Тудаўлянскія гаворкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тудаўлянскія гаворкі
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Былая Ржэўская воласьць (сучасныя ваколіцы Ржэву) і басэйн ракі Туд (паўднёвы захад Цьвярской вобласьці)
Колькасьць карыстальнікаў невядома
Клясыфікацыя Індаэўрапейская

 Славянскія
  Усходнеславянскія
   Беларуская (дыялект)

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў -
Коды мовы
ISO 639-2(Б) -
ISO 639-2(Т) -
SIL -

Тудаўля́нскія гаворкі — беларускія (альбо зьмяшаныя беларуска-расейскія гаворкі) гаворкі, якія маюць або прынамсі мелі пашырэньне[a] сярод аўтахтоннага беларускага насельніцтва Ржэўскае воласьці, у прыватнасьці жыхароў старажытных воласьцяў Стары Туд, Малады Туд і Туд-Скаваратынь паабапал ракі Туд, правага прытока Волгі.

Асноўныя рысы і лінґвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гаворцы сялянаў Маладатудзкае воласьці асабліва рэзка адрозьніваецца гаворка старога і маладога пакаленьняў: з прычыны большай пісьменнасьці маладога пакаленьня, у гаворцы маладога пакаленьня не сустракаецца тых адметных і яскравых дыялектызмаў, якімі вызначаецца гаворка старога насельніцтва. У фанэтычным аспэкце маўленьне маладога пакаленьня бліжэйшае да сучаснага літаратурнага расейскага вымаўленьня; у культурным пляне насельніцтва воласьці цягнецца да Масквы.

Што да маўленьня старога пакаленьня, то тут асабліва распаўсюджаныя дыялектызмы ў непісьменных жанчын ад 35 год; гэта ўласьціва і старому мужчынскаму пакаленьню. Да гаворкі старога пакаленьня даволі блізкая гаворка дзяцей дашкольнага веку, якія гадуюцца пад беспасярэднім уплывам бабуляў і дзядоў.

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аканьне. Гаворка тудаўлянаў зьяўляецца акаючай гаворкай. У вымаўленьні маладога пакаленьня аканьне маскоўскага тыпу, у сваю чаргу ў вымаўленьні старых аканьне носіць архаічны рэдукацыйны й дысыміляцыйны характар.

Напрыклад, у першым складзе перад націскным а ў гаворцы старых зьяўляецца рэдукаваны галосны гук, які пасьля цьвёрдых зычных акустычна й артыкуляцыйна вельмі блізкі да ы: пыха́ть (вёска Плугіна), у пыпа́ (Малае Белагубцава), трыва́, скыза́ла (Моршчыкава), тыба́к, хызя́ін, кыня́ (Падсасоньнікі), сыма́ (Прыездава). Хаця нароўні з гэтым адзначанае і а: вада́ (Малы Туд), вата́жым (Мінькіна), сабрала́с (Моршчыкава). Пасьля паляталізаваных зычных у гэтай пазыцыі гучыць і: тіря′ть (Малы Туд), вісна′, па пліца′м (Прыездава). У пачатковым складзе перад націскным а адзначанае таксама і і: іна′ (Какуеўка, Малы Туд, Падсасоньнікі і інш.). У астатніх выпадках у першым складзе перад націскам адзначанае а як пасьля цьвёрдых, так і пасьля паляталізаваных зычных: перад націскным е: бяз де́нек, мяне́, прінясе́ть (Прыездава), тапе́рь (Малы Туд); перад націскным і: на хрясьті́нах (Прыездава), сястрі́цы (Ваніна), ня ві́діть (Прыездава), насі́ть (Малы Туд); перад націскным о: тяпло́ (Прыездава), дяўчо́нкі (Малы Туд), пяшко́м (Прыездава), нямно́шка (Какуеўка), вяршо́к (Малы Туд), даляко́ (Загвозьдзьдзе), даро́га (Малы Туд); перад націскным у: завяду́ (Малы Туд), в лясу́, бяру́ть (Прыездава), прінясу́ (Какуеўка), яму́ (Прыездава), скату́ (Малы Туд), таксама адзначанае такое вымаўленьне на месцы этымалягічнага і: рясу́нак Косьті; перад націскным ы: бязвы́ханна (Прыездава), ня вы́мыцца (Малы Туд), мяды́ (Ваніна), па сьтяны́ (Прыездава), вады́ (Малы Туд). У іншых складах перад націскам, апроч разгледжанага вышэй першага перад націскам, назіраецца ваганьне ў вымаўленьні. Нароўні з рэдукаваным гукам чуецца галосны поўнага ўтварэньня, напрыклад: мыладу́ха (Какуеўка), пыласу́ (Малы Туд), тьряму́ (Ваніна), і ня курі́ла (Моршчыкава), пыд ряшато́м (Падсасоньнікі), павярну́, пагляжу́ (Прыездава). У канчатковым адкрытым складзе звычайна а (я): вяро́ўка, няло́ўка (Прыездава), жа́лаваньня (Малы Туд).

  • Лябіялізацыя галосных. У гаворцы тудаўлянаў вельмі моцна разьвітая лябіялізацыя галосных гукаў; так галосныя а, о, ы, моцна лябіялізуючыся, гучаць як у: сумыва́р (Малы Туд), пува́ліш (Моршчыкава), пупрасі́л (Малы Туд), у мужыка́х (Прыездава).

