Пэру

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэру
лац. Peru

República del Perú
Сьцяг Пэру Герб Пэру
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Firme y Feliz por la Unión
Дзяржаўны гімн: «Somos libres, seámoslo siempre»
Месцазнаходжаньне Пэру
Афіцыйная мова Гішпанская
Сталіца Ліма
Найбуйнейшы горад Ліма
Форма кіраваньня
Прэзыдэнт
Прэзыдэнцкая рэспубліка
Дына Балюартэ[1][2][3]
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
20-е месца ў сьвеце
1 285 220 км²
8,80
Насельніцтва
 • агульнае (2008)
 • шчыльнасьць
41-е месца ў сьвеце
29 180 900
22/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
55-е месца ў сьвеце
$245,883 млрд
$8580
Валюта Новы соль (PEN)
Часавы пас PET (UTC-5)
Незалежнасьць
— аб’яўленая
— прызнаная
ад Гішпаніі
28 ліпеня 1821
9 сьнежня 1824
Аўтамабільны знак PE
Дамэн верхняга ўзроўню .pe
Тэлефонны код +51
Мапа Пэру
Мапа Пэру

Рэспу́бліка Пэру́ альбо Пэру́ (на кечуа: Piruw; па-гішпанску: República del Perú альбо Perú; Аўдыё Es-Peru.ogg ) — краіна ў Паўднёвай Амэрыцы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя людзі зьявіліся на тэрыторыі Пэру прыкладна 10 000 гадоў таму. Першай вядомай чалавечай супольнасьцю стала цывілізацыя Нортэ Чыка, якая зьявілася на ўзьбярэжжы Ціхага акіяна паміж 3000 і 1800 гадамі да нашай эры. У XV стагодзьдзі, на тэрыторыі Пэру ўтварылася моцная Інкская імпэрыя якая праіснавала да прыходу гішпанцаў. Андзкая супольнасьць была заснавана на сельскай гаспадарцы, з выкарыстаньне тэхнікі ірыгацыі і тэрасаваньня горных схілаў. Акрамя таго значную ролю грала і рыбная лоўля. Супольнасьць дзейнічала на аснове ўзаемаабмену, таму што інкі ня вынайшлі грошы і асновы рынку.

У 1532 годзе група канкістадораў, пад кіраўніцтвам Франсыска Пісара перамагла інцкага імпэратара Атахуальпу і далучыла навакольле да гіпшанскіх калёніяў. Празь дзесяць гадоў гішпанская карона заснавала віцэ-каралеўства Пэру, якое ўключала ў сябе большасьць паўднёва-амэрыканскіх калёніяў Гішпаніі. Віцэ-кароль Франсіска дэ Таледа дабіўся разьвіцьця віцэ-каралеўства ў 1570-х, адчыніўшы срэбраныя шахты, якія сталі асновай эканомікі. У якасьці працоўнай сілы выкарыстоўваліся мясцовыя індзейцы. Пэру прыносіла значны прыбытак гішпанскай кароне і стала значным гандлёвым цэнтрам рэгіёна. Тым ня менш. У XVIII стагодзьдзі зьмяншэньне здабычы срэбра зьнізіла эканамічную значнасьць Пэру для Гішпаніі. У адказ на гэта былі праведзены Бурбонскія рэформы, у выніку якіх значна ўзьняліся падаткі. Такі стан рэчаў выклікаў паўстаньне Тупак Амару і некалькі іншым паўстаньняў, аднак усе яны былі падаўлены.

У пачатку XIX стагодзьдзя, у той час, як большасьць паўднёва-амэрыканскіх калёніяў змагаліся за незалежнасьць, Пэру заставалася верным каралеўскай уладзе. З-за таго, што эліта вагалася паміж незалежнасьцю і вернасьцю гішпанскай кароне, незалежнасьць была атрымана толькі пасьля вайсковага ўварваньня Хасэ дэ Сан Марціна і Сымона Балівара. У першыя гады незалежнасьці ў выніку барадзьбы за ўладу паміж вайсковымі лідэрамі захоўвалася палітычная нестабільнасьць. Аднак у гэты час хутка фармавалася нацыянальная самасьвядомасьць і праект Балівара, які задаў стварыць Лацінаамэрыканскую Канфэдэрацыю, ня зьдзейсьніўся. Паміж 1840-мі і 1860-мі, Пэру перажывала пэрыяд стабільнасьці, пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Рамона Касьцілы, які дабіўся павялічэньня прыбыткаў краіны за кошт росту экспарту гуана. Аднак у 1870-х, гэты рэсурс быў вычарпаны і краіна, набраўшы шмат зьнешніх займаў, трапіла ў пэрыяд нестабільнасьці.

