Прамяністыя (таварыства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Прамяні́стыя» (таксама Таварыства сяброў карыснай забавы) — легальная патрыятычная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту ў красавіку — чэрвені 1820 г. Заснаваная Тамашам Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Летувы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыцьцяўлялі філяматы. Структура арганізацыі распрацаваная Ануфрыем Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належыць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Юзэфам Яжоўскім і зацьверджаны 3 чэрвеня 1820 г. рэктарам унівэрсытэту Ш. Малеўскім.

Паводле статута мэтай «Прамяністых» было далучэньне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, літаратуры, гісторыі і г. д. Колькасьць «Прамяністых» дасягала 200—300 чалавек (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасьці арганізацыі выклікаў у кансэрватыўных колах рэакцыйнай часткі прафэсуры ўнівэрсытэту і сьвятароў нараканьні, якія прывялі да забароны таварыства. Пасьля першага сьледзтва па справе «Прамяністых» у 1822 г. быў вынесены вэрдыкт, што гэта тайнае таварыства, а не дазволенае рэктарам.