Тэгеран

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэгеран
Тэгеран
Дата заснаваньня: 20 сакавіка 1794
Краіна: Іран
Кіраўнік: Alireza Zakani[d]
Плошча: 686 км²
Насельніцтва (2006)
колькасьць: 7 088 287 чал.
шчыльнасьць: 10 332,78 чал./км²
Часавы пас: UTC+3:30
летні час: UTC+4:30
Тэлефонны код: +98 21
Паштовыя індэксы: 13ххх — 15ххх
Геаграфічныя каардынаты: 35°42′0″ пн. ш. 51°25′0″ у. д. / 35.7° пн. ш. 51.41667° у. д. / 35.7; 51.41667Каардынаты: 35°42′0″ пн. ш. 51°25′0″ у. д. / 35.7° пн. ш. 51.41667° у. д. / 35.7; 51.41667
Тэгеран на мапе Ірану
Тэгеран
Тэгеран
Тэгеран
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.tehran.ir/

Тэгеран (па-пэрсыдзку: تهران Tehrān‎) — сталіца й найбуйнейшы горад Ірану. Адміністрацыйны цэнтар аднайменнага астану, палітычны, эканамічны, транспартны, гандлёва-фінансавы й культурны цэнтар краіны.

Тэгеран разьмешчаны на поўначы краіны ля падножжа горнага хрыбта Эльбурс, за 90 кілямэтраў на поўдзень ад узьбярэжжа Касьпійскага мора. Горад расьцягваецца на 40—50 кілямэтраў з захаду на ўсход уздоўж горнага схілу. Паўночныя раёны Тэгерану знаходзяцца на вышыні да 2000 мэтраў над узроўнем мора, а паўднёвыя прыгарады ўшчыльную падыходзяць да тэрыторыі камяністай пустэльні Кавір.

Насельніцтва Тэгерану разам з прыгарадамі перавышае 13 мільёнаў чалавек. Горад адрозьніваецца надзвычайнай разнастайнасьцю нацыянальнага й канфэсійнага складу. Аснову насельніцтва гораду складаюць пэрсы, азэрбайджанцы й мазэндэранцы. Асноўная рэлігія — іслам. Акрамя таго, у Тэгеране прысутнічаюць буйныя нацыянальныя й рэлігійныя меншасьці — армяне, асырыйцы, курды, габрэі, бахаі й зараастрыйцы.

Паходжаньне назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі тэорыяў паходжаньня назвы Тэгеран (па-пэрсыдзку: تهران‎). Паводле афіцыйнага сайту гораду, назва гораду паходзіць ад словаў «дно» (ته — тых) і састарэлага «схіл» (ران — ран). Такім чынам, слова Тэгеран можа значыць — «горад ля падножжа горнага схілу». Гэтая тэорыя ўяўляецца рэалістычнай, паколькі Тэгеран у рэчаіснасьці разьмешчаны на паўднёвым схіле гары Тачал[1].

Іншая тэорыя распавядае, што Тэгеран паходзіць ад назвы парфянскага гораду Тыран, які разьмяшчаўся недалёка ад сучаснай сталіцы Ірану. Сама назва Тыран перакладаецца як «Прыстанак Тыра» (бог дажджу ў зараастрыйскай міталёгіі)[2]. Непадалёк ад Тырану існаваў горад Мэхран — «мясьціна Мэхра» (бога вады), які ў цяперашні час зьяўляецца «спальным раёнам» на ўскраіне Тэгерану.

З трэцяй тэорыі вынікае, што Тэгеран азначае «цёплае месца» ў процілежнасьць «халоднага месца» — Шэмірану, раёну на поўначы гораду[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытны Тэгеран[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Куток Карым-хана» ў Мармуравым палацы

Раскопкі паказваюць, што селішча людзей на месцы сучаснага Тэгерану існавала ўжо ў 6 тысячагодзьдзі да н. э. Пасяленцы прыбывалі да схілаў Эльбурсу, ратуючыся ад сьпякоты пустэльні на поўдні. Першапачаткова Тэгеран быў вёскай, разьмешчанай за некалькі кілямэтраў на паўночны-захад ад гораду Рэй — аднаго з самых старажытных гарадоў Ірану. Асновай эканомікі Тэгерану на той час была сельская гаспадарка, у прыватнасьці, вырошчваньне гародніны й садавіны.

