Соф’я Кавалеўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Соф’я Васільеўна Кавалеўская
Sofja Wassiljewna Kowalewskaja 1.jpg
Соф’я Кавалеўская
Нарадзілася 15 студзеня 1850
Масква, Расейская імпэрыя
Памерла 10 лютага 1891
Стакгольм, Швэцыя
Навуковая сфэра матэматыка
фізыка
Месца працы Стакгольмскі ўнівэрсытэт
Альма-матэр Гётынгенскі ўнівэрсытэт
Соф’я Корвін-Крукоўская
Slepowron.svg
Герб «Сьляпы воран»
Асабістыя зьвесткі
Род: Корвін-Крукоўскія
Бацькі: Васіль Васілевіч Корвін-Крукоўскі
Елізавета Фёдараўна з Шубертаў

Соф’я Васільеўна Кавалеўская (па-расейску: Софья Васильевна Ковалевская, у дзявоцтве Корвін-Крукоўская; 15 студзеня [ст. ст. 3 студзеня] 1850, Масква — 10 лютага [ст. ст. 29 студзеня] 1891, Стакгольм) — матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка беларускага паходжаньня[1][2]. Прафэсар Стакгольмскага ўнівэрсытэту (1884), чалец-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1889).

Соф’я Кавалеўская — першая жанчына-прафэсар ў Расейскай імпэрыі і Паўночнай Эўропе, а таксама першая ў сьвеце жанчына-прафэсар матэматыкі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў Маскве ў сям’і генэрала В. В. Корвін-Крукоўскага, які паходзіў са старажытнага беларускага[3] шляхецкага роду. Паводле ўспамінаў Соф’і, у іхнай радзіне існавала легенда, што пачатак дынастыі Корвін-Крукоўскіх паклалі дачка вугорскага караля Мацьвея Корвіна і літоўскі шляхціч Крукоўскі. Пры гэтым найбольш раньнія выяўленыя ў архівах згадкі пра род адносяцца да 1648 году. У прыватнасьці, выпіска з Польскага гербоўніка сьведчыць, што Захар Крукоўскі, аршанскі «гродзкі пісарчук» у Амсьціслаўскім ваяводзтве, і Васіль Корвін-Крукоўскі, дэпутат Віленскага ваяводзтва, ужывалі ў сваім гербе «Сьляпы воран».[4]

Раньняе дзяцінства і юнацтва правяла ў радавым маёнтку бацькі ў вёсцы Палібіна Віцебскай губэрні. Атрымала ўсебаковую адукацыю, выдатныя матэматычныя здольнасьці выявіліся ўжо ў раньнім дзяцінстве.

3 1866 году ў Пецярбургу брала ўрокі матэматыкі ў пэдагога А. М. Странналюбскага (у той час доступ жанчынам у Пецярбурскі ўнівэрсытэт быў забаронены). Каб пазбавіцца бацькоўскай апекі і працягнуць сваю адукацыю ў Нямеччыне, дзе жанчына магла вучыцца ва ўнівэрсытэце места Гайдэльбэрга, у 1868 годзе ўзяла фіктыўны шлюб (пазьней зрабіўся сапраўдным).

Муж Соф’і Ўладзімер Кавалеўскі быў родам зь Віцебшчыны і за сваё кароткае жыцьцё (41 год) пасьпеў узяць удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстаньні 1863—1864 гадоў і паходзе Гарыбальды[5].

У 1869 годзе паехала ў Гайдэльбэрг, дзе вывучала матэматыку. 3 1870 году ў Бэрліне 4 гады працавала ў Карла Ваерштраса, які даваў ёй прыватныя ўрокі (у Бэрлінскі ўнівэрсытэт жанчын таксама не дапускалі). У 1874 годзе на падставе трох працаў Кавалеўскай, якія прадставіў Ваерштрас, Гётынгенскі ўнівэрсытэт завочна прысудзіў ёй ступень доктара філязофіі.

У тым жа годзе вярнулася ў Расейскую імпэрыю, але месца ў Пецярбурскім унівэрсытэце не атрымала. Амаль на 6 гадоў адышла ад навуковай дзейнасьці, займалася літаратурна-публіцыстычнай працай, супрацоўнічала ў газэтах. У 1880 годзе пераехала ў Маскву, але здаваць магістарскія экзамэны ва ўнівэрсытэт ёй не дазволілі. У наступным годзе зноў паехала ў Бэрлін, потым у Парыж, маючы намер атрымаць месца прафэсара на вышэйшых жаночых курсах у Францыі.

У 1883 годзе, атрымаўшы запрашэньне швэдзкага матэматыка Г. Мітаг-Лефлера, выехала ў Швэцыю, дзе на пасадзе прыват-дацэнта Стакгольмскага ўнівэрсытэту на працягу 8 гадоў прачытала 12 курсаў. Была сябрам рэдкалегіі швэдзкага часопіса «Acta Mathematica».

Навуковы ўнёсак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з асноўных матэматычных вынікаў — тэарэма пра існаваньне разьвязкаў нармальнай сыстэмы раўнаньняў з частковымі вытворнымі (Кашы-Кавалеўскай тэарэма) — зьмяшчаецца ў працы «Да тэорыі дыфэрэнцыяльных раўнаньняў з частковымі вытворнымі» (1875).

Апроч таго, у працы «Задача пра вярчэньне цьвёрдага цела вакол нерухомага пункту» (1888), знайшла гэтак званы трэці выпадак інтэграваньня ў задачы трох целаў. За гэтую працу Парыская акадэмія навук прысудзіла ёй прэмію Бардэна. За другую працу на тую ж тэму ёй была прысуджаная прэмія Швэдзкай акадэміі навук (1889).

Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Соф’я Кавалеўская — аўтар аповесьці «Нігілістка» (1884), драмы «Барацьба за шчасьце» (1887, сумесна са швэдзкай пісьменьніцай А. Ш. Лефлер).

У сямейнай хроніцы «Ўспаміны дзяцінства» (1890) апавядае пра жыцьцё ў 1860-я гады, пра сваю сястру А. В. Корвін-Крукоўскую, у далейшым удзельніцу Парыскай камуны, пра Фёдара Дастаеўскага; шмат увагі аддаецца апісаньню побыту беларусаў і прыроды Віцебшчыны[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кавалеўская Соф’я Васільеўна // Матэматычная энцыклапедыя. — Менск: Тэхналогія, 2001. ISBN 985-458-059-8
  2. ^ Кавалеўская Соф’я Васільеўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 517.
  3. ^ Кавалеўская Софія Васільеўна // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 352.
  4. ^ а б «Пры расстанні ён мяне пацалаваў...» // «Культура» № 10 (930), 6 сакавіка 2010
  5. ^ Саўко М. П. Кароткі нарыс гісторыі культуры Беларусі: Вучэб.-метад. дапаможнік. / М. П. Саўко, М. А. Бобер, В. І. Карнацкая. — Мн., БГМУ, 2003, — 134 с. ISBN 985-462-201-0. [1]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Соф’я Кавалеўскаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў