Убарць (маёнтак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Населеныя пункты Ўбарцкай воласьці і навакольляў, якія ўпершыню ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах да XIX ст.

Убарць — гістарычны ўдзел, маёнтак, ключ, воласьць віленскіх біскупаў (1412—1794), графа Я. Сіверса (1794—1808) у Мазырскім павеце Кіеўскага, потым Менскага ваяводзтва ВКЛ, а затым Расейскай імпэрыі; зьмяшчаўся ў парэччы сярэдняй часткі Ўбарці на частцы тэрыторыі сучаснага Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 траўня 1412 году вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў цалкам «удзел Убарць, які ляжыць на рацэ Убарці, з усімі вёскамі і ўладаньнямі, як бы яны ні называліся, і разьмешчанымі цяпер альбо ў будучыні ў тым самым павеце, з поўным правам уладаньня, з чыншамі, прыбыткамі, барамі, борцямі, гаямі, лясамі, лугамі, палямі, выганамі, пашамі, паляваньнямі, ловамі, рэкамі, азёрамі, ставамі, сажалкамі, рыбнікамі, рыбалоўнымі месцамі, язамі, водамі і вадацёкамі, зборамі (ураджаямі), ужываньнямі і карысьцямі, якія ёсьць цяпер і якія могуць быць у будучыні з ласкі Божага Провіду, што кіруе ўсё да лепшага. Мы не пакідаем у гэтым павеце ніякага права ўладаньня для нас і нашых наступнікаў, а аддаем усе гэтыя маёмасьці на вечныя часы таму самаму пану біскупу Мікалаю і ягоным наступнікам, біскупам Віленскага касьцёла для дзяржаньня, трыманьня, карыстаньня і валоданьня, а таксама вольнага і бясьпечнага абарачэньня на сваю карысьць і карысьць сваіх наступнікаў, гэтак як будзе здавацца лепшым».[1] Гэты прывілей датычыў матэрыяльнага забесьпячэньня каталіцкай эпархіі — Віленскага біскупства, утворанага, згодна з умовамі Крэўскай уніі (1385) дзеля хрышчэньня літоўцаў-язычнікаў. Зьвяртае на сябе ўвагу таксама той факт, што Ўбарцкі ўдзел знаходзіўся далёка ад Вільні і Трокаў, аж у зямлі Кіеўскай — зямлі, верагодна, зь пераважна праваслаўным, а магчыма, яшчэ й язычніцкім насельніцтвам.

Паводле разьлікаў польскага гісторыка Е. Ахманскага, на час атрыманьня Ўбарці Віленскім біскупствам у XV ст. у ёй знаходзілася каля 100 дымоў і 8—10 сёлаў. Іншы польскі гісторык В. Пшыялгоўскі, абапіраючыся на дакладныя матэрыялы, якія ня ўсе дагэтуль захаваліся, сьцьвярджаў, што маёмасьць тая «паміж сталовымі маёнткамі біскупа лічбы найвялікшай дасягала, бо больш за 100 хат мела».[2]

Вопіс Оўруцкага замка 1545 году зьмяшчае пералік прыпісаных да яго мяшчан, баяр, сялянаў і зямель, а таксама пералік павіннасьцяў і данінаў на карысьць замка. З прычыны таго, што ад кіраўніцтва Ўбарцкай воласьці ніхто «да ліста гаспадарскага» не прыйшоў, складальнікі вопісу толькі паказалі колькасьць яе жыхароў, не падаючы ні колькасьці, ні назваў паселішчаў: «Волость Собортская оддана на бискупство Виленское, поведили, во всих селах тое волости осем сот человика».[3]

21 жніўня 1567 году кароль Жыгімонт Аўгуст на чалабітную віленскага біскупа Валяр’яна Сушкоўскага даў дазвол на заснаваньне мястэчка ў маёнтку Ўбарць і ўстанаўленьне там акрамя штотыднёвых таргоў у чацьвер устанавіць на вечныя часы вольныя кірмашы адзін раз у год на дзень Трох Каралёў[4]. На жаль, гэты прывілей не зьмяшчае самой назвы мястэчка ў маёнтку Ўбарць.

