Пінская япархія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пінская і Лунінецкая япархія»)
Пінская і Лунінецкая япархія
Пінская і Лунінецкая япархія
Япіскап Георгі (Вайтовіч)
Катэдральны горад Пінск
Катэдральны сабор Сьвятой Варвары (Пінск), Уздвіжаньня Крыжа Гасподняга (Лунінец)

Пінская і Лунінецкая япархіяяпархія Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы, заснаваная ў 1241 годзе ў падпарадкаваньні Сусьветнага патрыярхату Канстантынопалю.

На 2022 год налічвала 181 прыход і Пінскі Варварынскі манастыр. У япархіі служылі 173 сьвятары і 9 дыяканаў. Прыходы гуртаваліся ў 8 прыхадзкіх акругаў на чале з дабрачынцамі. Епархіяльная ўправа ўлучала архіў, бухгальтэрыю і канцылярыю. Япіскап узначальваў епархіяльную раду ў складзе 4-х чалавек. Пры ёй працавала 8 духаўнікоў, у тым ліку старэйшы. Штотыдзень выпускалі 8 прыхадзкіх лісткоў. Рэгулярна апавяшчалі пра падзеі ў япархіі праз раённыя радыёстанцыі і 2 тэлерадыёкампаніі — «Вараг» у Пінску і «Інтэкс» у Баранавічах[1]. Япархія аб’ядноўвала прыходы ў 8 раёнах на ўсходзе Берасьцейскае вобласьці Беларусі: Баранавіцкім і Ганцавіцкім, Івацэвіцкім і Лунінецкім, Ляхавіцкім і Пінскім, Столінскім і Янаўскім[2].

Дабрачыньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год Пінская япархія налічвала 8 дабрачыньняў.

Управа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год епархіяльная ўправа месьцілася па Першамайскай вуліцы, д. 15 у Паўночным раёне Пінску. Ва ўправе сярод іншых працавалі сакратар, галоўны бухгальтар і прэс-сакратар[11]. Кіраваньне ажыцьцяўлялі: япіскап Георгі (Вайтовіч), сакратар Канстанцін Балакай і старэйшы духаўнік Пётар Хільмановіч[1]. У япархіі дзейнічалі інфармацыйна-кансультацыйны цэнтар і 6 аддзелаў: 1) кананізацыі сьвятых, 2) місіянэрскі, 3) рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, 4) сацыяльнай працы, 5) узаемадзеяньня з моладзьдзю, 6) узаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і праваахоўнымі органамі Беларусі[12].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1241 годзе катэдру Тураўскай япархіі перанесьлі ў Пінск, што стала пачаткам дзейнасьці Пінскай япархіі. Першапачаткова япіскап называўся тураўскім і пінскім. У XIV стагодзьдзі Пінская япархія тройчы пераходзіла са складу Кіеўскай мітраполіі ў склад Галіцкай, пасьля чаго вярнулася ў склад Кіеўскай. У 1416 годзе япіскап стаў называцца пінскім і тураўскім. На 1550 год у Пінскай япархіі налічвалася звыш 200 храмаў, у тым ліку ў Пінску было 16 цэркваў і пратапоп, 25 сьвятароў і 2 дыяканы. Пінская япархія ўлучала 3 пратапопіі: Давыд-Гарадоцкую, Пінскую і Тураўскую. У XVI—XVII стагодзьдзях у Пінскай пратапопіі налічвалася 7 манастыроў — жаночы Пінскі Варварынскі і 6 мужчынскіх: Дзятлавіцкі і Дубайскі, Купяціцкі і Навадворскі, Пінскія Богаяўленскі і Лешчанскі. У Тураўскай пратапопіі знаходзілася 2 жаночыя манастыры — Мазырскі Параскевінскі манастыр і Тураўскі Варварынскі, а таксама 3 мужчынскія — Мазырскі Яснагорскі, Морацкі і Тураўскі Барысаглебскі. У XVII—XVIII стагодзьдзях ігумены Пінскага Богаяўленскага манастыра непасрэдна кіравалі пратапопіямі. У 1595 годзе пінскую катэдру заняла Пінска-Тураўская япархія Рускай уніяцкай царквы. У 1620 годзе Сусьветны патрыярхат Канстантынопалю аднавіў Пінскую япархію. У 1633 годзе пачало дзейнасьць Пінскае праваслаўнае брацтва, якое мела школу і лякарню. У 1791 годзе Генэральную Пінскую кангрэгацыю для выпрацоўкі палажэньня аб праваслаўным духавенстве. У 1794 годзе ўніяцкія прыходы Пінска-Тураўскай япархіі далучыліся да Менскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы[2].

