Пратэстанцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пратэста́нцтва ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім ― адзін з трох найбуйнешых напрамкаў хрысьціянства нароўні з праваслаўем і каталіцтвам, якія існавалі на землях Вялікага Княства Літоўскага (сучасныя Беларусь і Летува) у XVI—XVIII стагодзьдзях. Зьвязаны сваім паходжаньнем з Рэфармацыяй ― шырокім антыкаталіцкім рухам XVI стагодзьдзя ў Эўропе.

Лютэранства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыгімонт II

У Вялікім Княстве Літоўскім былі добра вядомыя погляды Яна Гуса, аднаго з прадвесьнікаў Рэфармацыі. Яшчэ ў 1413 року двор вялікага князя літоўскага Вітаўта наведаў паплечнік чэскага сьвятара, актыўны супраціўнік каталіцкай царквы Геранім Праскі, пазьней спалены інквізыцыяй на кастры. Падрабязнасьці ягонай сустрэчы зь вялікім князем невядомыя, але можна меркаваць, што тэоляг не прамінуў падзяліцца зь ім сваімі поглядамі. У 1422 року па даручэньні Вітаўта ў Чэхію зь пяцітысячным войскам прыбыў князь Жыгімонт Карыбутавіч, які ачоліў гусітаў. У 1424 ён заняў Прагу, дзе абвясьціў сябе каралём, аднак неўзабаве быў вымушаны вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае.

Неўзабаве пасьля пачатку Рэфармацыі ідэі Лютэра распаўсюдзіліся на значнай тэрыторыі. Зь Нямеччыны яны трапілі ва Ўсходнюю Прусію і Лівонію, а пасьля і ў Польшчу. У 1525 року вялікі магістар Тэўтонскага ордэну Альбрэхт Гагэнцолерн правёў сэкулярызацыю прускіх валоданьняў Ордэну і абвясьціў сябе герцагам сьвецкай дзяржавы Прусія. У тым самым року пад уплывам Лютэра і ягонага паплечніка Філіпа Мэлянхтона Альбрэхт абвясьціў Прусію лютэранскай дзяржавай. З Прусіі новае вучэньне стала хутка распаўсюджвацца ў Жамойці і Аўкштоце[1].

Польскае каталіцкае духавенства ацаніла небясьпеку новай ідэалёгіі. У 1520 року яно сабралося ў Пётркаве на Сабор пад кіраўніцтвам арцыбіскупа гнезьненскага Яна Ласкага і забараніла лютэранскія кнігі[2], аднак іхняе распаўсюджаньне працягнулася: нават у польскай сталіцы, Кракаве, дзе пры ўнівэрсытэце адкрыта працягвалі прадаваць сачыненьні Лютэра. У 1523 року кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II загадаў кашталяну кракаўскаму Крыштапу Шыдлавецкаму, каб «ніхто ня ўносіў у каралеўства кнігі Лютэра ці каго-небудзь зь ягоных пасьлядоўнікаў… ніхто пад пагрозай сьмяротнай кары і канфіскацыі ўсёй маёмасьці не наважваўся ухваляць, а тым больш прапаведваць і распаўсюджваць ягонае шкоднае і ўжо асуджанае вучэньне»[3].

У Данцыгу ў 1524 року пяць цэркваў былі навернутыя ў пратэстанцкія, увасьлед за імі неўзабаве наступавалі й астатнія. Жыгімонт II выдаў загад аднавіць каталіцтва ў Данцыгу, а адпалым ад яго выехаць з Польшчы цягам 24 гадзінаў пад пагрозай сьмяротнага пакараньня. Але за Данцыгам наступавалі Сандамір і іншыя месты. Ва ўнівэрсале 1534 сандамірскаму кашталяну Пятру Кміту-Сабенскаму кароль пісаў: «У каралеўстве зьявілася мноства людзей, ахвочых да навізны, якія ня толькі таемна, але й наяве прымаюць і распаўсюджваюць асуджаныя Саборамі ерасі… пасылаюць сваіх маладых сваякоў у Вітэнбэрг, каб яны, увабраўшы з маладосьці вучэньня Лютэра, тым з большым запалам па вяртаньні на айчыну распаўсюджвалі гэтае вучэньне, а іншыя па сваёй волі і па радзе сяброў наўмысна ездзяць да Лютэра й іншых начальнікаў новых сэктаў, каб бліжэй даведацца і засвоіць сабе іхнія аблуды»[4].

Зьвесткі пра адну з найранейшых лютэранскіх грамадаў у ВКЛ датаваныя 1535, калі слуцкі князь Юры Алелькавіч надаў у сваім горадзе зямлю для пабудовы лютэранскай царквы[5].

