Спадар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Спада́р — адна зь ветлівых формаў звароту да мужчыны ў беларускай мове (нароўні з «панам»[1]). Жаночая форма зваротку — спадарыня або спадарычна (да незамужняй), пры звароце да грамады — спадарства.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Яна Станкевіча, слова «спадар» паходзіць ад аднаго з значэньняў слова «гаспадар» пры хуткім вымаўленьні і адпаду пачатковага «га».[2] У артыкуле ў «Беларускай газэце» ад 15.4.1942 Станкевіч падаў 7 цытат са старабеларускіх тэкстаў, зь якіх 2 паходзяць з Кітабаў.

У прыватнасьці, вялікалітоўскі паэт Андрэй Рымша пісаў:[3]

Заразъ можешъ познати, иж суть въ дому зацнымъ
Зъдавна славныхъ Сапеговъ. Тые зъ предковъ своихъ
Заквитывали въ цнотахъ, знать во лилияхъ троихъ,
При которыхъ зъ оружъемъ конъный воинъ стоить
Знакомъ того, иж ся зъ нихъ ни одинъ не боить
Служить своим сподаремъ ку кождой потребе,
Не литуючи скарбовъ, ни самого себе.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку мовазнаўцы Аркадзя Жураўскага, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, слова «спадар» як форма звароту не было вядомае беларусам да часоў нямецкай акупацыі (1941—1944)[4]. Увядзеньне гэтага слова як звароту Жураўскі тлумачыць тым, што беларускія палітычныя дзеячы часоў акупацыі жадалі знайсьці замену як «савецкаму» (у іх разуменьні) звароту «таварыш», так і «польскаму» (у іх разуменьні) звароту «пан».

Паводле А. Жураўскага, выпадкі ўжываньня словаў тыпу «спадар», «аспадар», «аспадарства» ў старабеларускіх тэкстах правільней адносіць да вынікаў скажэньня ў запісе гукавай структуры словаў «гаспадар» і «гаспадарства». Пры гэтым колькасьць выпадкаў ужываньня правільных формаў адносіцца да колькасьці выпадкаў ужываньня скажоных формаў як «тысячы да адзінак». Сучасныя спробы абгрунтаваньня гістарычнасьці ўжываньня слова, як напрыклад, у тэкстах Крамко і Лучыц-Федарца, на думку Жураўскага, носяць палітызаваны характар[4]. Паводле Лявона Луцкевіча, за польскім часам быў фэльетон «Дзівосы і сьмяхоты Янкі Станкеўчыка», дзе, сярод іншага, тлумачылася, што «спадар» — не ад выразу «спадаць галавою», а ад молі, якая «гаспадару» ў кітабе першы склад ад’ела.[Крыніца?]

Зь ліку цытат, прыведзеных Янкам Станкевічам у абгрунтаваньне гісторыі выкарыстаньня слова «спадар» у якасьці ветлівага звароту, на думку А. Жураўскага, толькі слова «спадарыня» ў Баркулабаўскім летапісе пач. 17 ст. можна з пэўнай нацяжкай аднесьці да ветлівых зваротаў[5].

Замацаванне звароту «спадар» у якасьці афіцыйнага вядомае ў пастанове канфэрэнцыі акруговых і раённых школьных інспэктараў (Менск, 15 — 17.12.1941): "Вучань павінен зварочвацца да настаўніка словамі «спадар настаўнік». На думку А. Жураўскага, для насельніцтва зварот аказаўся незразумелым і яно ім не карысталася; і менавіта таму ў «Беларускай газэце» былі надрукаваныя тры непадпісаныя артыкулы пра паходжаннье гэтага слова (15.4.1942, 10.2.1943, 6.5.1944), аўтарам якіх, на думку Жураўскага, быў Янка Станкевіч[4].

Слова «спадар» з прычыны сваёй зьвязанасьці з калябарацыяй з гітлераўскімі акупантамі некалькі дзесяцігодзьдзяў не прымалася часткай пасьляваеннай эміграцыі на чале зь Міколам Абрамчыкам — замест яго ужывалі слова «гаспадар». Тым ня меней, ужо ў 1990-я гг. слова «спадар» набыло распаўсюджанасьць і фактычна сталася адзінай формай звароту сярод беларускай эміграцыі[4].

Пасьля распаду СССР словы «спадар» і «гаспадар» як формы звароту былі вернутыя ў Беларусь, прычым, на думку Жураўскага, першынство ў гэтым належыць філёлягу Аляксандру Баршчэўскаму[4]. Форма «гаспадар», за якую выступаў, м.інш., Адам Мальдзіс, не прыжылася. Пэўная папулярнасьць формы звароту «спадар» (і вытворных ад гэтага) у беларускім грамадзтве, на думку Жураўскага, тлумачыцца палітычнымі матывамі і недастатковым веданьнем гісторыі[4].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандра Анцэлевіч. Колькі крокаў ад «девушки» да «паненкі»? // «Народная газета» №146, 25 ліпеня 2007.
  2. ^ Я. Станкевіч. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с. ISBN 5-343-01322-8. [1]
  3. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 54. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
  4. ^ а б в г д е Жураўскі А. І. Як на Беларусі развяліся «спадары» // Крыніца № 11-12, 2002. С.158 — 175
  5. ^ Пры гэтым, на думку Жураўскага, у такім выпадку і ўсе тыя словы у клічнай форме, сярод якіх знаходзіцца «спадарыня» («звездухно, зезюлюхно… солнушко, утухно»), таксама можна залічваць у ветлівыя звароты.