Пратэстанцтва ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дом малітвы хрысьціянаў веры эвангельскай у Малечы Бярозаўскага раёну

Пратэста́нцтва ў Белару́сі — мінуўшчына і сучаснасьць пратэстанцкіх дэнамінацыяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 2011 г. на ўліку стаялі хрысьціянскія цэрквы 14 пратэстанцкіх напрамкаў, найбольш пашыранымі зь якіх былі эвангельскі(en) (пяцідзясятніцтва(en) і баптызм) і адвэнтызм сёмага дня(en)[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Пратэстанцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім

Пратэстанцтва на тэрыторыю сучаснай Беларусі трапіла ў XVI стагодзьдзі, пачаткова ў форме вучэньня Лютэра. Вялікі ўплыў на распаўсюджаньне лютэранства ў Вялікім Княстве Літоўскім адыграла ягонае зацьвярджэньне афіцыйнай рэлігіяй у суседнім Прускім герцагстве, адкрыцьцё ўнівэрсытэту ў сталіцы Прусіі Кёнігзбэргу, а таксама пражываньне ў Вялікім Княстве пэўнай колькасьці нямецкіх каляністаў.

Аграмадны ўплыў на распаўсюджаньне пратэстанцтва мела падтрымка новага вучэньня з боку заможнай шляхты — магнатаў. Магнаты імкнуліся да абмежаваньня вялікакняскай улады і пашырэньня ўласных паўнамоцтваў, чаму спрыяў пераход у пратэстанцтва зь ягонай адмовай ад ідэі пра боскае паходжаньне вярхоўнай улады. З гэтай самай прычыны цягам пэўнага часу значна больш за лютэранства, папулярнае ў асяродку мяшчанаў, разьвіцьцё атрымала вучэньне Кальвіна.

Кальвіністамі сталі найбуйнейшыя земляўласьнікі дзяржавы — Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Вішнявецкія і іншыя ўплывовыя роды. Ачагом кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім стала Берасьце, дзе мясцовы староста магнат Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў кальвінісцкую грамаду і буйную друкарню. Пасьля суполкі зьявіліся ў Віцебску, Клецку (першы пастар Сымон Будны), Менску (1558[2]), Нясьвіжы, Полацку. У 1557 року ў Вільні адбыўся сход літоўскіх пратэстантаў пад даводзтвам Мікалая Радзівіла «Чорнага», які прыняў рашэньне пра стварэньне адзінай дэнамінацыі на чале з супэрінтэндантам. Дзякуючы шырокаму фінансаваньню з боку магнатэрыі адчыняліся кальвінісцкія школы і друкарні. У 1617 была адчыненая кальвінісцкая Слуцкая гімназія.

Асаблівасьцю разьвіцьця пратэстанцкага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім стаў хуткі перпход да больш радыкальных формаў — антытрынітарызму, які выліўся ў актыўны і моцны сацыніянскі рух. Грамады сацыніянаў існавалі ў Вільні, Наваградку, Любчы й іншых местах. Найбольш уплывовым прыхільнікам гэтага рацыяналістычнага вучэньня быў магнат Ян Кішка, кашталян віленскі. Сярод вядомых сацыніянскіх мысьляроў і прапаведнікаў вылучаюць Сымона Буднага, Яна Ліцынія Намыслоўскага і Васіля Цяпінскага.

У другой палове XVI стагодзьдзя пачынаецца актыўная барацьба каталіцкай царквы з пратэстанцтвам. Контрарэфармацыя распаўсюдзілася і ў Вялікім Княстве Літоўскім, ейнымі асноўнымі праваднікамі былі езуіты, якія карысталіся дзяржаўнай падтрымкай. Пратэстанцкі рух паступова згасае, магнаты пакрысе вяртаюцца ў каталіцтва, у той час як у ніжэйшых саслоўяў пратэстанцкія ідэі не набылі. Тым ня меней, пратэстанцкія грамады працягвалі існаваньне.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1855 року ў вёсцы Уць Гомельскай вобласьці зьявілася першая баптысцкая суполка штундыстаў, заснаваная пад уплывам нямецкіх каляністаў-мэнанітаў.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёньня пратэстанты складаюць у Беларусі рэлігійную меншасьць. У 2000 року іхняя колькасьць складала 130 тыс. чалавек[3]. У 2010 Дзярждэпартамант ЗША ацаніў колькасьць пратэстантаў у 2% насельніцтва (каля 180 тыс.)[4]. У краіне афіцыйна зарэгістраваныя больш за 1 тыс. пратэстанцкіх суполак розных дэнамінацыяў.

Найбуйнейшым пратэстанцкім зьвязам зьяўляецца Аб’яднаная царква хрысьціянаў веры эвангельскай у Беларусі. Зьвяз аб’ядноўвае больш за 55 тыс. вернікаў[5] і 512 афіцыйна зарэгістраваных цэркваў[6]. Яшчэ больш за 100 суполак дзейнічаюць без афіцыйнае рэгістрацыі[5], 454 маюць уласныя малітоўныя дамы[7]. Аб’яднаньне ўваходзіць у Сусьветнае братэрства Асамблеяў Бога. Пяцідзясятніцкі рух у краіне таксама прадстаўлены г. зв. «незарэгістраваным братэрствам», хрысьціянамі веры апостальскай (10 цэркваў), хрысьціянамі поўнага Эвангельля (55 цэркваў).

Саюз эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь налічвае 312 цэркваў і амаль 14 тысячаў хрышчоных сябраў[8].

Адвэнтысцкая царква аб’ядноўвае 5 тыс. чалавек у 76 цэрквах[9]. Эвангельска-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь складаецца з 27 парафіяў[6]. У Менску адчынены кальвінісцкі Беларускі эвангельскі рэфарматарскі сабор.

Акрамя вышэйпамянёных, у Беларусі дзейнічаюць таксама Новаапостальская царква, прэсьбітэрыянская царква, Царква Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён, суполкі мэсіянскіх жыдоў й інш.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Мядзьведзева. Вяртаньне з захаваньнем // Зьвязда : газэта. — 27 студзеня 2011. — № 16 (26880). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ В Беларуси празднуют 500-летие Жана Кальвина (рас.) Хрысьціянскі мэгапартал InVictory Праверана 22 красавіка 2013 г.
  3. ^ J. Gordon Melton, Martin Baumann. Religions of the World, A comprehensive encyclopedia of beliefs and practices. — ABC CLIO, 2002. — С. 134.
  4. ^ Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor. International Religious Freedom Report 2010 (анг.) Belarus. U.S. Department of State (17 лістапада 2010). Праверана 24 красавіка 2013 г.
  5. ^ а б Тема 1. История происхождения пятидесятнического движения. Христиане веры евангельской в Беларуси (рас.) История пятидесятнического движения. Аб’яднаная царква хрысьціянаў веры эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь. Праверана 24 красавіка 2013 г.
  6. ^ а б Количество религиозных общин в Республике Беларусь (по состоянию на 1 января 2012 г.) (рас.). Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Праверана 24 красавіка 2013 г.
  7. ^ VIII-й съезд Белорусской Объединенной церкви христиан веры евангельской (БОЦХВЕ) (рас.). Union of Pentecostal Churches of Lithuania. Праверана 24 красавіка 2013 г.
  8. ^ Statistics / Europe (анг.). Baptist World Alliance. Праверана 24 красавіка 2013 г.
  9. ^ Belarus (анг.) World Map Праверана 24 красавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]