Лютэранства прымалі збольшага месьцічы-немцы, зь мясцовых да яго зьвярнулася зусім нязначная дзеля жыхароў[6]. Аднак і гэта выклікала забараняльныя меры ў адказ, і ў ліпені 1538 кароль Жыгімонт II выдаў эдыкт супраць лютэранаў і анабаптыстаў з пагрозай ― за распаўсюджаньне рэлігійных аблудаў сканфіскоўваць маёмасьць і высылаць з краіны. Аднак гэтага апынулася недастаткова, і ў 1542 выходзіць новы эдыкт, які надзяліў духавенства ў асобе віленскага біскупа судовай уладаю над ерэтыкамі і дысыдэнтамі. Пратэстантаў пазбаўлялі шляхецтва. Было забаронена наймаць настаўнікамі немцаў, пасылаць шляхецкіх юнакоў у Нямеччыну дзеля адукацыі.

Аднак законы выконваліся блага. Праз супрацьдзеяньне княскіх родаў кароль быў вымушаны ў 1543 загад пра забарону замежнай адукацыі скасаваць, пакінуўшы толькі забарону прывозіць дахаты «ерэтычныя» сачыненьні. Але яны ўжо даўно былі распаўсюджаныя. Вялікі магістар Тэўтонскага ордэна Альбрэхт выдаваў вялікую колькасьць перакладаў літургічных і іншых кніг і накіроўваў іх у Літву. Па ягонай замове пастар Мартын Мажвід пераклаў на летувіскую мову лютэранскі канцыянал. У Караляўцы быў заснаваны лютэранскі ўнівэрсытэт (1544) з гуртажыткам і стыпэндыяй для васьмі летувісаў[7]. Сярод выкладчыкаў таксама былі два летувісы: Станіслаў Рапаліёніс і Абрагам Кульва, выгнаныя зь Вільні за прапаганду ідэяў Лютэра[8].

Нягледзячы на строгасьці, у 1539 віленскі ўраджэнец, ксёндз і доктар філязофіі Абрагам Кульва адчыніў у Вільні школу для шляхецкай моладзі й актыўна выступаў зь лютэранскімі казаньнямі, слухаць якія паступова сабралося ці ня ўсё нямецкае насельніцтва места[9].

Помнік Абрагаму Кульву ў Ёнаве

Віленскі біскуп Павал Гальшанскі зьвярнуўся да Жыгімонта II з просьбаю ўмяшацца. Кароль выдаў эдыкт, па якім Кульва меў зьявіцца на духоўны суд, пакаяцца і панесьці пакараньне. Кульва ўцёк у Прусію[10]. Па ягоным ад’езьдзе прапаведнікам лютэранства ў Літве стаў Ян Вінклер, ксёндз віленскага касьцёлу сьв. Ганны. Віленскі біскуп забараніў яму ня толькі служыць, але й увогуле зьяўляцца ў віленскіх касьцёлах[11]. Тады Вінклер адчыніў лютэранскую малельню ў хаце віленскага купца Морштына. Утварылася лютэранская грамада, у асноўным зь немцаў[12].

На Нямецкай вуліцы была пабудаваная кірха, якая праіснавала да 1944[13].

Сын Жыгімонта II кароль і вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III стаў апекавацца пратэстантамі. Выхоўваны пры двары маці каралевы Боны Сфорцы, ён пасябраваў з духоўнікам маці Франчэскам Лісманіні, таемным прыхільнікам Рэфармацыі. Будучы кароль знаёміўся з творамі дзеячоў Рэфармацыі, нават адсылаў Лісманіні ў Швайцарыю набываць кнігі[14]. Несумненна, размаўляў кароль і з прыдворнымі прапаведнікамі Янам Казьмінскім і Ляўрэнціем (Дыскордыем) з Прашовічаў, якіх узяў з сабой у Літву ў 1544[15].

Жыгімонт Аўгуст ліставаўся з Кальвінам. Апошні й Лютэр прысьвяцілі каралю свае сачыненьні: Кальвін ― тлумачэньне на пасланьне Паўла да жыдоў, Лютэр ― свой пераклад Бібліі. Папа Рымскі вінаваціў караля ў патураньні пратэстанцкаму руху[16].

Толькі ў канцы свайго валадараньня Жыгімонт III пачаў абыякава ставіцца да пратэстантаў. Пры езуітах у 1564 і 1565 зьявіліся ягоныя ўнівэрсалы супраць рэфарматараў.

Кальвінізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Радзівіл Чорны

Парыскі багаслоў Жан Кальвін, уважліва вывучыўшы працы Мартына Лютэра, у 1532 року стаў прапаведнікам-пратэстантам, паступова здабываючы адзінадумцаў. Кальвін, аднак, спавядаў крыху іншыя ідэі, чымся Лютэр. Кальвінізм зьдзейсьніў прынцып простай і таннай царквы, набажэнства зьвёў галоўным чынам да чытаньня Бібліі. Асноўная дагматычная і адрозная рыса кальвінізму ― ідэя пра безумоўнае прадвызначэньне. Пасьлядоўнікаў Кальвіна сталі называць рэфарматарамі, у Францыі іх звалі гугенотамі. Кальвін надаў пратэстанцтву ўнівэрсальны характар (у супрацьлегласьць чыста нямецкаму характару лютэравай рэфармацыі). «Царкоўныя ўставы» Кальвіна сталі асновай пабудовы кальвінісцкіх грамадаў у іншых краінах, у тым ліку і ў ВКЛ.

