Радзімічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: перамога Ваўчынага Хвоста, ваяводы кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча, над радзімічамі на рацэ Пішчане ў 984

Радзі́мічы — летапіснае аб’яднаньне IXXII стст. якое традыцыйна лічыцца славянскім племем. Паводле Аповесьці мінулых часоў, «…были же радимичи от рода ляховъ, пришли и поселились тут и платят дань Руси, повоз везут и доныне»[1], з чым, аднак, не згаджаецца шэраг дасьледнікаў. Радзімічы насялялі міжрэчча вярхоўя Дняпра і ракі Сож (Гомельская і Бранская вобласьці). Пісьмовыя сьведчаньні пра радзімічаў прыпадаюць на пэрыяд з 885 па 1169 гады.

Летапісныя сьведчаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца расьсяленьня радзімічаў ­— вадазбор Сажа. У Аповесьці мінулых часоў гаворыцца «…и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи»[2].

У летапісным пераліку княжаньняў радзімічаў няма. Аднак зь іншых месцаў летапісаў зразумела, што радзімічамі кіравалі племянныя правадыры, яны мелі сваё войска і да апошніх дзесяцігодзьдзяў X ст. захоўвалі самастойнасьць.

У 885 годзе кіеўскі князь Алег усталяваў сваю ўладу над радзімічамі, якія да гэтага плацілі даніну хазарам:

« И посла к радимичем, река: «Кому дань даеть?» Они же ръша: «Козаромъ». И рече имъ Олегъ: «Не дайте козаромъ, но мнъ давайте». И даша Олгови по щълоягу, якоже и козаром даяху. И бъ Олегъ обладав поляны, и деревляны, и съверяны, и радимичи, а съ суличи и тиверци имеаша рать[3]. »

У 907 годзе ў складзе войска Алега радзімічы ўдзельнічалі ў легендарным паходзе на Бізантыю:

« Иде Олегъ на Грекы. Игоря остави в Киевъ, поя множество варяг, и словенъ, и чюд(и), и словене, и кривичи, и мерю, и деревляны, и радимичи, и поляны, и съверо, и вятич(и), и хорваты, и дулъбы, и тиверци, яже сут(ь) толковины: си вси звахутьс(я) от грекъ Великая Скуф(ь)[4]. »

У 984 годзе адбыўся новы паход на радзімічаў. Ваявода кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча Ваўчыны Хвост сустрэўся з войскамі радзімічаў на рацэ Пішчань (прыток Сажа, каля сучаснага Прапойску) і разьбіў іх. Апошні раз радзімічы згадваюцца ў летапісах пад 1169 годам.

Да XII ст. належаць пісьмовыя зьвесткі пра гарады радзімічаў — Крычаў (Кречют, 1136), Прапойск (Прупой ці Прапошаск, 1136), Гомель (Гомий, 1142), Рагачоў (1142), Чачэрск (Чичерск, 1159). Найбуйнейшым горадам быў Гомель[5].

Археалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Мапа расьсяленьня сдавянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

З прычыны відавочнага недахопу пісьмовых крыніцаў вывучэньне радзімічаў немагчыма без прыцягненьня шырокага кола рэчыўных крыніцаў. Найбольш плённымі ў гэтым пляне зьяўляюцца археалягічныя дасьледаваньні старажытных курганоў. У XIX ст. раскопкамі курганоў радзімічаў займаліся: М. Турбін, А. Увараў, М. Філонаў, Е. Раманаў, Д. Самаквасаў, П. Яроменка, В. Антановіч, М. Фурсаў, С. Чалоўскі[6] і У. Сізаў.

У першай палове XX ст. дасьледаваньні курганоў крывічаў вялі такія дасьледнікі як С. Сакалоўскі, І. Юшчанка, І. Сербаў, К. Палікарповіч, С. Дубінскі, С. Бабрыкін, С. Дзееў і П. Ткачэўскі. У другой палове ­— Ф. Завярняеў, В. Падзін, І. Арцеменка, Г. Салаўёва, Я. Рыер і В. Багамольнікаў. Напрыклад, В. Падзін дасьледаваў радзіміцка-северскі Кветунскі могільнік.

У XIX ст. у Пасожжы выявілі вельмі шчыльную канцэнтрацыю сяміпрамянёвых скроневых колцаў, якія лічацца асноўнай этнавызначальнай прыкметай.

У 1932 годзе выйшла манаграфія Б. Рыбакова[7], у якой радзіміцкія курганы і іх рэчавыя інвэнтары атрымалі навуковую сыстэматызацыю. Апроч таго, Б. Рыбакоў акрэсьліў абсяг расьсяленьня радзімічаў і паказаў храналягічную эвалюцыю радзіміцкіх курганоў.

