Танзанія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Танзанія
Jamhuri ya Muungano wa Tanzania
United Republic of Tanzania
Сьцяг Танзаніі Герб Танзаніі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Uhuru na Umoja» («Воля і адзінства»)
Дзяржаўны гімн: «Mungu ibariki Afrika»
Месцазнаходжаньне Танзаніі
Афіцыйная мова суахілі, ангельская
Сталіца Дадома
Найбуйнейшы горад Дар-эс-Салам
Форма кіраваньня фэдэрацыйная рэспубліка
Джон Магуфулі
Касім Маджаліва
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
31-е месца ў сьвеце
945 203 км²
6,2
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
26-е месца ў сьвеце
55 572 201
46,3/км²
СУП
 • агульны (2009)
 • на душу насельніцтва
99 месца ў сьвеце
$57,4 млрд
$1416
Валюта Танзанійскі шылінг (TZS)
Часавы пас EAT (UTC+3)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі
9 сьнежня 1961
Дамэн верхняга ўзроўню .tz
Тэлефонны код +255
Мапа Танзаніі
Мапа Танзаніі

Танзанія ці Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (на суахілі: Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, па-ангельску: United Republic of Tanzania) — краіна ва Ўсходняй Афрыцы, у рэгіёне вялікіх афрыканскіх азёраў. На паўночным усходзе краіны знаходзіцца гара Кіліманджара, самая высокая гара ў Афрыцы. Краіна мае выхад да Індыйскага акіяна. На поўначы мяжуе з Кеніяй і Ўгандай, на захадзе з Руандай, Бурундзі і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга. Эўрапейскі каляніялізм пачаўся з мацерыковай частцы Танзаніі ў канцы XIX стагодзьдзя, калі Нямецкая імпэрыя стварыла правінцыю Нямецкая Ўсходняя Афрыка, якая па выніках Першай сусьветнай вайны перайшла да Вялікабрытаніі. Мацерыковая частка працягвала сваё існаваньне як калёнія Танганьіка, у той час Занзыбар заставаўся пад асобнай каланіяльнай юрысдыкцыяй. Пасьля аб’яўленьня незалежнасьці абодвух калёніяў у 1961 і 1963 гадох, гэтыя дзьве структуры аб’ядналіся ў красавіку 1964 году ў адзіную краіну Танзанію. Назва краіны ўтвораная з пачаткаў назваў абодвух рэгіёнаў. У наш час гэтыя рэгіёны Танзаніі існуюць як фэдэрацыйныя рэспублікі.

Паводле падлікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў на 2016 год насельніцтва Танзаніі складала 55,57 млн чалавек[1]. Насельніцтва складаецца зь некалькіх этнічных, моўных і рэлігійных групаў. Дзяржава зьяўляецца прэзыдэнцкай канстытуцыйнай рэспублікай, у 1996 годзе афіцыйная сталіца была перанесена ў Дадома, дзе месьціцца рэзыдэнцыя прэзыдэнту, Нацыянальны сход і некаторыя ўрадавыя міністэрствы[2]. Дар-эс-Салам, былая сталіца, захоўвае большасьць урадавых установаў і зьяўляецца самым вялікім горадам краіны, галоўным портам і вядучым камэрцыйным цэнтрам[3][4]. Танзанія зьяўляецца дэ-факта аднапартыйнай дзяржавай з дэмакратычнай сацыялістычнай партыяй Чама-Ча-Мапіндузі на чале.

Паўночны ўсход Танзаніі ёсьць пераважна гарыстым і лясістым, тамака месьціцца і гара Кіліманджара. Тры зь Вялікіх азёраў Афрыкі часткова месьцяцца ў Танзаніі. На поўначы і захадзе знаходзіцца возера Вікторыя, самае вялікае возера ў Афрыцы, і возера Танганьіка, самае глыбокае возера на кантынэнце, вядомае сваімі ўнікальнымі відамі рыбаў. Усход краіны гарачы і вільготны, з усходняга боку ў Індыйскім акіяне каля берагу месьціцца востраў Занзыбар. Вадаспад Каламба, разьмешчаны на рацэ Каламба на мяжы з Замбіяй, зьяўляецца другім паводле велічыні бесьперапынным вадаспадам у Афрыцы[5]. Запаведнік Мэнай Бэй ёсьць самай вялікай ахоўнай марской зонай Занзыбару.

