Прэйлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прэйлі
лац. Prejli
лат. Preiļi
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Прэйлі
Першыя згадкі: 1348
Горад з: 1928
Краіна: Латвія
Мэр: Альдыс Адамовіч
Плошча: 5,1 км²
Насельніцтва (2016)
колькасьць: 7074 чал.[1]
шчыльнасьць: 1387,06 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +371
Паштовыя індэксы: LV 5300—5301
Геаграфічныя каардынаты: 56°17′39″ пн. ш. 26°43′29″ у. д. / 56.29417° пн. ш. 26.72472° у. д. / 56.29417; 26.72472Каардынаты: 56°17′39″ пн. ш. 26°43′29″ у. д. / 56.29417° пн. ш. 26.72472° у. д. / 56.29417; 26.72472
Прэйлі на мапе Латвіі
Прэйлі
Прэйлі
Прэйлі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.preili.lv/

Прэ́йлі, Прэлі (лат. Preiļi) — места ў Латвіі, на рацэ Прэйлюпэ. Адміністрацыйны цэнтар Прэйльскага краю. Насельніцтва на 2016 год — 7074 чалавекі. Знаходзяцца за 204 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі, на скрыжаваньні аўтамабільных дарог ВіляныКраслаўка і Віляны — Дзьвінск.

Прэлі — даўняе мястэчка гістарычных Інфлянтаў (Латгаліі), старажытны замак. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Борхаў, помнік архітэктуры XIX ст.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археалягічныя дасьледваньні дазваляюць казаць пра тое, што на месцы сучаснага места людзі пачалі сяліцца ў X—XII стагодзьдзях. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Прэлі датуецца 1250 году (аднак сама назва «Прэлі» ўпершыню ўпамінаецца ў 1348 годзе). У 1289—1348 гадох разам з прылеглымі тэрыторыямі яны належалі рускім князям. З 1376 году Прэлі (ням. Prely) уваходзілі ў склад Лівонскага ордэна. Тажы ж, у канцы XIV ст., побач зь местам вырас невялічкі замак.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 жніўня 1559 году Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага. У 1561 годзе Прэлі разам з акругай сталі ўладаньнем Борхаў. З гэтым родам мястэчка зазнала свае «залатыя часы». У 1566 годзе Прэлі ўвайшлі ў склад Задзьвінскага княства, у 1677 годзе — у склад Інфлянцкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Прэлі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дынабурскай (з 1893 году Дзьвінскай) правінцыі Пскоўскай губэрні (1772—1776), потым у складзе Полацкай губэрні (1776—1778) і намесьніцтва (1778—1796), Беларускай губэрні (1796—1802), з 1802 году — Віцебскай губэрні. У XIX ст. аб’ядналіся аднайменныя вольнае паселішча гандляроў, вёска і сядзіба. На 1828 год у Прэйлях было 179 будынкаў. У 1836 годзе апошні ўладальнік гэтых земляў — Міхал Юзэф Борх — збудаваў на месцы замка нэагатычны палац, заклаў вялікі парк памерам 43 га з каналам і ставамі. У 1866 годзе места перайшло ў валоданьне ангельскага гандляра Ёгана Генрыха Фрэдэрыка, а потым да 1920 году яшчэ 4 разы мяняла сваіх гаспадароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Прэлі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920 годзе Прэйлі ўвайшлі ў склад Латвіі. У 1928 годзе яны атрымалі статус места. На гэты плошча места складала 260 га, тут было 309 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзейнічалі касьцёл, лютэранская кірха, стараверская малельня і сынагога, працавалі 3 школы і 213 гандлёвых прадпрыемстваў. 30 верасьня 1938 году прэзыдэнт Латвійскае Рэспублікі Карліс Улманіс афіцыйна зацьвердзіў герб Прэйляў: на залатым фоне чорны крумкач — сымбаль мудрасьці, адвагі і сілы. Герб места стварылі паводле гербу роду Борхаў. У 1949 годзе Прэйлі сталі цэнтрам раёну Латвійскай ССР, у 2008 годзе — цэнтрам краю.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1828 год — 1615 чал.; 1897 год — 2104 чал., зь іх 434 каталікі і 1375 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1928 год — 1615 чал.; 1999 год — 8963 чал., зь іх латышоў 54,4%, расейцаў 39,6%, палякаў 1,9%, беларусаў 1,5%, цыганаў 1,2%
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8605 чал.; 2016 год — 7074 чал.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стараверская малельня

