Румынія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Румынія
România
Сьцяг Румыніі Герб Румыніі
(Сьцяг) (Герб)
Дзяржаўны гімн
«Deşteaptă-te, române!»
Месцазнаходжаньне Румыніі
Афіцыйная мова Румынская
Сталіца Бухарэст
Найбуйнейшы горад Бухарэст
Форма кіраваньня Дэмакратычная рэспубліка
Траян Бэсэску
Віктор Понта
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
82-е месца ў сьвеце
238 391 км²
3%
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 • шчыльнасьць
59-е месца ў сьвеце
20 121 641[1]
79/км²
СУП
 • агульны (2006)
 • на душу насельніцтва
44-е месца ў сьвеце
$204,4 млрд
$9 446
Валюта Лей (RON)
Часавы пас
 • улетку
EET (UTC+2)
CEST (UTC+3)
Незалежнасьць
 -Заснаваная

9 траўня 1877
Аўтамабільны знак RO
Дамэн верхняга ўзроўню .ro
Тэлефонны код +40
Мапа Румыніі

Румы́нія (па-румынску: România) — дзяржава ў Эўропе. Румынія мяжуе з Украінай, Малдовай, Вугоршчынай, Сэрбіяй і Баўгарыяй, займае паўночны ўсход Балканскай паўвыспы. На ўсходзе мае выхад да Чорнага мора.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У VIIV стагодзьдзях да н. э. на марскім узьбярэжжы Румыніі ўзьніклі грэцкія калёніі Істрыя, Томіс, Калатыс. У дахрысьціянскую эпоху кантынэнтальная частка краіны была заселеная дакамі (плямёны фракійцаў), і ў канцы І стагодзьдзя тут утварылася іх першая дзяржава. У 105106 гадах яна была заваявана рымскім імпэратарам Траянам. У ІІІ ст. рымляне саступілі гэту тэрыторыю барбарам. У VIVII стагодзьдзях гэтыя землі былі заваяваны баўгарамі і печанегамі. У 896 годзе ў Трансыльваніі зьявіліся вугорцы, якія прыйшлі сюды з Уралу і Волгі. У ХХІ стагодзьдзях, на захадзе ўзьніклі вугорскія княствы Банат і Трансыльванія. У ХІІХІІІ стагодзьдзях гэта тэрыторыя была заселена немцамі з Саксоніі і Швабіі. У 1290 годзе на поўдні ўтварылася княства Валахія, а ў 1359 годзе — на ўсходзе — Малдова. У другой палове ХІІІ стагодзьдзя вугорцы падначалілі абодва княствы, якія сталі паўаўтаномнымі правінцыямі. У Трансыльваніі вугорцы пасялілі секлераў — вугорскіх памежных ахоўнікаў, якія абаранялі межы Вугорскага каралеўства ад турак. У 1330 годзе Валахія атрымала незалежнасьць. У XV стагодзьдзі Валахія і Малдова трапілі пад турэцкую ўладу, а Дабруджа была захоплена туркамі ў 1418 годзе. У 14151711 гадах Валахія і Малдова кіраваліся мясцовымі князямі, якія кантраляваліся туркамі. На працягу XVIXVII стагодзьдзяў быў пэрыяд няўстойлівасьці ўлады, за гэты час зьмянілася 112 князёў. Пасьля перамогі турак над вугорцамі (1526), тэрыторыя Румыніі поўнасьцю апынулася пад уладай Асманскай імпэрыі. У 1691 годзе Трансыльванія, а потым, у 1775 годзе і Букавіна адышлі да Аўстрыі. У 1812 годзе Расейская імпэрыя захапіла Бесарабію (усходнюю частку Малдовы). У 1821 годзе румынскія князі вярнуліся на малдаўскі і валаскі прастолы. У 1829 годзе Расейская імпэрыя атрымала пратэкіарат над румынскімі княствамі, і да 1856 году тут знаходзіліся расейскія войскі. У 1859 годзе, пры ўдзеле Францыі, аўтаномныя княствы былі аб’яднаны ў Румынскае княства. У 1866 годзе румынскім князем быў абраны нямецкі прынц Караль Гагэнцолерн-Зыгмарынген, які ў 1881 годзе стаў яе першым каралём. У 1877 годзе Румынія прыняла дэклярацыю незалежнасьці, і пасьля сканчэньня расейска-турэцкай вайны (18771878) эўрапэйскія краіны прызналі новую дзяржаву. Пасьля Першай сусьветнай вайны Румынія далучыла часткі былой Аўстра-Вугоршчыны — Дабруджу, Трансыльванію, Банат і Букавіну, а таксама, расейскую Бесарабію. Пасьля гэтага этнічны склад насельніцтва складаўся ня толькі з румынаў, але і з вугорцаў, габрэяў, украінцаў. У 1940 годзе, пад ціскам нацысцкай Нямеччыны і савецкай Расеі Румынія была вымушана перадаць Вугоршчыне Паўночную Трансыльванію, БаўгарыіДабруджу, а СССР — Паўночную Букавіну і Бесарабію. У Другой сусьветнай вайне Румынія ўдзельнічала на баку Нямеччыны. У 1944 годзе краіна трапіла пад савецкую акупацыю. У 1945 годзе СССР перадаў Румыніі Паўночную Трансыльванію, але без Герцаеўскага раёну (адышоў да УССР). У 1947 годзе быў усталяваны камуністычны рэжым, абвешчана Румынская Народная Рэспубліка і ліквідавана манархія. У 19651989 гадах улада належала камуністычнаму дыктатару М. Чаўшэску. У сьнежні 1989 году выбухнула рэвалюцыя, у выніку якой камуністычны рэжым быў ліквідаваны, а Чаўшэску быў расстраляны.

