Старосьцінская Слабада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Xqbot (гутаркі | унёсак) у 21:42, 19 лютага 2011. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
На месцы малапавярховай забудовы Старосьцінскай Слабады цяпер месьціцца шматкватэрны будынак

Старосьцінская Слабада, прадмесьце Старосьцінская Слабада — гістарычны раён Менску, разьмешчаны ў паўночнай частцы места, паміж Старажоўскімі могілкамі і рэчышчам Сьвіслачы.

На паўднёвым захадзе ад Старосьцінскай Слабады месьціцца Татарская Слабада, на паўночным захадзе — прадмесьце Людамонт, на паўночным усходзе — Старажоўка, на паўднёвым усходзе — Траецкае прадмесьце.[1][2]

Гісторыя

За часамі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага мясьціна, верагодна, была дзяржаўным маёнткам, які складаў кармленьне менскага старосты, што ўзначальваў мясцовы замкавы суд. Гэтая вэрсія паходжаньня назвы пацьвярджаецца тым, што аднайменная з прадмесьцем вуліца патрапіла да сьпісу «нерасейскіх» (г. зн. немаскоўскіх) тапонімаў, якія расейскія ўлады перайменавалі ў 1866 року. Старосьцінская Слабада атрымала назву Старой Слабады, але старая назва яшчэ доўга не саступала месца наватвору, часта сустракалася нават у афіцыйных дакумэнтах.[3]

У пачатку XX ст. Старосьцінская Слабада ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзіла Міхайлаўская, Стараслабадзкая, Маладэчанская і Радашкоўская вуліцы.[1][4]

Вуліца Стараслабадзкая праіснавала да сярэдзіны 1980-х, калі на яе месцы быў пабудаваны велізарны белы гмах з крамай «Панарама».

На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла рашэньне па наданьні безыменнай паркавай зоне ў складзе ляндшафтава-рэкрэацыйных тэрыторыяў уздоўж ракі Сьвіслач, у межах вул. Камуністычная — вул. Старажоўская — рака Сьвіслач назвы «Старосьцінская слабада».[5]

Старыя адрасы

  • Міхайлаўская, 2. Дом Каўфмана. Другая вышэйшая пачатковая вучэльня. Адкрылася 1 ліпеня 1905 року, як меская чатырохклясная. У 1907 годзе атрымала дазвол на выкладаньне замежнай мовы. 1 студзеня 1913 року была ператвораная ў вышэйшую пачатковую вучэльню, пераехала на Койданаўскую вуліцу. Першы будынак вучэльні месьціўся ў прырэчнай частцы цяперашняй Камуністычнай вуліцы.[6]

Сучаснасьць

Пра існаваньне прадмесьця сьведчыць аднайменная паркавая зона.

Крыніцы

  1. ^ а б «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. ^ «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. ^ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 223—224
  4. ^ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  5. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009
  6. ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 274

Літаратура