Стафан Збараскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Стафан Андрэевіч Збараскі (каля 15181586[1]) — дзяржаўны і палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага з роду Збараскіх, князь збараскі1528), прыдворны караля (з 1543), ваявода віцебскі (15551564), кашталян троцкі1564) і ваявода троцкі (15661585). Аўтар «Дзёньніка літоўскіх паслоў»

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся каля 1518 у сям’і Андрэя Збараскага і Алены з Гербуртаў. Быў дзедзічам самільскіх, жасьленскіх, рудніцкіх і даруніскіх маёнткаў. Стаў князем збараскім пасьля 1528 году.

У 1556 узначальваў пасольства ў Маскву, дзе заключыў мірны дагавор на шэсьць гадоў. Падзеі пасольскага падарожжа апісаў у «Дзёньніку літоўскіх паслоў». За часам Стафана Баторыя браў удзел у вайне з Іванам Жахлівым і пад Полацкам, разам з Астафіем Валовічам, камандаваў пяхотаю.

Выступаў на карысьць заключэньня Люблінскай уніі. Быў адным з рускіх магнатаў, якія засталіся ў Любліне пасьля ад’езду з гораду літоўскіх паслоў у ноч на 28 лютага 1569, вырашыўшы перайсьці зь літоўскага на польскае падданства. 22 траўня сын Стафана — Пётар Збараскі — быў адным зь першых рускіх князёў, які прысягнуў на вернасьць каралю Польшчы. Сам Стафан склаў яе 26 траўня.

У час безкаралеўя 1574 году, перадаў мястэчка Міжрэчча Падляскае, якое належала Кароне Польскай, да Берасьцейскага ваяводзтва, так што прыбыткі зь яго належалі Вялікаму Княству Літоўскаму.

Пабіраўся шлюбам тройчы: першы раз з княгіняй Ганнай Забярэзінскай, другі — з княгіняй Анастасіяй Мсьціслаўскай, трэці — з Даротай Фірлей, кальвінсткай, дачкой люблінскага кашталяна. Ад першай жонкі меў сына Пятра. Сваю дачку Варвару аддаў за кузэна, Габрыеля Тышчынскага.

Стафан Збараскі быў ахрышчаны праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм. У 1552 спрыяў заснаваньню кальвінскага збора ў Віцебску. Выступаў адным з галоўных пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Спрыяючы пашырэньню кальвінізму на сваіх землях, князь адначасова выдаткоўваў сродкі на будаўніцтва і падтрымку праваслаўных манастыроў. Перад сваёй сьмерцю ў 1585 годзе, прыняў каталіцтва.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 174. — 608 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]