У Танзаніі размаўляюць больш чым на 100 розных мовах, што робіць краіну найбольш лінгвістычна разнастайнай ва Ўсходняй Афрыцы[6]. Краіна дэ-юрэ ня мае афіцыйнай мовы, хоць нацыянальнай мовай ёсьць суахілі. Суахілі выкарыстоўваецца ў парлямэнцкіх дэбатах, у судах ніжэйшай інстанцыі, а таксама ў сыстэме адукацыі пачатковай школы. Ангельская мова выкарыстоўваецца ў зьнешнім гандлі, у дыпляматыі, у вышэйшых судах, а таксама ў якасьці сродку навучаньня ў сыстэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі[6], хоць урад Танзаніі плянуе спыніць выкарыстаньне ангельскай мовы ў якасьці мовы навучаньня ў цэлым[7]. Прыблізна 10 адсоткаў танзанійцаў размаўляюць на суахілі як носьбіты мовы, і да 90 працэнтаў выкарыстоўваюць яе ў якасьці другой мовы зносінаў[6].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова тэрыторыю сучаснай Танзаніі насялялі народы, роднасныя бушмэнам і гатэнтотам, якія займаліся паляваньнем і зьбіральніцтвам. Затым у 1-м тысячагодзьдзі да н. э. з Этыёпскага нагор’я прыйшлі кушыцкія плямёны. Да пачатку н. э. прыйшлі плямёны банту. Прыкладна ў сярэдзіне 1 тысячагодзьдзя н. э. на ўзьбярэжжы сучаснай Танзаніі зьявіліся пэрсыдзкія гандляры, а затым — арабскія. Менавіта тады склалася новая этнічная супольнасьць — суахілі. Яе склалі мясцовыя прыбярэжныя плямёны і прышэльцы з Ірану, Арабіі, а таксама зь Індыі.

У 1840 годзе аманскі султан Саід бін Султан перанёс сваю сталіцу з Арабійскага паўвостраву ў Занзыбар. У гэты час Занзыбар стаўся цэнтрам арабскага гандлю рабамі[8]. Ад 65 да 90% насельніцтва Занзыбару апынуліся пад прыгнётам[9]. Адзін з самых сумна вядомых гандляроў рабамі на ўзьбярэжжы Ўсходняй Афрыкі таго часу быў Тыпу Тып, які сам быў унукам вызваленнага з прыгнёту афрыканскага раба. У 1890-х гадох рабства было адмененае[10].

У канцы XIX стагодзьдзя Нямецкая імпэрыя захапіла рэгіёны, якія на сёньня ўтвараюць мацерыковую частку Танзаніі і ўключыла іх ў склад Нямецкай Усходняй Афрыцы. Аднак, параза Нямеччыны ў Першай сусьветнай вайне вымусіла краіну саступіць гэтую тэрыторыю супернікам. Вярхоўная рада Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1919 году ўсе нямецкія тэрыторыі перадала Вялікабрытаніі 7 траўня 1919 году, не зважаючы на настойлівыя пярэчаньні з боку Бэльгіі. Брытанскі каляніяльны сакратар, Альфрэд Мілнэр і бэльгійскі паўнамоцны міністар П’ер Орт пасьля перамоваў падпісалі ангелька-бэльгійскага пагадненьне ад 30 траўня 1919 году, паводле якога частка былой нямецкай калёніі Руанда—Урундзі была перададзена Бэльгіі[11]. Рада мірнае канфэрэнцыі ратыфікавала гэтае пагадненьне 7 жніўня 1919 году. 12 ліпеня 1919 году камісія вырашыла, што невялікі Трыкутнік Кіёнга на поўдзень ад ракі Рувума будзе перададзены на карысьць Партугаліі[11]. Камісія разважыла, што Нямеччына фактычна прымусіла Партугалію саступіць гэты трохкутнік у 1894 годзе[11]. Вэрсальская дамова была падпісаная 28 ліпеня 1919 году, але набыла моц толькі 10 студзеня 1920 году. У гэты дзень былая нямецкая тэрыторыя была афіцыйна перададзена на карысьць Вялікабрытаніі, Бэльгіі і Партугаліі. Менавіта ў гэты час мацерыковая частка, што адыйшла да Брытаніі, атрымала назву Танганьіка.