У 1879—1883 г.г. адбыўся вайсковы канфлікт з Чылі, у выніку якой Пэру страціла правінцыі Тарапака і Арыка. Унутраная барацьба пасьля вайны скончылася пэрыядам стабільнасьці які скончыўся пасьля таго як Аўгуста Легуіна ўсталяваў уласную аўтарытарную ўладу. Вялікая дэпрэсія прывяла да падзеньня рэжыму Легуіна, і аднаўленьне беспарадкаў якія прывялі да зьяўленьня Амэрыканскага Народнага Рэвалюцыйнага Альянсу. Канкурэнцыя паміж Альянсам і кааліцыяй палітычнай эліты і вайскоўцаў працягваўся наступныя трыццаць год.

У 1968 годзе войска, пад кіраўніцтвам генэрала Хуана Вэласка Альварада, узьняла мяцеж супраць прэзыдэнта Фэрнанда Бэлаўдэ. Новы рэжым правёў радыкальны рэформы накіраваныя на нацыяналізацыю прадпрыемстваў і ўвядзеньне плянавай эканомікі, аднак яны праваліліся з-за таго што не атрымалі ўсеагульнай падтрымкі. У 1975 годзе Вэласка саступіў сваю пасаду прэзыдэнта генэралу Франсіска Маралесу Бэрмудэзу, які зьдзейсьніў рэформы аднавіўшыя дэмакратычныя інстытуты ў Пэру. У 1980-х, зьнешні доўг Пэру дасягнуў значных паказчыкаў, узрасла інфляцыя, што прывяло да зьбядненьня насельніцтва краіны і выклікала масавыя беспарадкі. Пад час прэзыдэнцтва Альбэрта Фухіморы (1990—2000 г.г.), эканоміка Пэру пачала аднаўляцца, аднак абвінавачваньні ў аўтарытарызьме і карупцыі, парушэньні правоў чалавека, прывяло да яго адстаўкі і правядзеньня свабодных прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году. Пасьля сыходу Фухіморы ўрад Пэру да нашых дзён вядзе барацьбу з карупцыяй і за аднаўленьне ўстойлівага эканамічнага росту краіны. з 2006 году прэзыдэнтам Пэру зьяўляецца Алан Гарсія.

15 жніўня 2007 году ў Пэру адбыўся землятрус магнітудай 8 балаў, ахвярамі яго сталі 519 чалавек, а пацярпелі яшчэ 1366.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэру — гэта прэзыдэнцкая рэспубліка са шматпартыйнай сыстэмай кіраваньня. Паводле цяперашняй канстытуцыі, прэзыдэнт зьяўляецца кіраўніком краіны і ўраду. Ён выбіраецца на пяцігадовы тэрмін і ня можа перавыбірацца на наступных выбарах, а мае права зноў выставіць сваю кандыдатуру праз хаця б адзін прэзыдэнцкі тэрмін. Прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра і па яго прапанове міністраў ураду.

Заканадаўчую ўладу прадстаўляе аднапалатны Кангрэс, які складаецца з 120 кангрэсмэнаў. Яны выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін. Законы ў Пэру ўступаюць у дзеяньне пасьля таго, як іх прыме Кангрэс і зацьвердзіць прэзыдэнт.

Судовая ўлада ў Пэру фармальна зьяўляецца незалежнай, аднак на самой справе ў яе дзеяньне часта ўмешваюцца розныя палітычныя сілы.

Правам голасу ў Пэру валодаюць усе грамадзяне ва ўзросьце ад 18 да 70 гадоў. На апошніх выбарах у 2011 годзе Альянта Хумала, які атрымаў 51,5% галасоў выбаршчыкаў, перамог Кеіка Фухіморы.