Пад час утварэньня Рэчы Паспалітай у 1569 годзе намаганьнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста пры падтрымцы мясцовай шляхты Кіеўская зямля адышла да Кароны Польскай. Шляхта новаўтворанага ў 1566 годзе Мазырскага павету адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы соймік прыняў рашэньне выйсьці з Кіеўскага ваяводзтва і далучыцца да Менскага ваяводства ВКЛ.[5] Але з-за невыразна апісаных межаў узьнікалі розныя спрэчкі. Убарцкая воласьць таксама становіцца прадметам шматгадовай цяжбы. «У 1581 годзе пабор з 10 вёсак тае воласьці — „што лічыцца ў павеце Кіеўскім“ — узяты ў войска в[ая]в[о]дзтва Кіеўскага; праўда, раз, у 1571 г., пабору не аддадзена, „пры вялікай упартасьці, ня дбаюць нічога — і на старосту“ (Źr. dz. t. XX)».[6]

Дарэчы, паводле рэестра пабораў Віленскага біскупства 1581 году, з 10 убарцкіх сёлаў аплачана падымнае ў колькасьці 158 фларынаў і 22 грошаў. На падставе гэтых зьвестак Е. Ахманскі акрэсьліў тагачасную мінімальную населенасьць Убарцкай воласьці лікам больш за 300 дымоў.[7]

Самі віленскія біскупы імкнуліся, відавочна, захаваць свой Убарцкі маёнтак пры Вялікім Княстве. Але ніводная са шматлікіх камісіяў (1589, 1593, 1598, 1601, 1607, 1609, 1611, 1613, 1620 гг.) нават да выніку не дайшла. Толькі ў 1622 годзе сеймавая камісія з намаганьнем вызначыла лінію мяжы паміж спрэчнымі воласьцямі.[8] Можна дапусьціць, што прыналежнасьць Убарцкай воласьці ў той час менавіта віленскаму (а не, скажам, кіеўскаму) біскупу і вызначыла лёс гэтага кутка нашай бацькаўшчыны — ён належыць цяпер Беларусі, а не Ўкраіне. Гэта думка падмацоўваецца таксама тым, што падставай для разьмежаваньня служылі дакумэнты на права зямельнай уласнасьці, а не этнаграфічны склад тамтэйшага насельніцтва ці што іншае.[9]

Казацкія войны спустошылі і выпалілі Палесьсе. Іх непазьбежны спадарожнік — неўраджаі выклікалі катастрафічны голад. З-за яго і блуканьня абяздоленага насельніцтва пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, якая лютавала з 1653 па 1658 год і зноў успыхнула ў 1664 годзе. Асабліва пацярпеў Мазырскі павет. Так, паводле рэестру падымнага 1653 г., запісаны для Ўбарці толькі 151 дым, што амаль удвая менш, чым разьлічана польскім гісторыкам Е. Ахманскім па рэестры падымнага 1581 г. (больш за 300). Гэтыя лічбы адлюстроўваюць стан засяленьня Ўбарцкай воласьці на працягу пяці гадоў ад выбуху ў 1648 г. казацкай вайны, у выніку якой тутэйшае насельніцтва альбо загінула, альбо разьбеглася. І толькі частка яго засталася ў старых сядзібах і не брала ўдзелу ў вайне.[10]

Інвэнтар сталовага маёнтку Ўбарць Мазырскага павету Віленскага біскупства 1763 г. зьмяшчае зьвесткі пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы панскага двара, іх архітэктуру і пляніроўку, гаспадарку (пералік жывёлы, апісаньне млыноў і корчмаў), затым апісваюцца 10 сёл воласьці зь пералікам усіх сялянскіх гаспадарак (390 дымоў) з паказам мядовай даніны і грашовага чыншу, ёсьць дадзеныя пра кожнага гаспадара дыма і працаздольных мужчынах, пра рабочую жывёлу і, напрыканцы, апісаны розныя віды і памеры павіннасьцяў, тэрміны іх выплаты, а таксама запісаны распараджэньні адносна павелічэньня даходаў зь біскупавага ўладаньня. Дым уяўляў сабою, як правіла, гаспадарку адной сялянскай сям’і. Найбольш тыповай была сям’я з бацькоў і дзяцей, якія яшчэ не стварылі сваіх сем’яў, сярэднім лікам 6,4 чалавека. Былі і болей складаныя сем’і — з жанатымі сынамі, з братамі гаспадара і іншымі сваякамі (унукамі, пляменьнікамі, шваграмі). Разам з тым, амаль кожны 9-ы дым воласьці складаўся толькі з аднаго жыхара. Інвэнтар дазваляе пазнаёміцца з тагачаснымі жыхарамі воласьці. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што сяляне мелі амаль цалкам праваслаўныя імёны, колькасьць якіх складае больш за 100. Найчасьцей хлопчыкаў называлі імёнамі Сямён, Сьцяпан, Іван, Хведар, Аляксей, а таксама Нічыпар, Трахім, Карп, Хама, Гаўрыла і іншымі паўзабытымі цяпер імёнамі. Сярод жыхароў воласьці сустракаецца і некалькі габрэйскіх імёнаў.

