Сусьветная ліга сэксуальных рэформаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тао Лі і Магнус Гіршфэльд на канфэрэнцыі WLSR 1932 року ў Брне

Сусьветная ліга сэксуальных рэформаў (па-нямецку: Weltliga für Sexualreform) — арганізацыя, якая існавала ў 1921—1935 роках і ставіла перад сабою задачу «правядзеньня рэформаў у пытаньнях сэксу» і павышэньня асьветы ў гэтай галіне[1].

Арганізацыя выступала за раўнапраў жанчынаў, свабоду ўкладаньня шлюбу і разводаў, распаўсюджаньне процізачаткавых сродкаў (у процівагу абортам), дэкрыміналізацыю абортаў, абарону пазашлюбных дзяцей, цярплівасьць да геяў і лесьбіянак і рэфармаваньне існага заканадаўства ў дачыненьні да сэксуальных мяншыняў[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1921 року Магнус Гіршфэльд разам з заснаваным ім Інстытутам сэксуальных навук(de) арганізаваў «Першую навуковую канфэрэнцыю рэфармаваньня ў пытаньнях сэксу на аснове дасьледаваньняў сэксалёгіі», што прывяло да ўтварэньня Лігі. Да 1932 року адбыліся яшчэ чатыры канфэрэнцыі.

У траўні 1933 року нацысты разграмілі Інстытут сэксуальных навук у Бэрліне празь нянавісьць да адкрытых гамасэксуалістаў. У 1935 року Гіршфэльд памёр у эміграцыі ў Францыі, а нямецкая арганізацыя была распушчаная, хоць пэўны час працягвала існаваць у Ангельшчыне.

Цікавосткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На постсавецкай прасторы арганізацыя вядомая перш за ўсе дзякуючы дыялёгу Панікоўскага і Бэндэра ў рамане «Залатое цяля» Ільфа і Пятрова[3]:

— Аддайце мне мае грошы, — шапялявіў ён, — я зусім бедны! Я год ня быў у лазьні. Я стары. Мяне дзяўчаты ня любяць.

— Зьвярніцеся ў Сусьветную арганізацыю Лігі сэксуальных рэформаў, — сказаў Бэндэр. — Можа быць, там дапамогуць.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Archive for Sexology Humboldt-Universität zu Berlin Праверана 28 траўня 2018 г. Архіўная копія ад 15 студзеня 2011 г.
  2. ^ Вольфсон С. Социология брака и семьи, Минск, 1928. — Мн.: 1929. — С. 337—338.
  3. ^ «Золотой телёнок»(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сусьветная ліга сэксуальных рэформаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў