Польская літаратура (рэнэсанс)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Каханоўскі

Польская літаратура эпохі Рэнэсансу — эпоха польскай літаратуры ад 1500 да 1620 году.

У пэрыяд Рэнэсансу, які называўся таксама Адраджэньнем, польская культура перажывала моцны росквіт. Італьянскія ўплывы, якія узьніклі ў выніку шлюбу Жыгімонта Старога з Бонай Сфорцай, аказалі вялікі ўплыў на мастацтва, архітэктуру, кулінарыю і літаратуру. У Польшчу прыязжджалі выбітныя паэты і мысьляры. У 1498 г. было арганізаванае першае ў Эўропе літаратурнае таварыства — Надвісьленскае літаратурнае таварыства, а Кракаўская акадэмія зрабілася адным з найгалоўных навуковых цэнтраў Эўропы.

Вытокі рэнэсансавай польскай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вытокі польскай літаратуры эпохі Адраджэньня зьвязаныя з творчасьцю польска-лацінскіх паэтаў, якія адносіліся да кола дваранскай эліты. Польска-лацінская паэзія збольшага распачыналася замежнікамі, якія асядалі ў тагачаснай Польшчы. Адным зь першых заснавальнікаў польскай рэнэсансавай літаратуры быў італьянскі паэт Філіп Буанакозі-Калімах, аўтар элегіяў, любоўных эпіграмаў, вершаў пра сьв. Станіслава, а таксама панэгірыкаў пра Жыцьцё і манэры Гжэгажа з Санокі. Разам з аседлым у Польшчы нямецкім гуманістам і паэтам Конрадам Цэлтысам ён заснаваў Надвісьленскае літаратурнае таварыства, якое аб’ядноўвала найлепшых кракаўскіх творцаў. Пачатак ХVI стагодзьдзя — гэта пэрыяд дынамічнага развіцьця польскай паэзіі, якая пісалася на лацінскай мове. Найвыбітнейшымі прадстаўнікамі гэтага тыпу паэзіі былі Павал з Кросна, Ян Вісьліцкі (Пруская вайна), Мікола Гусоўскі (Песьня пра зубра), Анджэй Кжыцкі і Ян Дантычак. Аднак, самым вядомым тагачасным польска-лацінскім паэтам стаў Клемэнс Яніцкі — паэт сялянскага паходжаньня, аўтар элегіяў, эпіграмаў і палітычных твораў, які быў увенчаны італьянскім паэтычным лаўрам; зьяўляўся аўтарам аўтабіяграфічнай элегіі Аб сабе самім для нашчадкаў (польск. O sobie samym dla potomności).