Замежная палітыка Пэру ў асноўным была накіравана на тэрытарыяльныя канфлікты з суседнімі краінамі, большасьць зь якіх была ўрэгулявана ў ХХ стагодзьдзі. Аднак да нашых дзён цягнецца спрэчка з Чылі наконт марской мяжы паміж краінамі. У наш час Пэру зьяўляецца актыўным сябрам некалькіх рэгіянальных блёкаў і зьяўляецца краінай-заснавальніцай Андскай супольнасьці нацыяў. Акрамя гэтага краіна зьяўляецца сябрам Арганізацыі амэрыканскіх краінаў і ААН.

Асноўнай задачай войска Пэру зьяўляецца забесьпячэньне незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэльнасьці краіны. Войска ўзначальваецца Міністэрствам абароны, а прэзыдэнт зьяўляецца Галоўнакамандуючым. З 1999 году пэруанскае войска камплектуецца на дабравольнай аснове.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэру займае 1 285 220 км². На поўначы краіна мяжуе з Эквадорам і Калюмбіяй, на ўсходзе з Бразыліяй, на паўднёвым усходзе з Балівіяй і з Чылі на поўдні. На захадзе Пэру мае выхад да Ціхага акіяна.

Горы Анды цягнуцца ўздоўж узьбярэжжа акіяна і дзеляць краіну на тры геаграфічныя рэгіёны. Costa (ці ўзьбярэжжа) знаходзіцца на захадзе Пэру. Яно характарызуецца раўнінным рэльефам, за выключэньнем эразійных далінаў утвораных горнымі рэкамі. Sierra (ці горы) гэта рэгіён дзе знаходзяцца самі Анды, уключаючы плато Альтыплана і гэта самы высакагорны раён краіны. Тут знаходзіцца самы высокі пункт Пэру — гара Хуаскаран (6 768 м). Трэці рэгіён гэта selva (ці джунглі) пакрыты амазонскімі дажджавымі лясамі, які знаходзіцца на ўсходзе краіны вакол вытокаў Амазонкі. Прыкладна 60% краіны адносяцца да гэтага рэгіёна. Сэльва пакрываюць каля 70 млн га, што робіць Пэру чацьвёрнай краінай па плошчы трапічных лясоў пасьля Бразыліі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Інданэзіі.

Большасьць пэруанскіх рэк маюць свае крыніцы ў Андах. Тыя рэкі, што цякуць у Ціхі акіян зьяўляюцца кароткімі і маюць хуткае цячэньне. Рэкі, якія зьяўляюцца прытокамі Амазонкі больш доўгія і маюць больш спакойны характар цячэньня. Рэкі, якія ўпадаюць у возера Тытыкака па большай частцы нядоўгія і паўнаводныя. Самымі доўгімі рэкамі Пэру зьяўляюцца Ўкаялі, Мараньнён, Путумаё, Явары, Хуалага, Урубамба, Мантара і Амазонка.

Пэру, у адрозьненьне ад іншых экватарыяльных краінаў ня мае выключна трапічны клімат, уплыў Андаў і Пэруанскага цячэньня стварае значную розьніцу кліматычных зонаў краіны. Узьбярэжжа мае сярэднія паказчыкі тэмпэратуры, невялікія ападкі і высокую вільготнасьць, за выключэньнем больш цёплай і вільготнай паўночнай часткі. Горная частка вызначаецца значнымі ападкамі, асабліва летам і значнымі ваганьнямі тэмпэратуры і вільготнасьці. Сэльва вызначаецца значнымі ападкамі і высокай тэмпэратурай, за выключэньнем паўднёвай часткі, дзе зіма больш халодная. Вынікам такога кліматычнага падзелу зьяўляецца значная разнастайнасьці відаў расьлінаў і жывёл, значная частка зь якіх сустракаецца толькі ў Пэру. Урад Пэру заснаваў некалькі запаведнікаў для іх абароны.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэру — гэта разьвіваючаяся краіна. У 2006 годзе Індэкс Чалавечага разьвіцьця ў краіне склаў 0,788. Нацыянальны прыбытак у 2008 годзе склаў 4 452 $ на кожнага жыхара. Прыкладна 36,2% насельніцтва Пэру жывуць па-за межамі беднасьці, улючаючы 12,6% якія жывуць у поўнай галечы.

