Рандэль (паэзія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рандэ́ль (па-француску: rondel, ад rond — круглы) — адна з так званых цьвёрдых формаў лірычнай паэзіі. Зьявіўся ў Францыі ў XIV стагодзьдзі.

Складаецца з 13 радкоў, мае наступную структуру: парадак рыфмаў — A-B-b-a a-b-A-B a-b-b-a-A, дзе вялікімі літарамі вызначаны супадаючыя радкі. Вылучаецца таксама падвоены рандэль, які складаецца з 16 радкоў з рыфмоўкай A-B-B-A a-b-A-B a-b-b-a A-B-B-A.

Узьнік гэты верш у старафранцускай паэзіі, затым перайшоў у ангельскую і іншыя эўрапейскія літаратуры. У канцы XIX — пачатку XX ст. рандэль даволі часта выкарыстоўвалі сымбалісты. У беларускую літаратуру рандэль увёў Максім Багдановіч. Прыкладам можа быць яго верш «На могілках» (1913):

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі... Чаго жа
Тут, дзе магілы, сьцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і сьмерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]