Расейска-беларускі энэргетычны канфлікт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Расейска-беларускі энэргетычны канфлікт пачаўся ў сьнежні 2006 году, калі «Газпром» абвясьціў канчатковы варыянт кошту на прыродны газ для Рэспублікі Беларусь у памеры $105 за 1000 м³. Прычым 75 даляраў падлягаюць аплаце грашыма, а астатнія 30 Беларусь мела бы права аплаціць акцыямі «Белтрансгазу», які быў ацэнены ў 5 мільярдаў даляраў.

27 сьнежня старшыня рады дырэктараў «Газпрому» Аляксей Мілер прыстрашыў у выпадку адсутнасьці кантракту да канца 31 сьнежня 1 студзеня ў 10:00 па маскоўскім часе адключыць Беларусь ад расейскага газу. У адказ Беларусь адмаўлялася падпісаць кантракт на транзіт газу ў Эўропу па сваёй тэрыторыі. Эўрапейскія спажыўцы асьцерагаліся, што адбудзецца паўтор расейска-ўкраінскага газавага канфлікту, аднак пасьля 3 дзён перамоў 31 сьнежня, калі да наступу новага году заставалася 2 хвіліны, кантракт на пастаўку і транзіт газу на 2007 год быў падпісаны.

На наступны дзень урад Расеі ўвёў мыту на экспарт нафты ў Беларусь, бо Беларусь на працягу 9 гадоў не плаціла Расеі дамоўленую частку выручкі ад перапродажу таннай расейскай нафты. 3 студзеня Беларусь увяла ўласную мыту на транзіт нафты ў памеры 45 даляраў за тону. Расея назвала гэтае дзеяньне «парушэньнем двухбаковых дамоўленасьцяў» [1], у тым ліку і таму, што падобная мыта зьяўляецца ўнікальнай у сусьветнай практыцы, у якой транзітныя грузы, не вырабленыя і не спажываныя ў краіне, мытамі не абкладаюцца. Увечар 6 студзеня Расея запатрабавала ад беларускіх улад адмяніць «незаконна ўведзеныя» мыты, абяцаўшы ў выпадку адмовы прыняць «адэкватныя» меры [2]. 7 студзеня паступіла афіцыйная адмова з Менску [3].

Раніцай 8 студзеня Польшча заявіла аб тым, што па нафтаправоду «Сяброўства» перастала паступаць расейская нафта [4]. Днём кіраўніцтва кампаніі «Транснафта» заявіла, што падача была спыненая па іх ініцыятыве, бо, паводле іхніх словаў, меў месца незаконны адбор нафты на тэрыторыі Беларусі. Па словах генэральнага дырэктара кампаніі Сямёна Вайнштока, зь 1 студзеня Беларусь несанкцыянаваным чынам адабрала з экспартнага трубаправода 79 тысяч тон нафты.

10 студзеня адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным, пасьля чаго ў ноч 11 студзеня Беларусь адмовілася ад экспартных мыт. Той жа ноччу па нафтаправодзе «Сяброўства» быў адноўлены транзыт нафты ў Эўропу. 11 студзеня старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі прыбыў у Маскву, дзе правёў перамовы з расейскім калегам.

Рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Нямеччына — Фэдэральны канцлер Ангела Мэркель заявіла, што «адсутнасьць кансультацыяў па такіх пытаньнях з ЭЗ непрымальна і падрывае давер эўрапейскіх краін».
  • Польшча — Пётар Наімскі, намесьнік міністра эканомікі: «Гэты выпадак яшчэ раз даказвае, што канфлікты паміж пастаўшчыкамі і транзыцёрамі з былога СССР робяць пастаўкі з гэтага рэгіёну ненадзейнымі».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]