Судзьдзя Сапліца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
І бачыць дзіва! Робак і Судзьдзя стаялі
Ў абдымках на каленях у сьлязах і ў жалі.
Ксёндз Робак з плачам рукі цалаваў Судзьдзёвы,
А пан Судзьдзя туліўся да яго бяз слова.
(Адам Міцкевіч Пан Тадэвуш, Кніга 8, Заезд).

Судзьдзя Сапліца — пэрсанаж з эпічнай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Прыходзіцца дзядзькам Тадэвушу й малодшым братам Яцаку Сапліцы, якога ніколі ня бачыў. Вучыўся ў езуіцкай школе, але адукацыю здабыў ў час дзесяцігадовай службы ў бацькі Падкаморага — Ваяводы. У маладосьці быў закаханы ў Марту Грачэшанку, дачку Войскага. Пасьля яе сьмерці ня зьвязваўся зь ніводнай жанчынай. Клапоціцца пра выхаваньне Тадэвуша й разам з Талімэнай зьяўляецца апекуном Зосі. За забойства Стольніка Гарэшкі ягоным братам атрымаў замак Гарэшкаў.

Зьяўляецца добрым гаспадаром, уласнаручна даглядае ўсю маёмасьць. Ня крыўдзіць сялян, клапоціцца пра іх зямлю, не перагружае іх празьмернай працай:

«Пан сьвету знае, колькі працаваць нам трэба.
Калі яго работнік, сонца, сыдзе зь неба,
Пара і селяніну падавацца з поля»,-
Так пан Судзьдзя казаў заўжды...

— Адам Міцкевіч, Пан Тадэвуш, Кніга 1, Гаспадарка. 200—204

Ня кажа сялянам кланяцца «у калені». Часам сядае зь імі за адным сталом, згодна старому звычаю. Бароніць старыя шляхецкія парадкі й ня любіць іншаземшчыны, прытрымліваецца старых звычаяў, шануе гасьцей, ладзіць паляваньні й банкеты на стары манэр. Патрыёт, прыхільнік ідэі паўстаньня, шчыра радуецца навіне аб падрыхтоўцы да вайны, дапамагае шляхце пасьля бітвы з маскалямі, з радасьцю прымае гасьцей (польскіх легіянэраў). Яго недахопамі зьяўляецца палкасьць і звадніцтва, якія можна заўважыць падчас спрэчкі за замак.

Магчымым прататыпам пэрсанажа быў дзядзька Адама Міцкевіча, судзьдзя Мэрнард Растоцкі, у маёнтку якога будучы паэт пэўны час гадаваўся пасьля сьмерці бацькі ў 1812 годзе.[1]

У спэктаклі «Пан Тадэвуш» рэжысэра Мікалая Пінігіна (2014) ролю судзьдзі Сапліцы выконвалі Генадзь Аўсяньнікаў і Аляксандар Падабед[2].

  1. ^ Тарасаў Кастусь. Памяць пра легенды
  2. ^ «ПАН ТАДЭВУШ» НАЦИОНАЛЬНОГО АКАДЕМИЧЕСКОГО ТЕАТРА ИМ. ЯНКИ КУПАЛЫ