Старыя Шапелічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старыя Шапелічы
укр. Старі Шепеличі
Дата заснаваньня: другая палова XV ст.
Краіна: Украіна
Вобласьць: Кіеўская
Раён: Іванкаўскі
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°25′12″ пн. ш. 29°57′0″ у. д. / 51.42° пн. ш. 29.95° у. д. / 51.42; 29.95Каардынаты: 51°25′12″ пн. ш. 29°57′0″ у. д. / 51.42° пн. ш. 29.95° у. д. / 51.42; 29.95
Старыя Шапелічы на мапе Ўкраіны
Старыя Шапелічы
Старыя Шапелічы
Старыя Шапелічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Старыя Шапелічы (па-ўкраінску: Старі Шепеличі) — былая вёска ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці Украіны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Недзе ў другой палове XV ст. пан Раман Сурын выслужыў сярод іншых добраў сяло Шапелічы з прылегласьцямі. А пакінуў пасьля сябе сыноў Волчка і Сенька.

1 верасьня 1507 году пан Сямён Раманавіч завяшчаў «а как скоро по... животе» сваю палову бацькоўскага маёнтку Шапелічы зь людзьмі непахожымі атаманам Васілём Грыдкавічам, Сямёнам Мікіцічам, Трахімам Сямёнавічам, званым Курвелем, Сямёнам Шурманавічам, зямлю бортную Пятрову, ды «озеро Веропуть а Долгую тоню», якія ўжо сам выслужыў за часоў караля Аляксандра, кіеўскаму Сьвята-Мікалаеўскаму Пустынскаму манастыру[1]. Падараваньне тое было пацьверджана каралём Жыгіонтам Старым 8 сакавіка 1522 г.[2]

15 сакавіка 1518 году ўнук пана Волчка Раманавіча Іван Міхайлавіч запісаў сваю палову Шапелічаў на Прыпяці «и къ тому землю бортную... на имя Пеничавскую, со всими пожитки до тое земли прислухаючими, вечно на веки» манастыру Сьв. Мікалая Пустынскага ў Кіеве[3]. Але высьветлілася, што пры гэтым без усялякага ўтрыманьня засталася кіеўская зямянка Духна Сурынавая, сястра Міхаіла. Таму ў адказ на адпаведную скаргу, кароль Жыгімонт Стары 23 жніўня таго ж 1518 году скарэктаваў запіс яе братаніча (пляменьніка) Івашкі Сурына і частку добраў, у тым ліку Шапелічаў, перадаў ёй зь дзецьмі[4].

У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года сярод патужнікаў з паселішчаў Беласароцкай нядзелі[a] названыя і Шапелічы, ясачнікі на Прыпяці, прыналежныя да кіеўскага Сьвята-Мікалаеўскага Пустынскага манастыра[5]. У адпаведнай жа люстрацыі Оўруцкага замку 1552 года[b] засьведчана, што частка сяла Шапелічы заставалася ў валоданьні паноў Станіслава і Няміра Сурынавічаў; з 1 службы[c] яго людзей выплачваліся 52 грошы і 2 вядры мёду[6].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Шапелічы з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[7].

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 траўня 1570 году Мікола-Пустынскі манастыр у Кіеве атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста пацьверджаньне на палову маёнтку Шапелічы, а 22 лютага 1572 году на зямлю Пенічаўскую ў Шапелічах і ез на рацэ Прыпяці на рацэ Прыпяці. За часоў караля Стэфана Баторыя, 3 сакавіка 1578 году паны Солтаны саступілі пану Філону Кміце, старосту аршанскаму, сваю частку Шапелічаў за ягоныя добры Галубевічы[8].

У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным у 1581 годзе каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, засьведчана прыналежнасьць Шапелічаў да Чарнобыльскага маёнтку смаленскага ваяводы пана Філона Кміты. Зь іх 13 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з 4 агароднікаў, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 гр.[9].

