Проня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Проня
лац. Pronia
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Ланенка 54°26′17.01″ пн. ш. 30°45′16.87″ у. д. / 54.4380583° пн. ш. 30.7546861° у. д. / 54.4380583; 30.7546861
Вусьце Сож 53°26′04.69″ пн. ш. 31°00′50.02″ у. д. / 53.4346361° пн. ш. 31.0138944° у. д. / 53.4346361; 31.0138944
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Віцебская вобласьць і Магілёўская вобласьць
Даўжыня 172 км
Сярэднегадавы сьцёк 29,5 м³/с
Плошча басэйну 4910 км²
Нахіл воднай паверхні 0,5 ‰
Месцазнаходжаньне
Проня на мапе

Про́ня — рака ў Беларусі, правы прыток ракі Сожу (басэйн Дняпра). Цячэ ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці, Чавускім, Горацкім і Прапойскім раёнах Магілёўскай вобласьці, пераважна Аршанска-Магілёўскай раўнінай. Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхняй плыні нізкія і забалочаныя. Агульная даўжыня ракі — 172 км. Плошча вадазбору 4910 км². Выдатак вады ў вусьці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5‰.

Абалону Проні чалавек абжыў як мінімум з каменнага веку, пра што сьведчаць шматлікія гарадзішчы, разьмешчаныя на яе берагах. 28 верасьня 1708 году пад вёскай Лясной на дзялянцы паміж Проняй і Сажом адбылася бітва паміж маскоўскімі і швэдзкімі войскамі, якую маскоўскі гаспадар Пётар I называў «маці Палтаўскай бітвы»[1]. У 1943—1944 гадох, у час нямецка-савецкай вайны, фронт на рацэ стаяў 9 месяцаў.

У апошнія гады разьвіваецца турызм. Рака прыдатная для сплаву на байдарках. Падчас падарожжа можна пабачыць найбліжэйшыя славутасьці і палюбавацца маляўнічымі краявідамі навакольля.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бог Прона

Расейскія дасьледнікі Ўладзімер Тапароў і Алег Трубачоў лічаць гідронім Проня словам балтыйскага паходжаньня[2][a].

Назва Проня, магчыма, зьвязана з імем паганскага славянскага бога Прона[4].

Ёсьць вэрсія, што старажытная назва ракі Проня — Прапой, той, які мае хуткую плынь, магчыма, гэта слова дало назву гораду Прапойску[5].

Народная вэрсія пра ўтварэньне назвы ракі больш маляўнічая. Паводле паданьня, калісьці жылі дзяўчына Бася і юнак Проня. Яны моцна кахалі адзін аднаго, але бацькі Басі не дазвалялі ёй выйсьці замуж за беднага Проню. Тады маладыя людзі вырашылі бегчы і папрасілі багоў, каб тыя дазволілі ім быць разам. Багі выканалі іх просьбу. І калі ня помнячы сябе ад шаленства бацька кінуўся ў пагоню за ўцекачамі, то выехаўшы на адну з палян, убачыў зьліцьцё дзьвюх рэк — гэта і былі Бася і Проня[6]. Магчыма, што зь дзяўчынай Проняй здарылася іншая неспадзёўка — яна быццам была з цыганскай сям’і і выпадкова ўтапілася, а яе кавалеры назвалі ў памяць аб ёй раку[7].

Населеныя пункты на рацэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месцы ўпадзеньня ў Проню ракі Парасіцы знаходзіцца горад Горкі, у месцы сутокаў Проні з рэкамі Быстрай і Гольшай стаіць мястэчка Дрыбін, ля вусьця — горад Прапойск.

Іншыя населеныя пункты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дубровенскім раёне: в. Ланенка, в. Лосеўка; у Горацкім раёне: в. Радзівонаўка, в. Сава, в. Сенькава, в. Азаравічы, в. Малая Каралёўка, в. Вялікая Каралёўка, в. Кузавіна, в. Старажоўка; у Дрыбінскім раёне: в. Галовічы; у Чавускім раёне: в. Будзіна, в. Скварск, в. Прылёпаўка, в. Пуцькі, в. Старасельле, в. Ключ, в. Загоранка, в. Высокае, в. Петухоўка, в. Дужаўка; у Прапойскім раёне: в. Чырвоная Слабада.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лес часта падступае да самых берагоў ракі

Даўжыня 172 км. Вадазбор 4910 км². Сярэднегадавы выдатак вады ў вусьці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 [8][9].

