Рубель (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Ліцьвін (гутаркі | унёсак) у 19:45, 19 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Рубель
Першыя згадкі: 1458
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Столінскі
Сельсавет: Рубельскі
Насельніцтва: 4 300 (2007)
Колькасьць двароў: 1461
Тэлефонны код: +375 1655
Паштовы індэкс: 225533
Аўтамабільны код: 1
Геаграфічныя каардынаты: 51°57′ пн. ш. 27°04′ у. д. / 51.95° пн. ш. 27.067° у. д. / 51.95; 27.067Каардынаты: 51°57′ пн. ш. 27°04′ у. д. / 51.95° пн. ш. 27.067° у. д. / 51.95; 27.067
Рубель на мапе Беларусі
Рубель
Рубель
Рубель

Рубе́ль (мясцовая назва: Рубэ́ль) — вёска ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, на рацэ Чаква (старарэчча Рубельская Рака), за 10 км на паўднёвы захад ад Альпеня, за 6 км на ўсход ад Беражнога, за 3 км на поўнач ад Хотамля, за 18 км паўночны ўсход ад Століна, за 263 км — ад Берасьця, за 26 км — ад чыгуначнай станцыі Гарынь.

Рубель уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Рубельскага сельсавету і сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыва «Рубельскі» (былога калгасу). Другая велічынёй вёска ў Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў).

Гісторыя

Першыя згадкі пра вёску належаць да 1458 году, калі яна згадваецца пад назвай Любра (Любер). Да канца ХVIII стагодзьдзя гэтая назва ператварылася ў назву Рубля, Рубель. У XVI-XVIII стагодзьдзях вёска знаходзілася ў складзе Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага, зьўлялася ўладаньнем Зышчынічаў, Пашкевічаў, Рэзановічаў. З 1793 году вёска знаходзіцца ў складзе Расейскай імпэрыі, у Хорскай воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. З 1921 году знаходзіцца ў складзе Польшчы. З 1939 году ў складзе Беларускай ССР. 15 студзеня 1940 году ў складзе Давыд-Гарадоцкага раёну Пінскай вобласьці быў створаны Рубельскі сельсавет. Падчас Другой сусьветнай вайны, у 1944 годзе, нямецка-фашысцкія захопнікі забілі 122 жыхары і спалілі вёску падчас адступленьня (730 хат). Уцалела толькі царква. Вёска Рубель ўвекавечаная ў мэмарыяльным комплексе «Хатынь» як адна са спаленых вёсак. З 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці. З 1961 году ў Столінскім раёне.

Насельніцтва

У 1886 годзе ў вёсцы налічвалася 450 жыхароў і 46 гаспадарак, у 1897 годзе — 450 жыхароў і 38 дамоў[1], у 1909 годзе — 3259 жыхароў і 448 двароў, у 1921 годзе — больш за 2800 насельнікаў і 457 гаспадарак. У 1932 годзе ў Рублі зарэгістравана 4166 жыхароў. У 1939 годзе — 541 двор, дзе пражывалі 3887 чалавек.

Колькасьць жыхароў перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны склала 3688 чалавек, было 730 гаспадарак.

У 1959 годзе налічвалася 4668 насельнікаў, у 1970-м — 5565 жыхароў, у 1999-м — 4186 жыхароў 440 двароў. Па стане на пачатак 2001 году было 1350 сядзібаў і 4138 жыхароў. У 2004 годзе налічвалася 1444 двароў і каля чатырох з паловай тысячаў жыхароў. У 2005 годзе — 4034 чал., 1453 двары[2], у 2007 годзе — 4300 чал. і 1461 двор[3], у 2010 годзе — 4700 чал.[4].

Да 1973 году Рубель была самай вялікай вёскай у Беларусі[3]. Зараз другая велічынёй вёска ў Столінскім раёне і Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў), да 2005 году — трэцяя ў Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў і Моталя).

