Раскол Маскоўскай царквы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Раскол расейскай царквы»)

Раскол Маскоўскай царквы — рэлігійна-грамадзкі рух у Маскоўскай дзяржаве, у выніку якога адбылося аддзяленьне ад Маскоўскай праваслаўнай царквы самастойнай рэлігійнай плыні — стараверства[1].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская праваслаўная царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[2]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. За гэта праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год і прычынілася да зьяўленьня ў яе богаслужбовай практыцы пэўных разыходжаньняў зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі[3].

У 1588 годзе фактычны маскоўскі гаспадар Барыс Гадуноў запрасіў патрыярха канстантынопальскага Ерамію II у Маскву на перамовы пра магчымы пераезд з захопленага туркамі-асманамі Канстантынопалю. Аднак у самой Маскве Гадуноў на паўгода зьняволіў[4] патрыярха і марыў яго голадам[5]. Гэта прымусіла Ерамію II у 1589 годзе ня толькі фактычна вызнаць аўтакефалію Маскоўскай царквы, але і абвясьціць яе патрыярхатам.

Важным этапам у гісторыі Маскоўскага патрыярхату былі рэформы патрыярха Нікана (1653—1660), які прыбраў пэўную розьніцу ў богаслужбовых кнігах, богаслужбовай практыцы і абрадах, якія ўзьніклі ў пэрыяд кананічнай ізаляцыі як расейскія нацыянальныя адметнасьці[6]. Мэтай рэформы было павышэньне аўтарытэту Маскоўскай царквы і патрыярхіі і ўсталяваньне аднастайнасьці ў царкоўнай службе. Рэформа ліквідавала адрозьненьні паміж маскоўскім і грэцкім чынамі богаслужэньня і прадугледжвала выпраўленьні розначытаньняў у маскоўскіх царкоўных кнігах паводле грэцкіх узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозьненьняў ад грэцкай царквы не было. Важную ролю ў правядзеньні гэтых рэформаў адыгралі ўкраінскія і беларускія праваслаўныя багасловы і кніжнікі, якія дзейнічалі ў Маскоўскай дзяржаве[3]. Сьвятары і манахі з Беларусі і Украіны (напрыклад, Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзеньні рэформы. У выніку рэформы ўкосны 8-канцовы крыж замянілі на 4-канцовы[7], 2-пальцавае хрышчэньне — 3-пальцавым, двайную (сугубую) алілюю — трайной і інш.

Утварэньне стараверства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супраць новаўвядзеньняў і за захаваньне старой набожнасьці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царкоўных саборах 1654—1655 і 1666—1667 гадоў перамаглі прыхільнікі рэформаў. Аднак супраціўнікі зьменаў не падпарадкаваліся саборным пастановам і такім чынам «раскалолі» царкву (адсюль назва «Раскол»).

Раскольнікі цярпелі ад перасьледу з боку Маскоўскага патрыярхату і ўладаў Маскоўскай дзяржавы (пазьней Расейскай імпэрыі): іх высылалі на ўскраіны Расеі, зьнявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі сьмерцю. Шмат прыхільнікаў Расколу ўцякло за граніцу, у тым ліку ў Вялікае Княства Літоўскае.

У 2-й палове XVII ст. стараверства стала ідэйным сьцягам розных апазыцыйных рухаў — ад антыфэадальна-сялянскіх да кансэрватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар і сацыяльная неаднароднасьць удзельнікаў Расколу абумовілі наяўнасьць розных па арганізацыі і ідэалёгіі груповак стараверства.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бажэнаў Ю. Раскол // БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13.. С. 352.
  2. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  3. ^ а б Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  4. ^ Саган О. Вселенське православ'я. Суть. Історія. Сучасні реалії. — Київ. Світ знань. 2004. С. 486.
  5. ^ Сідарэвіч А. Па ўсіх канонах: чаму аўтакефалію дае канстанцінопальскі патрыярх // Наша гісторыя. № 4, 2018. С. 37.
  6. ^ Нуруллаев А. А. Нуруллаев А. Ал. Религия и политика. — М., 2006. С. 299.
  7. ^ Реформа богослужения во 2-й пол. XVII в. // Православная энциклопедия. Том 00. Русская Православная Церковь(недаступная спасылка) / По благословению Святейшего Патриарха Московского и всея Руси Алексия II. — М.: Церковно-научный центр Русской Православной Церкви «Православная Энциклопедия». 2000. — 688 с. — ISBN 5-89572-005-6.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
  • Православная энциклопедия. Том 00. Русская Православная Церковь] / По благословению Святейшего Патриарха Московского и всея Руси Алексия II. — М.: Церковно-научный центр Русской Православной Церкви «Православная Энциклопедия». 2000. — 688 с. — ISBN 5-89572-005-6.