Рагвалод-Васіль Барысавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рагвалод-Васіль Рагвалодавіч»)
Рагвалод-Васіль Барысавіч
Авэрс пячаці Рагвалода Васіля
полацкі князь
Папярэднік Васілька Сьвятаславіч
Наступнік Расьціслаў Глебавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1110-я
Памёр 1171 або 1180
Нашчадкі Глеб, Барыс
Дынастыя Рагвалодавічы
Жонка Алена Ізяслаўна
Бацька Рагвалод-Барыс Усяславіч

Рагвалод-Васіль Барысавіч, Рагвалод III (1110-я — 1171/1180) — князь полацкі (сярэдзіна 1128 — лета 1129; 1144—1151; 1159—1162) і друцкі (1158—1171/1180). Сын Рагвалода-Барыса.

Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «...бо Феафіл Полацак узяў <...> па Васілю Рагвалодзе, каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[1].

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рагвалод (імя)

Імя Рагвалод зьмяшчае той жа фармант (-раг-), што і літоўскае імя Сьвінтарог[2]. Зь іншага боку, фармант -валд- (-вольт-) зьвязвае Рагвалода зь імёнамі літоўскіх баяраў Валімонта і яго сына Рамвольта[3]. Гэты ж фармант ёсьць у рускіх імёнах Валадар і Ўладзімер (Вальдэмар)[4].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, фармант -раг- (-рог-) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак', а фармант -валд- (-вольт-) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[5]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Рогьволодъ Борисовичь (1144, 1158 і 1171 гады)[7].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па сьмерці Рагвалода-Барыса ў пачатку 1128 году полацкі пасад перайшоў паводле тагачаснага права да яго малодшага брата Давыда князя ізяслаўльскага. Але палачане чымсьці незадаволеныя вельмі хутка выгналі Давыда з Полацку, узяўшы сабе князем маладога Рагвалода-Васіля. Гэта натуральна выклікала змаганьне паміж Давыдам і Рагвалодам-Васілём у якую ўмяшаўся вялікі князь кіеўскі Мсьціслаў, учыніўшы вялікае вайсковае ўварваньне ў Полацкую зямлю. Палачане разам з Рагвалодам-Васілём наведаліся да Мсьціслава і ўпэўнілі яго зацьвердзіць Рагвалода-Васіля полацкім князем у супярэчнасьці з правам старшынства. За гэта, відаць, Рагвалод-Васіль мусіў прызнаць вярхоўную ўладу Кіева над Полацкам, чаго не было з часоў яго прадзеда Брачыслава Ізяславіча.

У 1129 годзе Мсьціслаў зьбіраўся ў выправу супраць полаўцаў і заклікаў да ўдзелу ў ёй і полацкіх князёў. Але Рагвалод-Васіль, зь іншымі полацкімі князямі, відаць не надаючы значнасьці свайму леташняму прызнаньню кіеўскай улады ў кплівых словах адмовіўся ад удзелу ў гэтай выправе. Больш таго, у час калі Мсьціслаў ваяваў з полаўцамі, Рагвалод-Васіль вёў міжусобную вайну з Давыдам і нападаў на ўладаньні нейкіх Мсьціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з выправы на полаўцаў Мсьціслаў адправіў сваіх ваяводаў ў Полацкую зямлю, яны захапілі амаль ўсіх полацкіх князёў, ў тым ліку Рагвалода-Васіля з братам Іванам, і прывезьлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над полацкімі князямі адбыўся так званы «суд рускіх князёў» па выраку якога іх разам зь сем’ямі выслалі ў Бізантыю.

У 1139 годзе Рагвалод-Васіль разам з братам Іванам вярнуўся на радзіму, але полацкі пасад у гэты час быў заняты яго стрыечным братам Васількам. Нягледзячы на тое, што Рагвалод-Васіль меў болей правоў на Полацак, чым Васілька, ён, відаць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі па сьмерці Васількі ў пачатку 1144 году Рагвалод-Васіль стаў полацкім князем. Вясной таго ж году ён ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсьціславіча.

Уладарыў да 1151 году, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода-Васіля ў турму. Замест яго полацкім князям стаў Расьціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода-Васіля з турмы, зь Менску ён паехаў у Слуцак. Але ў Слуцку быў няшмат часу, бо дручане запрасілі яго на княжаньне ў Друцак выгнаўшы адтуль Глеба Расьціславіча. Рагвалод-Васіль пагадзіўся і паехаў у Друцак, а насустрач выехала 300 дручанаў на чаўнах. Выгнаньне Глеба Расьціславіча з Друцку выклікала вайну Глебавічаў з Рагвалодам-Васілём — Глебавічы аблажылі Друцак, але штурмы былі беспасьпяховыя, урэшце яны склалі мірную дамову, паводле якой пакідалі яму Друцак, а ён адмаўляўся на іх карысьць ад Полацку.

У 1159 годзе палачане ў выніку змовы выгналі з Полацку Расьціслава Глебавіча і зноў паклікалі на княжаньне Рагвалода-Васіля папрасіўшы ў яго прабачэньня за тое, што калісьці выдалі ў турму менскім князям. Гэта выклікала новы канфлікт з Глебавічамі, Рагвалод-Васіль правёў супраць іх некалькі вайсковых кампаніяў, але ня вельмі пасьпяховых. У выніку апошняй зь іх у 1162 годзе быў разьбіты ў бітве Валадаром Глебавічам які меў у сваім войску шмат літоўцаў. Параза была вельмі цяжкая, загінула шмат палачанаў, таму ён не рызыкнуў вяртацца ў Полацак, а паехаў у Друцак. Полацкі пасад па ім заняў Усяслаў Васількавіч пры падтрымцы смаленскіх князёў.

Апошні раз упамінаецца на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам[8], але магчыма жыў недзе да 1180 году, бо толькі пад гэтым годам князем у Друцку ўпамінаецца яго сын Глеб Рагвалодавіч.

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]