Пётар Раізі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пётар Раізі (сапр. — Пэдра Руіс дэ Морас; каля 1505, Альканьніз — 1571, Вільня) — лацінамоўны паэт, правазнаўца, адзін з заснавальнікаў навуковай школы юрыспрудэнцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Роданачальнік макаранічнай паэзіі ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паходжаньня — гішпанец. Выхаванец італьянскіх унівэрсытэтаў (Балёньня, Падуя). На працягу дзесяці гадоў выкладаў права ў Кракаўскай акадэміі, аказваў юрыдычныя паслугі каралеўскай сям’і і займаўся паэтычнай творчасьцю. У 1551 з Кракава прыехаў у Вільню. Служыў у жамойцкага біскупа Яна Даманеўскага, быў канонікам у Варнянах, архіпрэсьвітэрам касьцёла сьв. Яна ў Вільні, з 1567 — канонік віленскага капітула.

У 1561 склаў для жамойц­кага біскупства Канстытуцыю і Навэлы — законапалажэньні і правілы, якімі павінна яно карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад дворнага гаспадарскага суда, што разглядаў апэляцыі ад гарадоў з магдэбурскім правам. Аўтар працы «Заключэньне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэньнях Літвы, і аб абскарджаньні судовых рашэньняў» (Кракаў, 1563; Франкфурт-на-Майне, 1570; Вэнэцыя, 1572) — сур’ёзнага тэарэтычнага аналізу судовай практыкі па прыватным праве[2].

У 1563 быў адным з заснавальнікаў першай навуковай школы юрыспрудэнцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім — «Школы права цывільнага, рымскага, саксонскага, магдэбурскага, літоўскага пад кіраўніцтвам П. Раізія»[2]. Гісторык Т. Нарбут лічыць, што П. Раізі выкладаў у школе рымскае, саксонскае і магдэбурскае права. Паводле меркаваньня Я. Курчэўскага, гэ­тая школа існавала пры касьцёле св. Яна з 1513, і ў ёй выкладаліся лацінская і нямецкая мовы, а П. Раізі ў 1563 увёў выкладаньне рымскага і літоўскага права, грэцкай мовы[2]. Прыходзкую школу П. Раізі ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку судзьдзяў, адвакатаў і іншых судовых службоўцаў.

Разам з А. Ратундусам уваходзіў у рэдакцыйную камісію другой рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1566)[3]. Запрашэньне іншаземца ў склад Статутнай камісіі было рэдкім выпадкам[2].

Сваёй практычнай і навуковай дзейнасьцю П. Раізі зрабіў значны ўклад у разьвіцьцё права і культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памёр у 1571 годзе ў Вільні.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэтычная спадчына П. Раізія налічвае каля 1200 твораў агульным аб’ёмам да 15300 радкоў: ад кароткіх эпіграмаў да вялікіх гістарычных паэм і вершаваных трактатаў.

У час знаходжаньня ў Кракаве ствараў панэгірычныя вершы з нагоды ўрачыстасьцяў на каралеўскім двары, як радасных, так і жалобных (эпіталямы на вясельлі Жыгімонта Аўгуста, эпітафіі на сьмерць ягоных жонак). Там жа напісаў некалькі твораў, прысьвечаных літоўскім магнатам («Эпіталяма на шлюб Мікалай Радзівіла з Альжбетай Шыдлоўскай», 1548).

Пераехаўшы ў Вільню, распачаў актыўную літаратурную дзейнасьць. У 1553 у Кракаве надрукаваў асобнымі выданьнямі тры вершаваныя творы: «Паэма ў суцяшэньне слаўнага Жыгімонта Аўгуста, караля сармацкага», паэму «Да польскай шляхты: песьня пра каралеўскі шлюб» і эпіталяму «Пра шыкоўны шлюб Жыгімонта Аўгуста і Кацярыны». У першым творы аўтар суцяшае караля з прычыны сьмерці ў 1551 годзе каралевы Барбары з Радзівілаў, у другім — заклікае польскіх і літоўскіх вяльможаў пераканаць караля ажаніцца зноў, выступаў тут як прыхільнік спадчыннай манархіі[2], у трэцім — радасна ўслаўляе шлюб Ж. Аўгуста з Кацярынай Габсбурскай.

Ствараў вершы і на ўрачыстасьці менш высокага рангу: напісаў эпіталяму на вясельле кашталяна гнезьненскага Мікалая Тшэбухоўскага з Тэадорай з Богушаў, якое адбылося ў 1559 годзе ў Берасьці. Таксама пагадзіўся з прапановай незаможнага шляхціча Марціна Кшчановіча напісаць вясельны гімн узамен на каня, пасьля напісаў чарговы верш, з напамінам пра ўзнагароду — «Да Марціна Кшчановіча»[1]. Б. Кручкевіч паведамляе, што некаторыя магнаты яшчэ пры жыцьці замаўлялі сабе ў Раізія эпітафіі[4].

Да палітычнай паэзіі адносяцца вершы П. Раізія 1568—1569 гг. У сваёй творчасьці трымаўся ідэі неабходнасьці заключэньня уніі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, спасылаючыся на пагрозу з боку Масковіі: «У абарону зьяднаньня» («Pro unione»), «Пра Палякаў і Літвінаў, злучаных у адзін народ» («De Poloins et Lituanis uno populo factis»), «Пра Літву і Польшчу, агульны згодай і паходжаньнем народ, напярэдадні праведных апосталаў Пятра і Паўла люблінскіх...» («De Lituania et Polonia consensione utrusque gentis mutia pridie beatorum Petri et Pauli Apostolorum Lublini...»)[5].

П. Раізі зьяўляецца пачынальнікам макаранічнай паэзіі ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. Улюбёныя тэмы паэта — тэма п’янства і падарожжаў, тэма адкрыцьця сьвету літоўцаў і славян чалавека заходняй культуры: «Падарожнікам у Літву» («In Lithuanicam peregrinationem»), «Сапфічны верш для п’яніц» («In bibulos Saphicum») і інш.

Да найлепшых твораў П. Раізія адносяцца эпіграмы-прысьвячэньні гарадам: Кракаву, Гародні, Вільні, напісаныя недзе ў 1551—1552 гг.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 438—442
  2. ^ а б в г д Раізій Пётр // Спадчына
  3. ^ Падокшын С. Каб край быў вольным... Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту // ЛіМ. — 1995.
  4. ^ Kruczkiewicz, B. Royzyusz. Jego żywot i pisma. — Kraków, 1897. С. 81
  5. ^ Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 104. — 376 с.