Калі меркаваць па распаўсюдзе сяміпрамянёвых скроневых колцаў, то радзіміцкія тэрыторыя ў X—XII стст. займала галоўным чынам нізоўе ды вярхоўе Сажа і міжрэчча Сажа й Дняпра. Парэчча Дняпра было памежжам радзімічаў з дрыгавічамі. Пры гэтым прыкметна пранікненьне дрыгавічоў на тэрыторыю суседзяў. На паўднёвым усходзе радзімічы суседнічалі зь севяранамі. Мяжа паміж імі праходзіла ў міжрэччы Сожа і Дзясны, толькі ў асобных месцах арэал радзімічаў дасягаў Дзясны, і на яе левых прытоках радзімічы датыкаліся з вяцічамі ці севяранамі.

На тэрыторыі радзімічаў месьціцца даволі мала курганоў з пахаваньнямі паводле абраду трупаспаленьня. Асноўная частка іх знаходзіцца па берагах буйных рэчак ­— Сажа, Іпуці і Бесядзі. Асаблівасьцю радзіміцкага арэалу зьяўляецца рэзкая перавага курганоў з трупаспаленьнем на месцы. Пры гэтым спаленьне праводзілася ў большасьці выпадкаў не на гарызонце, а на гэтак званай падсыпцы. Г. Салаўёва выказала здагадку, што курганы з трупаспаленьнем у насыпы можна лічыць спэцыфічна радзіміцкімі[8]. Аднак падобныя насыпы сустракаюцца і за межамі радзіміцкага арэалу[9]. Вядомыя і радзіміцкія курганы з трупаспаленьнямі на гарызонце.

Памеры пахавальных вогнішчаў звычайна маюць авальнакруглыя абрысы. Кальцынаваныя косткі часта пакідалі некранутымі. У такіх курганах можна бачыць, што памерлых клалі на вогнішча ў кірунку захад — усход. Аднак вызначыць, у які бок была накіраваная галава памерлага, не атрымліваецца. Толькі ў адным кургане дасьледнікам атрымалася вызначыць усходнюю арыентоўку трупа. Будова пахавальных вогнішчаў нагадвае церамкі-дамавіны. У радзіміцкіх курганах адкрытыя і сапраўдныя дамавіны.

У радзіміцкай зямлі фіксуюцца некалькі выпадкаў няпоўнага трупаспаленьня. У такіх курганах вядомай зьяўляецца як заходняя, так і ўсходняя арыентоўка памерлых. Датаваць іх немагчыма з прычыны адсутнасьці рэчаў пры пахаваньнях.

Большасьць курганоў са спаленьнем пазбаўлена рэчаў. Відаць, прадметы ўпрыгожваньняў звычайна згаралі на пахавальных вогнішчах. Вызначыць дакладную дату радзіміцкіх курганоў з трупаспаленьнямі вельмі цяжка. Аналягічныя курганы ў іншых месцах звычайна датуюць IX—X стст. Ніякіх матэрыялаў для датоўкі іх больш раньнім часам у дасьледнікаў няма. Раскапаныя Г. Салаўёвай курганы ў Дзям’янках па бачуркападобным пазалочаным і пасрэбраным пацеркам адносяцца да X ст.

У апошняй траціне X ст. у зямлі радзімічаў зьяўляюцца першыя пахаваньні паводле абраду інгумацыі. Такія курганы больш ці менш распаўсюджаныя на ўсёй тэрыторыі радзімічаў. На месцы, абраным для збудаваньня кургана, распальвалі вогнішча. Відаць, гэта рэлікт абраду крэмацыі памерлых. Ад такіх вогнішчаў у асновах курганоў заставаўся пласт попелу і дробных вугельчыкаў. Такое колца, званае дасьледнікамі «агністым кругам», складае спэцыфічную асаблівасьць радзіміцкіх курганоў. Г. Салаўёва лічыць, што «агністыя колцы» належаць да X—XII стст. і ўласьцівыя для насыпаў з трупапакладаньнямі[10].

Звычай праводзіць рытуальныя вогнішчы на месцы пахаваньняў існаваў у XI—XII стст. Але ўжо на мяжы XI і XII стст. зьяўляюцца курганы бяз рэштак вогнішчаў. Пахаваньні ў грунтавых ямах нешматлікія.

Б. Рыбакоў на аснове знаходак манэтаў датаваў курганы з трупапакладаньнямі на гарызонце XI—XII стст., а курганы з пахаваньнямі ў ямах ­— галоўным чынам XII ст.[11]. Згаджаецца з такой датоўкай і В. Сядоў[12].

