Сьцяпан Місько

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяпан Місько
Дата нараджэньня 18 студзеня 1930(1930-01-18)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2010
Месца вучобы
Занятак навуковец

Сьцяпан Міхайлавіч Міско (Місько) (18 студзеня 1930, в. Чамяры, Слонімскі раён — 2010) — кандыдат мастацтвазнаўства, культуроляг, вывучаў гісторыю тэатру ў Беларусі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасьля скончыў беларускую школу № 1 Слоніму і Менскі інстытут замежных моваў. Пасьля заканчэньня інстытуту вярнуўся ў Слонім. У пасёлку Альберцін (цяпер мікрараён Слоніму) выкладаў 6 год у мясцовай школе францускую, нямецкую, беларускую і расейскую мовы.

У 1958 годзе паступіў у асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру. Пасьля працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на катэдры тэатру народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва. У 1962 годзе ў Кіеве ў Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатру». Ім зробленая трансьлітэрацыя і вялізны камэнтар да беларускіх драматычных твораў у кнізе «Dramaty Staropolskie» (T. 6, Варшава, 1963). Апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газэтах, часопісах, зборніках і альманахах, прысьвечаных беларускаму тэатру, але абараніць яе не пасьпеў.

Перасьлед з боку КДБ і КПБ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1974 годзе быў звольнены з працы з Акадэміі навук БССР, дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. Сьведчаньні Міско:«Нас выгналі тады за „неправильные взгляды по национальному вопросу“, — расказаў неяк мне Сцяпан Міхайлавіч. — Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытуту літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытуту мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытуту гісторыі. Патрасьлі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесьці, а пасьля зноў дапытвалі. А пасьля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцьвярэзнік, а пасьля — убіраць сьмецьце і працаваць на Менскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…»

Віна Сьцяпана Місько, паводле інфармацыі КДБ, заключалася ў нацыяналістычнай пазыцыі (фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у пэрыядычным друку і ў публічных выступахна зьездах творчай інтэлігенцыі, адстойваў правы беларускай мовы, казаў пра яе нераўнапраўнае становішча ў БССР). Місько прымаў актыўны ўдзел на старонках газэты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Нёман» у дыскусіях пра лёс нацый і моваў, дзе практычна раскрытыкаваў афіцыйную канцэпцыю таталітарнага рэжыму пра зьліццё моваў як беспадстаўную і псэўданавуковую. Раскрытыкаваў вядучых артыстаў Беларускага Акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, якія дрэнна размаўляюць па-беларуску на сцэне падчас спэктакляў…

Місько выклікалі на бюро ЦК КПБ перад пленумам 1974 года. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў распавядаў Місько пра «адзіны савецкі народ», пра «адну мову» і г. д. А потым пачаў крычаць на яго: «Нашёлся свядомый белорус. Поживёшь два года без работы, вот посмотрим, как ты запоёшь… Ты думаешь, если бы ты стал руководителем республики, так сразу все и заговорили бы на белорусском языке…»[1].

Сьцяпан Місько працягваў адстойваць свае погляды. Пасьля размовы з Машэравым у бюро ЦК КПБ два гады ён ня мог уладкавацца на працу. Пасьля ўладкаваўся ў Дзяржаўны музэй БССР. А перад пэнсіяй — працаваў наместнікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве «Універсітэцкае».

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2000 годзе асобным выданьнем выйшла з друку кніга «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.». У ёй дасьледуецца тэатральнае мастацтва Беларусі пэрыяду сярэднявечча. Кніга складаецца з трох разьдзелаў. У першым разьдзеле гаворка ідзе пра тое, як узьнік школьны тэатар і што сабой уяўляў яго рэпэртуар. У другім разьдзеле асаблівую ўвагу ўдзяляецца аналізу інтэрмэдый, якія ляглі ў аснову прафэсійнай беларускай драматургіі. А ў трэцім разьдзеле ў скарочаным выглядзе даецца зьмест асобных інтэрмэдый.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]