11 чэрвеня 1706 году оўруцкі гродзкі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шапеліцкі маёнтак, у складзе якога былі Старыя Шапелічы з Слабодкай (Волькай) Шапеліцкай, з дварамі ў абодвух названых паселішчах, Вараховічы (Варахобавічы), Пагоннае, Малочкі і Дронькі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад сьвята нараджэньня Яна Хрысьціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[10]. 11 студзеня 1723 году актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтку Шапелічы – Малочкі, Дронькі і пустое селішча Пагоннае[11].

У судовым дэкрэце ад 2 верасьня 1732 году па справе оўруцкага архімандрыта Андрэя Бянецкага, які быў і кіеўскім афіцыялам, падчашы пан Крыштаф Манецкі, дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Бандынэлі, пан Андрэй Мадалінскі даводзілі, што добры Шапелічы з прылегласьцямі ніколі не належаі ані Кіеўскай мітраполіі, ані Оўруцкай архімандрыі, але – Мікольскаму Пустынскаму манастыру. Пазьней жа былі перададзеныя каралём прыватным асобам на ўзамен іхных маёнткаў, якія адышлі да Масквы[12].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шапелічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. З 1797 году сяло — у межах Радамышльскага павету Кіеўскай губэрні.

Шапелічы і Тоўсты Лес на мапе Ф. Шубэрта 1826-1840 гг.

У парэформавы пэрыяд сяло Старыя Шапелічы адміністрацыйна належала да аднайменнай воласьці з цэнтрам у сяле Новыя Шапелічы. На 1885 год тут налічвалася 80 двароў з 428 жыхарамі, дзейнічала царква[13].

У 1900 годзе ў 133 дварах Старых Шапелічаў было 420 душ мужчынскага і 448 жаночага полу жыхароў, усяго — 868 чалавек. Зямлі ў сяле налічвалася 1687 дзесяцін, зь якіх 1 дзесяціна належала царкве, астатняя – сялянам. Гаспадарка вялася паводле трохпольнай сістэмы. Дзейнічалі царква, 4 ветракі, кузьня. Пажарны абоз складалі 3 бочкі і 3 багры. Запасны прадуктовы капітал на 1 студзеня 1900 г. дасягнуў 1428 рублёў[14].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселена.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  2. ^ У. Б. Антановіч, укладальнік гэтага тому дакумэнтаў, датаваў яе 1545 годам. Але апісаньні іншых «украинных замков» — Мазырскага, Чарнобыльскага, Асьцёрскага, Віньніцкага, Чаркаскага — пазначаныя 1552 г. І для Оўруцкага гэты год цалкам прыймальны, бо Іосіф Халецкі тады заставаўся дзяржаўцам, а люстрацыя праведзена пры ім.
  3. ^ 1 службу складалі 2 двары і болей.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 1. Т. 6. Акты о церковно-религиозных отношениях в Юго-Западной Руси (1322 – 1648 гг.). – Киев, 1883. С. 10 – 12
  2. ^ Акты, относящиеся к истории Западной России (далей: АЗР). Т. 2. (1506 – 1544). – С.-Петербург, 1848. №. 110
  3. ^ АЗР. Т. 3. (1544 — 1587). — С.-Петербург, 1848. №. 49
  4. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. – T. III: 1432–1534. / Wydane przez Bronisława Gorczaka. – Lwów, 1890. S. 175 – 176
  5. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  6. ^ Архив ЮЗР. Ч. 4. Т. І. Акты о происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России. — Киев, 1867. С. 35, 45
  7. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  8. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 225, 247, 284
  9. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
  10. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679–1716). – Киев, 1868. С. 689–695
  11. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 48
  12. ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Описание архива). Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1299
  13. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 3.: Губернии Малороссийские и юго-западные: Харьковская, Полтавская, Черниговская, Киевская, Волынская, Подольская. – С.-Петербург: Центр. статист. комитет, 1885. С. 169
  14. ^ Список населённых мест Киевской губернии. — Киев, 1900. С. 1288

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Похилевич Л. И. Сказания о населённых местностях Киевской губернии или Статистические, исторические и церковные заметки о всех деревнях, местечках и городах, в пределах губернии находящихся / Собрал Л. Похилевич. — Киев, 1864 (перавыданьне: Біла Церква: Видавець О. В. Пшонківський, 2005. — XXII+642 с, 8 іл.)