Сяргей Паўловіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Паўловіч
Род дзейнасьці багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы
Дата нараджэньня 25 верасьня 1875
Месца нараджэньня Асаўцы, Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня
Дата сьмерці 16 верасьня 1940
Месца сьмерці Вільня
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак публіцыст, перакладнік, пэдагог, тэоляг
Месца працы
Псэўданімы Паляшук[1]

Сярге́й Канстанці́навіч Паўло́віч (25 верасьня 1875, в. Асаўцы, Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня — 16 верасьня 1940, Вільня) — багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.

Раньняе жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю ў Вільні, пасьля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысэртацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 году. У 1900 скончыў акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя.

Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904 «Гродненские епархиальные ведомости» надрукавалі дапрацаванае ім кандыдацкае сачыненьне пад назвай «Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)», а потым яно выйшла асобным выданьнем у 254 старонкі.

У 1909—1912 выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай сэмінарыі і жаночай гімназіі Рагачова (Віленская навучальная акруга). У 1913 ён быў прызначаны інспэктарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. З пачаткам Першай сусьветнай вайны выехаў як бежанец у Калускую губэрню. Там займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзяленьня ў аддзеле народнае адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бугальтара ў Калускім аддзяленьні Дзяржаўнага банку.

Нацыянальна-асьветніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасьля пераезду ў Вільню Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927—1928 навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтае гімназіі.

Пэдагагічная й грамадзкая дзейнасьць Паўловіча была цесна зьвязаная з Таварыствам беларускае школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асьветнай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 — «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфэратамі па гісторыі хрысьціянства на яго паседжаньнях.

16 кастрычніка 1930 і ў 1933 Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках.

3 канца 1920-х рэзка ўзмацнілася палянізацыя школы. Міністэрства веравызнаньняў і грамадзкае асьветы заплянавала на 1929—1930 навучальны год увядзеньне ў беларускія школы падручніка «Лемантар» Ст. Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго; выкрыў шкоднасьць гэтага дапаможніка для нацыянальнае сьвядомасьці дзяцей. Прыкмечаныя Паўловічам 88 артаграфічных памылак вымусілі чыноўнікаў зьняць лемантар з карыстаньня, але ў наступным годзе «выпраўлены» падручнік усё ж такі быў уведзены ў навучальны працэс.

У 1929 у Вільні, у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік С. Паўловіча «Пішы самадзейна. Разьвіцьцё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучаньня (пасьля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў сьвет і «Мэтадычныя ўвагі» да пасобніка «Пішы самадзейна». Яны былі дапушчаны Міністэрствам асьветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ зь беларускай мовай навучаньня.

У 1936 у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча «Першыя зерняткі». Нацыянальнай абэцэдай беларусаў С. Паўловіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Ува ўмовах паглыбленьня палянізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданьне лемантара (1937 г.) лацінкай пад назовам «Zasieŭki». Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны.

Рэлігійна-асьветніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1926 была надрукавана падрыхтаваная ім «Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Сынод дазволіў увесьці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Паўловіча ў 1933 быў выдадзены «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, які часова быў дапушчаны да ўжываньня ў беларускіх пачатковых школах Віленскае акругі.

Вялікая папулярнасьць падручнікаў С. Паўловіча і высокі ўзровень яго ведаў былі прычынай таго, што ў адной з пастаноў Варшаўскага Сынода яго асоба прапаноўваецца ў якасьці адзінага кандыдата ў камісію са спэцыялістаў-багасловаў і мовазнаўцаў па стварэньні падручнікаў Закону Божага на беларускай мове. На рэкамэндацыю Віленскае камісіі па беларускіх падручніках Закону Божага выйшла ў сьвет апрацаваная Паўловічам «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (1-У аддзелы)» (Варшава, 1935) і «Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936).

Паводле некаторых зьвестак, у 1937 жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс «Снапок», які быў дадаткам да газэты праваслаўнай мітраполіі «Слово». У 1940 памёр ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.[2]


Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падручнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій. Вільня, 1926.
  • Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. 4.1: першы год навучання (пасля азбукі). Вільня, 1929.
  • Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна». Вільня, 1929.
  • Першыя зерняткі. Вільня, 1936 (І-е выданне пад назвай Zasieuki, Вільня, 1937).[3][4]
  • Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі. Варшава, 1936.
  • Першая навука Закона Божага. Вільня, 1936.

Кнігі і брашуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.). Гродно,1904.
  • Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы. Вільня, 1928.
  • Пазашкольная асвета. Культурна-асветніцкая праца ў гуртках Таварыства беларускае школы. Вільня, 1928.
  • Некалькі ўваг аб беларускім «Лемантары» Ст. Любіч-Маеўскага. Вільня, 1929 (пад псэўд. Палешук).
  • Об организации белорусской трудовой школы. / пераклад А. С. Ліс = Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы. Вільня, 1928 // составители: Э. К. Дорошевич, М. С. Мятельский, П. С. Солнцев. Антология педагогической мысли Белорусской ССР. — Москва: Педагогіка, 1986. — С. 363—367.

Артыкулы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад рэдакцыяй С. Паўловіча выйшаў «Праваслаўны малітваслоў». Вільня, 1938; выдаваўся дзіцячы царкоўны, культурна-асьветніцкі ілюстраваны часопіс «Снапок» (Варшава, 1937), часопісы «Беларускі летапіс» і «Беларускі каляндар».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://bis.nlb.by/by/documents/130293
  2. ^ Cупрацоўніцтва з Таварыствам беларускай культуры ў Літве Прыход Петрапаўлаўскага сабору ў Менску Праверана 28 ліпеня 2015 г.
  3. ^ С. Паўловіч. «Першыя Зерняткі». // Наша воля : часопіс. — 1936, 2 траўня. — № 7 (8). — С. 4.
  4. ^ В. М. «Першыя Зерняткі». // Наша воля : часопіс. — 1936, 16 чэрвеня. — № 8 (9). — С. 4.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]