Штуршком да ўзвышэньня Тэгерану як палітычнага цэнтру стала разбурэньне манголамі Рэю ў 1228 годзе. Жыхары разбуранага гораду накіраваліся ў амаль некрануты Чынгісханам Тэгеран. Вядома, што ў сваіх працах, якія адносяцца да 1275 году, Мухамад Закарыя Газьвіні апісвае Тэгеран, як «важны гандлёвы горад». У гэты час Тэгеран падзяляўся на 12 раёнаў, якія кіраваліся вайскоўцамі. У асноўным гарадзкая забудова XIII стагодзьдзя ўяўляла сабой глінянае або высечанае ў скальнай пародзе жыльлё. Падобны тып паселішчаў можна таксама знайсьці на тэрыторыі паўночнага Іраку. У 1340 годзе Тэгеран апісваецца Хамдалой Мустафі як адзін з чатырох раёнаў Вараміна, найбуйнейшага на той момант гораду ў мангольскай правінцыі Ільханідаў. Пры гэтым адноўлены Рэй ужо перайшоў пад фактычнае кіраваньне тэгеранскіх уладароў[4].

У ліпені 1404 году гішпанскі падарожнік Руй Гансалес дэ Клавіха падчас свайго падарожжа ў Самарканд стаў, верагодна, першым эўрапейцам, які наведаў Тэгеран. Ён апісваў яго як буйны горад, на поўначы якога разьмешчаная рэзыдэнцыя Тымурыдаў, а Рэй — як закінутае паселішча. З XV стагодзьдзя Тэгеран у пошуках прахалоднага паветра й крыніцаў вады пачаў актыўна разрастацца на поўнач, гарадзкія кварталы зьявіліся на схілах хрыбта Тачал. У 1553—1554 гадох шаг Тахмасп I, другі кіраўнік з дынастыі Сэфэвідаў, пабдаваў у Тэгеране кірмаш, а таксама гарадзкія сьцены, якія мелі 114 гарматных вежаў. Сэфэвіды абралі Тэгеран адным са сваіх галоўных бастыёнаў, бо з аднаго боку, у Рэі знаходзілася пахавальня родапачынальніка дынастыі Сэеда Хамзы, з другога — Тэгеран да таго часу стаў традыцыйным сховішчам для шыіцкіх уцякачоў, бо Сэфэвіды былі першай шыіцкай дынастыяй кіраўнікоў Ірану. Сталую рэзыдэнцыю ў Тэгеране пабудаваў Абас II. А па загадзе Сулеймана I у горадзе пабудавалі палац, дзе ў 1721 годзе напярэдадні ўварваньня ў Іран аўганцаў апошні шаг Сэфэвідаў прымаў асманскага султана Ахмэта III.

Будаўнічы бум адбыўся ў Тэгеране напачатку XVIII стагодзьдзя. Дынастыя Зэндаў, якая прыйшла на зьмену Сэфэвідам, пачала актыўна забудоўваць горад. Карым Хан загадаў пабудаваць у Тэгеране палац, гарэм і рэзыдэнцыі для дзяржаўных установаў. Верагодна, ён меў намер перанесьці сталіцу ў Тэгеран, але пазьней сталічныя функцыі былі перададзены гораду Шыраза (старажытнай сталіцы Пэрсіі). Са сьмерцю Карым Хана за Тэгеран разгортваецца барацьба паміж лаяльным да Зэндаў Гафуры Ханам і Мухамэдам Хан Каджарам. 12 сакавіка 1786 году Мухамэд Хан уступае ў Тэгеран і канчаткова пераносіць сталіцу сюды. Гэтаму рашэньню спрыяла ўдалае стратэгічнае становішча Тэгерану на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў, а таксама пагроза паўночных правінцыяў з боку Расейскай імпэрыі.

Сталіца Ірану[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры Мухамед Каджара Тэгеран выйшаў за межы гарадзкіх вежаў. Фэтх Алі-шаг, пляменьнік Мухамэда Каджара, зрабіў найбольшы ўнёсак у будаўніцтва Тэгерану. У прыватнасьці, у пэрыяд ягонага кіраваньня ў Тэгеране былі пабудаваны Мармуравы палац і шаская мячэт. Да 1830 году насельніцтва Тэгерану дасягнула 150 тысячаў чалавек. Раскошныя палацы былі выбудаваны на поўначы гораду. Пры Фэтх Алі-шагу ў Тэгеране было разгромлена расейскае пасольства, ачоленае Аляксандрам Грыбаедавым, які быў забіты.

