Роўмінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Роўмінг (па-ангельску: roaming ад па-ангельску: roam — «блукаць», «вандраваць») — наданьне паслугаў сувязі (сотавай сувязі, Wi-Fi і падобнае) абанэнту па-за зонай пакрыцьця хатняе сеткі (альбо «хатняе» базавай станцыі) абанэнта з выкарыстаньнем рэсурсаў іншай («гасьцёўнай») сеткі. Пры гэтым ад абанэнта не патрабуецца дадаткова ўкладаць дамовы з гасьцёўным апэратарам ды дадаткова наладжваць свой тэлефон (або іншую прыладу). Аплата за паслугі сьпісваецца ў звычайным рэжыме. Пры тэлефонным роўмінгу абанэнт захоўвае свой тэлефонны нумар.

Кошты абслугоўваньня ў роўмінгу ёсьць зазвычай вышэйшымі за хатнія. Дакладны іх памер прапісваецца ў двухбаковых міжапэратарскіх роўмінгавых пагадненьнях.

З тэхнічнага пункту гледжаньня абслугоўваньне абанэнта сотавай сеткі базавай станцыяй, прыпісанай да іншага камутатара, ужо зьяўляецца роўмінгам. Але часьцей за ўсё пад роўмінгам уважаюць абслугоўваньне ў сетцы іншага апэратара. Гэтае паслуга вымагае ўкладаньня папярэдніх угодзінаў між апэратарамі, у якіх прапісваецца кошт тэлефанаваньняў, тэкстовак ды іншых паслугаў для гасьцёў зь іншых сетак. У залежнасьці ад тыпу білінгавага абсталяваньня апэратараў, кошты званкоў у гасьцёўных сетках могуць сьпісвацца як адразу (рэжым рэальнага часу), так і празь некаторы час (ад некалькіх гадзінаў да тыдню).

Віды роўмінгу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ручны роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сетках сотавай сувязі ранейшых пакаленьняў, а таксама ў пэйджынгавых сетках для часовага абслугоўваньня ў чужой сетцы ад абанэнта патрабавалася скласьці папярэднюю заяву. У гэтым выпадку яго кожны раз «ручма» рэгістравалі ў гасцёўнай сетцы на патрэбны тэрмін.

Аўтаматычны роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры аўтаматычным роўмінгу апарат абанэнта аўтаматычна рэгіструецца ў чужой сетцы (праўда, у некаторых выпадках патрабуецца адлучыць ды падлучыць апарат пры пераходзе ў гасьцёўную сетку). Такі тып роўмінгу пераважае ў нашыя дні.

Тыпы роўмінгу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэгіянальны роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэгіянальны роўмінг ёсьць выкарыстаньнем мабільнага тэлефону ў сетцы таго ж апэратара, але ў іншым рэгіёне. Выкарыстоўваецца ў сетках мабільных апэратараў вялікіх краінаў, дзе сетка ёсьць фрагмэнтаванай на «хатні» ды «іншыя» рэгіёны. Кошты на паслугі пры знаходжаньні па-за межамі «хатняга» рэгіёну зазвычай ніжэй, чым пры нацыянальным або міжнародным роўмінгу. На дадзены момант рэгіянальны роўмінг яшчэ выкарыстоўваецца ў ЗША, Расеі, Індыі, але трывае відавочны рынкавы працэс па «зьліцьці» тарыфаў розных рэгіёнах ды стварэньні агульнае нацыянальнае тарыфікацыі.

Нацыянальны роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэта магчымасьць карыстацца з тэлефону ў сетках іншых апэратараў той жа ж краіны. Паводле камэрцыйных чыньнікаў, гэты тып роўмінгу дазваляецца толькі ў пэўных умовах. Звычайна гэта адбываецца тады, калі новая кампанія атрымлівае ліцэнзію на наданьне паслугаў мабільнае сувязі й спрабуе выйсьці на рынак, укладаючы зь іншымі апэратарамі ўгодзіны аб роўмінгу для сваіх абанэнтаў ў іх сетках, пакуль ня будзе пабудаваная ўласная сетка. Рэгіянальны роўмінг таксама распаўсюджаны ў краінах, дзе, акрамя агульнанацыянальных апэратараў, дзее шмат рэгіянальных правайдэраў. У такім выпадку, калі агульнанацыянальны апэратар ня мае сеткі ў некаторых рэгіёнах, ён можа скласьці роўмінгавую дамову зь мясцовымі правайдэрамі.

У Беларусі нацыянальны роўмінг не дазваляецца паводле ўмоваў ліцэнзіяў, што выдадзеныя мабільным апэратарам.

Міжнародны роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчымасьць карыстацца паслугамі сотавае сувязі па-за межамі ўласнае краіны ў сетках іншых апэратараў без дадатковых наладак або прыдбаньня мясцовай сім-карткі. Як і ва ўсіх папярэдніх выпадках, абанэнт захоўвае свой уласны нумар.

Міжнародны роўмінг найболей распаўсюджаны між сеткамі стандарту GSM з прычыны іх глябальнае стандартызацыі. Аднак нават у гэтым выпадку могуць быць праблемы, бо ў розных краінах вылучаныя розныя частоты пад GSM-сувязь (бальшыня выкарыстоўвае 900/1800 МГц, але ЗША й некаторыя іншыя дзяржавы вылучылі для GSM-тэлефонаў частату 850/1900 МГц). Каб працаваць у краіне зь іншымі частотамі, апарат абанэнта павінны падтрымліваць больш за два дыяпазоны.

Міжстандартавы (або «плястыкавы») роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчымасьць абслугоўваньня сім-карткі абанэнта ў сетках розных стандартах (напрыклад, GSM ды WCDMA).

Паколькі тэхналёгіі мабільнае сувязі разьвіваліся незалежна на розных кантынэнтах, існуюць значныя цяжкасьці ў гарантаваньні «празрыстага» роўмінгу ў сетках розных стандартаў. Вялікая разнастайнасьць апошніх змусіла найбуйнейшых вытворцаў пачаць супольную працу па гарантаваньні ўзаемадзеяньня з мэтай наладжваньня міжстандартавага роўмінгу.

Нават калі абанэнт знаходзіцца на тэрыторыі, дзе няма сотавых сетак ягонага «хатняга» стандарту, ён можа скарыстацца з роўмінгу ў сетках іншага стандарту. Напрыклад, абанэнт GSM можа карыстацца зь сеткі CDMA або спадарожнікавае сеткі (напрыклад, Thuraya). Для гэтага яму трэба будзе паставіць сваю сімку ў іншы тэлефон, які працуе ў тым стандарце.

GPRS/EDGE-роўмінг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэта магчымасьць доступу да Інтэрнэту праз мабільны тэлефон у сетках іншых апэратараў без дадатковае наладкі тэлефону.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Роўмінгсховішча мультымэдыйных матэрыялаў