Піліп Орлік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Піліп Орлік
Піліп Орлік на паштовай марцы Украіны

Піліп Орлік (па-ўкраінску: Пили́п Степа́нович О́рлик; 11 кастрычніка 1672 в.Касута, Ашмянскі павет, Віленскае ваяводзтва, цяпер Вялейскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 24 траўня 1742 Ясы, Малдаўскае княства, цяпер Румынія) — ўкраінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзяяч, гетман войска Запароскага ў выгнаньні (1710—1742), паэт, публіцыст. Прадстаўнік шляхецкага роду Орлікаў (чэскага паходжаньня).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і ліцьвінскай шляхты чэскага паходжаньня — Орлікаў. Бацька Сьцяпан Орлік служыў у арміі польскага караля, загінуў на 51-м годзе жыцьця падчас польска-турэцкай вайны ў бітве пад Хоцінам ў сьнежні 1673 году. Маці — Ірына Орлік (з беларуска-ўкраінскага роду Малахоўскіх), ахрысьціла сына паводле праваслаўнага абраду (бацька быў каталіком).

Вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Вільні, а пазьней у Кіева-Магілянскай акадэміі, якую скончыў ў 1694 годзе.

З 1702 году (па іншых крыніцах — з 1706) — генэральны пісар і давераная асоба Івана Мазэпы. У 1708 годзе прыняў удзел у выступе Івана Мазэпы супраць Пятра I і перайшоў на бок Карла XII. Пасьля паразы швэдзкай арміі пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 году эміграваў у Асманскую імпэрыю.

Спрабуючы заваяваць сабе падтрымку, ў 1710 годзе П. Орлік складае «Пакты і Канстытуцыі правоў і вольнасцяў Войска Запарожскага» — дакумэнт, які пазьней атрымаў назву Канстытуцыя Піліпа Орліка.

Пры падтрымцы Карла XII Орлік ўступае ў саюз з крымскімі татарамі і Атаманскай Портай, і 8 лістапада 1710 году апошняя, падтрымліваючы гетмана Орліка, аб’яўляе вайну Маскоўскай дзяржаве.

У пачатку 1711 году Орлік пачынае агульны паход запарожцаў, буджацкіх татараў, швэдаў і палякаў (прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага) супраць маскалёў ва Ўкраіне. У сакавіку 1711 году аб’яднаныя войскі пад камандаваньнем П. Орліка падышлі да добра ўмацаванай Белай Царквы, дзе знаходзіўся маскоўскі гарнізон. Пачалася аблога гораду, але ні адзін са штурмаў ня быў пасьпяховым. У 1709—1714 гадох знаходзіўся ў Бэндэрах, потым скарыстаўся запрашэньнем Карла XII і жыў да 1720 году ў Швэцыі.

З 1720 году жыў у Нямеччыне, Аўстрыі, Польшчы. У 1722 годзе накіроўваўся да запароскіх казакоў ў Алешкаўскую Сеч і быў затрыманы турэцкімі ўладамі ў Хоціне, да 1738 году інтэрнаваны ў Тэсалёнікі. У далейшым жыў у Хоціне, Сярэзі, пазьней — у Чарнаўцах, Каўшанах і Бухарэсьце. Пасьля пераехаў у Ясы, дзе памёр 24 траўня 1742 году.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У вёсцы Касута ўсталяваны валун з памятным знакам у гонар П. Орліка[1][2]
  • Імем П. Орліка названа вуліца ў Вялейцы[3]

Жыцьцё Орліка дасьледаваў беларускі краязнаўца Анатоль Рогач[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Піліп Орліксховішча мультымэдыйных матэрыялаў