Прэйлі знаходзіцца ў Латгаліі — пераважна каталіцкім рэгіёне Латвіі, таму большасьць насельніцтва прылічае сябе да каталікоў. Другой паводле колькасьці вернікаў ёсьць праваслаўная грамада старога абраду, якая вядзе сваю гісторыю ў месьце з 1896 году. Да Другой сусьветнай вайны большасьць жыхароў складалі юдэі, але па вайне сынагогу не адбудавалі, а могілкі закінулі.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Прэйлях працуюць гімназія, пачатковая і сярэдняя школы (так званая «расейская»)я. Пры кожнай школе ёсьць хор, музычны ансамбль, тэатральная студыя. Асобна ад іх працуюць прафэсійная сярэдняя школа, музычная і спартовая школы. У апошняй культывуюць перадусім валейбол, баскетбол, міні-футбол і вялікі тэніс.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць паліклініка і лякарня.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка, кінатэатар Ezerzeme, у парку ёсьць адкрытая пляцоўка для выступленьняў на вольным паветры (так званая эстрада).

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаюцца газэты Novadnieks і муніцыпальная Preiļu novada vēstis.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стадыён Cerība

У Прэйлях ёсьць басэйн і стадыён Cerība з футбольным полем і легкаатлетычнымі дарожкамі, на якіх у 2001 годзе адбыліся III Гульні Трох зорак — краёвая латыская алімпіяда.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пажарная станцыя

Прэйлі моцна пацярпелі ў час Другой сусьветнай вайны і іх давялося адбудоўваць наноў. Празь нястачу матэрыялаў у цэнтры места збудавалі ў асноўным драўлянымі будынкі ў адзін-два паверхі. Сярод старых камяніц, якія маюць гістарычную каштоўнасьць, захаваліся капліца і касьцёл XIX ст., палац фон Борхаў (моцна пашкоджаны пажарам у 1977 годзе), дом вартавога пры ім, а таксама будынак аўтастанцыі (перароблены з былога заезнага двара). Найстарэйшай драўлянай пабудовай места лічыцца сёньняшні гатэль Pie Pliča («У Пліча»), збудаваны ў пачатку XIX ст. Да яго гаспадар прыладзіў адну з найменшых капліцаў у Латвіі.

З гістарычнага цэнтру — Рынку — у розныя бакі разыходзяцца чатыры гасьцінцы. На іх стаяць як старыя драўляныя будынкі, так і новыя мураваныя крамы і дзяржаўныя ўстановы. Жылыя дамы — гэта напалову бэтонныя будынкі аднастайнай савецкай архітэктуры для калектыўнага пражываньня (у два-тры паверхі), напалову прыватны сэктар з драўляных, у асноўным, пабудоваў. Галоўная вуліца, Raiņa bulvaris, ёсьць пешаходнай. На ёй разьмяшчаюцца гатэлі, банкі, кінатэатар, пошта, дом культуры, музэй, адміністрацыя краю. На паўднёвым усходзе ад места знаходзіцца тэлевізійная мачта вышынёй 85,5 м.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны прыбытак Прэйляў дае дробная прыватная справа. Амаль усе будынкі ўздоўж цэнтральных гасьцінцаў на сёньня ператвораныя ў крамы, кафэ, цырульні, відэасалёны, адвакацкія канторы, рознага кшталту майстэрні. Побач з галоўным пляцам ёсьць адкрыты рынак для вольнага продажу харчовых і нехарчовых тавараў. Недалёк ад яго — асобны пункт мытнага кантролю. Пасярод сярэдніх паводле капіталу кампаніяў выдзяляюцца найперш сыраварня Preiļu siers, мэблевы камбінат Ozols і льняная фабрыка RBKK-1. Усе яны месьцяцца на поўдні места.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць музэй гісторыі і побыту Прэйляў (утварыўся ў 1985 годзе, часткова месьціцца ў старым будынку сядзібнага комлексу) і прыватны музэй-майстэрня кераміка Палікарпа Чарняўскага.

Помнікі: мэмарыяльны ансамбль памяці савецкіх войнаў Другой сусьветнай вайны «Перарваная песьня» («Pārtraukta dziesma»; 1971 год), помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў (1993 год), мэмарыяльны комплекс памяці ахвяраў Галакосту (2004 год).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1877—1886[2])
  • Лютэранская кірха (1931, пераробленая савецкімі ўладамі пад кінатэатар)
  • Могілкі каталіцкія
  • Сядзіба Борхаў (1836)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак
  • Сынагога

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]