Пераважае разьмяшчэньне памерлых у радзіміцкіх курганах з арыентаваньнем на захад, хоць пахаваньні з арыентаваньнем галавы памерлага за ўсход таксама ня рэдкія. У парных пахаваньнях памерлыя, як правіла, арыентаваныя ў процілеглых кірунках: мужчыны — галавой на ўсход, жанчыны ­— на захад. Вельмі рэдка сустракаюцца жанчыны, пахаваныя галавой на ўсход. Трупапакладаньні з паўночным арыентаваньнем у курганах радзімічаў сустракаліся ўсяго двойчы. Такі абрад, злучае з фіна-ўграмі.

Радзіміцкі курганны інвэнтар даволі разнастайны, але большасьць рэчаў мае мноства аналёгіяў у курганах іншых супольнасьцяў. Уласна радзіміцкімі, як ужо гаварылася, зьяўляюцца сяміпрамянёвыя скроневыя колцы. Шчыткі ў іх гладкія ці арнамэнтаваныя дугападобнымі палоскамі. Дасьледнікі заўважылі, што раньнія скроневыя колцы маюць багацейшую арнамэнтацыю, позьнія ­— часьцей пазбаўленыя ўзораў. Сяміпрамянёвыя ўпрыгожваньні насілі па адным ці па некалькі на кожнай скроні. Яшчэ П. Яроменка заўважыў, што пры раскопках іх выяўляюць «прасунутымі праз палоску скуры, на аднолькавай адлегласьці, адно ніжэй іншага»[13].

Сустракаюцца ў радзіміцкіх курганах і пахаваньні з вылучна пярсьцёнкападобнымі скроневымі колцамі, а ў кургане каля вёскі Шапчыцы разам зь пяцьцю сяміпрамянёвымі ўпрыгожваньнямі знойдзены фрагмэнт драцянога завязанага колца.

Шыйныя грыўні звычайна не сустракаюцца ў валынянаў, палянаў, дрэўлянаў і дрыгавічаў, затое зьяўляюцца даволі свойскімі для земляў радзімічаў. Найбліжэйшыя і шматлікія аналёгіі гэтых ўпрыгожванні знаходзяць у старажытнасьцях Латвіі і Летувы. Балцкія прататыпы мае таксама шыйная грыўня з заходжанымі шматграннымі канцамі з кургана каля вёскі Луговец. Балцкае паходжаньне маюць таксама зоркападобныя (прамяністыя) спражкі, касьцяныя даважкі ў выглядзе сточваньняў, бронзавыя сьпіралькі, змеегаловыя бранзалеты і іншыя рэчы, знойдзеныя ў радзіміцкіх курганах.

У радзіміцкіх курганах XIXII стст. балцкія элемэнты (усходняя арыентоўка, упрыгожваньні) выяўляюцца ў большай колькасьці, чым у арэалах іншых летапісных супольнасьцяў. Гэты факт можа сьведчыць пра меншы ўплыў славянаў ці іх пазьнейшы прыход на гэтыя землі[14].

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радзівілаўскі летапіс. Аркуш 11 адваротны. Першая згадка пра радзімічаў (885)

Аповесьць мінулых часоў паведамляе пра ляскае паходжаньне радзімічаў: «… радимичи бо … от ляховъ»[15] і «Быша же радимичи от рода ляховъ; прешедъше ту ся вселиша, и платять, дань Руси»[16]. Гэтыя словы летапісца значна паўплывалі на шматлікіх дасьледнікаў. Сярэднявечныя польскія храністы ­— Ян Длугаш, Мацей Стрыйкоўскі і іншыя, а таксама гісторыкі XVIII і XIX стст. безумоўна вызнавалі польскае паходжаньне радзімічаў.

Аляксей Шахматаў спрабаваў падмацаваць летапіснае паведамленьне пра ляскае паходжаньне радзімічаў лінгвістычнымі зьвесткамі, спасылаючыся на тое, што абсяг радзімічаў належыць цяпер да тэрыторыі беларускай мовы, у якой маецца шмат супадзеньняў з польскай[17].

Аднак Яўхім Карскі выказаўся супраць тэорыі ляскага паходжаньня радзімічаў, паказаўшы самастойнае разьвіцьцё тых асаблівасьцяў беларускай мовы, якія зьбліжаюць яе з польскай[18]. Паводле меркаваньня Я. Карскага, летапіснае паведамленьне пра ляскае паходжаньне радзімічаў сьведчыць не пра тое, што яны былі ляскім племем, а пра тое, што яны перасяліліся на Сож з больш заходніх рэгіёнаў, дзе суседзілі зь ляскімі плямёнамі. Гэтае меркаваньне падтрымаў і Л. Нідэрле, які лічыў першапачатковым абсягам радзімічаў вадазборы Буга і Нарава[19].