У кастрычніку 1775 году, згодна з пастановай апошняга сейма, быў складзены тарыф дымоў у Мазырскім павеце.[11] Гэты дакумэнт сьведчыць, што духоўнае ўладаньне Віленскага біскупства Ўбарць складалася з 10 вёсак з агульнай колькасьцю 345 дымоў: Баровае — 20, Буйнавічы — 65, Дуброва — 43, Злодзін — 23, Картынічы — 23, Лельчыцы — 50, Ліпляны — 22, Мілашэвічы — 32, Сыманічы — 26, Стадолічы — 41 дым. Дарэчы, у параўнаньні з дадзенымі інвэнтару маёнтку Ўбарць 1763 году вынікае зьніжэньне агульнай колькасьці дымоў на 45 адзінак. Асабліва гэта закранула сёлы Буйнавічы і Лельчыцы.

30 верасьня 1789 году быў складзены новы тарыф дымоў у Мазырскім павеце.[12] Гэты дакумэнт сьведчыць, што маёнтак Убарць складаўся з аднаго двара ці фальварку, у 10 вёсках мелася 19 дымоў халупнікаў і 384 дымы грунтавыя, а ўсяго 409 дымоў. Халупнікамі называліся безьзямельныя ці малазямельныя сяляне, маёмасьць якіх складалася часьцей за ўсё з хаты (халупы) і невялікай колькасьці жывёлы. Усяго насельніцтва абодвух полаў налічвалася 2841 чалавек, зь іх ад 1 да 16 гадоў — 655 муж. і 622 жан., ад 16 да 30 гадоў — 314 муж. і 265 жан., ад 30 да 45 гадоў — 208 муж. і 201 жан., ад 45 да 60 гадоў — 175 муж. і 178 жан., старэйшых за 60 гадоў — 119 муж. і 104 жан. З аналізу гэтых зьвестак вынікае: доля насельніцтва, узрост якога перавышаў 30 гадоў, складала ўсяго 35%. З прычыны асобнага падаткаабкладаньня тарыф зьмяшчае зьвесткі і пра габрэйскае насельніцтва. У вёсках маёнтку Ўбарць гэтым часам налічвалася ўсяго 9 дымоў габрэяў з агульнай колькасьцю 54 жыхары.

Тарыф Мазырскага павету 1790 году сьведчыць, што ў гэты час маёнтак «Убарць, або Лельчыцы» — маёнтак Петрыкаўскай парафіі, уласнасьць каталіцкай царквы ў валоданьні віленскага біскупа складаўся з 10 вёсак, 410 дымоў: адзін — панскі двор, 5 — грэцкіх плябаніяў, 285 — чыншавых, 107 — цяглых, 4 — агародніцкія і 8 дымоў халупных, 6 корчмаў.[13] Асноўнай павіннасьцю цяглых гаспадарак была паншчына.

27 сакавіка 1793 г. быў абнародаваны маніфэст аб далучэньні да Расейскай імпэрыі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у тым ліку Убарцкай воласьці. У новадалучаных землях адбылося прынясеньне прысягі насельніцтва на расейскае падданства, на што быў вызначаны месячны тэрмін. 13 красавіка было прадпісана зьняць усе далучаныя землі на карту, правесьці перапіс насельніцтва, пералічыць сёлы, падзяліць зямлю на акругі ды іншае. Трэба зазначыць, што Мазырскую акругу меркавалася далучыць да сумежнай Кіеўскай губэрні, але ў рэшце рэшт яе далучылі да Менскага намесьніцтва (з 1796 г. — губэрні), а Мазыр вызначылі павятовым горадам.