Інфрастуктура

У вёсцы знаходзяцца льнокамбінат (не працуе), аддзяленьне сувязі РУП «Белпошта», аддзяленьне ААТ «Беларусбанк», аптэка, 7 прыватных крамаў (Вераніка, Людміла, Вольга, аўтазапчасткі), 4 дзяржаўных крамы, два ўнівэрмага (Сылюэт і Прамтавары), кафэ «Івушка», школьная сталовая, кнігарня (зачынена), дзьве хлебныя крамы, бібліятэка, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, два ясьлі-сад, рынак, аўтазаправачная станцыя, два млына.

У ліпені 2008 году ў вёсцы адкрылася новая амбуляторыя.

Інфармацыя для турыстаў

У 1965 годзе ўзьведзены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Каля вёскі знаходзяцца курганы, паселішчы і могільнік зарубінецкай культуры.

Помнікі архітэктуры

  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Рубельская Міхайлаўская царква). Пабудавана ў 1796 годзе. Адзін з самых яскравых прыкладаў палескай школы драўлянага дойлідзтва стылю барока.
  • Усьпенская царква. Пабудавана ў 1996 годзе.
  • Малітоўны дом хрысьціян веры эвангельскай (хрысьціян-баптыстаў)

Тэрытарыяльны падзел

Традыцыйная вёска дзеліцца на 11 мікравёсак:

  • Вакза́л — паўднёва-заходняя частка вёскі, на захад ад цэркваў
  • Вялі́кі Лес — паўднёва-заходняя частка вёскі, за Вакзалам
  • До́ўгае — усходняя частка вёскі, каля Салабаі
  • Жыды́ — усходняя частка вёскі
  • Запо́льле — паўночна-ўсходняя частка вёскі
  • Зарэ́чча — заходняя частка вёскі, на левым беразе Чаквы
  • Машлякі́ — паўднёвая частка вёскі
  • Но́вы Пасёлак — на ўсход ад Туразы
  • Салабаі́ — усходняя частка вёскі
  • Сяло́ — цэнтральная частка вёскі
  • Ту́раза — паўночна-ўсходняя частка вёскі

Вуліцы: 50 гадоў Кастрычніка, 60 гадоў Кастрычніка, Агародная, Алега Кашавога, Астроўскага, Багдановіча, Берагавая, Будзённага, Вакзальная, Вялікалясная, Гагарына, Горкага, Зарэчная, Казлова, Калгасная, Камарова, Камсамольская, Карла Маркса, Кірава, Клімука, Леніна, Лугавая, Машэрава, Маякоўскага, Моладзевая, Палеская, Партызанская, Паўночная, Перамогі, Піянэрская, Пушкіна, Разановіча, Савецкая, Садовая, Францішака Скарыны, Ціхая, Чырвонаармейская, Школьная, Якуба Коласа, Янкі Купалы

Завулкі: 50 гадоў Кастрычніка, Агародны, Алега Кашавога, Берагавы, Горкага, Казлова, Калгасны, Кастрычніка, Леніна, Ленінскі, Машэрава, Піянэрскі, Савецкі, Ціхі, Янкі Купалы

Цікавая інфармацыя

Прыклады вясковага вымаўленьня:

  • Бага́то — шмат
  • Вон — ён
  • Вона́ — яна
  • Воны́ — яны
  • Дзе́ўчына — дзяўчына
  • Дзярэ́ўня — вёска
  • Е́сьцяка — ёсьць
  • Кого́ — кагосьці
  • Колі́ — калі
  • Кра́ма — ларок
  • Ла́ўка — крама
  • Ма́мо — мама
  • Пое́хаў — паехаў
  • Пошо́ў — пайшоў
  • Та́то — тата
  • У мане́ — у мяне
  • Фа́йно — цудоўна
  • Хоро́шы — прыгожы
  • Цяпэ́р — сёньня
  • Шо-то — штосьці
  • Шчо — што
  • Якэ́ — які

Вядомыя выхадцы

Крыніцы

  1. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7. С. 591.
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7. С. 591.
  3. ^ а б Вось гэта Рубель! // Звязда
  4. ^ Пра "маё" і "не маё" // Звязда

Вонкавыя спасылкі