Цячэ пераважна Аршанска-Магілёўскай раўнінай. Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; шырыня яе ад 0,4—0,6 км у верхняй плыні да 1—2 км у ніжняй. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхняй плыні нізкія і забалочаныя, адкрытыя (вышыня 1—1,5 м, на асобных участках да 7 м), ніжэй за вусьце ракі Басі трапляюцца невялікія тэрасы. Абалона роўная, двухбаковая, сухая, лугавая; шырыня яе 0,25—0,5 км, у вусьці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй за вусьце ракі Быстрай пашыраецца да 3,8 км.

Жыўленьне Проні зьмяшанае, пераважна сьнегавое[10].

Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусьця ракі Пнёўкі (15 км) і ад паўднёвай ускраіны места Горак уніз плыньню (4 км): на астатнім працягу зьвілістае, каля Горак разгаліноўваецца на некалькі рукавоў[11]. Шырыня ракі ў межань 15—20 м, у ніжняй плыні месцамі да 50 м.

Рака Проня на дзялянцы ад Горак да ўтоку Быстрай цячэ ў бязьлеснай зоне, а ад вёскі Равячына ў вузкім каньёне парослым кустамі. Кусты і вербы схіляюцца над вадой і часта заступаюць шлях, у тым ліку і заваламі. Гэтая дзялянка складае 30 кілямэтраў[11].

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Водны рэжым[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшы ўзровень разводзьдзя звычайна ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,8 м у верхнім да 3,8 м у ніжняй плыні. Замярзае ў вярхоўі ў канцы лістапада[8], ніжэй — у 1-й дэкадзе сьнежня[8]; крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка[8]. Прымае сьцёк зь сеткі мэліярацыйных каналаў. Улетку магчымы дажджавыя паводкі[8][9] У разводзьдзе затапляецца вадой на 10—40 сутак на глыбіню 0,4 м у верхняй плыні і 1,5— 2,5 мэтраў у ніжняй.

Пры вёсцы Ляцягах Прапойскага раёну на рацэ знаходзіцца гідралягічны пост рачны 1 разраду р. Проня — в. Ляцягі[12].

Флёра і фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20% водазбору пакрывае лес[9].

З рыб водзяцца шчупак (Esox lucius), верхаводка (Alburnus alburnus), акунь звычайны (Perca fluviatilis), галавень (Leuciscus cephalus), лешч (Abramis brama).

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ля ракі вядомы залежы крэйды. Каля вёскі Скварску знаходзяцца радовішчы тугаплаўкіх глінаў і будаўнічых пяскоў[13].

Экалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раёне гораду Горак у раку часам зьліваюцца неачышчаныя сьцёкавыя воды з агульнагарадзкіх ачышчальных збудаваньняў, якія забруджваюць раку, што пацьвярджаеца задаволеным пазовам Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь да камунальных службаў Горак з прычыны шкоды, нанесенай рыбным запасах ракі Проні ў 2005 годзе[14]. Вада ў раёне Горак брудная[15].

У 2011 годзе саўгас-камбінат «Горкі» забрудзіў раку Проня на працягу амаль 15 кілямэтраў[16].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытныя часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абалона ракі Проня была абжытая людзьмі як мінімум з каменнага веку, пра што сьведчаць шматлікія гарадзішчы, разьмешчаныя па яе берагах.

Пры вёсцы Радалмі Чавускага раёну на адгор’ях правага берагу Проні, знаходзіцца гарадзішча зь дзьвюх умацаваных пляцовак. Паўночна-ўсходняя пляцоўка авальная ў пляне, памерамі 30×45 м. З паўночнага боку захаваліся парэшткі некалі высокага вала. Паўночна-заходняя пляцоўка аддзеленая ад першай вузкай глыбокай лагчынай, з боку плято прасочваюцца парэшткі двух валоў і равоў. Памеры пляцоўкі 30×40 м. За валамі, на поўнач гарадзішча, на плято, разьмяшчаўся неўмацаваны пасад-паселішча. Горад Радамля ўпершыню згаданы летапісам ў 1535[17].

Пры вёсцы Высокім Чавускага раёну, на мысе правага берагу ракі Проні, авальнае гарадзішча, памерамі 42×26 м. Паселішча абаронена дугападобнымі валам вышынёй 4 мэтры і ровам. Культурны пласт зьмяшчае ляпную (I тыс. н. э.) і ганчарную старажытнарускую кераміку XI—XIII стагодзьдзяў[17].

На левым беразе Проні пры вёсцы Сянькове знаходзіцца гарадзішча, на паўночны ўсход ад Прапойска — курганны магільнік, у 3,5 км — стаянка каменнага стагодзьдзя і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, у 1 км на ўсход яшчэ шэраг стаянак каменнага веку, на правым беразе ў 2 км на поўнач ад в. Завадзь-Віравая курганны магільнік[18].

У гарадзкім парку Прапойску, на стромкім мысе правага берагу ракі Сожу, каля вусьця ракі Проні, старажытнае гарадзішча на Замкавай гары, памерамі 40×90 м. Захаваліся сьляды ўмацаваньняў: вала і рова. Тут знаходзіўся старажытнарускі Прупой (Прапошаск), упершыню згаданы ў грамаце Расьціслава Мсьціславіча ў 1136. Па зьвестках раскопак вал на селішчы ўзьведзены ў XII стагодзьдзі. На поўнач ад гарадзішча прасочваюцца парэшткі неўмацаванага пасаду[19].

Новы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пад Лясной. Жан Марк Нацьё (1717)

У 1708 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны ў данясеньні камандуючага корпусам Баўра(ru) маскоўскаму гаспадару Пятру I называецца рака Проня[20]:

«

Сяго верасьня 27 дзень у дарозе, не дайшоўшы да вёскі Бярозаўка, атрымаць ваш царскай вялікасьці ўказ праз Масора Чырыкава, і прыйшоў у тую вёску Бярозаўку, і стаў паміж вёсак Бярозаўка і Ўлукі. І сей ночы перайшоўшы цераз раку Проню, пайду да азначанага месца…

»

28 верасьня 1708 году ў раёне вёскі Лясной на дзялянцы паміж Проняй і Сажом адбылася Бітва пад Лясной, якую Пётар I называў «маці Палтаўскай бітвы»[1].

Падчас Вайны 1812 году Проню францускія войскі фарсіравалі двойчы — у дарозе на Маскву і назад. Пры адступленьні фарсіраваньне ракі адбылося ў раёне вёскі Галовічаў Дрыбінскага раёну[1].

Нямецка-савецкая вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пазыцыйныя баі ў раёне Проні ў кастрычніку 1943 году

Проня войскі Трэцяга Райху занялі ўжо ў сярэдзіне ліпеня 1941 году. 18 ліпеня 1941 году стралковая рота 107-га палка 55-я стралковая дывізія 1-га фармаваньня загінула пры абароне аўтадарожнага моста праз р. Проню ў Прапойску[21].

У Горацкім раёне, у вярхоўях Проні і Мярэі, 12 кастрычніка 1943 году адбыўся першы бой польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі(ru)[1]. На гэтым месцы пабудаваны мэмарыял, а найбліжэйшая вёска названа Касьцюшкава[1].

У 1943—1944 гадох фронт стаяў на рацэ 9 месяцаў. Страты аднаго савецкага боку толькі на тэрыторыі Чавускага раёну склалі больш за 16 тысячаў чалавек[22]

За час сьнежаньскіх баёў 1943 году на дзялянцы СкварскПрылёпаўкаПуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў. У гісторыю нямецка-савецкай вайны гэты эпізод увайшоў пад назвай «Прылёпаўскі пляцдарм»[22].

У фарсіраваньні Проні ўдзельнічалі 10-я армія, 49-я армія, 50-я армія, 15 стралковых злучэньняў і далучаныя да іх артылерыйскія, танкавыя, авіяцыйныя і сапёрныя часткі[22].

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака прадытная для сплаву на байдарках. Падчас падарожжа можна пабачыць найбліжэйшыя славутасьці і палюбавацца маляўнічымі краявідамі навакольля.

У Ланенцы можна ўбачыць Пакроўскую царкву, пабудаваную ў пачатку XX стагодзьдзя[23][24].

Пры вёсках Сянькова, Радамлі і Высокім можна знайсьці старыя гарадзішчы[17][18].

У вёсцы Будзіна стаіць помнік у гонар прарыву абароны часткамі 49 арміі[25].

У вёсцы Кузьмінічах[26] і в. Петухоўка[27] ёсьць брацкія магілы савецкіх воінаў, а ў вёсцы Прылёпаўцы[28] — мэмарыял часоў нямецка-савецкай вайны.

У вёсцы Петухоўцы знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэньня Байкоўскія крыніцы[29][30].

У Горках можна пабачыць Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, закладзены ў 1848 годзе паводле праекту А. Кампіёні. На сёньняшні дзень гэты выдатны ляндшафтавы аб’ект налічвае больш за 1000 відаў і разнавіднасьцяў расьлінаў[18][31], яго дэндрарый у 1963 годзе быў абвешчаны Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэньня[32]. Цяпер на тэрыторыі Батанічнага саду расьце каля 400 відаў і разнавіднасьцяў дрэў, кустоў, каля паўтысячы лекавых і іншых расьлінаў. У аранжарэі растуць трапічныя і субтрапічныя віды расьлінаў, якіх налічваецца больш за 300[33].

Проня ў культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Проні прысьвяцілі вершы Аляксей Пысін[34] і Алесь Корнеў[35]. Яна згадваецца ў рамане Леаніда Левановіча «Бесядзь цячэ ў акіян»[36].