Пачатковыя о, у атрымліваюць пратэтычнае в: во́каракі, во́сыпа (Ваніна), во́зера (Малы Туд), ву́зенька (Какуеўка), ву́ска (Малы Туд), ву́хі (Рэдзькіна).

  • ы на месцы старажытнага ъ. На месцы расейскага о з старажытнарускага ъ у тудаўлянскай гаворцы звычайнае ўзьнікненьне ы. Выключэньне складае толькі пісьменная моладзь. Асабліва бачны пераход ъ > ы у маўленьні старых і дзяцей дашкольнага ўзросту. Напрыклад, памы́ю (Ваніна), мы́еть, аткры́й (Малы Туд), закры́ю (Моршчыкава), накры́еть (Падсасоньнікі), ры́ю (Малы Туд), шы́ють (Косьці).
  • Вуснавыя. Гук в у тудаўлянскай гаворцы гучыць як лябіядэнтальны і як білябіяльны.

Лябіядэнтальнае в вымаўляецца ў наступных выпадках: 1) У сярэдзіне слова ў інтэрвакальным становішчы: няво́ (Малы Туд), аві́н (Прыездава) і г. д. У адзінкавым выпадку адзначанае білябіяльнае в у гэтай пазыцыі: самаўа́р (непісьменная жанчына 58 год); 2) У пачатку слова перад галоснымі: варо́ты (Малы Туд), вясны́ (Прыездава), а таксама ў ролі пратэтычнага гуку (гл. вышэй). Білябіяльнае в (ідэнтычнае беларускаму гуку ў і ангельскаму w) вымаўляецца ў наступных пазыцыях (апроч адзінкавага выпадку адзначанага вышэй): 1) У пазыцыях закрытага складу, як у сярэднім, так і ў канчатковым: пу́гаўка, няло́ўка, папо́ў (Прыездава), дваро́ў (Малы Туд). 2) У пачатковым складзе перад зычным на месцы этымалягічнага в: ў ла́ўках, ўре́мя, ў цэ́ркаф (Прыездава), ў шко́ле (Малы Туд). Акрамя ў, у пачатковым складзе на месцы старажытнарускага в можа прысутнічаць у або ув. Напрыклад, узбуді́ (Ваніна), усі́, у ба́нку, усе́ (Прыездава), утаро́й (Малы Туд), узмалі́лся (Ваніна). Ув у пачатковым складзе зьяўляецца толькі ў тым выпадку, калі яно стаіць у ролі расейскага прыназоўніка в перад словам з пачатковым галосным гукам: ув акно́ (Прыездава), ув аді́н (Мінькіна), увыйду́ (Рэдзькіна), увайде́ш (Прыездава). Адзначаныя адзінкавыя выпадкі вымаўленьня ув на месцы расейскага прыназоўніка в перад словам, якое пачынаецца з зычнага гуку: ув шко́лу (Мінькіна), ува Ржэф (Падсасоньнікі); у апошнім выпадку перад зычным зьяўляецца галосная а. У гаворцы, што характарызуецца, як архаічная, адзначанае вымаўленьне ф на месцы этымалягічнага в у вызначанай пазыцыі у адзінкавых выпадках: ў цэ́ркаф, ф ша́ріке, ф Пітярбу́рх (Прыездава), ува Ржэф (Падсасоньнікі). У маўленьні моладзі такое вымаўленьне мае перавагу. Такім чынам, гук ф рэдка гучыць у гаворцы старых; у вызначаных выпадках замест ф на месцы старажытнага в гучыць у, ў. На месцы ж этымалягічнага ф сустракаюцца спалучэньні хв/хф, альбо х: хура́шэк, хунт, хве́рзі, хва́ртук (Прыездава), хамі́лье (Какуеўка), Ахре́маф, Хідарко́ф (Ваніна), Серахі́ма (Падсасоньнікі), Сахфе́я (Белагубцава).

  • Ў на месцы л. Вымаўленьне ў на месцы л адзначана дасьледчыкамі ў закрытым складзе ў нешматлікіх выпадках: ушо́ў (Малы Туд), любі́ў, схава́ўся (Падсасоньнікі), але зараз гэтая зьява амаль што зьнікла.
  • Цоканьне. Цоканьне яскрава выражанае ў маўленьні старога пакаленьня. Звычайным зьяўляецца вымаўленьне цьвёрдага ц на месцы этымалягічнага ч: па пліца́м, цо́рные, ніцаво́, с то́цы, у паво́йніцкі, пацыта́лі, пране́цкам, хо́цыть, парасо́нацык (Прыездава), палу́цку, пра́зьніцык (Ваніна). Адзначаны адзінкавы выпадак вымаўленьня чь на месцы этымалягічнага ц: Мы́чьчя (Прыездава) і вымаўленьня с на месцы этымалягічнага ц: аўса́ с ягнё́нкам.
  • Шыпячыя. Гукі ж, ш, як і ў літаратурнай беларускай мове, гучаць заўсёды цьвёрда: жызьнь (Малы Туд), жы́та, шы́ла (Прыездава), шэсь (Падсасоньнікі).
  • Афрыката Ч. Гук ч звычайна мяккі: палу́чять (Прыездава), чей (Малы Туд).
  • Двухкампанентны гук ШЧ. На месцы літаратурнага беларускага шч (стараславянскага шт) у сувязі з узьдзеяньнем мяккасьці афрыкаты ч як другога кампанэнта адбываецца пераход у падоўжаны гук шь: Пыжо́ўшьшіна (Малы Туд), паме́шьшік (Прыездава), шьшю́кі (Пячурыха).
  • Зубныя. Імаверна, что тудаўлянскія гукі ть, дь раней гучалі як беларускія ць і дзь. У сучаснай гаворцы дзеканьня й цеканьня не адзначана нават у вымаўленьні старых. Намёкам на былое існаваньне ў тудаўлянаў дзеканьня і цеканьня можна лічыць вельмі моцную паляталізацыю (памякчэньне) т, а таксама вымаўленьне дь зь вельмі слабым сьвісьцячым прыгукам (рэдукаванае дзь): д[з]ьве (Малы Туд), д[з]е́ўку (Падсасоньнікі). Але ў 1912 годзе дасьледчык У. М. Папоў адзначае цеканьне ў вёсцы Халмец.