Кальвін ліставаўся з многімі валадарамі ў Эўропе, у тым ліку з князем Мікалаем Радзівілам Чорным і кракаўскім ваяводам Янам Тарноўскім[17].

Мікалай Радзівіл Чорны з 1529 жыў і выхоўваўся пры каралеўскім двары ў Кракаве, у 1534 пачаў навучаньне ў Кракаўскім унівэрсытэце. Беларускі гісторык К. Шышыгіна-Патоцкая піша:


« У 1529 року па рашэньні манарха Жыгімонта Старога Мікалай Чорны пэўны час жыў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе разам з будучым польскім каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам атрымліваў адукацыю. Атмасфэра Адраджэньня пры двары мела вялікі ўплыў на ягоныя густы і звычкі. Скончыўшы навучаньне, ён разам з братам вярнуўся ў Нясьвіж і актыўна ўлучыўся ў палітычнае і эканамічнае жыцьцё краіны» »

—Шишигина-Потоцкая К. Я., Легенды Несвижа: историко-краеведческий очерк. ― Минск: Рифтур, 2009 ISBN 978-985-6700-99-9

.

Мікалай Радзівіл Чорны і стаў у ВКЛ абаронцам і апекуном кальвінізму. Найперш ён адчыніў кальвінісцкую малельню ва ўласнай хаце на Лукішках пад Вільняй. У 1561 на віленскім Бэрнардынскім пляцы ён паставіў мураваны храм, адчыніў малітоўні ва ўласных маёнтках ― у Клецку, Нясьвіжы, Воршы, Дзявалтаве, Іўі, Шылянах, Кейданах, Біржах, Берасьці[18].

Кірха ў Вільні, пастаўленая Мікалаем Радзівілам

У 1560-я былі створаныя кальвінісцкія грамады ў Берасьці, Нясьвіжы, Клецку й інш. Радзівіл прызначыў кальвінісцкіх пастараў: Марціна Чаховіца і Вендрыхоўскага ― у Вільні, Сымона Буднага ― у Клецку, Лаўрэнція Крышкоўскага ― у Нясьвіж, Сымона Зака ― у Берасьце і да т. п.

У 1557 у Вільні пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага адбыўся першы ўстаноўчы Сынод пратэстантаў Вялікага Княства. Былі абраныя кіраўнічыя органы пратэстанцкай царквы. Дзейнасьцю суполак кіраваў супэрінтэндант. Ён склікаў сыноды і вёў актуальныя справы. Непасрэдную працу ў насельніцтве вялі прапаведнікі. Са сьвецкіх асобаў абіралі сэньёраў, што кантралявалі жыцьцё царкоўных грамадаў[19].

Да 1560 кальвінізм вызнавала большасьць магнатаў ВКЛ: Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Тышкевічы, Салямерыцкія, Дарагостайскія й інш. На думку гісторыка царквы А. У. Карташова, такая схільнасьць праваслаўных родаў да кальвінізму тлумачыцца інстынктам супраціву каталіцтву як зброі палянізацыі і лацінізацыі ― «апратэстанцімся, каб не аблацініцца і не апалячыцца»[20].

Былы кальвінісцкі збор у Заслаўлі

У другой палове XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў паўсталі кальвінісцкія грамады ў Віцебску, Менску, Полацку, Воршы, Глыбокім, Заслаўі, Іўі, Любчы, Ляхавічах, Наваградку, Смургонях і інш. Пры грамадах будаваліся цэрквы, школы, друкарні, шпіталі. Вядомыя школы ў Сяматычах, Шыдлаве, Біржах, Віцебске, Галоўчыне, Гарадзеі, Глыбокім, Жупанах, Заслаўі, Івянцы, Іўі, Капылі, Койданаве, Любчы, Менску, Наваградку, Воршы, Слуцку, Смургонях і інш. На Падольлі вядомаю была школа ў Панёўцах, званая акадэміяй, заснаваная Янам Патоцкім разам з закладаньнм тут кальвінісцкага збору і друкарні. У адной зь іх, адчыненай братамі Гойскімі ў Гошчы на Валыні Ілжэдзьмітры I вывучаў лаціну. Навучаньне цягнулася 6-10 гадоў. Акрамя багаслоўя вывучалі старажытнагрэцкую, лацінскую, польскую мовы, рыторыку, гісторыю, матэматыку, антычную паэзію, царкоўныя сьпевы й інш.

У 1562 віленская друкарня Радзівілаў выдала «Кальвінаў катэхізіс для простых людзей рускай мовы». У 1563 на сродкі Радзівіла была надрукаваная кальвінісцкая Біблія на польскай мове, званая Радзівілаўскай[21]. У нясьвіскай друкарні Сымон Будны выдаў на рускай мове кальвінісцкі Катэхізіс і кнігу «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам». Папулярнай сярод кальвіністаў была кніга віленскага пастара Самуэля Дамброўскага «Пастыльля», выдадзеная на сродкі старосты аршанскага Пятра Нонгарда ў Торуні. Казалі, што каталікі спрабавалі кнігу спаліць, аднак агонь яе ня ўзяў.

