Тураўскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тураўская воласьць»)

Тураўскае княства, Тураўская зямля, Турава-Пінская зямля — буйная сярэднявечная дзяржава на поўдні Беларусі, у землях дрыгавічоў; на яго аснове сфармаваўся сучасны мікраэтнас Палесься.

Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тураўскае княства было прамым пераемнікам Дрыгавіцкага князяваньня, цэнтар якога не вядомы. Увогуле невядома, які горад быў цэнтрам дрыгавічоў. Тураў быў заснаваны блізу 950 году (найверагодней, 946, па іншых зьвестках 980 - гл. артыкул Тураў) князевічам Турам, братам Рагвалода. Тур быў першым князем, які пераўтварыў князяваньне ў княства. Паводле народнага паданьня, Тур і Рагвалод з войскам прайшлі ўздоўж Дняпра, і спыніліся ля ўпадзеньня Прыпяці ў гэтую раку. Далей Рагвалод, прыкрываючы Тура, застаўся тут, а Тур пайшоў уздоўж Прыпяці, знайшоў выгоднае месца і заснаваў горад. Ён дзейнічаў выключна ў хаўрусе з братам Рагвалодам Полацкім, але чамусь не прыйшоў яму на дапамогу ў 976 годзе, відаць, з-за раптоўнасьці нападу Ўладзімера. Пракнязяваў ен да 988 году, калі ў Пінску над Дрыгавіччынай быў пасаджаны Сьвятаполк І Тураўскі. Народнае паданьне пасьля Тура называе Ўладыку, але гэта — тытул япіскапа. Відаць, пры малалетнім Сьвятаполку ад яго імя ўладарыў япіскап, хоць гэта пярэчыць зьвесткам аб заснаваньні япіскапіі.

Князяваньне Сьвятаполка І[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвятаполк І быў актыўным уладаром. Відаць, яго сталіцаю спачатку быў Пінск, бо аб гэтым кажа «Жыцьцяпіс Барыса і Глеба». Відаць, пазьней ён зрабіў абодва гарады сваей сталіцай. Ён імкнуўся забясьпечыць незалежнасьць ад Кіева, дзеля чаго ўступіў у шлюб з дачкой Баляслава І. У 1005 годзе ён заклаў у Тураве япіскапію, і па названых у ёй гарадох можна меркаваць аб тэрыторыі княства. Яно займала большую частку сучаснай Беларусі. У 1015 годзе Сьвятаполк заняў і кіеўскі пасад, але князяваньне ў Тураве пакінуў за сабою. Княства прымала актыўны ўдзел у барацьбе братоў: так, у Тураве Сьвятаполк набіраў сабе вояў, а пазьней Яраслаў заняў нейкі горад Сьвятаполка, якім, відаць, быў Тураў ці Пінск.

Падзеі ХІ стагодзьдзя. Заняпад Турава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам. Яраслаў даў Тураў Ізяславу блізу 1045 году, і Ізяслаў І князяваў тут і пасьля заняцьця Кіева. Гэта паказвае на значнасьць Турава ў той час, але ён паступова заняпаў. Пазьней ім валадарыў Сьвятаполк ІІ Тураўскі, сын Ізяслава. Але пазьней князі імкліва зьмянялі адзін аднаго. У рэшце рэшт, княства згубіла амаль палову земляў: Берасьце, Мазыр, Панямоньне.

Набыцьцё незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1156 годзе ў Тураве замацаваўся прадстаўнік дынастыі Сьвятаполчычаў Юры. Ён узяў курс на здабыцьцё незалежнасьці. У адказ кіеўскія князі зрабілі паход на Тураў і Пінск у 1158 годзе, але гэтыя гарады выстаялі. У 1162 годзе незалежнасьць Турава была прызнаная. Пасьля гэтага з Турава выдзяляюцца Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае і, магчыма, Гарадзенскае і Давыд-Гарадоцкае княствы.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На жаль, аб дзяржаўным ладзе Тураўскага княства нам вядома мала. З жыцьцяпісу Кірылы Тураўскага нам ведама, што ў горадзе мела вялікую ўладу Веча, якое мела ўплыў на выбар япіскапа. Апроч таго, ў горадзе быў пасаднік, што ўказвае на асаблівасьці разьвіцьця ў Тураве грамадзка-палітычнага ладу.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб разьвіцьці культуры можна меркаваць па дзейнасьці Кірылы Тураўскага. Апроч таго, існуе меркаваньне, што ў Тураве таксама быў катэдральны Сафійскі сабор.

Сьпіс князеў (ХІ — пачатак ХІІ стст)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьпіс тураўскіх князёў
  1. Тур І (пасьля 945—988)
  2. Сьвятаполк І (988—1019)
  3. Ізяслаў І Зьмітры (1042—1073)
  4. Уладзімер І Васіль Манамах (1073—1077)
  5. Яраполк І Пятро (1078—1085)
  6. Давыд І (1085—1087)
  7. Сьвятаполк ІІ Тураўскі (1087—1113)
  8. Вячаслаў І (1113—1132)
  9. Ізяслаў ІІ (1132—1133)
  10. Вячаслаў І (1133—1142)
  11. Сьвятаслаў І (1142)
  12. Вячаслаў І (1142—1146)
  13. Яраслаў І (1146—1150)
  14. Андрэй І Багалюбскі (1150—1154)
  15. Сьвятаслаў І (1154—1155)
  16. Барыс Юр’евіч (1155—1157)
  17. Юры І Яраславіч (1157—1162)
  18. Іван Юр’евіч (1162—1170)
  19. Сьвятаполк ІІІ Юр’евіч (1170—1189)
  20. Глеб Юр’евіч (1189—1196)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лысенка П. Ф. Тураўскае княства // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 37.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]