У старых запісах з раёну вёскі Баброўка адзначана, як шырока распаўсюджаная зьява, дзеканьне й цеканьне. Паляталізаванае д перадаецца праз дз: дзѣ́ўка, паляталізаванае т — праз тс або тц: тсебѣ́[1], ку́шатць[2]. Вялікая колькасьць тэкстаў, якія імкнуцца да пасьлядоўнае перадачы гукаў, а таксама пасьлядоўная перадача дь і ть ў Разуміхіна праз спалучэньні дз, тс не даюць падставаў сумнявацца ў тым, што пад гэтымі спалучэньнямі трэба разумець дзеканьне і цеканьне. У. М. Папоў ад пачутага ім у 1912 годзе вымаўленьня т робіць выснову аб вымаўленьні 50-ых гадоў мінулага стагодзьдзя і лічыць, што тс у запісах Разуміхіна азначае ня цеканьне, а асаблівае вымаўленьне мяккага т.

  • Сьвісьцячыя. У некаторых вёсках адзначаны асаблівасьці ў вымаўленьні сьвісьцячых (Прыездава, Косьці, Моршчыкава, Падсасоньнікі): гукі з і с вымаўляюцца з шыпячым адценьнем. Шапялявае вымаўленьне адзначаецца і ў мяккіх, і ў цьвёрдых сьвісьцячых: с[ш]тол, з[ж]найду́, пе́с[ш]ьні (Прыездава), авёс[ш], іс[ш]ьле́давал, з[ж]ярно́, фс[ш, з[ж]е́млю (Косьці), с[ш]ем (Падсасоньнікі), с[ш]е́мей (Моршчыкава). Шапялявасць у суседніх раёнах адзначаная і Ў. М. Паповым[3].
  • Прыназоўнікі с, із. У гаворцы тудаўлянаў на месцы старажытнарускіх прыназоўнікаў с, из перад звонкімі, насавымі і плыўнымі зычнымі заўсёды стаіць адзін прыназоўнік з, тое ж самае адбываецца і з прыстаўкамі. Гэтая зьява сустракаецца як у маўленьні старых, так і ў маўленьні маладога пакаленьня. На месцы старажытнарускага с адзначана з: зле́сь (Ваніна), з вясны́, звалі́л, зру́блен, з ней (Плугіна), зь ей (Мінькіна), з ма́ленькім, звезлі́ (Шаркі), зведі́ (Моршчыкава), злі́шкам (Малае Белагубцава), зні́меть (Прыездава), за знё́мачьку (Медзьвяжоўка). На месцы старажытнарускага из адзначана з: з варо́т у варо́ты (Прыездава), звезла з ні́так (Косьці), з лі́пы (Малае Белагубцава).

Адлюстраваньне ў гаворцы прыназоўнікаў с, із нароўні з з адлюстравана ў ранейшых запісах[4].

  • Асыміляцыя галосных. У адрозьненьне ад звычайнай для расейскае мовы асыміляцыі галосных, у гаворцы тудаўлянаў асабліва шырока распаўсюджаная асыміляцыя зычных з наступным j, як і ў беларускай мове: клі́каньня (Ваніна), у́гальля (Какуеўка), бельлё́, пла́тьте, вальлё́ш (Малы Туд), назва́ньня (Шаркі), ку́ньню, ігрі́ньня, у пападьде́ (Косьці), да Льлі жать (Мінькіна), сальлю́ть, гнільлё́, Натальля, зьверьрё́ (Малае Белагубцава), ро́жьжю (Моршчыкава), на Васі́льлева (Халмец). Гэтая зьява, што адзначана ў маўленьні старых, таксама адзначана і ў маўленьні маладога пакаленьня: с селе́ньня (Шаркі), арте́льлю (Малы Туд), на сабра́ньні (Рэдзькіна). У гэтых спалучэньнях зычныя вымаўляюцца сабліва напружана, што адзначана і Ў. М. Паповым[5].
  • Напружаныя зычныя. Напружаныя зычныя, акрамя апісаных вышэй выпадкаў, адзначаныя яшчэ ў некалькіх выпадках, асноўным чынам ў складах, што йдуць пасьля націску: тре́тьтій (Малы Туд), на сьве́тьте, тро́йкькі (Пячурыха), выключэньне — сьвіньне́й (Прыездава).
  • Фрыкатыўнае г. Для гаворкі старога пакаленьня тудаўлянаў характэрнае вымаўленьне фрыкатыўнага гуку г, як і ў беларускай мове: го́ре, наге́, е́герем (Прыездава), пу́гаўка (Малы Туд).