Зьявілася вялікая колькасьць падручнікаў на польскай, старабеларускай мовах, пачалі зьяўляцца кнігі на літоўскай. Выходзілі канцыяналы ― складанкі рэлігійных сьпеваў для царквы і дома: «Песьні хвалаў боскіх» (1558), Любчынскі канцыянал (1620) і інш. Асабліва ўражвае выдадзены ў 1563 друкарамі Мацеем Кавячынскім і Даніэлем нясьвіскі канцыянал, куды ўвайшлі 40 псальмаў, 110 песьняў і сьвецкіх кантаў з нотамі. У берасьцейскай друкарні было надрукавана даволі шмат кніг у духу пратэстанцкага вызнаньня: кнігі Базыліка Цыпрыяна, Яна Ласкага-малодшага, Фамы Фалькоўскага й інш. Пазьней сыны Мікалая Радзівіла Чорнага, якія вярнуліся ў каталіцтва, паклапаціліся пра зьнішчэньне гэтых кніг, асабліва кальвінісцкай Бібліі. У гэтым напрамку асабліва адзначыўся Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», які набыў на 5 тысячаў залатых кальвінісцкіх кніг і спаліў іх пасярод віленскага рынку[22].

У ВКЛ існавалі 6 кальвінісцкіх дыстрыктаў: Віленскі, Завілейскі, Наваградзкі, Рускі, Берасьцейскі і Жамойцкі. У 1563 кальвіністы прывілеем караля былі ўраўнаваныя ў правох з каталікамі і праваслаўнымі. У 1599 між кальвіністамі і праваслаўнымі ў Вільні была заключаная канфэдэрацыя супраць наступу контрарэфармацыі[23].

Да 1563 у Вялікім Княстве Літоўскім было 195 праваслаўных храмаў і каля 50 манастыроў, каталікоў жа заставалася каля тысячы, у Жмудзкім біскупстве, напрыклад, з 700 касьцёлаў дзейнічалі толькі 6[24]. У кальвінізм перайшлі таксама два герархі каталіцкай царквы ― біскуп жамойцкі Ян Пяткевіч і біскуп кіеўскай дыяцэзіі Мікалай Пац. Кальвінізм станаў дамінуючай рэлігіяй у княстве.

У Наваградзкім ваяводзтве пражывалі болей за 600 шляхецкіх родаў; у праваслаўі засталіся толькі 16, астатнія сталі кальвіністамі[25]. У 1584 Сымон Будны арганізаваў «паход веры» па землях Наваградзкага ваяводзтва, падчас якога кальвіністы разбурылі 65 праваслаўных храмаў[26]. На Берасьцейскім саборы 1596 каталікі, дакараючы праваслаўных за хаўрус з кальвіністамі, казалі: «Вы маеце ў іх (пратэстантах) вялікіх прыяцеляў, якія ў вас у наваградзкім ваяводзтве спустошылі 650 цэркваў»[27].

Шляхта, непакоячыся дыктатам царквы, успрыняла рэфармацыю скрайне станоўча. У кальвінізьме ўладаром быў не кароль (князь), як у лютэранаў, і не духоўнік, як у каталікоў, а ўласьнік маёнтку, дзе знаходзілася суполка.

Кальвінісцкі збор пад Менскам

На ўкраінскія землі кальвінізм трапіў у 1540-я рокі, і зьвязаны з такімі дзеячамі, як Фама Фалькоўскі, Павал Зяновіч, Мікалай Жыцень, Аляксандар Вітрэлін. Сын праваслаўнага сьвятара з Галічыны Андрэй Дабранскі, прафэсар філязофіі, перайшоў у кальвінізм і, перасьледаваны каталікамі, зьехаў у Вільню, дзе заняў пасаду кальвінісцкага супэрінтэнданта, пазьней замешкаў у Слуцку рэктарам школы[28].

Распаўсюджваўся кальвінізм пасьпяхова ― ад Валыні і Галіччыны да Падольля і Кіеўшчыны, аднак грамады, школы і друкарні былі сканцэнтраваныя збольшага на Заходняй Украіне. У 1560-х ва Ўкраіне налічвалася каля 300 рэфармацкіх грамадаў[29].

Разьвіцьцё кальвінізму на ўкраінскіх землях можна ўмоўна падзяліць на тры пэрыяды: час зараджэньня канфэсіі 1540—1550-я рокі, другі пэрыяд — 1560—1580 найбольш пасьпяховы; канец XVI — пачатак XVIІ стагодзьдзяў ― паступовае згасаньне рэфармацкіх грамадаў.

