Татарская Слабада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Цяперашні выгляд прадмесьця з боку Сьвіслачы

Татарская Слабада, Татарскі Канец, Татарскае прадмесьце — гістарычны раён Менску, разьмешчаны ў паўночна-заходняй частцы места.

На захадзе ад Татарскай Слабады месьціцца Тучынка і Кальварыя, на поўначы — Міхалянка, Людамонт і Старосьцінская Слабада, на ўсходзе — Траецкае прадмесьце, на поўдні — Ракаўскае прадмесьце.[1][2]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва мясьціны ўзьнікла ў сувязі з пасяленьнем тут у пачатку XVI ст. узятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разьбітыя пад Клецкам у 1506 року (існуе меркаваньне, што масавае пасяленьне палонных татараў у Менску ўзьнікла значна раней, яшчэ за часамі вялікага князя Вітаўта[3]). Да XVI ст. гэтая частка места называлася Пятніцкім канцом.[4]

У пачатку XX ст. Татарская Слабада ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку места. Прадмесьце зьяўлялася тыповай менскай ускраінай, забудаванай пераважна драўлянымі будынкамі. Праз раён праходзілі Ўваскрасенская (цяпер Вызваленьня), Вялікая Татарская (Дзімітрава), Глухая (частка вул. Мельнікайтэ каля праспэкта Пераможцаў), Татарска-Людамонцкая (пазьней Малататарская, цяпер на яе месцы праспэкт Пераможцаў ад Палаца спорту да праспэкта Машэрава), Заслаўская, Падзамкавая на балоце, Навазамкавая, Замячэтная, Новататарская, Новасяргееўская, Навакрасная вуліцы, Людамонцкі і Глухоўскі завулкі.[5] Тэрыторыю балоцістай нізіны паміж слабадой і Сьвіслаччу займалі агароды, зь якіх садавіна і гародніна паступала на мескія рынкі. Гэтая мясцовасьць называлася Татарскімі агародамі.[6]

  • 1901: менскія татары збудавалі мураваны мячэт (не захаваўся, разбураны ў 1962).
  • 1959: узьведзены спартовы комплекс таварыства «Працоўныя рэзэрвы».
  • 1965: адкрыўся Палац спорту.
  • 1969: на месцы зруйнаванага мячэту збудавалі гасьцініцу «Юбілейную».

Археалягічныя раскопкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1945 року на тэрыторыі слабады праводзіліся археалягічныя раскопкі, у час якіх выяўленыя рэшткі жытла, розныя вырабы, што сьведчаць пра разьмяшчэньне на гэтым месцы ў XIIXIII стст. прымескага паселішча.[4]

Старыя адрасы[7][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскі мячэт на старой паштоўцы
  • Вялікая Татарская. Гарбарны завод Е. Э. Гольдбэрга. Заснаваны ў 1906 року. Меўся паравы кацёл. Знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Дзімітрава.
  • Навакрасная. Кафляны завод І. Я. Авярбуха. Уступіў у дзеяньне ў 1897 року. Праз рок абсталяваны паравым катлом і паравой машынай. У 1905 годзе Авярбух разам з Айзэнштатам і Полякам стварылі аб’яднаньне манапалістычнага тыпу, якое рэгулявала аб’ём вытворчасьці іх прадпрыемстваў і ўзровень коштаў на вырабы ў Менску. Гэта дазволіла прадпрымальнікам пратрымацца ў часы дэпрэсіі. Праўда, з надыходам эканамічнага ўздыму аб’яднаньне перастала існаваць. У 1913 року на заводзе вырабляліся высокаякасныя кафляныя, маёлікавыя і тэракотавыя печы і коміны, вазы для кветак, ганчарныя рэчы, пячная аздоба, дрэнажныя трубы. У 1909 року прадукцыя Авярбуха атрымала залаты медаль на Сусьветнай выставе ў Рыме. Прадпрыемства разьмяшчалася ў раёне сучаснай вуліцы Максіма Танка. Захаванасьць яго не вызначаная.
  • Татарскі завулак, 7, дом Сініцынай. Мескі санітарны камітэт. Арганізаваны ў 1891 року для нагляду за агульным санітарным станам места і барацьбы з інфэкцыйннмі хваробамі. Але на практыцы роля яго звузілася да нагляду за прастытуцыяй. У 1898 року пры камітэце, у тым жа будынку, была адкрытая лякарня для прастытутак на 27 ложкаў. Грашовыя сродкі паступалі ад гаспадынь дамоў цярпімасьці, часткова ад мескіх уладаў. Месцаў хранічна не хапала, на адным ложку нярэдка разьмяшчаліся дзьве кабеты, таму хворых часам мусілі выпісваць нават тады, калі тэрмін лекаваньня далёка ня скончыўся. Камітэцкая пабудова месьцілася ў раёне сучаснага гатэлю «Юбілейны» (праспэкт Пераможцаў, 19).
  • Татарскае прадмесце, 5-ая паліцэйская частка, сядзіба Эрдмана. Эрдман — эканом маёнтка абшарніка П. Ваньковіча. Падчас першай расейскай рэвалюцыі жонка эканома дапамагала рэвалюцыянэрам: давала часовы прытулак, хавала зброю і забароненую літаратуру. Сядзібу зьнішчылі ў ходзе забудовы праспэкта Пераможцаў. Знаходзілася паміж цяперашнімі Палацам спорту і паркам Перамогі.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва прадмесьця ніяк не адзначана на цяперашняй мапе Менску. З 1997 року ў месьце існуе Татарская вуліца (колішняя Вялейская), а з 2009 — Татарскі сквэр, якія геаграфічна знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Міхалянкі.[8]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. ^ «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. ^ Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  4. ^ а б Татарская Слабада, Татарскае прадмесце, Татарскі канец // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
  5. ^ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  6. ^ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 223
  7. ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
  8. ^ После 1994 года // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Татарская Слабадасховішча мультымэдыйных матэрыялаў