28 чэрвеня 1794 г. па сьмерці віленскага біскупа Ігнація Масальскага яго сталовы маёнтак Убарць пераходзіць у казённае ведамства «да часу асобнага яе імпэратарскай вялікасьці аб усіх такіх маёнтках пажаданьня».[14] Такім чынам, скончылася 382-гадовае ўладаньне віленскімі біскупамі маёнткам Убарць. За гэты час зь яго кармілася 26 біскупаў.

Неўзабаве гэты маёнтак быў падараваны расейскай імпэратрыцай Кацярынай II свайму паслу ў Рэчы Паспалітай Якаву Сіверсу.

Па сьмерці графа Якава Сіверса ў 1808 годзе маёнтак Убарць быў падзелены на 4 часткі, якія купілі памешчыкі Добрынскі (маёнтак Буйнавічы), Мезенцаў (маёнтак Лельчыцы), Кушалёў (маёнтак Дуброва) і Флораў Булгак (маёнтак Мілашэвічы). Магчыма, гэта адбылося ўжо пасьля сьмерці графа. У 1809 г., паводле ўказа Менскага губэрнскага праўленьня, на прашэньне пакупнікоў складаецца плян падзелу ўсяго Убарцкага маёнтку.[15]

Уладальнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле кнігі даходаў Віленскага біскупства 1539 году, біскуп Пётар Гальшанскі атрымаў з Убарці 50 коп грошаў. Было ўнесена мядовай даніны ў рознай залежна ад збору мёду колькасьці. Давалася ўсяго ад 12 да 20 паўкалод, кожная па 10 медніц.[16] У той час калода адпавядала колькасьці сабранага за год мёду з цэлага вульля і складала каля дзьвюх кадзяў (па 5—6 пудоў кожная), а медніца мёду зьмяшчала 7 малых гарцаў, ці 19,76 л. Такім чынам, агульная колькасьць мядовай даніны была прыкладна ад 1150 да 1920 кг, ці ад 2371 да 3952 л. Гладыш мёду каштаваў капу (60) грошаў, столькі ж каштаваў гадавалы жарабок, бык неабучаны, парсюк выкармлены, гладыш масла. Гэтая крыніца падае толькі агульныя квоты сабраных з асобных воласьцяў даходаў — чыншаў, данінаў, капшчызны і мыта. Даход з Убарці склаў прыкладна 3% ад даходу біскупства з усіх земскіх воласьцяў, а па даходах з чыншу і з данінаў воласьць была на другім месцы пасьля Ігуменскай.[17]

Паводле інвэнтару Ўбарцкага ключа 1760 г., галоўнай павіннасьцю насельніцтва тут зьяўлялася мядовая даніна, якую кожнае сяло здавала разам. У генэральнай уставе сярод агульнаваласных павіннасьцей адзначалася, што сяляне павінны «сена на двор паводле даўняга звычаю 300 вазоў паміж сабой вызначыўшы, кожнай вёскай складаць і тым парадкам агульна да двара даваць», а таксама вырабіць ад воласьці невад.[18]

Аб агульных даходах з маёнтку ў 1762 г. вядома наступнае: «Убарць, у павеце Мазырскім, дарунак Вітаўта, пацьверджанае празь Ягайлу ў 1430 г. Двор, 10 вёсак, дымоў 387, падданых 985, чыншу гадавога 3400 зл. пол., апрача таго, даніны мядовай, лічачы за вядзерца па 4 зл. пол. = 4603 зл. пол.; арэнды з Рудні Старой 3300 зл. пол., з Рудні Новай 2400 зл. пол.; наогул усіх даходаў з бабрамі, выдрамі і ссыпкай 20 106 зл. пол.».[19] Паводле інвэнтару маёнтку 1763 г., убарцкія сяляне адправілі ў Вільню на стол біскупа жыта, ячменю, грэчкі і гароху па 195 асьмін, 390 асьмін аўса, 195 вядзерцаў пшаніцы, маку і канапель па 390 квартаў, 480 квартаў проса, 390 вязанак грыбоў, а даніны мядовай аж 1152 вядзерцы — каля 13 000 л. Вядзерца складала 4 малыя гарцы, ці 11,28 л. У сярэднім з аднаго дыма прыйшлося па 2,95 вядзерца (прыкладна 33,3 л). Найбольшая даніна мёду з аднаго дыма склала ў сёлах Мілашэвічы і Барова (адпаведна 5,31 і 5,06 вядзерца), найменшая — у сёлах Буйнавічы і Злодзін (адпаведна 1,24 і 1,90 вядзерца); у сяле Лельчыцы — 2,79 вядзерца. Мядовая даніна складала больш за пятую частку ўсяго чыншу з гэтага сталовага маёнтку віленскага біскупа. Чынш з аднаго дыма ў сярэднім па воласьці склаў 8,3 злотага. Апрача гэтай даніны, калядкавы падатак склаў 1600 польскіх злотых.[20]

