Пружаншчына пад першымі Саветамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел БССР (1940)
Савецкія маркі, прысьвечаныя далучэньню Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (1940)

17 верасьня 1939 року СССР напаў на Польшчу, у складзе якой тады знаходзілася Пружаншчына. 19 верасьня 1939 году Пружаны акупавалі савецкія войскі 4-й Арміі камдыва Васіля Чуйкова.

У самым канцы кастрычніка 1939 году ў адміністрацыйным цэнтры будучае Беластоцкае вобласьці Беластоку на чале з прасавецкімі дзеячамі Заходняй Беларусі адбыўся Народны Сход, які падтрымаў усталяваньне ў рэгіёне савецкае ўлады й уваходжаньне ў склад БССР, у сувязі з чым была накіраваная адпаведная пастанова. 12 лістапада 1939 на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету БССР была прынятая пастанова пра ўключэньне Заходняе Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і «тым самым узьяднаньне беларускага народу ў адзінай Беларускай дзяржаве». З апублікаваньнем гэтага закону на тэрыторыі Пружаншчыны пачала дзеяньне сталінская канстытуцыя 1936 року і Канстытуцыя БССР 1937 году. Далучэньне тэрыторыяў Заходняй Беларусі да БССР было непасрэдным наступствам падпісаньня пакту Молатава — Рыбэнтропа з сакрэтным дадаткам і пачатку Другой сусьветнай вайны. Далучэньне было аднабаковым актам анэксіі і да 1945 не было прызнанае міжнародным правам.

Рэакцыя насельніцтва на далучэньне да БССР была неаднароднай. Беларусы і жыды, асабліва найбяднейшыя, найбольш віталі прыход бальшавікоў як вызваліцеляў з-пад польскага прыгнёту. Падзеньне польскай улады як шанец для зьяднаньня нацыянальных тэрыторыяў падтрымала таксама беларуская інтэлігенцыя і нацыянальная эліта. Польскія ж насельнікі, а таксама заможнейшыя беларусы і жыды сустракалі прыход бальшавіцкіх войскаў абыякава ці з варожасьцю.

На далучанай тэрыторыі пачаліся разнастайныя пераўтварэньні, якія суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да «клясава варожых» і «ворагаў савецкае ўлады», пад якія трапіла значная частка этнічных палякаў, якія пражывалі на гэтых тэрыторыях. 22 кастрычніка 1939 адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, падрыхтоўка і правядзеньне якіх адбываліся ў атмасфэры тэрору і масавых арыштаў. Выбары былі сфальшаваныя, галасаваць можна было толькі за прызначаных зьверху кандыдатаў, чальцоў кампартыі альбо беспартыйных.

Нягледзячы на абвешчанае савецкай уладай вызваленьне з-пад польскага ўціску, мясцовыя жыхары ня мелі шырокага ўдзелу ў кіраваньні краем. На дзяржаўныя пасады галоўным чынам былі прысланыя асобы з Усходняй Беларусі альбо зь іншых рэспублік СССР.

4 сьнежня 1939 рашэньнем кіраўніцтва СССР на тэрыторыі Заходняе Беларусі (за выняткам перададзенай Летуве Віленшчыны) былі ўтвораныя 5 абласьцей і 101 раён. Наваствораныя Пружанскі, Ружанскі і Шарашоўскі раёны ўвайшлі ў склад Берасьцейскае вобласьці.

Неўзабаве польскія вайскоўцы, якія вярнуліся да сваіх сем’яў, былі інтэрнаваныя. У лютым 1940 року распачаліся арышты і высылка польскай інтэлігенцыі: шляхцічаў, прамыслоўцаў, лекараў, юрыстаў, настаўнікаў, лесьнікоў, купцоў[1].

Ад 15 студзеня 1940 па 1941 год места было раённым цэнтрам Берасьцейскай вобласьці Беларускай ССР у складзе Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. З 1 студзеня 1940 року прадпрыемствы, гандаль і вытворчасьць былі нацыяналізаваныя. У Пружанах было 1385 двароў, электрастанцыя, 6 мэханічных млыноў, 2 маслабойныя, кафельны заводы, 2 сьлясарныя майстэрні[2]. Былі створаныя новыя працоўныя месцы для краўцоў, абуткоўцаў, кавалёў, стальмахаў, цырульнікаў; на працу прымаліся ўсе незалежна ад нацыянальнасьці, у тым ліку і на адміністрацыйныя пасады. Абрагам Брэсцкі ў сваіх успамінах згадвае, што гэта было нязвыкла пасьля пэрыяду пад польскай акупацыяй[3][4].

Адбыўся перавод адукацыйных установаў на савецкую сыстэму. Была ўведзеная «дзесяцігодка». У Пружане былі адчыненыя сярэднія школы на ўсіх чатырох мовах (беларускай, ідышы, польскай і расейскай). Для дарослых таксама была створаная вышэйшая школа. Навучаньне было бясплатным. Неўзабаве колькасьць шкаляроў павялічылася ўдвая ў параўнаньні зь мінулымі рокамі[3]. Дзейнічала грамадзкая бібліятэка зь вялікай колькасьцю кніг на ўсіх чатырох мовах. Выходзіла газэта «Новы шлях».

Два сіроцкія прытулкі (жыдоўскі і хрысьціянскі), якія дзейнічалі пад Польшчай, былі аб’яднаныя ў адзін пад дзяржаўным кіраваньнем. Ён разьмяшчаўся на вуліцы Пацэвіча. Дзеці атрымоўвалі добрае харчаваньне, утрыманьне і адукацыю[3].

Мэдычная дапамога таксама зрабілася бясплатнай. Гарадзкі шпіталь утрая павялічыў колькасьць ложкаў для хворых. Зьявілася магчымасьць таксама выклікаць доктара на дом. Была адчыненая вэнэралягічная клініка і раддом.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Andrzej Święciński. Wspomnienia prużańskie (Cz.2) // Echa Polesia. — 2011. — № 2.
  2. ^ Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 486
  3. ^ а б в Abraham Breski. Pruzhany’s Saint Kehila destruction summary (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  4. ^ Avraham Har’shalom (Friederg). The tempest (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.