Рэспубліка Зарэчча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 54°40′50″ пн. ш. 25°17′49″ у. д. / 54.68056° пн. ш. 25.29694° у. д. / 54.68056; 25.29694

Рэспубліка Зарэчча (Зарачанская рэспубліка) — віленскі раён, дзе пражываюць мастакі, артысты й іншыя творчыя людзі. У 1997 годзе абвесьціў сваю незалежнасьць. Дэкляраваная рэспубліка, якая мае ўласны сьцяг, канстытуцыю, валюту, прэзыдэнта, урад, міністэрствы ўнутраных і замежных справаў і войска, якое налічвае прыблізна 17 жаўнераў.[1]

Рэспубліка Зарэчча
Užupio Respublika
Нацыянальны дэвіз: «Не перамагай, не бараніся, не здавайся»
[[Файл:{{{Месцазнаходжаньне}}}|282пкс|Месцазнаходжаньне Рэспублікі Зарэчча]]
Афіцыйная мова летувіская
Сталіца Зарэчча
Найбуйнейшы горад Зарэчча
Форма кіраваньня
Прэзыдэнт
Рэспубліка
Ромас Лілейкіс
Плошча
 • агульная

0,6 км²
Насельніцтва
 • агульнае

7000
Незалежнасьць
— ад Летувы

1 красавіка 1997 году

Невядома, ці зьяўляецца дзяржаўнасьць рэспублікі, якая не прызнаецца ніводным урадам сьвету, сур’ёзнай, але рашэньне вызначыць Днём Незалежнасьці рэспублікі 1 красавіка магло быць невыпадковым.

Вуліца Паўпё ў Зарачанскай рэспубліцы

Урад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэзыдэнт Рэспублікі Зарэчча — паэт, музыка й рэжысэр фільмаў Ромас Лілейкіс.[2]

Прэм’ер-міністар — Сакалас Гарадзецкіс.

Міністар фінансаў — фінансіст Алюс Лекявічус.

Міністар інфармацыі — прадпрымальнік Вітаўтас Раткявічус.

Міністар замежных справаў — эсэіст, сцэнарыст Томас Чэпайтыс.

Міністар без партфэля — прадпрымальнік Вітас Мачуліс.[3]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знак на ўезьдзе ў Зарачанскую рэспубліку

Рэспубліка была ўтвораная ў 1997 годзе. Дзень Незалежнасьці сьвяткуецца 1 красавіка. Дзейным прэзыдэнтам рэспублікі зьяўляецца Ромас Лілейкіс — паэт, музыка і рэжысэр.

Рэспубліка Зарэчча знаходзіцца на тэрыторыі віленскага раёну Ужупіс каля ракі Вялейкі, якая ўтварае натуральную мяжу зь Вільняй.

Прэм’ер-міністрам рэспублікі зьяўляецца Сакалас Гарадзецкіс, міністар фінансаў — фінансіст Алюс Лякявічус, міністар інфармацыі — прадпрымальнік Вітас Раткявічус, міністар замежных справаў — эсэіст і сцэрыст Томас Чапайціс.

Міжнародны статус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ў 2008 годзе камісарам паліцыі Вільні і прэзыдэнтам Зарэчча быў падпісаны афіцыйны акт аб добрасуседзтве.

Рэспубліка мае шырокую дыпляматычную сетку. На дадзены момант дзейнічае больш за паўсотні амбасадараў гэтай краіны па ўсім сьвеце.

У праграме Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Зарэчча таксама ёсьць пункт пра далучэньне да краіны Рэспублікі Беларусь, які МЗС Зарэчча не выключае магчымасьці зьдзейсьніць.

Сымбаль рэспублікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Анёл Ужупіса — сымбаль рэспублікі

Сымбалем рэспублікі зьяўляецца анёл — з таго часу, як на галоўнай плошчы быў усталяваны манумэнт анёла, які дзьме ў трубу. Скульптура зробленая з бронзы і ўсталяваная на калёне вышынёй 8,5 мэтраў. Калёна была ўсталяваная ў 2001 годзе. Першапачаткова на ёй знаходзілася велізарнае яйка, якое было прададзенае ў сакавіку 2002 году на аўкцыёне, які быў зладжаны Клюбам анёла Ўжупіса. 1 красавіка 2002 году на калёне была ўрачыста адкрытая скульптура анёла. Агульная вышыня манумэнту складае 12,5 м.[4] Аўтарамі манумэнту зьяўляюцца скульптар Ромас Вільчаўскас і архітэктар Альгірдас Умбрасас. Сродкі на стварэньне манумэнту ахвяравалі прыватныя асобы і кампаніі. Анёл сымбалізуе адраджэньне і мастацкую свабоду рэспублікі.

Канстытуцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяна з шыльдамі Канстытуцыі на трох мовах
Шыльда ў Рэспубліцы Зарэчча з тэкстам Канстытуцыі па-беларуску

Рэспубліка Зарэчча мае сваю канстытуцыю. Пэўныя яе артыкулы зьяўляюцца звычайнымі для канстытуцыяў сьвету, як, напрыклад, артыкул 5: «Чалавек мае права быць адзіным і непаўторным». Іншыя ж артыкулы зьяўляюцца ў пэўнай ступені ўнікальнымі. Напрыклад, такія, як артыкул 1: «Чалавек мае права жыць побач зь Вялейкай, а Вялейка — цячы каля чалавека», — артыкул 12: «Сабака мае права быць сабакам», — артыкул 37: «Чалавек мае права ня мець аніякіх правоў», кожны зь якіх стварае незвычайнае падзяленьне правоў. Таксама існуе колькі парных артыкулаў, напрыклад, артыкул 16: «Чалавек мае права быць шчасьлівым» — і артыкул 17: «Чалавек мае права быць нешчасьлівым», — якія дэкляруюць права чалавека нешта рабіць альбо не рабіць у залежнасьці ад ягоных жаданьняў.

Тэкст канстытуцыі перакладзены больш як два дзясяткі моваў сьвету. У тым ліку і на беларускую.

Аўтарам перакладу канстытуцыі на беларускую мову зьяўляецца Андранік Антанян, а сам пераклад зьявіўся яшчэ ў 2000 годзе, але толькі праз восем гадоў пасьля гэтага зьявіліся сродкі зрабіць новыя шыльды.

Тэкст канстытуцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Чалавек мае права жыць побач з Вялейкай, а Вялейка — цячы каля чалавека.
  2. Чалавек мае права на гарачую ваду, ацяпленьне зімою й чарапічны дах.
  3. Чалавек мае права памерці, але не абавязаны.
  4. Чалавек мае права на памылкі.
  5. Чалавек мае права быць адзіным і непаўторным.
  6. Чалавек мае права любіць.
  7. Чалавек можа быць нялюбым, але гэта не абавязкова.
  8. Чалавек мае права ня быць знакамітым і вядомым.
  9. Чалавек мае права ленавацца альбо нічога не рабіць.
  10. Чалавек мае права любіць і даглядаць котку.
  11. Чалавек мае права рупіцца пра сабаку да канца дзён аднаго з іх.
  12. Сабака мае права быць сабакам.
  13. Котка не абавязана любіць свайго гаспадара, але ў цяжкую хвіліну мусіць прыйсьці яму на дапамогу.
  14. Чалавек мае права часам ня ведаць, ці мае ён абавязкі.
  15. Чалавек мае права сумнявацца, але гэта не абавязак.
  16. Чалавек мае права быць шчасьлівым.
  17. Чалавек мае права быць нешчасьлівым.
  18. Чалавек мае права маўчаць.
  19. Чалавек мае права верыць.
  20. Чалавек ня мае права чыніць гвалт.
  21. Чалавек мае права ўсьведамляць сваю драбнату і веліч.
  22. Чалавек ня мае права квапіцца на вечнасьць.
  23. Чалавек мае права разумець.
  24. Чалавек мае права нічога не разумець.
  25. Чалавек мае права быць розных нацыянальнасьцяў.
  26. Чалавек мае права сьвяткаваць або не сьвяткаваць свой дзень нараджэньня.
  27. Чалавек абавязаны прыгадаць сваё імя.
  28. Чалавек мае права дзяліцца тым, што мае.
  29. Чалавек ня мае права дзяліцца тым, чаго ня мае.
  30. Чалавек мае права мець братоў, сясьцёр і бацькоў.
  31. Чалавек можа быць свабодным.
  32. Чалавек адказны за сваю свабоду.
  33. Чалавек мае права плакаць.
  34. Чалавек мае права быць незразуметым.
  35. Ніхто ня мае права зрабіць іншага вінаватым.
  36. Чалавек мае права быць асаблівым.
  37. Чалавек мае права ня мець аніякіх правоў.
  38. Чалавек мае права не баяцца.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zappa Lives on in Lithuania — ADAM B. ELLICK (анг.)
  2. ^ Павук О. Под сенью ангела // baltic-course.com, 2 апр 2003
  3. ^ см. Вильнюсская кардиохирургическая клиника (интервью с В. Мачюлисом) в журнале "Больница" №11 1998, с. 14.
  4. ^ Skulptoriaus ROMO VILČIAUSKO galerija-1psl.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]