Роднай старонцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Роднай старонцы
Жанр: верш
Аўтар: Янка Лучына
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1892
Электронная вэрсія

«Роднай старонцы» — славуты верш беларускага паэта Янкі Лучыны, апублікаваны ў 1892 годзе. Напісаны чатырохстопным дактылем.

Публікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштоўка аб Янку Лучыне, выдадзеная суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», 1906
Малюнак Язэпа Драздовіча паводле Лучынавага верша. На карціне выяўленыя чатыры апошнія радкі твора.

Упершыню апублікаваны ў 1892 у «Паўночна-заходнім календары на 1892 год» за подпісам Н-скій. У 1906 пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» выдала паштоўку, прысьвечаную Янку Лучыну, дзе разам з партрэтам песьняра былі зьмешчаныя радкі яго твора. У 1907 г. верш апублікавала «Наша Ніва» (№17). У 1910 быў перакладзены на расейскую мову і зьмешчаны ў пецярбурскім «Альманахе-календаре для всех». У 1918 верш працытаваў часопіс «Чырвоны шлях». Затым верш друкаваўся ўва ўсіх пасьлярэвалюцыных хрэстаматыях беларускай літаратуры. У першы зборнік твораў Янкі Лучыны верш трапіў толькі ў 1953[1]. Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што ў арыгінале Янкі Лучыны было ня «сонца навукі», а «сонца свабоды», аднак апошні варыянт не прайшоў цэнзурных прыдзірак[2].

Алюзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яўхім Карскі паставіў радкі Лучынавага верша эпіграфам да сваёй шматтомнай працы «Беларусы». Кніжка апавяданьняў Ядвігіна Ш. «Бярозкі» (1912) таксама пачынаецца з радкоў верша паэта. У 1919 паводле Лучынавага верша мастак Язэп Драздовіч стварыў графічную кампазыцыю[1]. Існуе меркаваньне, што назва беларускіх газэт «Свабода», «Наша Ніва» і «Наша Доля» бяруць пачатак ад чатырохрадкоўя Лучынавага верша: «Сонца навукі скрозь цёмныя хмары / Прагляне ясна над нашаю ніваю, / І будуць жыці дзеткі патомныя / Добраю доляй — доляй шчасьліваю!...»

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі адзначаў: «З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднае старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі»[3]. Дасьледнік беларускай літаратуры Алег Лойка вызначае гэты твор як «найбольш папулярны» і ўважае за «вяршыню лірыкі» паэта: «Янка Лучына як паэт, дэмакрат і патрыёт выказаўся тут найпаўней»[4]. Як адзначае Ўладзімер Конан, Янка Лучына ў гэтым вершы ў пэўнай ступені палемізуе з сваім расейскамоўным творам «Не ради славы иль расчета» (1886): «расейскамоўны верш зьмяшчае праграму інтэлігента-народніка, які абацае: „Служить стране, глухой, забитой, / Где мрак невежества царит, / В лачуге, где, соломой крытой, / Мужик печально дни влачит...“. У „Роднай старонцы“ лірычны герой ўпэўнены, што яго народ будзе жыць „добраю доляй — доляй шчасьліваю“»[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Содаль У. «І будуць жыць дзеткі патомныя...» Пра верш Янкі Лучыны «Роднае старонцы» // Роднае слова. — 1997. — № 7. — С. 180—185.
  2. ^ Калубовіч Аўген. Крокі гісторыі. — Мн., 1993. — С. 146
  3. ^ Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры / Уклад. і падрыхт. тэксту Т. С. Голуб. — Мн.: Маст. літ., 1992. — С. 263. — 479 с.
  4. ^ Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 275—276. — 304 с.
  5. ^ Конан У. Міфалагічныя і біблейскія матывы ў творчасці Янкі Лучыны // Роднае слова. — 2001. — № 8. — С. 22.