Мікалай Радзівіл Чорны памёр на 50-м року жыцьця. Зь ягонай сьмерцю быў перарваны «залаты век» літоўскага кальвінізму. Канцлер вялікі літоўскі, буйны палітычны дзяяч Леў Сапега ў дзяцінстве быў праваслаўны, пасьля прыняў ідэі Рэфармацыі, а ў канцы жыцьця стаўся каталіком. Ён стаў адным з арганізатараў Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596, якая аб’яднала на землях Вялікага Княства Літоўскага праваслаўную і каталіцкую цэрквы пад вяршынствам папскага стальцу[30].

Леў Сапега

У 1569 у ВКЛ зацьвярджаюцца езуіты, засноўваюцца каталіцкія калегіюмы, у 1570 у пратэстанцкіх вёсках езуіты адчыняюць народныя школы. Закладаецца падмурак сучаснай каталіцкай грамады этнічных беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў[31].

На пачатку XVII ст. пачаўся перасьлед кальвіністаў, пачасьціліся пагромы іхніх храмаў, у 1632 выйшла забарона пабудовы новых пратэстанцкіх цэркваў, а ў 1668 забаронены пераход з каталіцтва ў пратэстанцтва. Пачалася перадача рэфармацкіх храмаў каталікам. Да сярэдзіны XVII ст. дзейнічала ўсяго 140 рэфармацкіх цэркваў, а на Сыноде 1748 налічана толькі 48 дзейных парафіяў, у якіх служылі 40 пастараў[32].

Да сярэдзіны XVIІ ст. стасункі між кальвіністамі і праваслаўнымі былі добрымі. Прыкладам зьявіўся акт Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 року, якім была гарантаваная на тэрыторыі Рэчы Паспалітай роўнасьць хрысьціянскіх канфэсіяў і забароненае выкарыстаньне зброі дзеля разьвязаньня міжканфэсійных канфліктаў. У Вільні яшчэ ладзіліся рэлігійныя дыспуты, так у 1595 вядомы дзяяч Рэфармацыі, пасьля патрыярх Александрыйскі і Канстантынопальскі Кірыл Лукарыс публічна дыскутуе зь езуітамі і францішканамі, ініцыюе выданьне кнігі Мялеція Пігаса «Дыялёг пра ўсходнюю веру» (1596)[33].

У XVII ст. большасьць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва, колькасьць кальвінісцкіх грамадаў моцна зьменшылася, аднак асобныя існавалі да XX стагодзьдзя.

Расейская імпэратрыца Кацярына II загадам 1767 року вызначыла, што дысыдэнцкая шляхта (праваслаўная і пратэстанцкая) ўраўнаваная з каталіцкай ва ўсіх правох, акрамя абраньня караля, якім мог быць толькі каталік.

Антытрынітарызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ліст Жана Кальвіна да віленскага кальвінісцкага сыноду, у тым ліку з крытыкаю поглядаў Бляндраты. 6 кастрычніка 1561, Жэнэва

Антытрынітарыі (адмаўленцы Тройцы) адмаўлялі большасьць царкоўных абрадаў і дагматаў, схалястычную філязофію і тэалёгію, крытыкавалі сьцьвярджэньні Бібліі (неўміручасьць душы, замагільнае жыцьцё й інш.), біблейскія цуды. Прызнавалі толькі адзінага Бога. Вучэньне паўстала на пачатку IV стагодзьдзя, яго прапаведаваў Ары, асуджаны I Сусьветным саборам у 325. Узнавілі вучэньне Фаўст і Леліё Соцыны. У адрозьненьне ад Лютэра яны лічылі, што Сьвятое Пісаньне як адзіная крыніца веравучэньня прымальная толькі ў тым выпадку, калі не пярэчыць розуму. Паводле іхняга імя пасьлядоўнікаў вучэньня сталі называць сацыніянамі.

Браты Соцыны прыехалі ў Польшчу, дзе вучэньне атрымала назву антытрынітарызму. Іхнія вучні італійцы Джорджыё Бляндрата і Францішак Станкар, падляскі ўраджэнец Пётар з Гонядзі прынесьлі вучэньне ў Літву[34].

На патрабаваньне Мікалая Радзівіла Чорнага Пятра выклікалі ў 1558 на віленскі кальвінісцкі сабор даць справаздачу. Берасьцейскі пастар Сымон Зак з Прашавіцаў выдаў у 1559 «Вызнаньне веры збору віленскага» з выкладам асноваў кальвінізму і выкрыцьцём антытрынітарыяў. У 1570-я ад польскіх кальвіністаў аддзялілася групоўка гэтак званых «польскіх братоў». Яны адмаўлялі дагмат пра Тройцу і боскасьць Хрыста, то бок адраджалі погляды арыянства, таму іх называлі польскімі арыянамі[35][36].