Неаднаразова рабіліся спробы вызначыць абсяг, зь якога радзімічы прыйшлі на Сож пры дапамозе картаграфаваньня тапонімаў з асновай рад-. Аднак такія тапонімы, відаць, паходзяць ад антрапоніму Радзім, распаўсюджанага на значна большай тэрыторыі за вызначаныя рэгіёны.

На аснове зьвестак гідранімікі атрымалася ўсталяваць некаторае падабенства гідронімаў Пасожжа з гідронімамі невялікай дзялянкі Верхняга Паднястроўя. Менавіта рэгіён Верхняга Паднястроўя і зьяўляецца, паводле меркаванняў некаторых гісторыкаў, тым абсягам, зь якога радзімічы перасяліліся на вадазбор Сажа[20].

Аднак зьвязак паміж радзімічамі і дарадзіміцкім насельніцтвам Пасожжа, назіраны як у прадметах матэрыяльнай культуры, так і ў абрадах, дазваляе выказаць здагадку, што прышлыя славяне адчулі тут уплыў балцкага насельніцтва. Таксама можна меркаваць пра невялікую колькасьць прышлых славянаў.

Большасьць дасьледнікаў лічаць, што этнонім «радзімічы» мае, балцкае паходжаньне. Так найбольш блізкімі да гэтага паняцьця зьяўляюцца летувіскія тэрміны radimas ­— знаходжаньне, radimviete ­— месцазнаходжаньне[21]. Г. Хабургаеў лічыў, што тэрмін «радзімічы» ўтварыўся ад гістарычна больш раньняй назвы балцкай этнічнай супольнасьці, якую славянізавалі да IX—X стст.[22].

Летапіс паведамляе пра паходжаньне радзімічаў ад мітычнай асобы Радзіма: «…радимичи бо и вятичи от ляхов. Бяста бо 2 брата в лясех, — Радим, а другий Вятко, — и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи…»[23]. Гэтая легенда хутчэй адлюстроўвае біблейскі сьветапогляд аўтара, чым рэальны гістарычны факт[24]. Тым ня менш, славянскі суфікс -ічы — характэрны й для іншых беларускіх плямёнаў (крывічы, дрыгавічы), але адрозны ад суфіксу -яне, характэрнага для большасьці славянскіх плямёнаў — сьведчыць пра ўтварэньне этноніму ад асабістага імя, а не ад месца пасяленьня. На карысьць летапісу сьведчыць таксама імя прадстаўніка чэскага княскага роду Слаўнікавічаў і першага гнезьненскага арцыбіскупа Радзіма (960/970 — каля 1006).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Повесть временных лет. — М., 2002. С. 5.
  2. ^ Повесть временных лет. — М., 2002. С. 5.
  3. ^ Радзивиловская летопись. М. 26. Л. 11 об.
  4. ^ Радзивиловская летопись. М. 34. Л. 14 об.
  5. ^ Георгій Штыхаў. Радзімічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 67—68.
  6. ^ М. У. Фурсов, С. Ю. Чоловский. Дневник курганных раскопок … в уездах Рогачевском, Быковском, Климовичском, Черниговском и Мстиславском. — Могилев, 1892.
  7. ^ Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археолёгіі Беларускай АН. — М., 1932. С. 81—151.
  8. ^ Соловьева Г. Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н. э. (вятичи, радимичи, северяне). — СА, XXV., 1956. С. 141.
  9. ^ Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 154.
  10. ^ Соловьева Г. Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н. э. (вятичи, радимичи, северяне). ­— СА, XXV., 1956. С. 162.
  11. ^ Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археолёгіі Беларускай АН. — М., 1932. С. 102.
  12. ^ Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 155.
  13. ^ Еременко П. М., Спицын А. А. Радимичские курганы. — РАО, 8. 1895. С. 63.
  14. ^ Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 150—156.
  15. ^ Повесть временных лет. — М., 2002. С. 5.
  16. ^ Повесть временных лет. — М., 2002. С. 27.
  17. ^ Шахматов А. А. Древнейшие судьбы русского племени. — Пг., 1919. С. 25, 37—39.
  18. ^ Карский Е. Ф. Белорусы. — Варшава, 1903. С. 71, 72. Переиздано: Белорусы: Т. 1—3. — Москва, 1955—1956.
  19. ^ Нидерле Л. Славянские древности. — М., 1956. С. 160—162.
  20. ^ Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. — М., 1970. С. 142, 143.
  21. ^ Литовско-русский словарь под ред. Х. Лемхенаса. — Вильнюс, 1971. С. 621.
  22. ^ Харбургаев Г. А. Этнонимика «Повести временных лет». — М., 1979. С. 196—197.
  23. ^ Повесть временных лет. — М., 2002. С. 28.
  24. ^ Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. — Мн., 1991. С. 34.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]