Роза Люксэмбург

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Роза Люксэмбург
Rosa Luxemburg.jpg
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзілася: 5 сакавіка 1871
Замасьць, Царства Польскае
Памерла: 15 студзеня 1919
Бэрлін, Нямеччына
Партыя: Сацыял-дэмакратыя каралеўства Польшчы і Літвы, Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Камуністычная партыя Нямеччыны
Бацькі: Эліяш Люксэмбург
Ліна Лёвэнштайн
Адукацыя: Цюрыскі ўнівэрсытэт
Рэлігія: атэізм

Роза Люксэмбу́рг (па-нямецку: Rosa Luxemburg, па-польску: Róża Luksemburg; сапраўднае імя — Разалія Люксэмбург, псэўд. Róża Kruszyńska, Maciej Rózga, Spartakus; 5 сакавіка 1871, Замасьць, Царства Польскае15 студзеня 1919, Бэрлін, Нямеччына) — нямецкая рэвалюцыянэрка польска-габрэйскага паходжаньня, тэарэтык марксізму, філёзаф і эканаміст. Яна была пасьлядоўна чальцом Сацыял-дэмакратыі каралеўства Польшчы й Літвы (СДПКПіЛ), Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (НСДПН) і Камуністычнай партыі Нямеччыны (КПН).

У 1915 годзе, пасьля таго як СДПН падтрымала ўдзел Нямецкай імпэрыі ў Першай сусьветнай вайне, яна й Карл Лібкнэхт заснавалі антываенную Спартакаўскую лігу, якая ў канчатковым выніку стала Камуністычнай партыяй Нямеччыны (КПН). Падчас Нямецкай рэвалюцыі яна заснавала газэту «Чырвоны сьцяг» (ням. Die Rote Fahne) — цэнтральны ворган руху Спартака.

Яна палічыла паўстаньне спартакістаў 1919 году памылкай[1], але падтрымала яго пасьля таго, як Лібкнэхт ухваліў выступ. Калі паўстаньне было задушана з дапамогай сацыяльна-дэмакратычнага ўрада і Фрайкорпу, то бок зьвязу вэтэранаў Першай сусьветнай вайны правага кірунку, Люксэмбург, Лібкнэхт і некаторыя зь іхных прыхільнікаў былі схопленыя й забітыя. Роза была застрэлена, а ейнае цела выкінута ў Ляндвэр-канал у Бэрліне.

З-за ейнай вострай крытыкі як марксізму-ленінізму, гэтак і больш умераных сацыял-дэмакратычных школаў сацыялізму, Люксэмбург некалькі неадназначна ўспрымаецца сярод навукоўцаў і тэарэтыкаў левацкага кірунку[2]. Тым ня менш, некаторыя марксісты разглядаюць Люксэмбург і Лібкнэхта, як пакутнікаў. Згодна з Фэдэральным ведамствам па ахове канстытуцыі, погляды Розы Люксэмбург і Карла Лібкнэхта працягваюць гуляць важную ролю сярод нямецкіх сацыялістаў і камуністаў[3].

У ейны гонар у Менску названыя вуліца й завулак[4].

Жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Люксэмбург нарадзілася ў габрэйскай сям’і ў Замасьце 5 сакавіка 1871 году ў кантраляваным Расеяй Царстве Польскім. Яна была пятым дзіцем у сям’і гандляра драўнінай Эліяша Люксэмбурга й Ліны Лёвэнштайн. У пяцігадовым узросьце хвароба сьцягна прыкавала яе да ложку, і, як сьледзтва, яна атрымала кульгавасьць на ўсё жыцьцё[5].

Пасьля пераезду сям’і ў Варшаву Люксэмбург наведвала гімназію з 1880 году. У 1886 годзе ёна ўступіла да пралетарскай партыі, якая належыла да левацкага кірунку й была заснавана ў 1882 годзе. Ейны пачатак у палітыцы быў закладзены праз арганізацыю ўсеагульнага страйку, у выніку якога чатыры дзеяча зь лідэраў партыі былі пакараныя празь сьмерць, а дзейнасьць партыі забаронена, аднак астатнія партыйцы, у тым ліку й Люксэмбург, рэгулярна патаемна сустракаліся разам. У 1887 годзе яна атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі. У 1889 годзе Роза зьбегла ў Швайцарыю, каб пазьбегнуць арышту, дзе паступіла ў Цюрыскі ўнівэрсытэт. Ва ўнівэрсытэце Роза вывучала філязофію, гісторыю, палітыку, эканоміку й матэматыку. Дзякуючы пасьпяховаму адстойваньню доктарскай дысэртацыі па тэме прамысловага разьвіцьця Польшчы ўвесну 1897 году яна атрымала ступень доктара права.