Падзеі твору Ўладзімера Ўсьпенскага «Невядомыя салдаты» («па-расейску: Неизвестные солдаты»), які быў адзначаны[37] Міхаілам Шолахавым, як «найлепшы твор аб Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ў кнізе Дзеева і Пятрэнкі «Прастрэляныя кілямэтры»[38] адбываюцца таксама і падчас фарсіраваньня Проні.

У выяўленчым мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Рыжоў назваў сваю выстаўку «Прыгажуня Проня» і прысьвяціў Проні некалькі сваіх карцін[39], таксама яна намалявана на акварэлі Мікалая Арасланава «Апошні лёд на Проні»[40]. Яўген Зайцаў у 1954 годзе стварыў палатно «Вечар на рацэ Проні»[41].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на наступную супярэчлівасьць балтыйскіх этымалёгіяў: «Гідранімія Летувы, Латвіі і Ўсходняй Прусіі такімі дасьледнікамі, як А. Трубачоў і Ў. Тапароў і іх школа, без усякага аналізу абвяшчаецца наскрозь балтыйскай, хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не разьвязваецца. І знайшоўшы дзесьці такія ж, як у Балтыі, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут былі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы — на той падставе, мабыць, што назва Ўфа нагадвае летувіска-латыскае ўпэ 'рака'»[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Проня течет из-за Горок…  (рас.)
  2. ^ Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя
  3. ^ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць // Літаратура і мастацтва, № 19, 1993. С. 14.
  4. ^ Проня  (рас.)
  5. ^ ВСТРЕЧИ ЧЕРЕЗ ГОДЫ И РАССТОЯНИЯ (рас.)
  6. ^ Проня  (рас.)
  7. ^ Мясцовыя легенды і паданні(недаступная спасылка)
  8. ^ а б в г д Проня ў Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі(недаступная спасылка)
  9. ^ а б в Гідрамэтцэнтар Беларусі  (рас.)
  10. ^ Река Проня  (рас.)
  11. ^ а б Описание реки Проня  (рас.)
  12. ^ ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 23 января 2007 г. № 75  (рас.)
  13. ^ Город Чаусы и Чаусский район  (рас.)
  14. ^ РЕШЕНИЕ Хозяйственного суда Могилевской области от 20.12.2005  (рас.)
  15. ^ река Проня  (рас.)
  16. ^ Рыбалка в Беларуси: проблемы и надежды  (рас.)
  17. ^ а б в Городища в бассейне реки Сож. Часть 2-я
  18. ^ а б в Проня(недаступная спасылка)  (рас.)
  19. ^ Городища в басьсейне реки Сож (рас.)
  20. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слаўгарадскага р-на — Мн., 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-6302-15-3
  21. ^ Мемориализация важнейших событий и увековечение памяти героев Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) на Могилевщине (рас.)
  22. ^ а б в Прони кровавые берега  (рас.)
  23. ^ Ланенка, церковь Покровская  (рас.)
  24. ^ Путешествие в прошлое. Фоторассказ  (рас.)
  25. ^ Деревня Будино, памятник в честь прорыва обороны частями 49 армии
  26. ^ Захоронение в деревне Кузьминичи (Кузьминки, Кузьмичи) Чаусского района
  27. ^ Захоронение в деревне Петуховка Чаусского района
  28. ^ История Чаусского района  (рас.)
  29. ^ Экологический туризм: по криницам Чаусского района  (рас.)
  30. ^ Фота ля крыніцы
  31. ^ АГРОЭКОЛОГИЧЕСКОЕ ОБРАЗОВАНИЕ В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ  (рас.)
  32. ^ Путешествие по академии. Фильм 3: Ботанический сад  (рас.)
  33. ^ Белорусская государственная сельскохозяйственная академия  (рас.)
  34. ^ А. В. Пысін. Проня
  35. ^ Святліца. Літаратурны альманах г. Баранавічы
  36. ^ Бесядзь цячэ ў акіян — раман(недаступная спасылка)
  37. ^ 11 октября исполнилось бы 80 лет писателю Владимиру Успенскому (рас.)
  38. ^ Деев В., Петренко Р. Простреленные киломэтры(недаступная спасылка)  (рас.)
  39. ^ Выстава «Прыгажуня Проня» адкрыецца заўтра ў Магілёве(недаступная спасылка)
  40. ^ Акварели Арасланова (рас.)
  41. ^ Я. А. Зайцаў

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 296—297.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каардынаты: 53°54′10.21″ пн. ш. 31°00′50.02″ у. д. / 53.9028361° пн. ш. 31.0138944° у. д. / 53.9028361; 31.0138944