У канцы слова г пераходзіць у х: нох (Малы Туд), ф Пітярбу́рх (Прыездава). У маўленьні старых адзначана спарадычнае вымаўленьне выбухнога гука ґ і яго рэфлексу у канцох словаў у форме гуку к: бяз де́нек, самаґо́ну, у Рі́ґу (Прыездава). У сваю чаргу, у маўленьні маладога пакаленьня фрыкатыўнае г вельмі рэдкае (блаґаславі́, Бо́ґа (Малы Туд)), гэтая зьява адзначана і Ў. М. Паповым[6].

  • Дробныя фанэтычныя зьявы. У тудаўлянскай гаворцы адзначана вымаўленьне пратэтычнага галоснага ў словах з старажытнарускім пачатковым ръ: іржы́ (Прыездава), ірты́ (Мінькіна), аржане́й, пайшлі́ (Малы Туд), ішлі́ (Ваніна), зайшла́ (Моршчыкава).

Марфалёґія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Скланеньне назоўнікаў. Шырока распаўсюджана ў гаворцы тудаўлянаў ужываньне канчатку -е ў назоўніках жаночага роду роднага склону у адрозьненьне ад агульнабеларускіх канчаткаў -ы, -і: без руке́, а тот без наге́, с сахе́, с каро́ве, с шу́бе (Прыездава), пуд муке́ (Малы Туд), вакру́к руке́.

У тых выпадках, калі націск падае не на канчатковае -е, а на папярэдні склад, часта назіраецца вымаўленьне ў канчатку гуку а: спра́вя бы́ла мно́га, бо́льшэ рабо́та (Прыездава), нет каро́ва (Малы Туд), прінясі́ сало́ма (Малае Белагубцава), хоць і побач адзначана форма на -е: сьте́лють сало́ме. У пазначанай зьяве можна бачыць зьяўленьне формы давальнага склону на месцы роднага альбо ж перанясеньне канчатку роднага склону з асноваў на -ja (ѧ > е). Апошняе меркаваньне болей верагоднае, бо ў гаворцы вельмі рэдка назіраецца адваротная зьмена формы давальнага склону формай роднага. Форма на -е ў моўным мысьленьні тудаўлянаў цалкам носіць функцыю старажытнага -ы ў родным склоне і ўжываецца як форма роднага склону ня толькі ў адзіночным ліку, але й у дваістым ліку: дьве каро́ве, трітцать трі каро́ве (Прыездава) (Прыездава), десяті́не дьве (Падсасоньнікі). Цікава адзначыць аднолькавае зь беларускай мовай утварэньне меснага склону множнага ліку ў назоўніках, што зьмяшчаюць націск на апошнім складзе: в лаптё́х, в людё́х (Падсасоньнікі), у ферезё́х (Прыездава). Памяншальныя назоўнікі скланяюцца па асновах на -о, хоць і маюць у назоўным склоне адзіночнага ліку канчатак -а (ба́тька, дя́тька), якое падтрымліваецца аканьнем. Падобныя назоўнікі мужчынскага роду скланяюцца гэтаксама, як і ў беларускай мове: з ба́тькам, Мі́тькам завуть (Малы Туд), з дя́тькам (Моршчыкава, Ваніна), з Грі́шам (Ваніна), Се́нем завуть, Ко́лем звалі (Малае Белагубцава), Пе́тем заву́ть (Высокая), Ку́зем (Моршчыкава), с Се́нем (Плугіна). Словы ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку ў маўленьні старога пакаленьня маюць тыповы для беларускае мовы канчатак -ы: о́кны (Прыездава), вё́дры, варо́ты (Малы Туд). Гэтаксама словы мужчынскага роду ў назоўным і вінавальным склоне множнага й дваістага ліку па большасьці сканчаюцца на -ы/-і, як і ў беларускай мове: паясы́ (Прыездава, Малае Белагубцава), во́каракі, па гла́зы (Малае Белагубцава). Аднак варта адзначыць, што зьбіральныя формы на -а, -ья, -ье не чужыя для тудаўлянскіх гаворак, напрыклад: лашадя́ (Шаркі), матеря́ (Косьці), набяру́ть зяле́зья, хле́бья, со́лья нада несьті (Прыездава), адно пе́нье было́ (Лукіна). Трэба адзначыць аспэкты ў вобласьці скланеньня назоўнікаў. Качкі, гусі, лебедзі й куры ў родным склоне множнага ліку маюць форму: уте́й, гусе́й, лібіде́й, куре́й (Малы Туд, Косьці, Прыездава).

  • Скланеньне займеньнікаў. Назоўны склон адзінага ліку прыметнікаў мужчынскага роду часта мае канчатак -ей, -ый (у націскной пазыцыі як і ў беларускай мове): таке́й (Прыездава), друге́й (Ваніна), плахе́й (Какуеўка), гаряве́й (Падсасоньнікі), малады́й (Прыездава).

У ненаціскной пазыцыі часьцей за ўсё вымаўляецца канчатак -ый: до́брый (Малы Туд), сі́льный (Падсасоньнікі). Канчатак -ей/-эй таксама вядомы ў родным і давальным склонах жаночага роду: с тей (Прыездава), ад бальшэ́й (Малы Туд), саме́й (Падсасоньнікі). Родны склон адзінага ліку мужчынскага й ніякага роду звычайна мае канчатак -ва: двараво́ва (Малае Белагубцава), жыво́ва (Моршчыкава) і г. д. У маўленьні старых, як і ў беларускай мове, назіраецца канчатак -га: ста́рага (Моршчыкава), быга́тага (Ваніна). З займеньнікавых формаў варта адзначыць падабенства зь беларускай мовай: фсіх, фсім, чім, ее́. Лічэбнік мае ў родным склоне форму дьвёх (Малы Туд, Прыездава і г. д.), у давальным — дьвём (Малы Туд, Падсасоньнікі).

  • Спражэньне. Трэцяя асоба адзінага й множнага ліку мае звычайна канчатак -ть: дасьть (Малы Туд), зажыве́ть (Прыездава), іде́ть (Моршчыкава) і г. д.

Трэцяя асоба адзінага ліку дзеяслова «ёсьць» (у значэньні «існуе») у маўленьні старога пакаленьня мае падобную на беларускую форму ёсь. Для трэцяе асобы множнага ліку ўласьцівае зьмяшэньне спражэньняў: сьяду́ть, але хо́дють (Прыездава), но́сюць (Ваніна), де́лють, ху́лють (Косьці), мало́цюць (Высокая). У вёсцы Плугіна адзначаная амаль аднолькая з стандартнай беларускай мовай форма трэцяе асобы множнага ліку для дзеяслова «есьці»: бел. ядуць і тудаўлянскае яду́ть. Для другое асобы адзіночнага ліку ўласьцівае памякчэньне канчатковага -ш і аднолькавае зь беларускай мовай канчатковае е: пайде́шь (Моршчыкава), увайде́шь (Прыездава) і г. д. Але адначасова з гэтымі формамі сустракаюцца й формы з расейскім ё і цьвёрдым канчатковым -ш: несё́ш (Малы Туд) і г. д. Як і ў беларускай мове, у маўленьні старога пакаленьня дзеяслоў «даць» у другой асобе адзіночнага ліку мае формы дасі́ (Моршчыкава) і аддасі́ (Падсасоньнікі, Малы Туд).

  • Прыслоўе. Цікава адзначыць падабенства тудаўлянскіх прыслоўяў з прыслоўямі беларускае мовы: дамо́ў (Плугіна, Малы Туд), уво́нках ве́нік (Косьці), вы́йді брат, пакурі́ уво́нках (Падсасоньнікі).

Сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па аналёґіі зь беларускай мовай, у тудаўлянскіх гаворках звычайна ўжываецца часьціца ті (дакладней, агульнабеларуская часьціца «ці» праз амаль зьнікнуўшае цеканьне, гл. разьдзел «Фанэтыка»). Ужываньне гэтае часьціцы распаўсюджанае ня толькі ў маўленьні старых, а нават у маўленьні маладога пакаленьня: ті пра́ўда?, а то ті не хош лі мя́ты? (у гэтым выразе цікава адзначыць дубляваньне пытальнае часьціцы: ужываецца як тудаўлянскае ті, так і расейскае ли), ті он зьдесь схава́ўся?, бап, ті ёсь выда́ цы́стая? (Падсасоньнікі); ті ба́ба, ті дед? (Халмец), ті даўно́ лі? (таксама дубляваньне пытальных часьціцаў), ті по́мніш балахо́н таке́й цудне́й, таке́й удівле́нный? (Моршчыкава). Нароўні з ті прыстунічае пытальная часьціца чі/цы: чі пайде́ш з дя́тькам з е́тым? (Моршчыкава), чі біл он ко́сы? (Малы Туд), чі мно́га за зьнё́мку? (Падсасоньнікі), как там ма́льцык цы не ўсо́жэный? (Моршчыкава). У клічных сказах вельмі часта ўжываецца часьціца ту, якая прыдае выразу адценьне гневу, раздражненьня. Аднолькавых па сэнсе часьціцаў у беларускай мове хутчэй за ўсё няма. Часьціца ту заўсёды моцна прыцягваецца і ўзвышаецца: мале́ц — ту, го́спаді, буя́н, азарьнік (Прыездава), ту — ня пу́сьтіть, ту, нячі́стая сі́ла (Малы Туд), у́мер, не зыпла́кала — ту (Косьці). У гаворцы тудаўлянаў вельмі распаўсюджаны прыметнікавы зварот: за пятна́ццать вёрс уе́хачьчі, на́да бы расчяса́ть в ба́ню шо́чьчі, со́нцэ взашо́чьчі, во кыгда́ дамо́й прікаті́лісь (Малы Туд), шу́рін прішо́чьчі брі́цца, атвё́ўшы стол, клі́кать ста́лі (Ваніна), у рабо́ту уе́хачьчі (Плугіна), ня цы́ста вы́шачьчі знё́мка (Малае Белагубцава), ушо́ўшы сіца́с аді́н рабо́тать (Лукіна). З асаблівасьцяў у вобласьці ўжываньня роду цікава адзначыць некаторыя, напрыклад, словы путь (бел. «шлях», мужчынскі род, рас. «путь», мужчынскі род) і пьяніца (бел. «п’яніца», мужчынскі род, рас. «пьяница», мужчынскі род) зьяўляюцца словамі жаночага роду: путь да́льняя (Косьці), атец была́ го́рькая пья́ніца (Прыездава). Расейскае слова «фамилия» (бел. «прозьвішча») ўжываецца ў ніякім родзе. Імаверна, гэта выклікана сэмасіяляґічным атаясамленьнем значэньня гэтага слова з расейскімі словамі «прозвание», «прозвище» (тут трэба нагадаць, што тудаўляне амаль усю сваю гісторыю жылі ў складзе Масковіі, а потым Расеі, будучы адарванымі ад астатняга беларускага насельніцтва і таму актыўна асымілюючыся расейцамі і пераймаючы з расейскае мовы шматлікія паняцьці) і г. д.: тако́е хамі́лье (Какуеўка). Адзначаныя адзінкавыя выпадкі ўжываньня формы назоўнага склону замест вінавальнага: на́да каса́ адбі́ть (Малы Туд), не на́да ты мне. Слова «народ» і расейскае запазычаньне «общество» (бел. «грамадзтва») маюць пры сабе выказьнік у множным ліку: наро́т кармі́лі (Малае Белагубцава), о́пшьшества ре́шылі (Малы Туд). Для тудаўлянскіх гаворак звычайныя абароты з прыназоўнікам в/у: у мужука́х хура́шэк не было́ (Прыездава), у траі́х пае́діте (Ваніна), мы сь ей у дьвюх (Шаркі), ф трёх пла́чуть (Малы Туд).

