялікія князі, гаворыцца ў Аповесьці мінулых часоў[7].

Уладзімер і Рагнеда, 1770

Першы вядомы полацкі князь — Рагвалод, незалежны ад Кіева. Гісторыкі спрачаюцца пра ягонае паходжаньне: адныя называюць яго славянінам (Валадар Рогу), іншыя — варагам (Рунгвальд). Аднак, у кожным разе, гэта дазваляе зрабіць выснову пра княжаньне ў Полацку мясцовай дынастыі, а ня кіеўскага намесьніка.

У Аповесьці мінулых часоў пад 980 годам паведамляецца, што Рагвалод «имяше власть свою в Полотьске». У Лаўрэнцеўскім летапісы больш падрабязна тлумачыцца, што Рагвалод «держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю». Тут падкрэсьліваецца поўная незалежнасьць Полацкай зямлі, якой «валодаў», г. зн. кіраваў князь Рагвалод.

З князем Рагвалодам зьвязаныя драматычныя падзеі міжусобнай барацьбы на Русі. У 972 годзе, пасьля сьмерці князя Сьвятаслава Ігаравіча, пачалася барацьба за ўладу між ягонымі сынамі: Ноўгародзкім князем Уладзімерам ды Кіеўскім князем Яраполкам. Абодва бакі намагаліся атрымаць падтрымку ад Полацкага княства. З гэтай мэтай Уладзімер прапанаваў Рагвалоду аддаць за яго сваю дачку Рагнеду. Яму адмовілі, што азначала пераход на бок Кіева, тады Ўладзімер захапіў ды спаліў Полацак, забіў Рагвалода ды гвалтам узяў Рагнеду сабе ў жонкі. Мясцовая полацкая дынастыя была, такім чынам, зьнішчаная.

Неўзабаве пасьля хрышчэньня Русі сын Рагнеды ад Уладзімера Ізяслаў атрымаў ад бацькі Полацкую зямлю, дзе для яго збудавалі горад Ізяслаў. Пазьней Ізяслаў пераехаў у Полацак і аднавіў Полацкае княства, але цяпер у ім ужо кіравала дынастыя Ізяславічаў — нашчадкаў Рурыка.

Найвышэйшы ўздым[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1003 годзе пачынаецца княжаньне Брачыслава Ізяславіча. За яго кіраўніцтвам Полацак несупынна намагаўся пазбавіцца залежнасьці ад Кіева. У 1020 годзе Брачыслаў учыніў напад на Ноўгарад, абрабаваўшы горад, але на зваротным шляху быў разьбіты кіеўскім князем Яраславам. Той прымусіў Брачыслава падпарадкавацца Кіеву, атрымаўшы за гэта ў валоданьне Віцебск ды Усьвят.

10441101 гады былі часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства, калі ім кіраваў Усяслаў Брачыславіч. Першыя гады свайго кіраваньня ён не сварыўся зь Яраславічамі, але зь сярэдзіны 1065 году ізноў распачаў барацьбу з Кіевам за першынства на ўсходне-славянскіх землях. Усяслаў учыніў напады на Пскоў ды Ноўгарад. У 1067 годзе на рацэ Няміга пад Менскам адбылася бітва з войскам Ізяслава Яраславіча, у якой палачане пацярпелі паразу. Пазьней, у часе мірных перамоваў, Усяслава па-здрадніцку захапілі ў палон і кінулі ў вязьніцу ў Кіеве. Але прабыўшы там некалькі месяцаў, ён быў вызвалены народам і абраны кіеўскім князям. Аднак Ізяслаў, з дапамогай Польшчы, вярнуў сабе ўладу спачатку ў Кіеве, а потым, у 1069 годзе, авалодаў і Полацкам, выгнаўшы Ўсяслава ды паставіўшы замест яго на княжаньне свайго сына Мсьціслава. Ужо ў 1071 годзе Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак і, нягледзячы на шэраг паразаў ад Ізяслава, здолеў там утрымацца.

У 11 стагодзьдзі Полацкая зямля сфармавалася як моцная дзяржава ва Ўсходняй Эўропе. Полацак быў стольным горадам гэтага буйнога княства, якое мела сваю княскую дынастыю, моцнае войска, даволі разьвітую гаспадарку і значныя дасягненьні ў галіне культуры. У 1050-я гады тут быў збудаваны грандыёзны Сафійскі сабор, які сымбалізаваў сілу і незалежнасьць Полацку[3].

Фэўдальная раздробленасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства ўваходзіць у пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці. Зь яго вылучаюцца Віцебскае, Друцкае, Менскае ды іншыя. Уласна Полацак атрымаў Давыд Усяславіч. Амаль адразу ж між князямі пачынаецца барацьба.

У 1127 годзе кіеўскі князь Мсьціслаў Уладзімеравіч учыніў выправу на Полацак, захапіў яго ды выслаў усіх полацкіх князёў у Бізантыю. Але ўжо празь пяць гадоў у Полацак ізноў прыйшоў князь з Ізяславічаў: Васілька Сьвятаславіч. Пасьля яго сьмерці пачалася чарговая барацьба за горад між прадстаўнікамі віцебскай, менскай ды друцкай лініяў нашчадкаў Усяслава Чарадзея. Паступова ў Полацку зацьвердзілася Віцебская лінія, але час ад часу Полацак трапляў у залежнасьць ад Смаленску, які ставіў сваіх намесьнікаў.

