Пінскі дэсант

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пінскі дэсант
Карціна Ігара Радзівонава «Высадка дэсанту ў Пінск 12.07.1944»
Дата: 12 ліпеня 1944
Месца: Пінск, Беларусь
Вынік: захоп Пінску савецкімі войскамі
Супернікі
Сьцяг СССР СССРСьцяг Трэцяга райху Трэці Райх
Камандуючыя
Сьцяг СССР Вісарыён Грыгор’еў
Сьцяг СССР Павал Бялоў
Сьцяг Трэцяга райху Вальтэр Вайс
Колькасьць
больш за 600 чалавекдва пяхотныя палкі, асобныя часткі
Страты
176 чалавек забітымікаля 1000 чалавек

Пінскі дэсант 12—14 ліпеня 1944 году — тактычны рачны дэсант, высаджаны катэрамі Дняпроўскай вайсковай флятыліі ў горадзе Пінску ў час Беларускай наступальнай апэрацыі Вялікай Айчыннай вайны.

Хада апэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 11 ліпеня 1944 году атрад караблёў высадкі з адным стралковым батальёнам на борце накіраваўся да Пінску. А 2 гадзіне ночы 12 ліпеня савецкія вайскоўцы былі таемна высаджаныя на прывал рачнога порту Пінску. Дэсант хутка заняў найбліжэйшыя кварталы. Праз 40—60 хвілін высадзіліся яшчэ 2 батальёны з супрацьтанкавай артылерыяй. Высадка была цалкам нечаканаю для немцаў. У начным баю дэсантнікі амаль бяз стратаў забілі каля 200 нямецкіх салдат, якія выскоквалі на вуліцы на гук стрэлаў.

Але на сьвітаньні сытуацыя істотна зьмянілася. Немцы падцягнулі з фронту два палкі з танкамі і контратакавалі. На працягу дня дэсант пакінуў частку занятых будынкаў, замацаваўшыся ў гарадзкім парку. За двое сутак дэсантнікі адбілі 25 варожых атак, зьнішчылі 12 танкаў і каля 1000 салдат. На баку дэсанту ўдзельнічалі каля 200 вязьняў лягэру ваеннапалонных, якіх вызвалілі ўначы.

Каб падтрымаць дэсант, у Пінск быў накіраваны апошні атрад караблёў — тры бронекатэры з дэсантам (450 чалавек). Пры падыходзе да порту, яны былі абстраляныя нямецкімі танкамі. Два катэры атрымалі пашкоджаньні і селі на мель, але дзякуючы малой глыбіні дэсантнікі здолелі высадзіцца і пачаць бой. Трэці катэр высадзіў дэсант непасрэдна на рачны прывал. Пашкоджаныя караблі засталіся і прынялі ўдзел у баі, падтрымліваючы дэсантнікаў кулямётным і артылерыйскім агнём. Бесьперапынна адбываўся падвоз катэрамі боепрыпасаў.

Войскі 61-й арміі, якія наступалі наземна, сустрэлі зацяты супраціў і вымушаны былі прабівацца празь некалькі рубяжэй абароны. Але іх дзеяньні не дазволілі ворагу засяродзіцца на зьнішчэньні дэсанту. Акрамя таго, пад горад былі сьцягнуты партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў ваколіцах Пінску, што пачалі свае атакі на горад з захаду.

На сьвітаньні 14 ліпеня 1944 году ў паўночную частку Пінску ўварвалася 397-я стралковая дывізыя 61-й арміі й аб’ядналася з дэсантам. А 6 гадзіне ранку немцы адышлі з гораду.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік на брацкай магіле матросаў і савецкх салдат — узьняты з ракі кацер БКА-92

Пасьля захопу Пінску хуткасьць наступу 1-га Беларускага фронту на гэтым участку значна паскорылася. Рашучыя дзеяньні дэсанту не дазволілі немцам зьнішчыць стратэгічныя масты праз Прыпяць.

Пінскі дэсант стаўся самай вялікай дэсантнай апэрацыяй Дняпроўскай флятыліі за вайну. Плян апэрацыі быў складзены на нечаканасьці, што пры ўмове наступу савецкіх войскаў сябе апраўдала. Узаемадзеяньне флятыліі і сухапутных войскаў было арганізавана на высокім узроўні, камандуючы апэрацыяй камандзір 61-й арміі меў бесьперапынную сувязь з дэсантам і хутка рэагаваў на зьмены абставін. Страты флёту склалі 3 браняваных кацяры і 1 кацер-тральшчык (усе затоплены варожай артылерыяй).

За вызваленьне Пінску 10 матросам Дняпроўскай флятыліі і 1 байцу 61-й арміі было нададзена званьне Героя Савецкага Саюзу. Дняпроўская флятылія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сьцяга і атрымала Чырвоназнамённы сьцяг.

На беразе ракі ў Пінску ля брацкай магілы загінулых пры вызваленьні гораду 176 матросаў, байцоў 61-й арміі і партызан усталяваны помнік героям дэсанту — узьняты з ракі затоплены бронекацер БКА-92.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]