Дабрабыт сялянскай гаспадаркі, бясспрэчна, залежаў ад забясьпечанасьці яе перш за ўсё зямлёй. На жаль, у інвэнтары няма дадзеных пра памеры зямельных участкаў у карыстаньні сялянаў, апрача лічбаў колькасьці кадзяў на кожнае сяло воласьці. Магчыма, кожнай лічбе кадзяў адпавядае збожжа — жыта, ячмень, авёс, грэчка ці пшаніца, якое нарыхтоўвалася ў вёсцы да сяўбы. Дарэчы, у гэтым інвэнтары бульба яшчэ ня згадваецца.

Істотнай падтрымкай у сялянскай гаспадарцы была працоўная жывёла — сярэднім лікам 2,2 галавы на дым. Але амаль кожны 16-ы дым ня меў жывёлы наогул. Асноўнай працоўнай жывёлай быў вол, ад якога апрача цяглавай сілы быў яшчэ гной, а конь зьяўляўся толькі падмогай у гаспадарцы. Аналіз забясьпечанасьці сялянаў малочнай і дробнай жывёлай з-за адсутнасьці зьвестак у інвэнтары зрабіць немагчыма. Агульны малюнак сялянскай гаспадаркі без кароў, сьвіней, козаў, авечак, курэй уявіць даволі цяжка.

У 1789 г. адбылася ачыстка р. Убарць з мэтаю зрабіць яе сплаўной і першая праводка па ёй на суднах значнай партыі паташу. Гэтым быў пакладзены пачатак прамысловага сплаву па рацэ Убарць. І. Зяленскі сьведчыць, што «…найбольш дзейсным у гэтых адносінах зьяўляецца князь Масальскі, епіскап віленскі, які валодаў вялізнымі маёнткамі па р. Убарці… і прыступіў да ачышчэньня гэтай ракі (г. зн. Убарці) за асабісты свой кошт, з мэтай зрабіць яе сплаўною, і ў 1789 г. пабудаваныя ў яго маёнтках судны, нагружаныя значнаю партыяй паташу, упершыню прайшлі гэтай ракою і затым Прыпяцьцю да Мухавецкага канала».[21]

У 1795 г. у маёнтку Убарць («Уборцы») налічваецца сялянаў мужчынскага полу 1340 душ і 87 асобаў, якія пражываюць часова. Ён складаўся з прапісных сёл і вёсак, а менавіта: «зь Лелчыцамі, Ліплянамі, Злодзінам, Буйнавічамі, Стадолічамі, Карцінічамі, Бароваю, Мілашэвічамі, Дуброваю, Сіманічамі, і руднямі Лелчыцкаю, Локніцкаю, Сморнянскаю, Мілашэвіцкаю, і будамі Буйнавіцкаю і Стадоліцкаю». Гадавы даход маёнтку складаў 21 379 злотых, а на ўтрыманьне двух паташных заводаў і дзьвюх рудняў патрэбна было выдаткаваць 26 936 злотых, што сьведчыць пра яго стратнасьць.[22]

У студзені 1795 г. да галоўнага кіраўніка тутэйшых губэрняў генэрал-губэрнатара Цімафея Тутальміна зьвярнуўся граф Іван Салагуб з пажаданьнем узяць у арэнднае ўтрыманьне казённы маёнтак Убарць Мазырскага павету, суседні зь яго вотчынаю Тураў у Пінскім павеце. Згода на ўчыненьне кантракта была атрымана з 18 вызначанымі ўмовамі. Аднак невядома, ці быў гэты кантракт падпісаны, бо неўзабаве яго прадмет быў падараваны імпэратрыцай другому ўладальніку.

