Рэйкавая вайна (1990-я)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Рэ́йкавая вайна́» — масавыя акцыі пратэсту насельніцтва вугальных рэгіёнаў Расеі ў 1990-х роках супраць затрымак па выплатах заробкаў, якія зьдзяйсьняліся шляхам перакрыцьця чыгуначных шляхоў (адсюль назва). Пратэстоўцы таксама патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Барыса Ельцына і ўраду[1].

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам зімы — вясны 1998 року шахтэры патрабавалі ад уладаў і працадаўцаў сплаціць усе запазычанасьці па заробку, папярэдзіўшы, што перакрыюць дарогі[1]. Ніякай рэакцыі фэдэральных уладаў не наступавала[1]. У Маскве на Гарбатым мосьце шахтэры праводзілі шматмесячны пікет ва ўмовах інфармацыйнай блякады з боку праўрадавых СМІ, тэлеканал ОРТ ня згадваў пікет, быццам яго не было[2].

Ініцыятарамі пікету былі жыхары Варкуты, дзе затрымкі выплатаў складалі 7 месяцаў[2]. Адзін з пратэстоўцаў распавёў: «Няма грошай на самае неабходнае. <…> Даводзіцца прасіць грошай у бацькоў-пэнсыянэраў, якім мы самі мусім дапамагаць. А ў іх пэнсія вядома якая. Сорамна. <…> Сын мне неяк кажа: Што, тата, паміраць будзем? <…> У адной сям’і сын-шкаляр павесіўся, пакінуў цыдулку: „Мне набрыдла слухаць вашыя з мамай звады з-за грошай…“ У іншай сям’і сам бацька ня вытрымаў — абвязаў сябе выбухоўкай. У нас трое наклалі на сябе рукі. Мы — рабы, скаціна. Раба і тое гаспадар корміць. Так болей жыць нельга!»[2].

У дакладзе пра выкананьне правоў чалавека Маскоўскай хэльсынскай групы паведамлялася: «Абурэньне беззаконнымі затрымкамі заробкаў, немагчымасьць трываць нахабны працяг нявыплатаў давялі масавыя настрі ў вугальных рэгіёнах да такога напалу, калі людзі, імкнучыся да законных, прызнаных грамадзтвам мэтаў і вартасьцяў, гатовыя скарыстаць дзеля іхняга дасягненьня незаконныя, разбуральныя сродкі»[3].

Блякаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1998 року пратэстоўцы на два-тры тыдні перакрылі некалькі ключавых магістраляў[1]. Шахтэры Інты заблякавалі рух у рэгіёне вуглездабычы ў Рэспубліцы Комі[1]. У Кузбасе шахтэры Анжэра-Суджанску і Междурэчанску, а таксама машынабудаўнікі Юргі заблякавалі магістраль, якая злучае Сыбір і Далёкі Ўсход, пазбавіўшы таксама Томскую вобласьць выхаду да чыгуначнай сеткі[1]. У Данбасе шахтэры места Шахты заблякавалі дарогу, якая злучае Цэнтар з Поўднем Расеі і Каўказам[1].

Пратэстоўцы ў Кузбасе прапускалі толькі мясцовыя электрацыі, цягнікі стратэгічнай значнасьці і з гуманітарнай дапамогай для шахтэраў[4]. Цалкам спынілася перавозка пасажыраў і грузаў на Далёкі Ўсход і наадварот[4]. 20 траўня ў Кемераўскай вобласьці была абвешчаная надзвычайная сытуацыя[4]. Частка цягнікоў сьпярша ішла праз Паўднёвасыбірскі ход (Абакан — Междурэчанск — ПаласухінаБарнавул).

У траўні ў Кузбас прыбыла камісія на чале з намесьнікам кіраўніка ўраду Алегам Сысуевым[4]. З фэдэральнага бюджэту пачалі паступаць сродкі[4]. Урад абяцаў да 1 ліпеня пагасіць пазыкі працаўнікам і пэнсіянэрам Кемераўскай вобласьці. 23 траўня пратэстоўцы вызвалілі дарогу ля Междурэчанску, рух па поўдні вобласьці быў адноўлены[4]. 24 траўня была зьнятая блякада галоўнага ходу Транссыбірскай магістралі ў Анжэра-Суджанску і Юрзе[4]. Цягам чэрвеня ўрад Расеі ня выканаў большасьць абяцаньняў, таму ў пачатку ліпеня блякаваньне дарог узнавілася[4]. 19 ліпеня намесьнік старшыні ўраду А. Сысуеў зноўку прыбыў у рэгіён зь фінансаваньнем у 730 млн рублёў. У гэты ж дзень блякада чыгуначных магістраляў у Кузбасе была спыненая[4].

На думку сацыёляга Леаніда Гордана, перакрыцьці дарог «падвялі краіну да мяжы крушэньня сацыяльнага парадку»[1]. «Рэйкавая вайна» стала адным з фактараў скарачэньня нявыплатаў заробкаў у Расеі цягам наступных гадоў[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]