Словаўтваральны тып

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Словаўтваральны тып — комплексная адзінка словаўтваральнай сыстэмы; сукупнасьць словаў з агульнымі словаўтваральнымі характарыстыкамі.

Словаўтваральны тып — галоўная ячэйка словаўтваральнай сыстэмы, бо ў яго межах адбываецца ўтварэньне новых словаў. Толькі зусім нязначная колькасьць словаў утвараецца па-за ўтваральнымі тыпамі, г. зн. не тыпізавана.

Інакш кажучы, пад словаўтваральным тыпам разумеецца схема (формула) пабудовы блізкіх, што характарызуецца адзінствам дэрывацыйнага афіксу і катэгарыяльным адзінствам іх утваральных асноваў.

Характарыстыка словаўтваральнага тыпу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Утваральныя асновы вытворных словаў павінны належаць да адной часьціны мовы.
  • Агульнасьць сэмантычных адносінаў паміж вытворным словам і ўтваральным.
  • Наяўнасьць агульнага словаўтваральнага фарманту і спосабу словаўтварэньня, тоеснасьць афіксу.

Прадуктыўнасьць словаўтваральных тыпаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і ўсякія іншыя элемэнты (канструкцыі) мовы, словаўтваральныя тыпы маюць розную ступень прадуктыўнасьці. Па ўзоры адных словаўтваральных тыпаў новыя словы ўтвараюцца часьцей, па ўзоры другіх — радзей, або зусім не ўтвараюцца.

Непрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы зьяўляюцца замкнёнымі. У іх межах не ўзьнікаюць новаўтварэньні, колькасьць словаў тут паддаецца дакладнаму падліку.

Высокапрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы — адкрытыя, незамкнёныя. Яны папаўняюцца новымі словамі, і колькасны склад такіх тыпаў цяжка вызначыць, таму што нельга ўлічыць усе адпаведныя словы і асабліва тыя новаўтварэньні, якія не набылі яшчэ шырокага ўжытку. Цяжка, напрыклад, выявіць з вычарпальнай паўнатой колькасны склад словаўтваральнага тыпу з прыстаўкай не-. Вялікая колькасьць вытворных уваходзіць таксама ў словаўтваральны тып назоўнікаў, утвораных ад прыметнікавых асноў пры дапамозе суфіксу -асьць (санлівасьць, пужлівасьць).

Марфэмы ў высокапрадуктыўных словаўтваральных тыпах вызначаюцца вялікай выбіральнасьцю і шырокімі марфэматычнымі сувязямі. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для далейшай словатворчасьці. Так побач з рэальнымі ўзьнікаюць патэнцыяльныя словы.

У межах словаўтваральных тыпаў дзейнічае тэндэнцыя абмяжоўваць іх утваральныя магчымасьці. Гэтыя абмежаваньні накладваюцца сыстэмай мовы, якая рэгулюе стварэньне словаў паводле пэўнага тыпу або мадэлі. Утварэньне новых словаў з парушэньнем тых фармальных абмежаваньняў, што накладваюцца сыстэмай мовы, прыводзіць да ўзьнікненьня аказіяналізмаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]