Падчас Другой сусьветнай вайны каля 100 тысячаў чалавек з Танганьікі далучыліся да сілаў хаўрусьнікаў[12][13]. Танганьіканцы ўдзельнічалі ва Ўсходнеафрыканскай кампаніі ў Самалі і Абісыніі супраць італьянцаў, на Мадагаскары супраць сілаў вішысцкай Францыі падчас Мадагаскарскай кампаніі, і ў Бірме супраць японцаў[13]. Танганьіка зьяўлялася ў гэты час важным брытанскім фарпостам і крыніцай вырошчваньня ежы для задавальненьня патрэбаў войска, экспарт калёніі значна павялічыўся ў параўнаньні з даваенным гадамі Вялікай дэпрэсіі[12]. Такі попыт, аднак, выклікаў росту коштаў на сыравінныя тавары і масіўную інфляцыю ў межах калёніі[14].

У 1954 годзе Джуліюс Ньерэрэ стварыў палітычную арганізацыю Афрыканскі нацыянальны зьвяз Танганьікі (АНЗТ). Асноўная мэта АНЗТ было дасягненьне нацыянальнага сувэрэнітэту для Танганьікі. Арганізацыя хутка набыла папулярнасьць у калёніі, а Ньерэрэ стаў міністрам ва брытанскім каляніяльным урадзе ў 1960 годзе, а потым прэм’ер-міністрам. Менавіта за часам кіраваньня Ньерэрэ Танганьіка атрымала незалежнасьць у 1961 годзе. Танзанія ўзьнікла ў 1964 годзе ў выніку злучэньня Танганьікі і Занзыбару, які атрымаў незалежнасьць у 1963 годзе, як Аб’яднаная Рэспубліка Танганьікі і Занзыбару, а з кастрычніка 1964 году як Аб’яднаная Рэспубліка Танзаніі, удзельнік ААН. Першым прэзыдэнтам Танзаніі стаў прэзыдэнт Танганьікі Ньерэрэ, адзным з двух віцэ-прэзыдэнтаў — прэзыдэнт Занзыбару, Абэйд Карумэ, а пасьля ягонага забойства ў 1972 годзе — Абуд Джумбэ. Першая канстытуцыя краіны была абвешчаная ў 1965 годзе. У тым жа годзе забаронена дзейнасьць апазыцыі, а з прыняцьцем новай канстытуцыі 1977 году адзінай партыяй краіны стала Рэвалюцыйная партыя (ССМ).

У 1992 годзе дзейнасьць апазыцыі была дазволеная, але да нашых дзён ССМ кантралюе краіну. 7 жніўня 1998 году ў Дар-эс-Салам адбыўся тэратыстычны замах на пасольства ЗША.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Танзанія зьяўляецца ўдзельніцай Брытанскай садружнасьці нацыяў. У агульных выбарах выбіраецца прэзыдэнт і ўдзельнікі Народнага сходу (Bunge) на пяцігадовы тэрмін. Прэзыдэнт назначае прэм’ер-міністра і ўдзельнікаў Кабінэта міністраў з парлямэнтарыяў. З 274 месцаў парлямэнту, 37 зарэзэрвананы для жанчынаў і 5 для ўдзельнікаў Палаты Прадстаўнікоў Занзыбару. У выбарах 2005 году перавагу ў парлямэнце атрымала партыя Чама Ча Мапіндузі (Рэвалюцыйная партыя).