Рэлігійны скептыцызм прывёў некаторых (Каспар Бекеш, Стэфан Лован, Юзэф Даманеўскі, Ян Ліцыні Намыслоўскі) да поглядаў, характарызаваных сучасьнікамі як атэістычныя. Частка мысьляроў ВКЛ (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) апраўдвала асноўныя прынцыпы грамадзтва, але патрабавала абмежаваньня правоў шляхецтва, другая (Якуб з Каліноўкі, Павал зь Візны, Марцін Чаховіц) патрабавала поўнай ліквідацыі прыватнай уласнасьці, роўнасьці саслоўяў і інш. У ВКЛ антытрынітарыі займелі падтрымку ў 1558 у буйнога магната старосты жмудзкага Яна Кішкі[37].

Блізкія да сацыянства казані ўцекача ў 1554 з Масквы ў Віцебск Феадосія Касога не знайшлі адчувальнага водгуку ў праваслаўных мяшканцаў, хоць невялікая грамада склалася. Феадосі сьцьвярджаў: «Бог адзіны, Царква ― супольнасьць вернікаў, Храмы і Абразы — гэта ідалы і кумірніцы, Сакрамэнтаў няма, неабходна зруйнаваць Крыж»[38].

Катэхізіс Сымона Буднага. Нясьвіж, 1562

Паплечнік Касога поп Фама, прэсьбітэр сацыянскай грамады Полацку, быў патоплены ў Дзьвіне на загад Івана Жахлівага[39]. Феадосі Касы ж з паплечнікамі ўцяклі на Валынь, дзе, паводле сьведчаньня князя Андрэя Курбскага, заразілі герэтычным вучэньнем «мала ня ўсю Валынь»[40].

У ВКЛ аб’явіўся і стары Арцемі, пасяліўшыся пры двары слуцкага князя Юрыя Алелькавіча[41]. Захарыя Капысьценскі пісаў пра яго: «Вялебны інак, споспешествующу яму Госпаду, у Літве ад ерасі арыянскай і лютэранскай многіх адвярнуў, а празь яго Бог выправіў жа ся ўвесь народ рускі ў Літве ад ерасі тый не перавярнуў».

Пранікся сацыянскімі ідэямі баярын Іван Кучка, які адкрыў у Полацку сацыянскі калегіюм і анабаптысцкую друкарню. У 1563 іх зруйнавала маскоўскае войска.

Ян Кішка засноўваў грамады, друкарні (Лозка ля Ашмянаў, Любча ля Наваградку, Заслаўе)[42].

