Птушыны памёт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Птушыны памёт — прадукт спаражненьня кляакі птахаў. Выкарыстоўваецца ў якасьці паліва і ўгнаеньня. Найчасьцей на ўгнаеньне ідзе памёт курыцы, качкі, голуба і гуся. Курыны памёт зьмяшчае найбольш азоту[1]. Склад: вада (56,6%), арганічныя рэчывы (25%), азот (1,6%), аксыды кальцу (2,4%), фосфару (1,5%) і калю (1%).

Птушкавод правярае стан кампосту з памёта (штат Мізуры, ЗША; 2011 год)

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высушваньне памёта на паветры (графства Лінкальншыр, Ангельшчына; 2007 год)

Для захаваньня азоту ў птушніках робяць тарфяную подсьцілку і па меры назапашваньня перасыпаюць памёт торфам, які ўбірае вільгаць і аміяк. Таксама пры высушваньні на паветры да памёту дадаюць торф і перагной, што захоўвае азот. Надалей сухі памёт захоўваюць у бочках і скрынях зь вечкамі. У вечках сьвідруюць дзіркі для лепшага высыханьня памёту. За 2 месяцы захоўваньня ў памёце разбураецца 50% азоту[1].

Угнойваньне сухім птушыным памётам (штат Луізыяна, ЗША; 2011 год)

Каб пазьбегнуць апёка расьлінаў, варта пазьбягаць выкарыстаньня птушынага памёту ў сьвежым выглядзе. Пры зьмешваньні з глебай сухі памёт здрабняюць. Гароднінныя расьліны падкормліваюць сухім птушыным памётам у разьліку да 50 грамаў/м². Падкорм найлепш уносіць у выглядзе вадкай рашчыны. Пры вырабе вадкага падкорму расьлінаў 1/3 бочкі запаўняюць сухім птушыным памётам і заліваюць вадой. Калі для вадкага падкорму выкарыстоўваюць сьвежы памёт, рашчыну робяць з 1-й яго часткі і 15-20 частак вады. Цягам 2 дзён зьмесьціва бочкі пэрыядычна памешваюць. Трыманьне рашчыны звыш 2 дзён прыводзіць да страты азоту. Атрыманую сумесь 4-кратна разводзяць вадой перад выкарыстаньнем. Такі падкорм выдаткоўваюць у разьліку ад паловы да поўнага вядра на 1 квадратны мэтар. Таксама падкорм вырабляюць зьмешваньнем птушынага памёту з вадой у суадносінах 1:10. Пасьля размаканьня памёту атрыманай сумесьсю паліваюць глебу з разьліку 1 вядро/м². Затым зьверху пасыпаюць слоем глебы. У цьвёрдым выглядзе курыны памёт уносяць па 1 кг/м². Качыны і гусіны памёт — па 2 кг/м². Унясеньне сухога памёту ўсялякіх птахаў мае быць утрая меншым, бо той нашмат багацейшы паводле зьмяшчэньня сілкавальных складнікаў за сьвежы памёт[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Як выкарыстоўваць птушыны памёт // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 83 (27198). — С. 6. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Птушыны памётсховішча мультымэдыйных матэрыялаў