Націск[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У націску назіраецца шэраг фактаў, якія яднаюць тудаўлянскія гаворкі з астатнімі дыялектамі беларускае мовы. Адзначаныя розныя з расейскай мовай націскі, што сустракаюцца ў наступных выпадках:

  • У назоўніках жаночага роду з канчаткам -а: ваду́ (Какуеўка), руку́, саху́ (Прыездава), нагу́ (Падсасоньнікі).
  • У слове «стол» ва ўскосных склонах націск прыпадае на корань: сто́ла, сто́лу (Косьці).
  • У тудаўлянскіх словах, што абазначаюць паняцьці «каноплі» і «пазаўчора», націск аднолькавы зь беларускай мовай: кано́пля (Прыездава), пазаўчо́ра (Ваніна).
  • У маўленьні старых тудаўлянскія аналяґі беларускіх займеньнікаў «нікога», «нічога» націск таксама аднолькавы зь беларускай мовай: ніко́ва (Малы Туд), ніцо́г.
  • У трэцяй асобе мінулага часу расейская форма на -л у ніякім родзе ад расейскага дзеяслова «быть» (бел. «быць») мае канчатковы націск па аналёґіі зь беларускай мовай: было́ (Прыездава, Малы Туд і г. д.).

Слоўныя асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З слоўных асаблівасьцяў тудаўлянскіх гаворак варта прывесьці найцікавейшыя, што яднаюць гэтыя гаворкі зь некаторымі дыялектнымі адметнасьцямі беларускае мовы:

  • Віта́цца — дале́че мать жыве́ть, ня віта́ецца к ей (Малы Туд).
  • Гульня́ — бел. «гуляньне», «гульня» (Косьці).
  • Дежа́ — бел. «дзежка» (Моршчыкава).
  • Діте́нок, діте́ночек — бел. «дзіця» (Мінькіна).
  • До́ба — ба́бушка у маю́ до́бу (Падсасоньнікі).
  • Дробный — бел. «дробны» (Малы Туд).
  • Паняде́лак — бел. «панядзелак» (Плугіна).
  • Стега́ — бел. «сьцежка», «сьцяжынка».
  • Хма́рный — бел. «пахмурны», «хмарны» (Малае Белагубцава).
  • Цубу́ля — бел. «цыбуля» (Моршчыкава).

Прыведзены невялікі слоўны матэрыял паказвае аб даволі істотнай блізкасьці з дыялектамі беларускае мовы. Цэлы шэраг словаў ў гаворцы тудаўлянаў агульны зь беларускай мовай і не сустракаецца ў больш усходніх раёнах Цьвярское вобласьці, якія не мяжуюць з арэалам распаўсюджаньня беларускіх дыялектаў.