Апрача зьбіральніцтва лясных дарункаў і паляваньня на зьвяроў разьвіліся лясныя промыслы — смалакурэньне, гонка дзёгцю, выварваньне паташу, выпальваньне драўнянага вугалю і інш. Так, згодна з тапаграфічным апісаньнем Мазырскага павету Менскай губэрні 1800 г., у валоданьні сапраўднага тайнага саветніка і кавалера Якава Яфімавіча Сіверса пры Будах Стадоліцкай і Буйнавіцкай дзейнічалі паташныя заводы. Апрача гэтага, былі рудні, на якіх рабілі нарогі. Рэчы, зробленыя на заводах і руднях, выкарыстоўваліся для хатняга ўжытку, часткаю і на продаж. Працу выконвалі майстравыя з боку па дагаворных цэнах і сяляне гэтага памешчыка.[23] Паводле ведамасьці Менскага губэрнскага праўленьня 1804 г. аб «будніках», якія жывуць у памешчыцкіх маёнтках Мазырскага павету, у сапраўднага тайнага саветніка і кавалера графа Сіверса было 58 душ буднікаў. «Усе з розных месцаў Польскага краю, зь якіх 18 чалавек рознага званьня жывуць у яго ад 12 да 23 гадоў, дакумэнтаў на вольнасьць ня маюць. Хоць адзін шляхціц і абвяшчаў, што дакумэнты мае, але яны знаходзяцца ў яго брата, а зайшоў ён ужо 25 гадоў, іншыя ж былі раней сяляне біскупа Масальскага, а цяпер гэтага ўладальніка». Паводле ўсяміласьцівейшага падараваньня буднікі былі запісаны ў рэвізію памешчыку Сіверсу.[24] З разьвіцьцём фабрычнай вытворчасьці і паніжэньнем попыту на прадукцыю будаў паташная вытворчасьць паступова занепадала і зьнікла напрыканцы XIX ст. Лясныя пасёлкі буднікаў ператварыліся ў звычайныя вёскі, за якімі засталася назва «Буда».[25]

Паводле інвэнтару маёнтку Ўбарць, у 1763 г. дзейнічалі дзьве рудні — старая (на тым месцы заснавалася в. Жмурнае) і новая (на тым месцы заснавалася в. Лохніца). А раней былі рудні ў вёсках Картынічы («там гаць ёсьць») і Мілашэвічы, але заняпалі, напэўна, з-за недахопу работнікаў. Камісар біскупа, які складаў інвэнтар, даў распараджэньне паставіць рудні яшчэ на р. Убарць у Буйнавічах, Картынічах, Лельчыцах і Мілашэвічах і на р. Лохніца. Гэтае распараджэньне было выканана, аб чым сьведчыць атляс Менскай губэрні (1800 г.), на якім паказаны вёскі Рудня Буйнавіцкая (цяпер Буда-Сафіеўка), Рудня Зморнянская (раней рудня Старая, а цяпер в. Жмурнае), Рудня Локніцкая (раней рудня Новая, а цяпер в. Лохніца), Рудня Лельчыцкая (пазьней Каросьцін, а цяпер Новае Палесьсе), Рудня Мілашэвіцкая (цяпер не існуе), Рудня Стадоліцкая (цяпер не існуе). Эканамічныя заўвагі да гэтага атляса сьведчаць пра наяўнасьць яшчэ рудні ў Дуброве і дзьвюх рудняў у Лельчыцах. Так, паводле ведамасьці Менскага губэрнскага праўленьня 1804 г. пра людзей, якія «жывуць пры руднях» у памешчыцкіх маёнтках Мазырскага павету, у сапраўднага тайнага саветніка і кавалера графа Сіверса было 114 душ руднікаў — карэнных падданых былога памешчыка Аскіркі. Паводле ўсяміласьцівейшага падараваньня руднікі былі запісаныя ў рэвізію памешчыку Сіверсу.[26]