У 1893 годзе разам зь Лео Ёгіхэсам і Юліянам Мархлеўскім Люксэмбург заснавала газэту «Sprawa Robotnicza», каб выступіць супраць нацыяналістычнай палітыкі Польскай сацыялістычнай партыі, лічачы, што толькі праз сацыялістычную рэвалюцыю ў Нямеччыне, Аўстрыі й Расеі Польшча была бы здольная існаваць як незалежная дзяржава. Яна сьцьвярджала, што барацьба павінна быць супраць капіталізму, а ня толькі за польскую незалежнасьць. Ейная пазыцыя адмаўленьня нацыянальнага права на самавызначэньне пры сацыялізьме справакавала напружанасьць у адносінах з Уладзімерам Ленінам. Яна й Лео Ёгіхэс сталі сузаснавальнікамі Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага, якая потым пасьля зьліцьця з Сацыял-дэмакратычнай партыя Літвы пачала называцца як Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага й Літвы (СДПКПіЛ). Нягледзячы на пражываньне ў Нямеччыне большую частку свайго дарослага жыцьця, Люксэмбург была адной з галоўных тэарэтыкаў польскіх сацыял-дэмакратаў.

Перад вайной[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Люксэмбург (справа) разам з Кларай Цэткін (зьлева)
Статуя Люксэмбург у Бэрліне

У траўні 1898 году Люксэмбург абралася фіктыўным шлюбам з Густавам Любэкам, дзякуючы чаму праз мужа атрымала нямецкае грамадзянства, і пераехала ў Бэрлін. Там яна прыняла актыўны ўдзел у дзейнасьці левага крыла Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), дзе адразу правяла мяжу паміж ейнай фракцыяй і тэорыяй рэфармізму Эдуарда Бэрнштайна, робячы напады на ​​ягоную тэорыю ў сваёй брашуры, якая была выраблена ў верасьні 1898 году пад назовам Сацыяльная рэформа або рэвалюцыя.

З 1900 году Люксэмбург публікавала аналіз сучасных эўрапейскіх сацыяльна-эканамічных праблемаў у газэтах. Прадбачачы вайну, яна энэргічна атакавала сілы, якія падтрымлівалі нямецкі мілітарызм і імпэрыялізм. Яна жадала зарганізаваць усеагульны страйк, каб заклікаць працоўных да салідарнасьці адзін з адным і прадухіліць тым самым будучую вайну. Аднак лідэры СДПН не падтрымалі ідэяў Розы. Паміж 1904 і 1906 гадамі Люксэмбург знаходзілася за кратамі з-за сваю палітычнай дзейнасьць. У 1907 годзе яна наведала сустрэчу расейскіх сацыял-дэмакратаў у Лёндане, дзе сустрэлася Ўладзімерам Ленінам. На другім Міжнародным сацыялістычным зьезьдзе, у Штутгарце, яна прадставіла рэзалюцыю пра супрацоўніцтва ўсіх эўрапейскіх працоўных партыяў, якая была ўхвалена.

Люксэмбург выкладала марксізм і эканоміку ў Бэрлінскім навучальным цэнтры СДПН. Ейны студэнт, Фрыдрых Эбэрт, пазьней стаў лідэрам СДПН, а потым і першым прэзыдэнтам Ваймарскае рэспублікі. У 1912 годзе яна ўзяла ўдзел ў зьезьдзе эўрапейскіх сацыялістаў як прадстаўнік СДПН. Разам з францускім сацыялістам Жанам Жарэсам, яна сьцьвярджала, што эўрапейскія працоўныя партыі павінны зарганізаваць ўсеагульны страйк у выпатку пачатку вайны. Але ў 1914 годзе, калі нацыяналістычны крызіс на Балканах выліўся да пачатку сусьветнае вайны, усеагульны страйк ня быў зроблены, а большасьць чальцоў СДПН падтрымала вайну — як гэта зрабілі й францускія сацыялісты.

У адказ Люксэмбург зарганізавала антываенныя дэманстрацыі ў Франкфурце, заклікаючы да адмовы ад прызыву на вайсковую службу й адмову выконваць загады, з-за чаго была арыштавана й зьняволена на год за падбухторваньне да непадпарадкаваньня законам уладаў і парадку.

