Расстрэл сям’і Раманавых

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фатаздымак імпэратарскай сям’і 1913 году

Расстрэ́л сям’і́ Рама́навых — забойства апошняга расейскага імпэратара Мікалая II і ягонай сям’і, які быў ажыцьцёўлены ў паўпадвальным памяшканьні дому Іпацьева ў Екацярынбургу ў ноч з 16 на 17 ліпеня 1918 году згодна з пастановай выканкаму Ўральскай абласной рады рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які быў падначалены бальшавікам. Разам з царскай сям’ёй былі расстраляныя і чальцы ейнай сьвіты.

Большасьць сучасных гісторыкаў сыходзяцца ў меркаваньні, што прынцыповае рашэньне аб расстрэле Мікалая II было прынята ў Маскве, пры гэтым звычайна паказваюць на кіраўнікоў Савецкай Расеі Якава Сьвярдлова і Ўладзімера Леніна. Тым ня менш, адзінства па пытаньнях выдачы санкцыі на расстрэл толькі Мікалая II ці ўсёй ягонай сям’і, сярод сучасных гісторыкаў няма.

Сярод юрыстаў таксама няма адзінства з нагоды таго, ці быў расстрэл санкцыянаваны вышэйшым савецкім кіраўніцтвам. Экспэрт-крыміналіст Юры Жук лічыць, што падлягаюць сумнёву факты, што выканкам Уральскай абласной рады дзейнічаў у адпаведнасьці зь інструкцыямі першых асобаў савецкай дзяржавы. Аднак, старэйшы сьледчы па асабліва важных справах СК Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Салаўёў, які з 1993 году вёў расьсьледаваньне абставінаў забойства царскай сям’і[1], у сваіх інтэрвію ў 2008—2011 гадох сьцьвярджаў, што расстрэл Мікалая II і ягонай сям’і праводзіўся без санкцыі Леніна і Сьвярдлова[2].

Да таго, як пабачыла сьвет рашэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага суду Расеі ад 1 кастрычніка 2008 году, лічылася, што Ўральская абласная рада не зьяўлялася судовым або іншым органам, які б меў паўнамоцтвы выносіць прысуд, апісаныя падзеі доўгі час разглядаліся зь юрыдычнага пункту гледжаньня ня як палітычныя рэпрэсіі, а як забойства, што перашкаджала пасьмяротнай рэабілітацыі Мікалая II і ягонай сям’і[3].

Парэшткі пяці чальцоў імпэратарскай сям’і, а таксама іхных слуг, былі знойдзены ў ліпені 1991 году непадалёк ад Екацярынбурга пад насып Старой Капцякоўскай дарогі. У ходзе сьледхтва па крымінальнай справе, якую вяла Генпракуратура Расеі, парэшткі былі ідэнтыфікаваныя. 17 ліпеня 1998 году астанкі чальцоў імпэратарскай сям’і былі пахаваныя ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбургу. У ліпені 2007 году былі знойдзеныя парэшткі царэвіча Аляксея і вялікай князёўны Марыі.

У верасьні 2015 году Сьледчы камітэт Расеі зноўку аднавіў расьсьледаваньне па факце гібелі царскай сям’і[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]