Найбуйнейшая рэканструкцыя за ўсю гісторыю гораду пачалася ў 1870 годзе пры Насрэдзін-шагу. Ён загадаў падарваць усе старажытныя фартыфікацыйныя збудаваньні, і на іх месцы зьявіліся новыя гарадзкія кварталы. Акрамя таго, пры Насрэдзін-шагу была праведзена рэканструкцыя вялікай колькасьці будынкаў, а таксама выбудавана цэнтралізаваная сыстэма водазабесьпячэньня. Да канца свайго кіраваньня насельніцтва гораду перавышала 250 тысячаў чалавек, большасьць зь якіх жылі за гарадзкімі сьценамі.

У 1925 годзе Іран узначаліў Рэза Пэхляві, і ў 1930-х горад перажыў яшчэ адно абнаўленьне. Па загадзе Рэзы Пэхляві «сьцены Насрэдзіна» былі зьнішчаны, а на іх месцы пракладзены шырокія праспэкты. Вялікая колькасьць замежных архітэктараў была запрошана шагам для будаўніцтва новых будынкаў для дзяржаўных і камэрцыйных установаў. Пасьля гэтай рэканструкцыі плошча Тэгерану ўзрасла больш чым на парадак у параўнаньні з Тэгеранам узору Фэтх Алі-шага, склаўшы 46 км².

У 1943 годзе ў Тэгеране прайшла міжнародная канфэрэнцыя кіраўнікоў урадаў трох саюзных дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі — СССР, ЗША й Вялікабрытаніі, на якой былі вызначаны прыкладныя тэрміны адкрыцьця другога фронту. На Канфэрэнцыі былі таксама абвешчаны гарантыі незалежнасьці й тэрытарыяльнай цэласьці Ірану пасьля заканчэньня вайны. Па заканчэньні вайны насельніцтва Тэгерану дасягнула 1 мільёну чалавек. Пры Мухамэдзе Пэхляві, апошнім шагу, многія старажытныя пабудовы старога гораду былі зьнішчаны, бо шаг лічыў, што ім ня месца ў сучасным Тэгеране. На месцы ўнікальных фартыфікацыйных збудаваньняў і палацаў цяпер месьцяцца хмарачосы альбо шырокія аўтастрады. З пачаткам тыпавой жылой забудовы, пік якой прыпаў на 1960-я гады, Тэгеран канчаткова згубіў свой «старажытны» выгляд. 21 ліпеня 1964 году заснавалі Рэгіянальную супрацу дзеля разьвіцьця, якую ў 1985 годзе пераўтварылі ў Арганізацыю эканамічнай супрацы.

У 1969 годзе Шэміран быў уключаны ў склад Тэгерану, пасьля чаго пашырэньне на поўнач спынілася. Па новай горадабудаўнічай дактрыне Тэгеран стаў узбуйняцца на захад і ўсход. Рэзкі скок кошту на нафту ў 1970-х надаў новы штуршок разьвіцьцю гораду. Шаг меў намер выкарыстоўваць звышпрыбыткі ад экспарту нафты на будаўніцтва новага раёну Тэгерану, які стаў бы сымбалем улады Пэхляві. Праект «Шагестану» быў гатовы ў 1976 годзе, аднак грошы хутка скончыліся, і раён так і ня быў пабудаваны.

8 верасьня 1978 году ў Тэгеране, як і ва ўсім Іране, пачаліся дэманстрацыі праціўнікаў шаскага рэжыму, якія неўзабаве перарасьлі ў масавыя выступы. Першы такі буйны пратэст адбыўся ў верасьні, ён быў разагнаны паліцыяй. З гэтага моманту эканоміка Тэгерану практычна «ўстала» з-за татальных страйкаў. У рэшце рэшт, 16 студзеня 1979 году шаг, ня ў сілах супрацьстаяць дэманстрантам, назаўсёды пакінуў Іран, а 1 лютага мільёны тэгеранцаў сустракалі апальнага імама Рухолу Хамэйні, высланага з краіны за 15 гадоў да таго. У горадзе пачаліся сутычкі паміж прыхільнікамі Хамэйні й іхнымі праціўнікамі. 9 лютага з дробнай бойкі паміж тэхнікамі ў мясцовым аэрапорце пачаліся грандыёзныя вулічныя сутыкненьні, у ходзе якіх за двое сутак прыхільнікі Хамэйні ўзялі пад свой кантроль усе ўрадавыя ўстановы, сілавыя ведамствы й паліцэйскія ўчасткі.