Падчас вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1914 году Люксэмбург, разам з Карлам Лібкнэхтам, Кларай Цэткін і Францам Мэрынгам, заснавала групу Інтэрнацыянал (ням. Die Internationale), якая ў студзені 1916 году была ператвораны ў Спартакаўскую лігу. Чальцы групы пісалі антызаконныя, антываенныя памфлеты пад псэўданімам «Спартак», у гонар тракійскага глядыятара-раба, які ўзьняў паўстаньне да вызваленьня ад рабства. Ідэялягічна Спартакаўская ліга цалкам адхіляла падтрымку СДПН вайны, спрабуючы зарганізаваць ўсеагульны антываенны пралетарскі страйк. У выніку ў чэрвені 1916 году Люксэмбург зноўку была зьньняволена, на гэты раз ужо на два з паловой гады. У турму таксама трапіў Карл Лібкнэхт. Падчас свайго зьняволеньня, яна месьцілася ў турмах Познані й Брэслава.

У 1917 годзе Спартакаўская ліга была афілявана зь Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй (НСДПН), якая таксама прытрымлівалася антываенных поглядаў і была заснавана былым чальцом СДПН Гуго Гаазэ. У лістападзе 1918 году НСДПН і СДПН прыйшлі да ўлады ў новай рэспубліцы пасьля зраканьня кайзэра ад стальцу, якое мела месца пасьля правядзеньня Нямецкай рэвалюцыі, распачатай у Кілі матросамі.

Нямецкая рэвалюцыя й сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Барыкады на вуліцах Бэрліну падчас паўстаньня спартакістаў 1919 году

Люксэмбург была вызвалена з турмы ў Брэславе 8 лістапада 1918 году. Празь дзень быў вызвалены й Карл Лібкнэхт. Разам яны рэарганізавалі дзейнасьць Спартакаўскай лігі й заснавалі газэту «Чырвоны сьцяг», патрабуючы амністыі для ўсіх палітычных зьняволеных і адмену сьмяротнага пакараньня. 14 сьнежня 1918 году яны апублікавалі новую праграму сваёй арганізацыі.

З 29 па 31 сьнежня 1918 году яны прынялі ўдзел у сумесным зьезьдзе Спартакаўскай лігі, незалежных сацыялістаў і партыі Міжнародных камуністаў Нямеччыны (МКН), дзе была створана Камуністычная партыя Нямеччыны (КПН) пад кіраўніцтвам Карла Лібкнэхта й Розы Люксэмбург. Яна падтрымала ўдзел КПН у выбарах у Нацыянальны Сход Ваймарскай рэспублікі, аднак не брала ў ім удзел у якасьці кандыдата. У студзені 1919 году па Бэрліну пракацілася другая хваля рэвалюцыі. У адрозьненьне ад Лібкнэхта, Люксэмбург спачатку не падтрымала спробу захапіць уладу сілком, але «Чырвоны сьцяг» заклікаў паўстанцаў заняць рэдакцыі лібэральнай прэсы.

У адказ на паўстаньне лідэр сацыял-дэмакратаў Фрыдрых Эбэрт загадаў здушыць левацкую рэвалюцыю. Люксэмбург і Лібкнэхт былі схопленыя ў Бэрліне 15 студзеня 1919 году, пасьля чаго забітыя без правядзеньня судовай справы. Акрамя таго было забіта шмат чальцоў КПН, іншых рэвалюцыянэраў і грамадзянскіх асобаў у Бэрліне й па ўсёй Нямеччыне ў спробе зьнішчыць рэвалюцыю. Нарэшце працоўныя й салдацкія саветы, якія пачалі стварацца ад Лістападаўскай рэвалюцыі й зь цягам часу перашлі да лявацкага кірунку, былі забароненыя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Frederik Hetmann: Rosa Luxemburg. Ein Leben für die Freiheit, p. 308
  2. ^ Leszek Kołakowski ([1981], 2008), Main Currents of Marxism, Vol. 2: The Golden Age, W. W. Norton & Company
  3. ^ Gedenken an Rosa Luxemburg und Karl Liebknecht – ein Traditionselement des deutschen Linksextremismus. BfV-Themenreihe, Bundesamt für Verfassungsschutz, 2008
  4. ^ Улицы города Минска(рас.)
  5. ^ Annette Insdorf (1987-05-31). Rosa Luxemburg: More Than a Revolutionary. The New York Times.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Роза Люксэмбургсховішча мультымэдыйных матэрыялаў