На ўкраінскіх землях цэнтрам дзейнасьці сацыян стаў Чарняхоў, актыўна дзейнічала суполка ў Вадырадах, Іванічах ля Луцку[43].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Плисс В. И. Исторический очерк проникновения и распространения реформации в Литве и Западной Руси // Христианское чтение. ― СПб,. 1914ю — № 2.
  2. ^ John Łaski // Catholic Encyclopedia. ― New York: Robert Appleton Company, 1913.
  3. ^ Беднов В. Православие в Литве и Польше при короле Сигизмунде II Августе // Православная Церковь в Польше и Литве. — Мн.: Лучи Софии, 2003.
  4. ^ Митрополит Макарий (Булгаков). История Русской церкви, т. 9, кн. IV. История Западнорусской или Литовской митрополии. 1458—1596. ― СПб., 1879. С. 312
  5. ^ Живописная Россия. Отечество наше в его поземельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под ред. П. Семенова. — Т. III, ч. I. ― Мн., 1993. С. 101
  6. ^ Паславські І. В. Реформація та її впливи на українське духовне життя в історіософії М. Грушевського // Грушевський М. Зб. праць. ― Львів, 1994. С. 164—175
  7. ^ * История Кёнигсбергского университета
  8. ^ Рапалёніс // Вялікае Княства Літоўскае. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 507. — ISBN 985-11-0378-0
  9. ^ Vilnius school of Abraomas Kulvietis // A short history of Vilnius University — Vilnius: Mokslas Publishers, 1979. — P. 12.
  10. ^ Адам Киркор. Историко-статистические очерки города Вильно
  11. ^ Ochmanski J. Biskupstvo wilenskie w sredniowieczu. — Poznan, 1972
  12. ^ Флавиан Добрянский. Старая и новая Вильня
  13. ^ Kosman M. Konflikty wyznaniowe w Wilnie (Schyłek XVI—XVII w.) // Kwartalnik Historyczny. — R. 79. — 1972. — S. 3 — 19
  14. ^ Reformations in Eastern Europe
  15. ^ В. Плисс. Исторический очерк…
  16. ^ Бункевич Н. С. К вопросу о развитии и особенностях лютеранства в Беларуси // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі: [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы»; [навуковы рэдактар А. І. Лакотка] — Вып. 9 / [рэдактар-укладальнік А. Г. Алфёрава] ― С. 251―258
  17. ^ Поршнев Б. Ф. Кальвин и кальвинизм // Вопросы истории религии и атеизма. Вып. 6. ― М.. 1958
  18. ^ А. К. Киркор. Историко-статистические очерки города Вильно // В память пребывания Государя Императора Александра II в Вильне, 6 и 7 сентября 1858 г. Издание Виленской археологической комиссии. = Na pamiątkę pobytu Najjaśniejszego Cesarza Jego Mości Alexandra II w Wilnie 6 I 7 wrzesnia 1858. Wydanie kommisji archeologicznej Wileńskiej. ― Wilno: J. Zawadski, 1858. S. 17 — 44
  19. ^ Говорский К. О введении, распространении и судьбе кальвинизма в Белоруссии // Вестник Юго-Западной и Западной России, 1864, № 4. С. 19-28
  20. ^ Карташёв А. В. Очерки по истории русской церкви: В 2-х тт. ― М.: ТЕРРА, 1992.― Т.1.- С. 582—609
  21. ^ Николай Радзивилл Чёрный и Брестская Библия
  22. ^ Merczyng H. Mikołaj Krysztof Radziwiłł Sierotka i jego przyjęcie katolicyzmu w r. 1567 : przyczynek do dziejów Reformacyi w Polsce. ― Warszawa: Wł. Łazarski, 1911
  23. ^ Коялович М. Об отношениях западнорусских православных к литовским протестантам во времена унии // Христианское чтение. — 1860. — Кн. 10. — С. 243, 244
  24. ^ Коялович М. О. Miscellanea rerum, ad statum eccles. in magn. Lithuaniae ducatu pertinentium. ― Wilnae, 1650. Р. 65-67
  25. ^ Викторовский П. Г. Западнорусские дворянские фамилии, отпавшие от православия в конце ХVI в. Вып. I. ― Киев, 1912
  26. ^ Алексютович Н. А. Будный ― идеолог гуманизма и реформации в Белоруссии и Литве // В кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Избранные произведения ХУI -начала XIX вв. ― Минск, 1962. С. 40-50
  27. ^ Филалет X. Апокризис. РИБ, т. VII. ― СПб., 1882, стб. 11031820.
  28. ^ Задорожна О. Ф. Протестанти з роду Горностаїв // Наукові записки На УКМА.- Т. 20. С.64
  29. ^ Любащенко В. Історія протестантизму в Україні. Курс лекцій. — Львів, 1995
  30. ^ Kognowicki K. Zywot Lwa Sapiehy. ― Sanok: Wyd. J. Turowskiego, 1855
  31. ^ Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг. ― СПб., 1872
  32. ^ Любович Н. Н. Начало католической реакции и упадок реформации в Польше. ― Варшава, 1890
  33. ^ Криштапович Л. Е. Цивилизационное противоборство в Беларуси накануне церковной унии 1596 года // Беларусь: государство, религия, общество: материалы Международной научно-практической конференции (Минск―Жировичи, 7 июня 2007 г.) / [редколлегия: протоиерей В. Антоник и др.] ― С. 115―118
  34. ^ Станкар Франциск // Еврейская энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем. Том 14.― Москва. 1991. С. 556
  35. ^ Tazbir J. Bracia Polscy na wygnaniu. Studia z dziejow emigracji arianskiej. ― Warszawa, 1977
  36. ^ Tazbir J. Państwo bez stosów. Szkice z dziejów tolerancji w Polsce XVI—XVII w. — Warszawa, 1967
  37. ^ Urban W. Praktyczna działalność braci polskich // Odrodzenie и Reformacja w Polsce. — 1960. — T. 9. — S. 121, 124
  38. ^ Павлов С. Н. Критика Феодосием Косым догмата о Троице // В кн.: Атеистические традиции русского народа. ― Л., 1982
  39. ^ ПСРЛ, 13, 353—359
  40. ^ Курбский А. М. Сочинения князя Курбского. РИБ., т. XXXI. ― СПб., 1914
  41. ^ Садковский С. М. Артемий, игумен Троицкий. ― М., 1892
  42. ^ Шаўцоў Ю. Пратэстанцкі мэсіянізм Яна Кішкі // Спадчына. 1995, № 3. С. 211—248
  43. ^ Фотинский О. А. Социнианское движение на Волыни в XVI—XVII в. // Волынские епархиальные ведомости, 1894, № 25