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэгіёны Танзаніі

Танзанія дзеліцца на 26 рэгіёнаў:

Рэгіён Рэгіён (анг.) Центар Плошча, км² Насельніцтва (2002), тыс. чал.
Аруша Arusha Аруша 36 486 1292,973
Дар-эс-Салам Dar es Salaam Дар-эс-Салам 1393 2497,940
Дадома Dodoma Дадома 41 311 1698,996
Заходні Занзыбар Zanzibar Urban/West Занзыбар 230 391,002
Паўночны Занзыбар Zanzibar North Мкакатоні 470 136,953
Цэнтральны Занзыбар/Паўднёвы Zanzibar Central/South Каані 854 94,504
Ірынга Iringa Ірынга 56 864 1495,333
Кагера Kagera Букоба 28 388 2033,888
Кігома Kigoma Кігома 37 037 1679,109
Кіліманджара Kilimanjaro Мошы 13 309 1381,149
Ліндзі Lindi Ліндзі 66 046 791,306
Маньяра Manyara Бабаці 45 820 1040,461
Мара Mara Мусома 19 566 1368,602
Мбэя Mbeya Мбэя 60 350 2070,046
Мванза Mwanza Мванза 19 592 2942,148
Марагора Morogoro Марагора 70 799 1759,809
Мтвара Mtwara Мтвара 16 707 1128,523
Пэмба Паўночная Pemba North Ветэ 574 186,013
Пэмба Паўднёвая Pemba South Мкоані 332 176,153
Пвані Pwani Кібаха 32 407 889,154
Рувума Ruvuma Сангеа 63 498 1117,166
Руква Rukwa Сумбаванга 68 635 1141,743
Сынгіда Singida Сынгіда 49 341 1090,758
Табора Tabora Табора 76 151 1717,908
Танга Tanga Танга 26 808 1642,015
Шыньянга Shinyanga Шыньянга 50 781 2805,580

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большую частку паверхні Твнзаніі займае пласкагор’е Уніямвэзі (вышыня 900—1500 м), перарэзанае тэктанічнымі разломамі, якія належаць да сыстэмы Вялікіх Афрыканскіх Разломаў. Цэнтральная частка краіны перарэзана з поўдня на поўнач Вялікім Усходнім Разломам, уздоўж заходняй мяжы цягнецца Вялікі Заходні Разлом. Паміж разломамі шзвышаюцца горныя масывы, вульканы: Кіліманджара і Мэру.

У паўночна-заходняй частцы краіны, на мяжы Танзаніі, Кеніі і Ўганды, знаходзіцца возера Вікторыя, самае вялікае возера Афрыкі. Уздоўж заходняй мяжы з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга знаходзіцца возера Танганьіка. Абодва возеры далучаюць да Вялікіх Афрыканскіх Азёраў.

На поўначы знаходзіцца Нацыянальны парк Сэрэнгеці.

Працягласьць межаў Танзаніі складае 3402 км, зь іх з Бурундзі — 451 км, Кеніяй — 769 км, Мазамбікам — 756 км, Руандай — 217 км, Угандай — 396 км, Замбіяй — 338 км, Дэмакратычнай Рэспублікай Конга — 473 км.

Працягласьць узьбярэжжа Індыйскага акіяна — 1424 км.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Танзанія — адна з самых бедных краінаў сьвету. У 1990 годзе СУП на аднаго жыхара складаў 110 даляраў. Сельская гаспадарка зьяўляецца асновай эканомікі краіны, прыносячы амаль палову СУП, 85% экспарту і 90% працаўладкаваньня. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: кава, гарбата, бавоўна, гвазьдзіка.

Сярод натуральных багацьцяў краіны можна вылучыць: дыямэнты (70 тыс. каратаў), рубіны і сапфіры, золата, гіпс, фасфаты, жалезная руда, каменны вугаль. Акрамя гэтага існуюць радовішчы ўрану, медзі, тытана, ванадыя і прыроднага газу.