Канчатковая характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для вырашэньня этналяґічных пытаньняў перш за ўсё неабходна высьветліць, да дыялектаў якой мовы належаць гаворкі тудаўлянаў, асабліва прымаючы ва ўвагу менавіта маўленьне старога пакаленьня (як форма гаворкі, што яскравей за ўсё паказвае адметнасьць тудаўлянскіх гаворак). Па гэтым пытаньні ў спэцыялізаванай літаратуры можна сустрэць некалькі меркаваньняў. Напрыклад, расейскі акадэмік А. І. Сабалеўскі у сваёй працы «Очеркъ русской діалектологіи» («Нарыс расейскай дыялекталёгіі»)[7] адзначае, што «Ржэўскі і Зубцоўскі ўезды з часткаю Асташкаўскага (паўночна-заходняя частка Цьвярской губэрні) належаць беларускай мове»; «Ржевский и Зубцовский уезды с частью Осташковского (северо-западная и западная часть Тверской губ.) принадлежат белорусскому наречию». Такім чынам, на ґрунце падобнага меркаваньня раён па рацэ Туд, што разьмешчаны ў заходняй частцы былога Ржэўскага павету, сьлед адносіць да непасрэдна беларускай мовы.

Беларускі акадэмік Я. Карскі неаднаразова выказваўся па гэтым пытаньні і лічыць, што «в Тверской губернии белорусские поселения с некоторыми особенностями даже северно-великорусских говоров (взаимная мена ц и ч) начинаются у гор. Зубцова, далее тянутся по правому берегу Волги (Молодой Туд), где живут тудовляне, заходя иногда даже и на левый её берег»"[8]. Таксама дадае, што «Белоруссы простираются по Туду почти до Волги, но более чистая речь лишь на западе, напр., в Бобровке, Холмеце, Васильевском»[9]. У сваёй апошняй працы[10] Карскі граніцу беларускае гутарковае мовы праводзіць у межах Ржэўскага павету па вярхоўях ракі Туд.

У. М. Папоў дасьледаваў гаворкі ваколіцаў Ржэву ў Казінскай воласьці, што разьмешчана на крайнім паўдзёным захадзе павету, і ў Харынскай воласьці. На падставе сваіх матэрыялаў з Ржэўскага павету У. М. Папоў «затрудняется сделать заключение о Ржевских диалектах»[11], бо ў яго ў 1912 г. больш не атрымалася адзначыць такіх адметных і яскравых беларусізмаў, як дзеканьне і цеканьне, хоць у матэрыялах 50-ых гадоў можна сустрэць пасьлядоўнае правядзеньне гэтых зьяваў. Прыведзенае вышэй апісаньне гаворцы тудаўлянаў указвае на цэлы шэраг несумненных рысаў, што яднаюць тудаўлянскія гаворкі зь беларускай мовай. Перш за ўсё варта адзначыць наяўнасьць у гаворцы дзеканьня й цеканьня, названых вышэй рэдукаванымі (у выглядзе сьвісьцячага паўгука). Ведаючы, што ў гэтай гаворцы ў другой палове 19 ст. яшчэ існавала дзеканьне, як жывая зьява, можна лічыць, што яно на працягу ўсяго гэтага пэрыяду паступова адмірала і ў цяперашні час амаль зьнікла. Паралельна зь дзеканьнем ішло й зьнікненьне цеканьня. Гэтаксама і беларускае ў замест расейскага л у цяперашні час амаль зьнікла, між тым у запісах 50-ых гадоў 19 ст. гэтая замена праведзеная пасьлядоўна. Іншыя асаблівасьці, што радняць гаворкі тудаўлянаў зь беларускай мовай, жывуць і ў цяперашні час. Так напрыклад:

  • ў на месцы расейскага в.
  • Падваеньне зычных перад й, ый на месцы расейскага ой у вызначаных выпадках.
  • Мена прыназоўнікаў с, із.
  • Канчатак -ей у вызначаных склонах прыметнікаў і займеньнікаў.
  • Канчатак -е ў жаночым родзе пры лічэбніках 2, 3.
  • Адсутнасьць назоўнага множнага на -а.
  • Ужываньне формы ёсь (параўн. зь беларускім «ёсьць»).
  • Пытальная часьціца ті/чі/цы (параўн. зь беларускім «ці» і дыялектным беларускім чы)

З групай паўночнаўсходніх беларускіх гаворак гаворкі тудаўлянаў родніць адсутнасьць цьвёрдага р, дысымілятыўнае аканьне, наяўнасьць формы трэцяй асобы дзеясловаў з -ть (у беларускіх гаворках -ць)[12]. Гэтаксама шэраг слоўных асаблівасьцяў яднае тудаўлянскія гаворкі зь беларускай мовай. Яскравей за ўсё прысутнасьць беларускае лексыкі выражана на паўдзёным захадзе былога павету; у цэнтры й на ўсходзе, асабліва ў ваколіцах мястэчка Ржэў, адчуваецца аслабленьне прыстунасьці беларускай лексыкі ў гаворках.

Этнаграфічная мапа беларусаў і беларускіх гаворак, складзеная Яўхімам Карскім (1903). На мапе тудаўлянскія гаворкі не адзначаныя асобна, але паводле этнаграфічных зьвестак варта адзначыць, што яны знаходзяцца (стасоўна мапы) зьлева ад надпісу «РЖЕВЪ» паміж чырвонай этнаграфічнай і зялёнай адміністрацыйнай мяжой.