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беляев И. Д. Латинская церковь в северо-западном крае Руси до Брестской унии // Русский вестник, 1870, т. 90, № II, с. 5-39.
  • Васильевский В. Г. Очерки истории г. Вильны. ― СПб., 1872.
  • Грушевский М. Из истории религиозной мысли на Украине. ― Виннипег, Канада — Мюнхен, Германия — Детройт, США, 1962, С. 63—67.
  • Дмитриев М. В. Православие и реформация: реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. — М., 1990.
  • Дмитриев М. В. Религиозные войны в Речи Посполитой. К вопросу о последствиях Брестской унии 1596 года // Studia Slavica et Balkanica Petropolitana. — 2008. — № 1 (3). — С. 3-22.
  • Зассе Г. Хто такі лютерани? / Тарас Коковський (пер.укр.мовою). — [Минск], 1999. — 214 с — ISBN 1-890863-22-X.
  • Зайцев В. К. Реформационное движение в Белоруссии и Литве (Вторая половина XVI в.). В кн.: Философия и право. Доклады П-й конференции молодых ученых АН БССР и вузов БССР. ― Минск, 1968. С. 391—403.
  • Кареев Н. И. Очерк истории реформационного движения и католической реакции в Польше. ― СПб., 1886.
  • Конон В. М. От Ренессанса к классицизму (Становление эстетической мысли в Белоруссии в XV—XVIII вв. ― Мн., 1978.
  • Косман М. Кальвіністы ў культуры Вялікага Княства Літоўскага: айчынныя элементы і замежныя ўплывы // З гісторыі культуры Вялікага Княства Літоўскага. — Мн., 2010. — С. 211—225.
  • Косман М. Рэфармацыйная і контррэфармацыйная школьная адукацыя на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага // З гісторыі культуры Вялікага Княства Літоўскага. — Мн., 2010. — С. 226—251.
  • Коялович М. О. Отношение западнорусских православных к польским протестантам во время унии // Христианское чтение, I860, № 2, с. 225—256.
  • Левицкий О. Внутреннее состояние западнорусской церкви в польско-литовском государстве в конце XVI в. и уния // Архив ЮЗР, ч.1, т. VI. ― Киев, 1884, с. I-I82.
  • Левицкий О. Социнианство в Польше и Юго-Западной Руси в XVI и XVII вв. // Киевская старина, 1882, № 4, с. 25-57; № 5, с. 401—432.
  • Любович Н. Н. История реформации в Польше: кальвинисты и антитринитарии. ― Варшава, 1883.
  • Маркович Л. Г. Характеристика развития конфессий на территории Шкловского графства в XVI―XVIII вв. // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова: навуковы и метадычны часопіс ― 2007. ― № 4. ― С. 36―42.
  • Митрополит Макарий (Булгаков). История Русской церкви, т. 9, кн. IV. История Западнорусской или Литовской митрополии. 1458—1596. ― СПб., 1879.
  • Очерки истории западного протестантизма.― М.: Институт всеобщей истории РАН, 1995.
  • Подокшин С. А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. ― Мн., 1970.
  • Реформация как социокультурный феномен : Пособие / М. К. Шилко; Учреждение образования «Могилев. гос. ун-т им. А. А. Кулешова». ― Могилев : МГУ, 2004.
  • Смирнов М. Ю. Реформация и протестантизм: Словарь. — СПб.: Издательство С.-Петербургского ун-та, 2005. ISBN 5-288-03727-2.
  • Ульяновский В. И. История церкви и религиозной мысли в Украине. — Киев, 1994. — Кн. 2.
  • Христианство в Беларуси: история и современность / Т. П. Короткая, А. И. Осипов, В. А. Теплова. — Мн. : Обществ. об-ние «Молодеж. науч. о-во», 2000.
  • Довбищенко М. В. Українська шляхта Волині у релігійних рухах кінця XVI — першій половині XVII ст.: автореф. дис. … д-ра іст. Наук. ― Київ. нац. ун-т ім. Т. Шевченка, 2010.
  • Історія релігії в Україні: Навчальний посібник / А. М. Колодний, П. Л. Яроцький, Б. О. Лобовик та ін. ― К.: Т-во «Знання», 1999.
  • Любащенко В. І. Історія протестантизму в Україні: Курс лекцій. — К.: Поліс, 1995.
  • 450 год Рэфармацыі ў Беларусі. 2003 [Изоматериал] : Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565), некаранаваны кароль Беларусі, апостал Рэфармацыі: [рэпрадукцыя : табель-каляндар насценны] / мастак Уладзімір Стальмашонак. ― [Мінск : б.в., 2002]. — 1 л.
  • Яковенко Н. Релігійні конверсії: спроба погляду зсередини // Яковенко Н. Паралельний світ. Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI—XVII в. ― К., 2002. — С. 37-38.
  • Budniewska A., Mitura-Karwowska A. Bibliografia zawartości czasopisma «Odrodzenie i Reformacja w Polsce». T. I-XLIII. ― Warszawa, 2000.
  • Degiel R. Protestanci i prawosławni. Petronat wyznaniowy Radziwiłłów birżańskich nad Cerkwią prawosławną w księstwie słuckim w XVII w. ― Warszawa, 2000.
  • Kempa T. Wobec kontrreformacji: Protestani i prawosławni w obronie swobód wyznaniowych w Rzeczypospolitej w końcu XVI i w pierwszej połowie XVII wieku. — Toruń, 2007.
  • Kościelny R. Problem tolerancyjności kontrreformatorów w Rzeczypospolitej na przełomie XVI i XVII wieku. — Szczecin, 1997.
  • Kosman M. Reformacja и Kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. — Wrocław, 1973.
  • Ogonovski Z. Socynianizm a oswiecenie. ― Waarszawa, 1966.
  • Szczotka S. Synody arian polskich. Od założenia Krakowa do wygnania z kraju (1569—1662) // Reformacja w Polsce. — 1935—1936. — R. 7/8. — S. 96.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]