У наш час Румынія знаходзіцца ў складзе Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ўваходзіць у вайсковы блёк НАТО.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстытуцыя Румыніі заснавана на канстытуцыі пятай францускай рэспублікі і была зацьверджана на рэфэрэндуме 8 сьнежня 1991 году. Плебісцыт, праведзены ў кастрычніку 2003 году, дазволіў 79 паправак у канстытуцыю, каб прыблізіць яе да стандартаў Эўрапейскага Зьвязу. Палітычная сыстэма Румыніі заснавана на шматпартыйнай дэмакратычнай сыстэме. Улада падзелена на выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўлады.

Выканаўчая ўлада падзелена паміж прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам. Прэзыдэнт выбіраецца праз агульныя выбары на пяцігадовы тэрмін, і можа перавыбірацца толькі адзін раз. Прэзыдэнт назначае прэм’ер-міністра, які ў сваю чаргу назначае Кабінэт Міністраў.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парлямэнту (Parlamentul României), які складаецца з сэнату (140 сэнатараў) і Палаты Дэпутатаў (Camera Deputaţilor) — 346 дэпутатаў. Усе ўдзельнікі парлямэнту выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін па прапарцыянальнай сыстэме.

Судовая сыстэма зьяўляецца незалежнай ад іншых галінаў улады і будуецца па іерархічнай сыстэме, у якой Вышэйшы Касацыйны Суд зьяўляецца вярхоўным судом Румыніі. Румынская сыстэма юстыцыі пабудавана згодна францускай сыстэмы, і заснавана на вярхоўнасьці грамадзянскага права і непазьбежнасьці пакараньня. Канстытуцыйны суд (Curtea Constituţională) адказны за вырашэньне заканадаўчых супярэчнасьцяў і ўзаемадзеяньне мясцовых заканадаўчых актаў з канстытуцыяй краіны.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фізычная мапа Румыніі

Паўночную і цэнтральную часткі краіны перасякаюць выцягнутыя дугой Карпацкія горы: з поўначы на поўдзень — Усходнія Карпаты, з усходу на захад Трасыльванскія Альпы з самай высокай кропкай краіны — гарой Малдавяну (2544 м). Унутры Карпацкай грады знаходзіцца Трансыльванскае плято (300—600 м) з узвышшамі і глыбокімі далінамі. На ўсход ад Усходніх Карпатаў знаходзіцца Малдоўскае ўзвышша. На захадзе разьмешчаны Заходне-Румынскія горы. На крайнім захадзе знаходзяцца ўчасткі Сярэднедунайскай раўніны. На поўдзень ад Трансыльванскіх Альпаў і Ўсходніх Карпатаў да Дунаю і Чорнага мора знаходзяцца Ніжнедунайская раўніна і раўніна Бэрэган, а таксама карставае плято Дабруджа.

Клімат умераны, кантынэнтальны са сьпякотным летам і халоднай зімой; большасьць ападкаў выпадае летам. Сярэдняя тэмпэратуры студзеня -1°С … –5°С, а чэрвеня +16°С … +23°С. На ўсходзе, на раўнінах і ўзвышшах выпадае 450—550 мм ападкаў за год, на захадзе да 600—700 мм, на схілах гор 1200—1400 мм. Галоўная рака Румыніі — Дунай (1089 км).

На Малдоўскім узвышшы пераважае лесастэпавая расьліннасьць. У прадгор’ях (да 500 м) растуць дубы і букі; у Карпатах (да 1200—1400 м) — букавыя лясы, вышэй — яловыя і піхтавыя лясы. На высакагор’ях (вышэй за 1500 м) — субальпійскія лугі.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва налічвае больш за 20,1 млн чалавек (2011), зь якіх румыны склалі 89%, вугорцы — 7%, цыгане — 3%, украінцы — 0,5%, немцы — 0,3%. Большасьць вернікаў — праваслаўныя (87%), вугорцы, у асноўным, зьяўляюцца каталікамі (6%) і кальвіністамі (7%), татары і туркі, у асноўным, мусульмане. Афіцыйная мова — румынская.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Румыніясховішча мультымэдыйных матэрыялаў