У ходзе ірана-ірацкай вайны, з траўня 1985 году Тэгеран рэгулярна падвяргаўся абстрэлу ірацкімі ракетамі Р-11, што цягнула за сабой значныя ахвяры сярод насельніцтва й разбурэньні. Напрыканцы вайны, увесну 1988 году інтэнсіўнасьць абстрэлаў дасягнула піку: за 6 тыдняў ірацкія войскі выпусьцілі па Тэгерану 190 ракетаў. У гэты ж час у Тэгеран накіроўваўся паток уцекачоў з суседняга Аўганістану, дзе таксама ішла вайна.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі Тэгеран стаў сталіцай Ірану напрыканцы XVIII стагодзьдзя, насельніцтва гораду складала каля 100 тысячаў чалавек. На працягу XX стагодзьдзя насельніцтва Тэгерану стала расло вялікімі тэмпамі. У 1956 годзе ўрад прыняў шэраг мераў, якія абмяжоўвалі будаўніцтва ў горадзе, а таксама зрабіў папраўкі да сямейнай палітыкі. У 1976 годзе прырост насельніцтва складаў 4%, а ў 2000 годзе — 1,1%.

У цяперашні час у межах гораду пражывае каля 7,5 мільёну чалавек, разам з прыгарадамі насельніцтва Тэгерану складае 13 мільёнаў чалавек, з навакольнымі гарадамі-спадарожнікамі — больш за 15 мільёнаў. Такі рэзкі рост насельніцтва тлумачыцца тым, што 60% жыхароў гораду — прыежджыя[5].

Мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэгеран зьяўляецца найбуйнейшым пэрсамоўным горадам у сьвеце. Насельніцтва гораду настолькі этнічна разнастайна, што зьмешваньне розных моваў і дыялектаў прывяло да зьяўленьня новага тэгеранцкага дыялекту пэрсыдзкай мовы, які зьяўляецца стандартам. У прыватнасьці, некаторыя правілы тэгеранцкага гутарковага дыялекту (напрыклад, замена доўгага /а/ на /u/) былі актыўна перайманы астатнімі іранцамі.

Большая частка насельніцтва Тэгерану размаўляе таксама на ісфаханскім, ездзкім, шыраскім, габрэйска-таджыцкім дыялектах, а таксама на мове дары. Да XIX стагодзьдзя большасьць насельніцтва гораду складалі мазэндэранцы, якія й дагэтуль кампактна пражываюць у паўночных раёнах.

Другая па распаўсюджанасьці мова — азэрбайджанская[6]. Акрамя таго, існуюць суполкі курдаў, мазэндэранцаў, гілянцаў, лураў, бэлуджаў, туркмэнаў, арабаў, армянаў, асырыйцаў[7].

Сабор сьвятога Саркіса

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераважная большасьць жыхароў Тэгерану — мусульмане-шыіты, яны складаюць 96% насельніцтва. Бахаі складаюць 2,8% насельніцтва — гэта каля 200 тыс. чалавек. Хрысьціяне таксама маюцца ў Тэгеране, да іх адносяцца, у першую чаргу, пасьлядоўнікі Армянскай апостальскай царквы, Расейскай праваслаўнай царквы й Асырыйскай царквы[8]. Іхняя колькасьць пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году рэзка зьнізілася. Армянская апостальская царква прадстаўлена ў Тэгеране суполкай з 120 тысячаў чалавек. У горадзе месьцяцца 42 прыходы армянскай царквы й мноства армянскіх культурных цэнтраў, школаў, бібліятэк, спартовых комплексаў.

Каля 10 тысячаў чалавек належаць да Асырыйскай царквы, маецца таксама 5 тысячаў халдэйскіх каталікоў, якія прытрымліваюцца ўсходне-сырыйскага абраду. У горадзе ёсьць грузінская артадаксальная абшчына, расейская праваслаўная абшчына й некалькі розных эвангелічных абшчынаў.

У габрэйскую суполку ўваходзіць 16—18 тыс. чалавек. У Тэгеране месьцяцца 18 сынагогаў. Пры суполцы маюцца таксама шматлікія школы й бібліятэкі. У зараастрыйскую суполку ўваходзіць 10 тыс. чалавек. Абшчына падтрымлівае два храма агню. Да іншых рэлігійных меншасьцяў адносяцца суніты, прысутнічаюць таксама нязначныя абшчыны сікхаў, індуістаў, будыстаў, мандэеў, эзідаў і суфістаў.