Гістарычна, эканоміка Пэру зьвязана з экспартам, што выклікае цяжкасьці ў падтрымцы курсу нацыянальнай валюты, а таксама прывяло да значных зьнешніх запазычанасьцяў.

Пэруанская эканамічная палітыка значна мянялася ў апошнія гады. У 1968—1975 гадах урад Хуана Вэляска Альварада правёў радыкальныя рэформы, якія тычылія сельскай гаспадаркі, экспрапрыяцыі ўласнасьці замежных кампаніяў, увядзеньне плянавай эканомікі і павелічэньне долі дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы. Гэта прывяло да скарачэньня тэмпаў эканамічнага разьвіцьця і не прынесла росту прыбыткаў насельніцтва. У пачатку 1990-х гадоў урад Альбэрта Фухіморы правёў лібэралізацыю эканомікі, адмяніў кантроль за цэнаўтварэньнем, адмяніў забарону на замежныя інвэстыцыі і правёў прыватызацыю значнай часткі дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэтыя рэформы прывялі да значнага павялічэньня эканамічнага росту з 1993 году, за выключэньнем спаду ў 1997 годзе, які быў выкліканы азіяцкім фінансавым крызісам.

У нашы дні сфэра паслугаў забясьпечвае 53% нацыянальнага прыбытку Пэру, прамысловасьць — 22,3%, здабываючая прамысловасьць — 15%. Апошнія рэформы прывялі да макраэканамічнай стабілізацыі, паляпшэньня гандлёвага балянсу, павялічэньня інвэстыцыяў і спажываньня. Зьнежні гандаль павялічыўся пасьля падпісаньня гандлёвых дамоваў з ЗША 12 красавіка 2006 году. Пэруанскі экспарт складаецца з медзі, золата, цынку, тэкстылю і рыбы. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі зьяўляюцца ЗША, Кітай, Бразылія і Чылі.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па колькасьці насельніцтва Пэру зьяўляецца чацьвёртай у Паўднёвай Амэрыцы. Колькасьць насельніцтва краіны павялічваецца на 1,6% — 2,6% кожны год. Калі рост прадоўжыцца такімі тэмпамі, у 2050 годзе колькасьць насельніцтва Пэру дасягне 42 млн чалавек. 75,9% насельніцтва краіны жыве ў гарадах і 24,1 у сельскай мясцовасьці. Асноўнымі гарадамі краіны зьяўляюцца Ліма, Арэкіпа, Трухільлё, Чыклая, П'юра, Ікуітас, Куска, Чымботэ, і Хуанкая.

Пэру зьяўляецца шматнацыянальнай краінай, склад насельніцтва якой фармаваўся з розных этнічных груп на працягу апошніх пяці стагодзьдзяў. Амэрындынасы, прадстаўнікі карэннага насельніцтва краіны засялялі гэтыя тэрыторыі да прыходу гішпанцаў у ХVI стагодзьдзі. Іх колькасьць скарацілася з 9 міліёнаў у 1520-х да 600 000 у 1620 годзе, у асноўным, з-за хваробаў прывезеных эўрапейцамі. У гады каляніялізму на тэрыторыі Пэру пачалі ў значнай колькасьці зьяўляцца мурыны, якія зьмешваліся як зь мясцовым насельніцтвам, так і з эўрапейцамі. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Пэру сюды пачалі прыбываць імігранты з Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Гішпаніі. Пачынаючы з 1850-х г.г. на тэрыторыю Пэру пачалі прыбываць кітайцы, якія выкарыстоўваліся на складаных і брудных працах. Іншымі нацыянальнымі меншасьцямі ў Пэру зьяўляюцца арабы і японцы. У наш час, нацыянальны склад краіны выглядае наступным чынам: 45% амэрындынасы, 37% мецісы, 15% нашчадкі эўрапейцаў, 3% мурыны, кітайцы, японцы і інш.