Населеныя пункты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэестар падымнага з Убарці «ў Кіеўскім павеце» за 1581 г. толькі акрэсьлівае гэтую воласьць у колькасьці 10 сёлаў, якія цалкам пералічаны ў інвэнтары маёнтку Ўбарць 1763 году — Лельчыцы (галоўнае зь іх — з «дваром»), Баравое, Буйнавічы, Дуброва, Злодзін (цяпер Чырвонабярэжжа), Картынічы, Ліпляны, Мілашэвічы, Сіманічы, Стадолічы. У атлясе Менскай губэрні 1800 году паказаны вёскі Рудня Буйнавіцкая (цяпер Буда-Сафіеўка), Рудня Зморнянская (раней рудня Старая, а цяпер вёска Жмурнае), Рудня Локніцкая (раней рудня Новая, а цяпер вёска Лохніца), Рудня Лельчыцкая (пазьней Каросьцін, а цяпер вёска Новае Палесьсе), Рудня Мілашэвіцкая (цяпер не існуе), Рудня Стадоліцкая (дакладна не лякалізавана, магчыма цяпер вёска Альховая).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. T. 1. Kraków, 1948. S. 88-90. N 57; S. 136—139. N 110.
  2. ^ Ochmański J. Powstanie i rozwój łatyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550): Ze studiów nad rozwójem wielkiej własności na Litwe i Białorusi w średniowieczu. Poznań, 1963. S. 49. (Спасылка: Przyałgowski W. Źywoty biskupów wileńskich. Т. 1. Petersburg, 1860. S. 33.)
  3. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далее — АВК). Т. 25: Инвентари и разграничительные акты. Вильна, 1898. С. V—VI. (Предисловие.)
  4. ^ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Метрыка ВКЛ. А. з. 266. А. 216 адв.-217.
  5. ^ Беларусь: Энцыкл. даведнік. Мн., 1995. С. 442.
  6. ^ Źródła dziejowe. T. 22: Polska XVI wieku. T. 11. Warszawa, 1897. S. 566—567.
  7. ^ Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 49.
  8. ^ Źródła dziejowe. Т. 22. S. 15.
  9. ^ Źródła dziejowe. T. 20: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. 9: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział III opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. Warszawa, 1894. S. 89-93.
  10. ^ Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 173. (Спасылка на рэгістр падымнага 1653 г. з Убарці: Vilnians kapitulos Fondas (VKF) nr 2259.)
  11. ^ Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 37-37 адв.
  12. ^ Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 9 адв.-10, 13 адв.-14, 17, 26 адв.-27.
  13. ^ Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Фонд старажытных актаў. А. з. 3373. А. 10 адв.
  14. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. А. з. 9-б. А. 69.
  15. ^ На жаль, гэты дакумент не знойдзены. Гл.: НГАБ. Ф. 120. Воп. 1. А. з. 917. А. 24 адв.-25; Ф. 27. Воп. 1. А. з. 710. А. 73-73 адв.
  16. ^ Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 113.
  17. ^ Тамсама. S. 113, 149.
  18. ^ Голубеў В. Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст. Мінск, 2008. С. 266.
  19. ^ Kurczewski J. Koscioł zamkowy czyli katedra wileńska. Cz. 2. Wilno, 1910. S. 141.
  20. ^ Inwentarz dobr stołowych biskupstwa Wilenskiego Uborcy w powiecie Mozyrskim // Цэнтральная бібліятэка АН Літвы ў Вільнюсе. Аддзел рукапісаў. Вільнюскі капітульны фонд (VKF). № 2037.
  21. ^ Зеленский И. Материалы для географии и статистики России. С. 123. (Дарэчы, Мухавецкі, альбо Каралеўскі, канал, які злучыў Мухавец і Піну, будаваўся ў 1767—1783 гг. на сродкі буйнога магната гетмана Міхала Агінскага.); Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. М., 1892. С. 134—135.
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. А. з. 9-б. А. 69-76 адв.
  23. ^ Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 3. Мн., 1961. С. 108—111. (Дакумент № 48.)
  24. ^ Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 278—280. (Дакумент № 188.)
  25. ^ Турчинович А. Обзор истории Белорусии с древнейших времен. СПб., 1857. С. 246.
  26. ^ Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 276—278. (Дакумент № 187.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл. ISBN 985-459-051-2