Вялікі прыбытак краіне прыносіць турызм у Нацыянальны парк Сэрэнгеці, куды прыяжджаюць каля 90 000 турыстаў штогод.

Зьнешні гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Экспарт у 2009 годзе — 3 млрд дал. — золата, кава, арэхі кеш’ю, бавоўна. Асноўныя пакупацелі — Індыя 8,5 %, Кітай 7,6 %, Японія 7,1 %, Нідэрлянды 6,2 %, ААЭ 5,7 %, Нямеччына 5,2 %. Імпарт у 2009 годзе — 5,8 млрд дал. — спажывецкія тавары, машыны і транспартныя сродкі, паліва. Асноўныя пастаўнікі — Індыя 14 %, Кітай 13,7 %, ПАР 7,8 %, Кенія 6,9 %, ААЭ 4,7 %, Японія 4,3 %. Уваходзіць у міжнародную арганізацыю краінаў Афрыкі, Карыбскага басэйну і Ціхаакеанскага рэгіёну.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каолькасьць насельніцтва — 41,9 млн (ацэнка на ліпень 2010). Гадавы прырост — 2%. Фэртыльнасьць — 4,3, нараджэньняў на жанчыну. Дзіцячая сьмяротнасьць — 68 на 1000 народжаных. Сярэдняя працягласьць жыцьця — 51 год у мужчынаў, 54 гады ў жанчынаў. Заражонасьць вірусам імунадэфіцыту — 6,2% (ацэнка на 2007 год). Гарадзкое насельніцтва — 25% (2008).

Этна-расавы склад — у матэрыковай частцы — 99% нэгры, у асноўным плямёны банту, 1% — азіяты (у асноўным індыйцы), белыя, арабы. На Занзыбары — у асноўным арабы, нэгры і мэтысы араба-нэгрыцянскага паходжаньня.

Мовы — афіцыйныя суахілі і ангельская, на Занзыбары распаўсюджаная арабская, у матэрыковай частцы — каля 130 мясцовых моваў групы банту. Пісьменнасьць — 69% (77% мужчынаў, 62% жанчынаў — паводле перапісу 2002 году).

Рэлігіі — у матэрыковай частцы — хрысьціяне 30%, мусульмане 35%, абарыгенныя культы 35%, на Занзыбары — болей за 99% мусульмане.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Танзаніі ўжываецца каля 100 моваў, у асноўным зь сям’і банту. У адукацыі выкарыстоўваецца суахілі, у вышэйшай адукацыі ангельская мова. У краіне ёсьць чатыры ўнівэрсытэты.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «World Population Prospects: The 2017 Revision». United Nations Department of Economic and Social Affairs.
  2. ^ «The planning of the new capital of Tanzania: Dodoma, an unfulfilled dream». University of Botswana.
  3. ^ «Country Profile». Tanzania.go.tz.
  4. ^ «Dar es Salaam Port». Tanzaniaports.com.
  5. ^ «Kalambo Falls». Encyclopædia Britannica.
  6. ^ а б в Ulrich Ammon; Norbert Dittmar; Klaus J. Mattheier (2006). «Sociolinguistics: An International Handbook of the Science of Language and Society». Walter de Gruyter. — С. 1967. — ISBN 978-3-11-018418-1.
  7. ^ «Tanzania Ditches English In Education Overhaul Plan». AFK Insider.
  8. ^ «Slavery». Encyclopædia Britannica.
  9. ^ «Slave societies». Encyclopædia Britannica.
  10. ^ «On The Zanzibar Map: Spices, Slaves And A Bit Of History». Enchanting Travels.
  11. ^ а б в William Roger Louis (2006). «Ends of British Imperialism: The Scramble for Empire, Suez, and Decolonization». I.B. Tauris. ISBN 9781845113476.
  12. ^ а б Jay Heale; Winnie Wong (2010). «Tanzania». Marshall Cavendish. ISBN 978-0-7614-3417-7.
  13. ^ а б «African participants in the Second World War». Memorial Gates Trust.
  14. ^ «Tanzania: British rule between the Wars (1916–1945)». eisa.org.za.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]