Праская вясна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Плакат «За вашу і нашу свабоду»

Пра́ская вясна́ (па-чэску: Pražské jaro, па-славацку: Pražská jar) — пэрыяд палітычнай лібэрызацыі ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе. Працягваўся з 5 студзеня 1968 да моманту, калі СССР і іншыя чальцы Арганізацыі Варшаўскай дамовы (Польшча, Вугоршчына, НДР і Баўгарыя) не ўвялі свае войскі ў ночы з 20 жніўня на 21 жніўня 1968 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акт самаспаленьня Рышарда Сіўца на «Стадыёне Дзесяцігодзьдзя» на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславаччыны

З прыходам да кіраўніцтва Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Аляксандра Дубчака Чэхаславаччына пачала ўсё болей дэманстраваць незалежнасьць ад СССР.

Палітычныя рэформы Дубчака і ягоных паплечнікаў (О. Шык, І. Пэлікан, З. Млынарж ды інш.), якія прагнулі стварыць «сацыялізм з чалавечым абліччам», не былі поўным адыходам ад колішняй палітычнай лініі, як гэта было ў Вугоршчыне ў 1956 року, аднак разглядаліся савецкім кіраўніцтва як пагроза гегемоніі Савецкага Саюзу ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы і нават ягонай бясьпецы. Была істотна паслабленая цэнзура, паўсюдна праходзілі вольныя дыскусіі. Чэхаславаччына знаходзілася ў самым цэнтры абароннай лініі Варшаўскага блёку, і ейны мажлівы пераход на бок супраціўніка быў недапушчальны пад час халоднай вайны. У 1930-я рокі менавіта акупацыя і падзел Чэхаславаччыны гітлераўскаю Нямеччынаю (пры тым, што Чэхаславаччына не чыніла ніякага супраціву і адмовілася ад савецкай вайсковай дапамогі) істотна палегчылі Гітлеру заданьне заваяваньня Эўропы.

У адрозьненьне ад іншых дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, пераход улады да камуністаў у 1948 адбыўся ў выніку сапраўднага народнага руху. Аднак значная частка кіроўнай партыі — асабліва на найвышэйшым узроўні — выступала супраць якога-кольвек паслабленьня партыйнага кантролю над грамадзтвам, а таму зьвярнулася да савецкага кіраўніцтва па дапамогу ў адхіленьні рэфарматараў ад улады.

Палітыка абмежаванага дзяржаўнага сувэрэнітэту ў краінах сацыялістычнага блёку, што дапускае ў тым ліку выкарыстаньне пры неабходнасьці вайсковай сілы, атрымала на Захадзе назву «дактрыны Брэжнева», па імю савецкага кіраўніка, які ўпершыню яе абвясьціў публічна, хоць праводзілася падобная палітыка яшчэ з часоў Сталіна. Дактрына заставалася правамоцнай да таго часу, пакуль у 1980-я рокі пры Міхаілу Гарбачове яе не зьмяніў іншы падыход, які жартоўна назвалі «дактрынаю Сынатры» (маючы на ўвазе песьню Фрэнка Сынатры «My Way» — «Як я хачу»).

Канец вясны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Апэрацыя «Дунай»

23 сакавіка 1968 на зьезьдзе камуністычных партыяў у Дрэздэне прагучала крытыка рэформаў у Чэхаславаччыне, 4 траўня Брэжнеў прыняў дэлегацыю на чале з Дубчакам у Маскве, дзе востра крытыкаваў становішча ў ЧССР, 15 ліпеня кіраўнікі камуністычных партыяў адаслалі адкрыты ліст ЦК КПЧ, 29 ліпеня Дубчак зноў сустрэўся ў Чыерне над Цісаў з Брэжневым, 17 жніўня Дубчак сустрэўся ў Комарне зь Янашам Кадарам, які зьвярнуў увагу на тое, што сытуацыя стае крытычнаю.

Пэрыяд палітычнага лібэралізму ў Чэхаславаччыне скончыўся ўжо празь некалькі дзён, з увядзеньнем у краіну 200 000 жаўнераў і 5000 танкаў краінаў Варшаўскай дамовы ў ноч з 20 на 21 жніўня (адсюль дзьве даты, што сустракаюцца ў розных крыніцах). Напярэдадні ўвядзеньня войскаў Маршал Савецкага Союзу Андрэй Грэчка праінфармаваў міністра абароны ЧССР Марціна Дзура пра падрыхтоўку акцыі і засьцярог ад супраціву з боку чэхаславацкіх узброеных сілаў. З Польшчы быў уведзены савецка-польскі кантынгент па напрамках: Ябланец над Нісаў, Острава, Оламаўц і Жыліна. З НДР уводзіўся савецка-нямецкы кантынгент войскаў па напрамках: Прага, Хомутаў, Пльзень, Карлавы Вары. З Вугоршчыны ўваходзіла савецка-вугорска-баўгарская групоўка па напрамках: Браціслава, Трэнчын, Банска Быстрыца й інш. Найбольшы кантынгент войскаў быў вылучаны ад СССР. Чэхаславацкая армія не аказала супраціву. Уварваньне сталася напярэдадні зьезду Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны, на якім, як чакалася, рэформы павінны былі атрымаць рашучую падтрымку. Зьезд партыі ўсё-ткі быў праведзены — ён адбыўся на адныму зь мясцовых заводаў — і ягоныя ўдзельнікі насамрэч выказалі падтрымку пачатым рэформам, але гэта ўжо ня мела ніякага значэньня. Войскі знаходзіліся ў краіне да 1990 року.

Пратэсты супраць акупацыі і ейныя наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З боку заходніх дзяржаваў наступавала толькі вусная крытыка таго, што адбылося, — ва ўмовах ядзернага супрацьстаяньня заходнія краіны былі няздатныя што-кольвек супрацьпаставіць савецкай вайсковай моцы ў Цэнтральнай Эўропе.

У Савецкім Саюзе асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі пратэставалі супраць увядзеньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну. Так, на Чырвонай плошчы ў Маскве 25 жніўня 1968 року прайшла дэманстрацыя ў падтрымку незалежнасьці Чэхаславаччыны. Дэманстранты разгарнулі плякаты зь лёзунгамі «At’ zije svobodne а nezavisle Ceskoslovensko!» («Хай жыве вольная і незалежная Чэхаславаччына!»), «Ганьба акупантам!», «Рукі прэч ад ЧССР!», «За вашу і нашу свабоду!», «Свабоду Дубчаку!». Дэманстрацыя была здушаная, заклікі былі кваліфікаваныя як паклёпніцкія, дэманстранты былі засуджаныя.

У самой Чэхаславаччыне вынікам стала вялікая хваля эміграцыі (каля 300 000 асобаў, у асноўным высокакваліфікаваныя спэцыялісты).

Пры ўварваньні 72 грамадзяніны Чэхаславаччыны загінулі, сотні былі параненыя. У 1969 року ў Празе студэнты Ян Палах і Ян Заіц зь інтэрвалам у месяц учынілі самаспаленьні на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі. У 1969 А. Дубчака на посьце Генэральнага сакратара ЦК КПЧ зьмяніў Густаў Гусак.

Здушэньне «праскай вясны ўзмоцніла расчараваньне мноства прадстаўнікоў заходніх левых тэорыяю марксізму-ленінізму і спрыяла ўзрастаньню ідэяў «эўракамунізму» сярод кіраўніцтва і сябраў заходніх камуністычных партыяў — што пазьней прывяло да расколаў мноства зь іх.

Празь дзесяць гадоў Праская вясна дала імя аналягічнаму пэрыяду кітайскай палітычнай лібэралізацыі, вядомаму як «Пэкінская вясна».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]