Сацыяльныя праблемы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беднасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе каля 27% насельніцтва Тэгерану пражывала за рысай беднасьці, аднак узровень жыцьця тэгеранскіх беднякоў значна пераўзыходзіў узровень жыцьця маламаёмасных людзей з рэгіёнаў краіны. У 1996 годзе ўзровень пісьменнасьці насельніцтва складаў 84,7%, сярэдняя працягласьць жыцьця — 70,5 году. Бедныя тэгеранцы пражываюць, у асноўным, у паўднёвых раёнах гораду, часта — у трушчобах. Іх нефармальна называюць «тымі, якія жывуць на камянях» (па-пэрсыдзку: كوهنشينان , kuhneshinan‎). Асабліва масіўныя бедныя кварталы разьмешчаны ў прыгарадах Эсламшахр і Чахар-Дангеш, з насельніцтвам 350 тысячаў і 250 тысячаў чалавек адпаведна[9]. У такіх трушчобах жывуць, як правіла, імігранты й уцякачы.

У канцы 1978 году бедны поўдзень Тэгерану стаў цэнтрам антыўрадавых паўстаньняў, канчаткова здушыць якія не ўяўлялася магчымым. Карыстаючыся часовай блытанінай, выкліканай рэвалюцыяй, беднякі забудоўвалі навакольлі гораду трушчобамі незаконна, часта ўначы. Толькі за 1980 год у трушчобах пасяліліся 100 тысячаў прыежджых, у 1986 годзе — 450 тысячаў. Гэта было зьвязана зь небывалым наплывам уцекачоў з Курдыстану й Аўганістану.

Напачатку 1990-х гадоў мэрыя Тэгерану пачала прадпрымаць спробы зьнішчэньня незаконных пабудоваў. У жніўні 1991 году разбурэньне селішча Багерабад выклікала хваляваньні ў прыгарадах, якія давялося душыць з дапамогай паліцыі. У сакавіку 1992 году група вэтэранаў ірана-ірацкай вайны выказала пратэст ураду Тэгерану ў сувязі са становішчам жыхароў трушчобаў, пасьля чаго хваляваньні ўспыхнулі ізноў. Пры ягоным прыгнечаньні загінула 6 чалавек, 300 былі арыштаваны, 5 пасьля пакараны сьмерцю. Апошняе буйное выступленьне адбылося ў Эсламшахры ў 1995 годзе.

Наркотыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Іране стагодзьдзямі выраблялі й ужывалі опій. У 1949 годзе 11% насельніцтва Ірану ўжывала наркотыкі. 1,3 мільёну чалавек ўжывалі наркотыкі ў Тэгеране[10]. Тэгеран разьмешчаны на адным з асноўных шляхоў наркатрафіку з Аўганістану й Пакістану на Захад. Асноўныя шляхі ідуць праз правінцыі Паўднёвы Харасан, Сыстан і Балучыстан, праз Тэгеран, далей у Турэччыну й на Балканы[11].

У 1999 годзе ў Тэгеране налічвалася каля 240 000 наркаманаў, аднак гэтая лічба можа быць недакладнай, паколькі разыходжаньні ў ацэнцы Міністэрства аховы здароўя й ААН складаюць да 60%[12]. У 2002 годзе праваахоўныя органы штодня затрымлівалі да 150—200 наркадылераў і наркаманаў[13]. Распаўсюд наркотыкаў стаў прычынай павышанай сьмяротнасьці й злачыннасьці. Для барацьбы з наркаманіяй у Тэгеране адкрыліся спэцыялізаваныя рэабілітацыйныя цэнтры, а таксама праводзіцца агітацыя.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гара на поўначы Тэгерану

Тэгеран разьмешчаны на поўначы Ірану, у аднайменнай правінцыі, на паўднёвым схіле гары Тачал хрыбта Эльбурс, які адлучае горад ад Касьпійскага мора. Горад выцягнуты з поўначы на ​​поўдзень на 26 кілямэтраў, і з захаду на ўсход на 40 кілямэтраў. Плошча складае каля 1550 км². Перапад вышыняў у межах гарадзкой рысы складае амаль 700 мэтраў: ад 1100 мэтраў на поўдні да 1800 на поўначы.

Тэгеран складаецца са старога гораду, рэканструяванага ў 1870—1872 гадох, і новага гораду, які пачаў будавацца ў 1940-х гадох. У горадабудаўнічай структуры пераважаюць рэгулярныя кварталы XIX—XX стагодзьдзяў, разрэзаныя прастакутнай сеткай вуліцаў з плошчамі, сквэрамі, фантанамі й забудаваныя шматпавярховымі гатэлямі, банкамі, адміністрацыйнымі будынкамі ў духу сучаснай заходнеэўрапейскай архітэктуры, а таксама асабнякамі-катэджамі й 10—12-павярховымі жылымі дамамі. Сучасны Тэгеран распаўсюджваецца на поўнач, паўночны захад і паўночны-ўсход за кошт утварэньня шматлікіх новых раёнаў.