У 1839—1840 гадох пінскім япіскапам быў вікарый Менскай япархіі. У 1920 годзе Пінскую япархію аднавілі, а япіскап стаў называцца пінскім і наваградзкім. У 1922 годзе япархію ўлучылі ў склад Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і перайменавалі ў Палескую і Пінскую. На 1937 год Пінская япархія ўлучала 24 дабрачыньні, 229 прыхадзкіх храмаў і 91 прыпісны. У Берасьцейскім павеце налічвалася 4 дабрачыньні, у Кобрынскім, Пінскім і Сарненскім — па 3, у Дарагічынскім, Камень-Кашырскім, Косаўскім, Пружанскім і Столінскім паветах — па 2, у Лунінецкім — 1. У 1939-м япіскапу вярнулі найменьне пінскага і наваградзкага. У 1941 годзе Маскоўскі патрыярхат прызначыў пінскім япіскапам Веньяміна, але той не пасьпеў прыступіць да кіраваньня ў сувязі з пачаткам Нямецка-савецкай вайны. У 1942 годзе япархію падпарадкавалі Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве і паўторна перайменавалі ў Палескую і Пінскую. У 1944-м яе вярнулі Маскоўскаму патрыярхату. У 1945 годзе япіскапа сталі называць пінскім і берасьцейскім, у 1946-м — пінскім і лунінецкім, у 1948-м — пінскім і палескім, а ў 1950-м — зноў пінскім і лунінецкім. На 1949 год Пінская япархія налічвала 77 прыходаў у 11 раёнах Пінскай вобласьці на поўдні Беларускай ССР: Ганцавіцкім, Давыд-Гарадоцкім, Дарагічынскім, Жабчыцкім, Лагішынскім, Ленінскім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім, Целяханскім і Янаўскім. У 1952 годзе не прызначылі новага япіскапа ва ўмовах масавага закрыцьця храмаў. У 1980 годзе пінскім япіскапам стаў вікарый Менскай япархіі[2].

6 ліпеня 1989 году Сьвяты сынод Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) ўхваліў вызначэньне пра адраджэньне Пінскай япархіі. 16 лютага 1990 году Сынод Беларускага экзархату вызначыў япіскапа тытул як пінскага і лунінецкага. 19 лютага 1990 году Сьвяты сынод РПЦ абраў на пасаду япіскапа Стафана (Корзуна), які заняў катэдру 4 сакавіка 1990 году[13]. Пінская япархія аб’яднала прыходы ў 8 раёнах на ўсходзе Берасьцейскае вобласьці Беларусі: [Баранавіцкі раён|Баранавіцкім]] і Ганцавіцкім, Івацэвіцкім і Лунінецкім, Ляхавіцкім і Пінскім, Столінскім і Янаўскім. 1 красавіка 1993 году аднавілі Пінскі Варварынскі манастыр. На 1 студзеня 1998 году ў япархіі быў 141 прыход, 141 прыходзкая царква і 37 могілкавых капліцаў, 120 сьвятароў і 4 дыяканы[2]. На канец 1999 году налічвалася 147 прыходаў і 34 капліцы, 128 сьвятароў і 5 дыяканаў[14].

За 1990—2014 гады лік храмаў у Пінскай япархіі, якая ахоплівала 8 раёнаў Берасьцейскай вобласьці, вырас з 80 да амаль 180. Пагатоў, у Альшанах і Давыд-Гарадку месьцілася па 2 царквы. Дзейнічала каля 100 нядзельных школ. Заняткі ў дарослых групах праводзілі ў храмах большасьці з 8 раённых цэнтраў[15].

Япіскапы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Пінская япархія // Беларуская праваслаўная царква, 2019 г. Праверана 4 ліпеня 2022 г.
  2. ^ а б в г д Віктар Касьцюк. Пінская праваслаўная япархія // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — С. 499500. — 592 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0141-9
  3. ^ Баранавіцкае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  4. ^ Ганцавіцкае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  5. ^ Івацэвіцкае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  6. ^ Лунінецкае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  7. ^ Ляхавіцкае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  8. ^ Пінскае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  9. ^ Столінскае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  10. ^ Янаўскае дабрачыньне (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  11. ^ Пінская епархіяльная ўправа // Беларуская праваслаўная царква, 2019 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  12. ^ Епархіяльныя аддзелы і камісіі Пінскай япархіі // Беларуская праваслаўная царква, 2019 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  13. ^ Гісторыя Пінскай япархіі // Беларуская праваслаўная царква, 2019 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.
  14. ^ Віктар Касьцюк. Пінская праваслаўная япархія // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 368. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  15. ^ Сьвятлана Яскевіч. «Сучаснаму чалавеку трэба трымацца за веру і добрую сям'ю» // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2014. — № 33 (27643). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Кіроўны архірэй (рас.) // Пінская і Лунінецкая япархія, 2 чэрвеня 2022 г. Праверана 5 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]