Усе гэтыя меркаваньні прымушаюць дасьледнікаў прыйсьці да высновы, што гаворкі, разьмешчаныя па цячэньні ракі Туд (па-мясцоваму: Тудаўка) у цяперашні час адносяцца да пераходных гаворак паміж расейскай і беларускай мовай, прычым у іх аснове ляжаць беларускія дыялекты, якія зьведалі на сабе ўплыў з боку дыялектаў расейскае мовы, а цяпер адчуваюць моцны ўплыў літаратурнае расейскае мовы, якая выцясьняе з маўленьня тудаўлянаў найяскравейшыя моўныя асаблівасьці, якія ўласьцівы беларускай мове і чужыя для расейскае мовы. Гэтае выцясьненьне самым актыўным чынам ідзе ў ваколіцах Ржэву, то бок у месцах непасрэднага суседзтва беларускай і расейскай мовы; на захадзе ж, у сваю чаргу, асыміляцыя й выцясьненьне ідуць ня так хутка. Параўнаньне дыялекталягічнных зьвестак, сабраных у 1924 г., з запісамі 50-ых гадоў 19 стагодзьдзя паказвае, які зрух адбыўся ў зьмяненьні гаворак ў пляне асыміляцыі навакольнымі расейскімі дыялектамі[13].

У тым, што ў аснове гаворак тудаўлянаў ляжыць беларуская мова, запэўніваюць ня толькі лінгвістычныя зьвесткі. Гісторыкі і археолягі прызнаюць, што славянская калянізацыя ішла «з паўднёвага ўсходу, зь мясцовасьці, што складае зараз Смаленскую губэрню, з краіны крывічоў»[14]. Заходняя частка былога Ржэўскага павету, якая населена тудаўлянамі, сярод сялянаў усходняе часткі мае назвы «Белокафтанщина» і «Польша», як паведамляў дасьледчык У. М. Папоў[15]. У гэтых мянушках падкрэсьліваецца блізкасьць тудаўлянаў да астатняга беларускага насельніцтва на захадзе. Гэтыя формы адзеньня несумненна зьвязваюць (белыя баляхоны, што маюць сярод тамтэйшых назву насовы і касталаны) тудаўлянскае насельніцтва зь беларусамі. У іншых мясьцінах былога Ржэўскага павету, а пагатоў у больш усходніх частках Цьвярское вобласьці такое адзеньне распаўсюджаньня ня мела[16]. Тудаўляне адрозьніваюцца (прынамсі адрозьніваліся) ад астатняга насельніцтва Цьвярское вобласьці і ў іншых галінах матэрыяльнае культуры, што адзначана У. Пакроўскім у яго працы «Историко-статистическое описание Тверской губ.» (бел. «Гісторыка-статыстычнае апісаньне Цьвярское губэрні»)[17]: «и теперь крестьяне западной части Ржевского уезда, известные под именем Тудовлян, несколько отличаются от остального населения Тверской губ. Отличие заключается в говоре: в словах, определяющих одежду, обувь, пищу, орудие, местность и разную домашнюю утварь, а также в выговоре слов»».

Такім чынам тудаўлянаў, што жывуць па рацэ Туд ад вярхоўя да сяла Малады Туд, трэба лічыць беларусамі паводле паходжаньня, якія зьведалі моцны ўплыў з боку расейскага насельніцтва ўсходу былога Ржэўскага павету, хоць якія і захоўваюць у сваім этналягічным абліччы некаторыя беларускія рысы[18], галоўным чынам, у мове.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Далей ужываецца ў форме цяперашняга часу: зьвесткі, паводле якіх быў зроблены гэты артыкул, адносяцца да першае паловы ХХ ст.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ С. Разумихин. Этнографич. Сборник, вып. І, стр. 235.
  2. ^ П. Сокальский. Этнографич. Сборник, вып. V, стр. 60.
  3. ^ Op. cit., стр. 264
  4. ^ С. Разумихин. Этнографич. Сборник, вып. I.
  5. ^ Op. cit., стр. 260.
  6. ^ Op. cit., стр. 253.
  7. ^ Живая старина, 1892 г., вып. І, стр. 6.
  8. ^ К вопросу об этнографической карте белорусского племени. Изв. Отд. Русск. Яз. и Слов. Ак. Наук, 1902, №3, стр. 230. Этнографическая карта белорусского племени, стр. 22. Пгр. 1917.
  9. ^ Белоруссы, т. І, стр. 16 — 17. 1903.
  10. ^ Русская диалектология, стр. 79. Ленинград, 1923
  11. ^ Op. cit., стр. 274.
  12. ^ Е. Ф. Карский. Русская диалектология, стр. 118.
  13. ^ Ср. статистические данные: количество белорусов в Тверской г. по сведениям 1854 (Преображенский. Описание Тверской губ. в сел.-хоз. отношении) — 125 000 ч., по переписи 1897—438 ч. (Ржевск. у. 274 ч.). Е. Ф. Карский (Этн. карта б.-р. племени) указывает число б-р. 45.000.
  14. ^ В. Покровский. Историко-статистическое описание Тверской губ. т. І, стр. 14. Тверь, 1880. В. А. Плетнёв. Об остатках древности и старины в Тверской губ., Тверь, 1908
  15. ^ Op. cit., стр. 265.
  16. ^ «Одежда тудовлян Ржевского уезда», часопіс «Этнография», 1926 г., № 1, Масква.
  17. ^ Т. І, стр. 14
  18. ^ Старая и новая свадьба в Ржевском уезде // Ржевский край. № 1, 1926.