Паўночныя раёны менш за іншых схільныя да забруджваньня. Там жывуць найбольш заможныя жыхары гораду. Цэнтральныя раёны займаюць, як правіла, офісы, банкі й іншыя ўстановы. На поўдні й захадзе, бліжэй да пустэльні разьмяшчаюцца прамысловыя прадпрыемствы. Керэдж і Рэй — найбуйнейшыя прыгарады Тэгерану.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэгеран разьмяшчаецца на нахільнай раўніне паміж горным ланцугом Эльбурс на поўначы й саланчакавай пустэльняй Дэштэ-Кевір на паўднёвым усходзе. Таму ў паўночных раёнах гораду клімат халаднаваты й вільготны, тады як у паўднёвых — гарачы й сухі. Самы гарачы месяц — ліпень, самы халодны — студзень. З-за асаблівасьцяў геаграфічнага становішча Тэгерану, амплітуда ваганьняў тэмпэратуры дасягае 65 градусаў. Сьнег ляжыць у асноўным зь лістапада па сакавік, але ў большай частцы гораду сьнег ляжыць у студзені й лютым. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў — 240 мм, вялікая частка зь іх выпадае зімой. Улетку дажджы вельмі рэдкія.

 Кліматычныя зьвесткі для Тэгерану 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 18 23 30 33 37 42 43 43 39 34 29 20 43
Сярэдні максымум t, °C 7,2 9,9 15,4 21,9 28,0 34,1 36,8 35,4 31,5 24,0 16,5 9,8 22,5
Сярэдняя t, °C 2,5 4,9 10,1 16,4 22,2 27,9 30,8 29,5 25,4 18,2 11,1 5,0 17,0
Сярэдні мінімум t, °C −1,1 0,7 5,2 10,9 16,1 20,9 24,0 23,0 19,2 12,9 6,7 1,3 11,7
Абсалютны мінімум t, °C −21 −16 −9 −2 3 8 14 11 8 3 −7 −12 −21
Норма ападкаў, мм 37,2 34 37,4 27,8 15,2 2,9 2,5 1,4 0,9 13,7 20,6 36,3 229,9
Крыніца: World Climate, Meteofrance.com

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ تاريخچه تهران. www.tehran.ir
  2. ^ Зараастрызм. www.revolution.allbest.ru
  3. ^ Ahmad Kasravi, Kārvand-e Kasravi, ed. Yahyā Dokā, Téhéran, 1973. ст. 273-83.
  4. ^ Hamd-Allah Mostawfi, «Nozhat al-qolub, éd. et tr. Le Strange», ст. 53—60
  5. ^ Tehran, Political situation. www.tehran.ir
  6. ^ Teheran — LookLex Encyclopaedia. www.looklex.com
  7. ^ All about Oscar(недаступная спасылка)
  8. ^ Eliz Sanasarian: Religious Minorities in Iran. Cambridge University Press, Cambridge 2000, ISBN 0-521-77073-4
  9. ^ Mike Davis. Le pire des mondes possibles. De l’explosion urbaine au bidonville global. La Découverte, 2006 ISBN 978-2-7071-4915-2, стар. 31
  10. ^ Bijan Nissaramanesh, Mike Trace, Marcus Roberts. L’apparition de la réduction des risques en Iran. Bulletin № 8, Programme politique des drogues de la Fondation Beckley, juillet 2005
  11. ^ «Illicit drugs Situation in the regions neighbouring Afghanistan and the response of ODCCP», United Nations Office for Drug Control and Crime Prevention, 2002
  12. ^ E. Razzaghi, A. Rahimi, M. Hosseni, A. Chatterjee. Rapid Situation Assessment (RSA) of drug abuse in Iran. Prevention Depart., State Welfare Organization, Ministry of Health, I.R. of Iran and United Nations International Drug Control Program, 1999
  13. ^ Commandeur des forces de la police des stupéfiants de Téhéran Mehdi Aboui, cité // A. William Samii. Drug Abuse: Iran’s «Thorniest Problem». The Brown Journal of World Affairs, Volume IX, № 2, hiver-printemps 2003

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэгерансховішча мультымэдыйных матэрыялаў