Струста

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Возера
Струста
Панарама Струста
Панарама Струста
Возера Струста
Краіна Беларусь
Плошча 13 км²
Плошча вадазбору 223 км²
Максымальная глыбіня 25,2 м
Сярэдняя глыбіня 7,3 м
Празрыстасьць 5—6 м
Найбольшая даўжыня 6,4 км
Найбольшая шырыня 4,2 км
Даўжыня берагавой лініі 27,8 км
Вышыня над узроўнем мора 129,6 м
Аб’ём вады 0,0943 км³
Каардынаты 55°42′8.13″ пн. ш. 27°1′24.42″ у. д. / 55.7022583° пн. ш. 27.02345° у. д. / 55.7022583; 27.02345Каардынаты: 55°42′8.13″ пн. ш. 27°1′24.42″ у. д. / 55.7022583° пн. ш. 27.02345° у. д. / 55.7022583; 27.02345
Струста на мапе Беларусі
Струста
Струста
Струста
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Стру́ста — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці, за 4 км на поўнач ад Браслава. Трэцяе паводле плошчы ў групе Браслаўскіх азёраў. Належыць да басэйна ракі Друйка.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера ўваходзіць у склад Браслаўскай азёрнай сыстэмы. Адно з найвялікшых азёраў Браслаўшчыны. Возера займае цэнтральнае месца ў групе. Плошча Струста складае 13 км², найбольшая глыбіня — 23 м. Даўжыня берагавой лініі вадаёма — 27,8 км, плошча вадазбору — 223 км². Аб’ём вады ў возеры складае 94,3 млн м³. Берагі Струста нізкія, пераўвільготненыя.

Возера разьмяшчаецца ў катлавіне складанага тыпу. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 5—8 мэтраў. На поўначы вышыня схілаў сягае пад 25—30 мэтраў. Схілы абразійныя, парослыя хмызьняком і лесам, часткова разараныя. Берагі нізкія, параўвільготненыя. На поўначы берагі зьліваюцца з схіламі.

На возеры ёсьць шмат затокаў і 7 выспаў агульнай плошчай 2,58 км². Найбуйнейшыя зь іх — Чайчын, Шова, Бярозаўскія, Яленя. Глыбіні возера больш за 15 мэтраў складаюць каля 13% плошчы паверхні, а асноўная частка вадаёму мае глыбіню ад 5 да 15 мэтраў, займаючы 61% плошчы паверхні возера.

Прыбярэжная зона да глыбіні 3 мэтраў пяшчаная, трапляюцца гліны. Глыбей дно высланае глеем, часткова сапрапэлем.

Від на возера Струста з паветра (1 ліпеня 2021 году)

Струста зьяўляецца накапляльнікам вады, якая цячэ з поўначы, поўдня і захаду. Асноўны прыток вады ідзе праз шырокі праліў з возера Снуды, шырыня якога складае да 80 мэтраў, а глыбіня дасягае 3 мэтраў. На захадзе ў возера ўпадае рака Акмяніца. Струста зручанае пратокамі на поўначы з возерам Снуды, на поўдні — з азёрамі Балойса і Ельня. З возера праз праліў шырынёй да 40 мэтраў і глыбінёй 2—3 мэтры выцякае пратока ў возера Войса. З улікам добрага злучэньня возера з суседнімі вадаёмамі Струста адносіцца да ліку пратокавых.

Гідрахімічны рэжым[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера Струста характаразуецца нізкімі паказчыкамі пажыўных рэчываў, у прыватнасьці азоту і фосфару. Адзначанае толькі нязначнае павелічэньне ўзроўню аманійнага азоту і жалеза ў калядонных пластах вады на максымальных глыбінях. Доўгі час гэтыя паказчыкі застаюцца нязьменнымі. Тое самае характэнрнае для празрыстасьці вады і ўстрыманьня арганічных рэчываў. Празрыстасьць вады складае 5—6 мэтраў улетку і 7—8 мэтраў узімку. Зьменлівасьць усіх гідрахімічных характарыстык возера вельмі слабая. Гэта сьведчыць пра тое, што ўзровень самаачышчэньня вадаёму дастаткова высокі, а экасыстэма мэзатрофнага тыпу, якая склалася ў возеры, зьяўляецца ўстойлівай.

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адна з выспаў на возеры Струста

Каля паўднёвага і ўсходняга берагоў паласа трысьнягу і чароту мае шырыню 300 мэтраў. Да глыбіні 6—7 мэтраў у возеры растуць харавыя водарасьці, эладэя, рагалісьнік, рдзесты. Расьлінаў з плаваючым лісьцем мала, найбольш вялікае скопішча — затока каля выспы Шова.

У возеры выяўлены 31 від фітаплянктонных водарасьцяў. Найбольшы іх лік належыць да дыятомавых і складае 12 відаў. Па колькасьці і біямасе пераважаюць сіне-зялёныя водарасьці.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па складзе іхтыяфаўны возера адносіцца да сінегова-сьнетковага. Тут выяўленыя 23 віды рыбаў. У возеры распаўсюджаныя рапушкі, сьняткі, сігі, платва, язі, ліны і іншыя віды рыбаў. У 1950—1970 гадох возера зарыблялася чудзкім сігам, ляшчамі і вуграмі. Гэтыя рыбы набылі прамысловую вартасьць. Налічваецца 53 віды зааплянктону.

Антрапагенны ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарамны від на возера Струста

Уплыў чалавечай дзейнасьці на возера Струста прасочваецца, як і на іншых азёрах Браслаўскай групы, у штучным паніжэньні ўзроўню вады. У выніку гэтага ўтварылася пераўвільготненая пойма, якая падзяляе высокія абразійныя схілы і саму ваду. Зьніжэньне ўзроўню вады паспрыяла зьяўленьню нізкай тэрасы вышынёй 1,5—2 мэтры, якая добра выражаная вакол выспаў і на паўднёва-заходнім беразе. Вёскі і жывёлагалоўчыя фэрмы знаходзяцца на значнай адлегласьці ад возера Струста, таму прамы сьцёк прамысловых і бытавых водаў практычна адсутнічае, што вельмі важна для захаваньня мэзатрофнага рэжыму. Аднак вялікі антрапагенны ўплыў аказваецца на возера Балойса, вада зь якога трапляе ў возера Струста.

Гаспадарка і рэкрэацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера Струста валодае значнымі запасамі чыстай вады, якая прыдатная для выкарыстаньня ў бытавых мэтах і ў шматлікіх галінах народнай гаспадаркі. Пэрспэктыўнае выкарыстаньне возера зьвязанае з разьвіцьцём рэкрэацыяў і рыбнай гаспадаркі.

Праз возера праходзіць турысцкі маршрут. Уздоўж берагоў разьмяшчаюцца турысцкія стаянкі і зоны адпачынку.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]