Гішпанская мова зьяўляецца асноўнай, ёй карыстаюцца 83,9% насельніцтва. Адначасова ў Пэру выкарыстоўваюцца і некаторыя іншыя мовы: кучуа (якой карыстаюцца 13,2% насельніцтва), і інш. Згодна зь перапісам насельніцтва, у 2007 годзе 81,3% насельніцтва зьяўляліся каталікамі, 12,5% эвангелістамі, 3,3% насельніцтва карыстаўцца іншымі веравызнаньнямі, 2,9% — атэісты. Пісьменнымі зьяўляюцца 92,9% насельніцтва Пэру, гэты паказчык у горадзе складае 96,3%, у сельскай мясцовасьці — 80,3%. Пачатковая адукацыя ў Пэру зьяўляецца абавязковай і бясплатнай.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Культура Пэру заснаваная на амэрындыянскіх і гішпанскіх традыцыях, аднак адчуваецца ўплыў афрыканскай, азіяцкай і эўрапейскіх этнічных групаў. Пэруанскія мастацкія традыцыі заснаваныя на паэзіі, узорах нацыянальнага адзеньня, прадметах ювэлірнага мастацтва і скульптуры інцкай цывілізацыі. Да нашых дзён захаваліся ўзоры архітэктурных дасягненьняў інкаў, уключаючы старажытны горад Мачу-Пікчу. Стыль барока характарызуецца дамінаваньнем каляніяльнага мастацтва, са значным уплывам нацыянальных традыцыяў. Гэты пэрыяд прадстаўлены, ў асноўным, рэлігійнай архітэктурай а таксама прыкладамі выяўленчага мастацтва школы Куска. Разьвіцьцё пэруанскага мастацтва запаволілася пасьля абвяшчэньня незалежнасьці краіны, аднак дзякуючы мастацкаму руху Індыгеністаў у пачатку ХХ стагодзьдзя, мастацтва атрымала значны штуршок.

Пэруанская літаратура заснавана на непісьмовых традыцыях дакалюмбавай эпохі. Гішпанцы прынесьлі на гэтыя землі пісьменнасьць у ХVI стагодзьдзі і з гэтага моманту пачынаецца зьяўленьне мясцовых хронікаў і рэлігійнай літаратуры. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў пэруанскай літаратуры дамінаваў рамантызм і кастумбрызм, што знайшло сваё адлюстраваньне ў працах Рыкарда Палмы. У пачатку ХХ стагодзьдзя, рух Індыгенізму натхніў такіх літаратараў як Кіра Альгерыя, Хасэ Марыя Аргуэдаса і Цэзара Валэё. У другой палове стагодзьдзя пэруанская літаратура атрымала сусьветную вядомасьць дзякуючы працам Марыё Варгаса Льёсы.

Нацыянальны танец марынэра.

Пэруанская кухня зьяўляецца сумесьсю амэрындыянскіх і гішпанскіх традыцыяў з моцным уплывам афрыканскай, арабскай, італьянскай, кітайскай і японскай кухняў. Нацыянальнымі блюдамі зьяўляюцца антычучас, чэвічэ, хумітас і пачаманка. Разнастайнасьць кліматычных зонаў выклікала зьяўленьне значнай колькасьці разнастайных гатункаў садавіны і гародніны, а таксама шматлікіх відаў хатняй жывёлы, што прывяло да хуткага разьвіцьця нацыянальнай кухні. У нашы дні пэруанская кухня характарызуецца разнастайнасьцю спосабаў гатаваньня, а таксама вялікай колькасьцю інгрэдыентаў і тэхнікаў гатаваньня.

Пэруанская музыка мае андзкія, гішпанскія і афрыканскія крыніцы. У дагішпанскую эпоху, музыка значна вагаласяў залежнасьці ад рэгіёна, аднак куэна і тынья былі агульнымі музычнымі інструмэнтамі. Гішпанскае заваяваньне прынесла новыя музычныя інструмэнты, напрыклад гітару, скрыпку і г. д. Афрыканскі ўплыў адчуваецца ў зьяўленьні выразным рытмаў у музыцы а таксама ўдарных інструмэнтаў. Пэруанскія нацыянальныя танцы маюць назвы марыньера, тандэра, данза дэ ціджэрас і гуайна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]