У Вялікім Княстве Літоўскім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Полацкага княства з Маскоўскага Тытулярніка (1672)

Літоўскія плямёны былі заходнімі суседзямі Полацкага княства. Прыкладна зь сярэдзіны 12 стагодзьдзя пачынаюцца і ўзмацняюцца напады літоўцаў на Полацaк. Полацaк разам зь іншымі княствамі ў адказ зьдзяйсьняе паходы супраць Літвы.

На пачатку 13 стагодзьдзя ў Полацку ды Літвы зьяўляецца агульны вораг — крыжакі. Зьяўленьне крыжакоў прыйшлося на час княжаньня Вальдэмара. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыга, чым перакрылі магістральны гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку, Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў.

Герб Полацкага ваяводзтва з Сэнатарскай залі (каля 1720)

У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступаюць у зьвязе зь літоўцамі супраць крыжакоў. З пачатку 1240-х гадоў (паводле іншых крыніцаў — яшчэ з 1190-х) у Полацку зацьвердзіліся літоўскія князі. Як дакладна гэта было зроблена — шляхам узброенага захопу ці пагадненьня — невядома. З гэтага часу Полацак удзельнічае ў спрэчках літоўскіх князёў. Датай уваходжаньня Полацку ў склад Вялікага Княства Літоўскага лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.

У канцы 14 стагодзьдзя Полацкае княства было скасаванае, а пазьней замест яго ўтварылася Полацкае ваяводзтва.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўны лад Полацкага княства прайшоў на працягу стагодзьдзяў паступовую трансфармацыю. Калі пры Ізяславе й Рагвалодзе Веча, імаверна, ня мела палітычнай ролі. Ужо пры Брачыславе яно атрымала вылучнае значэньне. Пра гэта сьведчыць Эймундава сага: «Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, бо яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу». Такім чынам, ужо ў 11 стагодзьдзі Веча палачанаў атрымала надзвычай важнае значэньне.

Існавала таксама і Рада князя. Рада ня мела яўна акрэсьленых паўнамоцтваў. Князь вырашаў з Радай усе пытаньні, што меў вырашаць сам. Апроч таго, Рада ня мела акрэсьленага складу. Князь запрашаў на раду да сябе ўсіх, каго пажадае. Але ўсе ж найбуйнейшых герархаў царквы і палацавых службоўцаў.

Асобамі цэнтральнага кіраваньня былі ключнік, падвойскі, тысяцкі, пасаднік (пра яго паведамляе толькі Тацішчаў), цівун ды інш. Тысяцкі кіраваў войскамі — земскім апалчэньнем. Ключнік адказваў за гаспадарскую дзейнасьць і зьбіраў падаткі. Падвойскі сачыў за выкананьнем пастановаў князя і Веча. Цівуны былі прадстаўнікамі князя на вызначаных тэрыторыях і кіравалі імі ад яго імя.

У 12 стагодзьдзі ўзрастае роля Веча. Да ягоных прэрагатываў пачалі адносіць абраньне і выгнаньне князя, заключэньне міра і абвяшчэньне вайны.

За князем застаецца судовая і вайсковая ўлада. Войска князя складалася з дружыны і земскага апалчэньня. Дружына падзялялася на дзьве часткі: «старэйшую» (баляры) і «малодшую» (отракі, дзецкія). Старэйшая Дружына мела вылучны ўплыў на князя, баляры ўваходзілі ў склад Рады, часта выступалі супроць князя. Малодшая дружына была важным апірышчам князя ў барацьбе з балярамі і Вечам.

У канцы 12 — пачатку 13 стагодзьдзяў у Полацку фармуецца рэспубліка. Яе можна называць Вечава-тэакратычнай. Улада канцэтруецца вакол япіскапа, зь якіх у крыніцах згадваецца Якаў (1300 г). Князі ў Полацку маглі і быць, але ў крыніцах ня згадваюцца. Зноў яны зьяўляюцца ў сталіцы Крыўі толькі ў часе княжаньня Гедзіміна.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацкае княства ўзьнікла і разьвівалася на шляху з варагаў у грэкі, гандлявала прадукцыяй сельскай гаспадаркі. Да Балтыйскага мора хадзілі гандлёвыя караблі. У Полацку, Віцебску, Менску ды іншых гарадох канцэнтраваліся рамесьніцкія майстэрні.

Культура ды рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак быў адным з найважнейшых культурных ды рэлігійных цэнтраў у рэгіёне. У 992 годзе тут заснавалі Полацкую япархію, збудавалі некалькі цэркваў. З імём Эўфрасіньні Полацкай зьвязаныя збор і перапіс кніг, будова манастыра, названага потым Эўфрасінеўскім. Для Эўфрасіньні Полацкай ювелір Лазар Богша зрабіў знакаміты крыж, які быў нацыянальнай сьвятыняй. У сярэдзіне 11 стагодзьдзя збудаваны Сафійскі сабор. У Полацку, імаверна, вялося летапісаньне, але Полацкі летапіс не захаваўся. З разьвіцьцём Вільні ў 14 стагодзьдзі Полацак згубіў значэньне цэнтру. У сярэдзіне 16 стагодзьдзя ў Полацку збудаваны езуіцкі калегіюм, які меў істотнае адукацыйнае значэньне. У другой палове 18 стагодзьдзя Полацак нават зрабіўся сталіцай езуітаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Полацкае княствасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Полацкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 448.
  2. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 66.
  3. ^ а б Штыхаў Г. В. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 58.
  4. ^ Уладзімір Арлоў. 862. Першыя летапісныя звесткі пра Полацак // Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
  5. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 57.
  6. ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 23.
  7. ^ Штыхаў Г. В. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 51.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]